сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. А. МІХНОВІЧ, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 9 г. Оршы. Беларуская мова і літаратура 10/2016

Народнае свята «Кузьмінкі»

Інсцэніроўка для вучняў IX—XI класаў

У Беларусі здаўна адзначаліся летнія і восеньскія Кузьмінкі.

Летнія Кузьмінкі, альбо дзень праваслаўных бессярэбранікаў Кузьмы і Дзям’яна, святкаваліся нашымі продкамі 14 ліпеня. Хрысціянскія святыя Кузьма і Дзям’ян лічыліся заступнікамі пакосу. Замацавалася павер’е, што яны з’яўляюцца божымі кавалямі, дапамагаюць людзям адбіваць і тачыць косы.

3 самага ранку, як толькі ўзыходзіла сонца, мужчыны выходзілі на касьбу, гаворачы: «Дзе работна, там і густа, а ў гультаяватай хаце пуста». Прама на лугах заўсёды і пачыналася свята Кузьмінак з самага рання, бо «Кузьмінкі з цёмнага рана ўстаюць, баб на пакос вядуць».

На пакос жанчыны прыносілі крупы, пасля працы яны ссыпалі іх у агульны кацёл і варылі кашу, каб усёй талакой паесці з аднаго чыгуна, а значыць, разам падужэць і падзяліць стому на схіле працоўнага дня.
На Кузьмінкі здымалі першую гародніну (у прыватнасці, караняплоды), пачынаўся збор маліны, гатавалася варэнне з агрэсту.

У гэты дзень сачылі за надвор’ем: «Калі раніцай трава сухая, то да ночы чакай дажджу», «Раніцай трава павее мацней звычайнага — да дажджу», «Калі на дрэвах з’явілася першае жоўтае лісце — да ранняй восені і зімы». Вяскоўцы хадзілі ў госці, за сталом гучалі словы: «Мяшай справу з гульнёй, праводзь час з весялосцю». Вечарам свята працягвалася ў сем’ях. Свежая сабраная гародніна складала аснову святочных страў. 3 прыказкай «На двары пуста, ды на полі густа» выстаўлялі гаспадыні ежу і клікалі святых: «Кузьма-Дзям’ян, ідзіце есці да нас!»

Летнія Кузьмінкі — жаночае, бабіна, дзявоцкае свята. Яго яшчэ называюць бабінымі вячоркамі, бо, у асноўным, у госці адна да адной хадзілі жанчыны і ладзілі свае «жаночыя» пасядзелкі.

Асеннія Кузьмінкі (Кузьма-Дзям’ян, Кузьма- Земян, Касьма-Даміян) адзначаліся нашымі продкамі 14 лістапада як першая сустрэча зімы, што знайшло адлюстраванне ў прыкметах: «Не закаваць зіме раку да Кузьмы», «Калі Кузьма закуе, дык Міхайла раскуе». Як сведчаць фальклорныя крыніцы, каваль з’яўляецца сімвалам шлюбу і сям’і. Пра апякунства хрысціянскага шлюбу распавядаюць і царкоўныя жыццеапісанні святых братоў Касьмы і Даміяна Асійскіх (III ст.), якія нават пасля смерці сваёй дапамагалі жанчыне, якую хацеў зняславіць злодзей. Акадэмік Б. Рыбакоў выказвае меркаванне, што дахрысціянскім імем чараўніка-каваля мог быць названы Сварог, або Сварожыч-агонь.

На Кузьму-Дзям’яна па гумнах ішла малацьба: «Кузьма з Дзям’янам на восець содзядь, на помач просяць малыя святкі: “Бярыце цапкі”». Магчыма, па аналогіі з такім заняткам ці з-за сугучнасці «Кузьма — кузня» гэты дзень лічыўся прысвяткам кавалёў. Чаргаванне маразоў, якія скоўвалі зямлю і ваду, і адлігі вобразна ўвасобілася ў прыказцы: «Кузьма закуе, а Міхал раскуе». Да Піліпавага посту заставаўся невялікі адрэзак часу, і дзяўчат яшчэ не пакідала надзея на замужжа. Дзень Кузьмы-Дзям’яна асабліва шанаваўся імі, таму што гэтыя святыя, на іх думку, спрыялі вяселлям. Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям’яна, якія змагаліся са змеем.

