сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля МАКСІМАВА, Ірына КАРАЛЬКОВА, музычныя кіраўнікі ясляў-сада N 327 Мінска. Пралеска Снежань 1992 г.

Калядныя пасядзелкі

Сцэнарый свята для выхавацеляў сярэдняй і старэйшай груп

У пакоі, стылізаваным пад беларускую хату, знаходзіцца дзед, баба і дзеці. Малыя гушкаюць ляльку, малююць, разглядваюць малюнкі ў кніжках. Баба прасуе бялізну, дзед, лежачы на лаўцы, спявае.

Баба. Дакуль ты, Халімон, ляжаць будзеш? Вось кошыкі так-сяк зрабіў, а пра пранік забыў. Дакуль я буду хадзіць да суседак?
Дзед. Ды годзе, Агапа, зраблю табе пранік.
Баба. Дык чаго ты ляжыш? Уставай ды рабі.
Дзед.   Ой,   нешта   мне   ў   спіну страляе.
Баба. Ай, людзі добрыя, што за гаспадар такі?!
Баба ідзе да стала, прыбірае на ім, раптам падаюць лыжкі.

Баба. Ой, нешта лыжкі пападалі! Мусіць, госцейкі да нас прыйдуць. I не дзіва, зараз жа Каляды.
Дзед (ускоквае). Пайду, сустрэну. А то снегу намяло, яшчэ дарогі не знойдуць. (Апранаецца).
Баба. Во каб працаваць так хацелася, як скакаць.
Дзед. Мая гаспадыня — сэрца залатое, але бывае і такое! (Выходзіць.)
Баба. Трэба ж трохі і самой прыбрацца. (Надзявае  хустку і пацеркі.)
Баба. Як у маладосці (Садзіцца.)
Вакол бабы збіраюцца дзеці. Цікае гадзіннік.


Баба. Ціха і ўтульна ў нашай хатцы. Хатка наша незвычайная, бо тут жывуць цікавыя рэчы і паданні са старажытнага жыцця і даўніны далёкай.
Дзед. Раскажы нам, бабуля, казку.
Баба. Ну, добра. Раскажу я вам, чаму не сябруюць кут з сабакам. А вы будзеце мне дапамагаць. Згодны?
Дзеці. Так!
Баба вымае з куфра  касцюмы.
Баба. Няхай Дзіма будзе сабакам, ты, Саша, — катом, аТаня будзе куркай. Пераапранайцеся хутчэй, пачынаем казку.

Дзеці дапамагаюць персанажам пераапрануцца і загрыміравацца.

Баба.
У двары жылі пад вязам шэры кот з сабакам разам.
Так дружылі між сабою — не разліць было вадою.
I з адной хлябталі міскі, і дзялілі ўсе агрызкі.
Ды аднойчы ў час вячэры курка Рабка стук у дзверы.
Сабака. Ну, заходзь, ты сядзь, рабая.
Баба. Так сабака запрашае
Курка.
Ды няма калі мне, братка.
Я не так зайшла у хатку.
Нарадзілася ў аўторак
Куранят у нас васьмёра.
Дык я двор вось аббягаю —
Усіх ў госці запрашаю.
Сабака. Што ж,
Баба. Сказаў сабака,
Сабака. Сходзім: трэба жыць з суседзьмі ў згодзе. 3 чым мы пойдзем у адведкі да харошае суседкі?
Кот. Трэба нам сабраць смятанкі, ды збіць масла паўбляшанкі.
Баба. I сябры ўдвух з ахвотай узяліся за работу. Са збаноў, што ў іх стаялі, кожны дзень вяршкі здымалі.
Кот. Што ж,
Баба. Сабаку кот параіў,
Кот. Масла біць цяпер пара нам. Збегай хутка да суседзяў. Ну а я хвіліну тую тут смятанку павартую.
Баба. Як сабака знік за ганкам, заскакаў кот ля смятанкі. Не ўтрымаўся, ўзяў ён лыжку:
Кот. Пакаштую дай хоць крышку.
Баба.
Адысці б лепш, ды, паганы, лезе сам язык да збана.
Кот са смакам еў вялікім, ды вось гора — збіўся з ліку.
Покуль ён лічыў, стараўся, дык да донца і дабраўся.
Тут якраз сабака з бойкай увайшоў у хату бойка.
Паглядзеў у збан, шчэ цёплы, а смятанкі там — ні кроплі.
Як жа йсці ім у адведкі да харошае суседкі?
Вось дык ліха, вось дык гора!
Сабака. Гэта ты ўсё з’еў, абжора?!
Баба.
Да ката ён, кот наўцёкі. Той — за ім, кот з хаты скокам.
Гнаўся ўслед сабака, гнаўся, ды пад лаўку кот схаваўся.
3 той пары ката сабака і пільнуе, небарака.
Ці то ўвечары, ці ўранку — ўсё ганяе за смятанку.
Баба. Ну, хадзі, хадзі, каток, не пужайся, мы табе песеньку спяём.