Свята называлася яшчэ курынымі імянінамі. 3 гэтага дня рыхтавалі курэй на продаж, а таксама накрывалі шчодры стол, на якім асноўнай стравай была кураціна, а ў якасці забавы ладзілі рыцарскія турніры.
3 гэтым днём звязваліся зімовыя прыкметы: «Кузьмінкі — ад восені адны памінкі», «Кузьма і Дзям’ян — праводзіны восені, сустрэча зімы, першыя маразы».

Восеньскія Кузьмінкі лічыліся дзявочым святам. Існаваў такі звычай, паводле якога дзяўчына-нявеста ў дзень Кузьмінак была як бы гаспадыняй дома, гатавала ежу і частавала ёю ўсіх прысутных. У якасці пачастунку падавалася курыная локшына.

Акрамя гэтага, на тры дні Кузьмінак маладыя дзяўчаты здымалі памяшканне. Кожнай дзяўчыне неабходна было прынесці што-небудзь з ежы ў сырым выглядзе. Часта дзяўчаты абыходзілі хаты і прасілі ў гаспадароў чаго-небудзь ядомага для Кузьмінак.

У час свята праводзілі «пахаванне Кузьмы». У апошні вечар свята дзяўчаты рабілі чучала: набівалі саломай мужчынскія штаны і кашулю, прыладжвалі да іх галаву. Падпярэзвалі чучала поясам, абувалі ў старыя лапці і «жанілі» з адной з дзяўчат. Затым клалі чучала на насілкі і кіраваліся ў лес. Там чучала распраналі, а потым спальвалі.

Ход мерапрыемства

Сялянская хата прыбрана па-святочнаму.
На стале — прыгожы абрус. Вакол стала — лавы. На падлозе — палавік. У печцы патрэскваюць дровы. У хату адна за адной парамі ўваходзяць дзяўчаты.

Першая дзяўчына. Добры вечар усім!
Гаспадыня. Вечар добры!
Другая дзяўчына. Рада вас пабачыць, мае даражэнькія!
Гаспадыня і першая дзяўчына (разам). Мы таксама.
Другая дзяўчына. Ой, вазьміце мой гарлачык з малаком і гаршчок з крупамі. I дапамажыце мне распрануцца.
Гаспадыня. Ну, давай пастаўлю ўсё на стол, што ты прынесла.
Першая дзяўчына. Давай патрымаю тваю камізэльку, пакуль здымеш чаравікі.
Другая дзяўчына. Дзякую вам, мае любыя.

Чуецца стук у дзверы.

Гаспадыня. Ой, нехта яшчэ да нас завітаў.

3 песняй «Хлопец пашаньку пахае» ўваходзіць група дзяўчат.
Хлопец пашаньку пахае, ой-ёй-ёй,
Яго сошанька крывая, ой, божа ж мой!
Прыйшла к яму чарнявая, ой-ёй-ёй,
Вазьмі мяне, хлопец, замуж, ой, божа ж мой!
Дзеўка замуж захацела, ледзь уся не абамлела.
Дзеўка замуж захацела, ледзь уся не абамлела.
Ой, божа ж мой!

Хлопец здуру ажаніўся, ой-ёй-ёй,
На век жонкай падавіўся, ой, божа ж мой!
Ані лыжкі, ані міскі, ой-ёй-ёй,
Павесілі тры калыскі, ой, божа ж мой!
Ля калыскі трэба нянька, а ля печы — кашаварка.
Ля калыскі трэба нянька, а ля печы — кашаварка.
Ой, божа ж мой!

Даў ёй хлопец тры капейкі, ой-ёй-ёй,
Пайдзі купі хлеба-солі, ой, божа ж мой!
Хлеба-солі не купіла, ой-ёй-ёй,
На базары заблудзіла, ой, божа ж мой!
Хлопец пашаньку пахае, яго сошанька крывая.
Хлопец пашаньку пахае, яго сошанька крывая.
Ой, божа ж мой!

Дзяўчаты (разам). Добры вечар у хату. Шчасця, радасці багата. Прыміце ад нас, паважаная, ссыпчыну ды пастаўце яе на самае пачэснае месца.
Гаспадыня. Добра, дзякую, дзяўчаты.
Дзяўчаты. Мы ўвесь дзень хадзілі па дамах, спявалі, трохі таго-сяго да стала назбіралі.

Гаспадыня забірае прынесеную ссыпчыну і ставіць яе на пачэснае месца на стале.