Выконваецца    беларуская    народная песня “Коці, коці, лапкі”. Кот і сабака танцуюць.

Баба. Ой, і скакалі, і спявалі, а пра святочны посуд зусім забыліся.
3 чаго мы гасцей частаваць будзем? Іра, прынясі хутчэй з паліцы посуд.
Дзіця прыносіць гліняныя міскі
1-е дзіця. А хіба ж гэта святочны посуд?
2-е дзіця. Трэба яго ўпрыгожыць, размаляваць.
Баба. Ну, то бярыце фарбы і малюйце.
Дзеці. А з песняй і работа спарней.

Частка дзяцей распісвае міскі. Іншыя выконваюць беларускую народную песню "Кума, мая кумачка".

Баба. А зараз можна і пагуляць. У якую гульню?
Дзеці. "Дзядуля — ражок".
Дзяўчынка. А хто ў нас будзе дзедам?
Хлопчык. Я!
Дзяўчынка. Пакажы нам, Коля, як ходзіць дзед Халімон, калі у яго спіна баліць? А як ён злуецца?

Праводзіцца гульня "Дзядуля — ражок".

Баба. Нешта ні гасцей, ні Халімона не відаць. Як пайшоў, так і знік.

Гучыць песня "На нова лета", уваходзяць калядоўшчыкі і дзед Халімон з мядзведзем.

Дзіця. Добры вечар! Чакалі такіх гасцей?
Дзед. Мо не чакалі — далей пойдзем.
Баба і дзеці. Чакалі, чакалі.
Баба. Праходзьце, калі ласка.
Дзіця. Ой, да нас, людзі добрыя, да нас, зачынаецца вяселейка ў добры час.
Дзіця. Госцейкі сабраныя-сазваныя, каго кабыла прывезла, каго матка прынесла, а хто і сам прыйшоў.
Баба. А чым вы нас пацешыце?
Дзед.
А вось мядзьведзька касматы, злавіў яго дзед барадаты,
Ён мёд хацеў увесь злізаць, ну як яго тут не паймаць.
Зараз ён пацешыць вас, ён паслухмяны ў нас.
А ну, Міхай, пакажы чэснай публіцы, як мужык п’яны з кірмаша дамоў вяртаецца! А пакажы, Міхай, як дзеўкі перад люстэркам упрыгожваюцца! (Мядзведзь паказвае.)
Баба. А як хлапцы перад дзяўчатамі красуюцца? (Мядзведзь паказвае.)
Дзед. А цяпер, Міхай, паскачы харашэнька. (Мядзведзь танцуе і кланяецца.)
Дзед.
Чаму ж музыка не грае? Ці смыка не мае?
Ці скрыпка згарэла, ці музыка здурэла?
Зайграйце, музыкі, зайграйце, усе ў радочкі пастаньце.

Аркестр выконвае беларускую народную мелодыю.

Дзіця. Вось цяпер мне пагуляць, пакуль грае скрыпка,
Ручкі, ножкі не баляць, серадзінка гібка.

Выконваецца беларускі народны танец "Ку-ку".

Дзіця. Ой, топну нагой, ды прытопну другой,
Колькі я не тапачу, танцаваць яшчэ хачу.
Выконваецца беларускі народны танец “Грачанікі”.
Дзед. Ну, Агапа, трэба пець, трэба танцаваць, але трэба і частаваць.
Баба. От, Халімон, да працы — цяля, а да яды — конь.
Дзед. Мы ж з табой, Агапа, век векавалі, з аднае лыжкі крупкі дзяўбалі.
Баба прыносіць пачастунак.
Баба. Ну, госцейкі дарагія, чым багаты, тым і рады. Частуйцеся, мацуйцеся, прыходзьце часцей, пачастуем смачней.

Гучыць музыка, усе частуюцца.