Гаспадыня. Заходзьце, дзяўчаткі, распранайцеся, уладкоўваецеся там, дзе вам будзе найбольш зручна.
Дзяўчаты. Дзякуем за ласку.
Усе сядаюць за стол і распачынаюць гаворку.
Гаспадыня. Дзяўчаткі, а вы памятаеце, які сёння дзень?
Першая дзяўчына. Безумоўна. Сёння 14 лістапада.
Другая дзяўчына. Дык як можна на такое забыцца! Сёння Кузьмінкі! Свята кавалёў Кузьмы і Дзям’яна, якія паводле народных паданняў лічыліся заступнікамі кавальскай справы, шлюбу, сям’і і хатняга дабрабыту.
Першая дзяўчына. Мне мая бабулька расказвала, што існуе шмат паданняў пра кавалёў Кузьму і Дзям’яна, якія змагаліся са змеем.
Гаспадыня. А ў нас на Віцебшчыне існуе паданне, у якім Кузьма і Дзям’ян — настаўнікі і апекуны земляробаў, яны забяспечваюць аратых лемяшамі, раламі. А калі на ніве сам Спас- Хрыстос за плугам, Матка Божая паесці Сыну носіць, то апостал Пётр з Кузьмой-Дзям’янам заўсёды на поле пры Богу. Давялося аднойчы Кузьме-Дзям’яну самому араць: волат магутны, змірыўшы змея-цмока, у плуг яго запрог. Панукваў пачвару і правіў жалезнай рукой: гэй, не віхляй, прамей цягні разору! Досыць табе полымем дыхаць і людзей пужаць, паслужы лепш ім на славу. Распрацаваў зямельку цуда-араты, а затым у Чорнае мора адпусціў змея. Стагоддзямі ахоўныя збудаванні па Прыдняпроўі, якія засцерагалі ад набегаў качэўнікаў, зваліся Змяінымі Валамі, дзе побліз цуда-араты зямлю абрабляў...
Другая дзяўчына. Відаць, таму Кузьма і Дзям’ян бессярэбранікі, што гэтак, як і пастухі Флор з Лаўрам, не бралі плату за працу.
Гаспадыня. Мабыць, таму і бессярэбранікі. Хто іх ведае?
Трэцяя дзяўчына. А мая маці кажа, што Кузьма-Дзям’ян былі калісь кавалямі.
I жыла змяя калісь. Дык яна палявала на людзей. I дабіраецца да адной сялібы, значыцца.
— Што, брат, зробім мы жалезную саху, — кажа адзін брат другому.
Зрабілі яны саху і кажуць змяі:
— Пралізнеш трое гэтых дзвярэй, дык мы табе сядзем на язык, ты нас і з’ясі.
Цяперака яна раз лізнула, другі лізнула і трэці — і пралізала трое дзвярэй. Яны тады — цап яе! Ды за язык кляпічамі! Адзін лупцуе па галаве, а другі запрагае ў саху. Як запраглі яе, дык аралі яны луг, аралі поле, аралі ўсё і не давалі піць, пакуль не дааралі да Няпра. Як апынуліся пры Няпры, змяя вырыла роў ды як стала піць — датуль, пакуль не абпілася. А яны тады і спыніліся.
Трэцяя дзяўчына. Нешта мы загаварыліся, засумавалі.
Чацвёртая дзяўчына. А давайце, даражэнькія мае, заспяваем і патанцуем.
Гаспадыня. А давайце! Пятая дзяўчына. А пад што будзем скакаць, пад якую песню?
Шостая дзяўчына. А пад нашу любімую — «Камар жэніцца стары».

Дзяўчаты спяваюць беларускую народную песню «Камар жэніцца стары» і скачуць пад яе.

Граюць, скачуць на двары,
Камар жэніцца стары.
Кінуў жонку і дзяцей,
Муху выбраў маладзей.

Маладуха муха рада,
Хопіць ёй і паўаклада.
Модных туфель дваццаць пар
Купіць ёй стары камар.

На вячоркі муха ходзіць,
Ад хлапцоў не адыходзіць.
А камар наш паглядае,
Ўсё сумуе і ўздыхае.

Як камарык ажаніўся,
Не на жарт ён зажурыўся.
Не жыццё пайшло, а мука,
Цягне жылы маладуха. Ой!

Як прытопне, як прыкрыкне,
Наш камарык і не пікне,
Ці жадай, ці не жадай —
Маладуху паважай.

Ой, нажыў камар бяды,
Ні туды і ні сюды.
Стара жонка не даруе,
Маладая запілуе.

Гаспадыня. Дзяўчаткі, добра вы спяваеце, добра вы скачаце, але на нешта мы з вамі забыліся.
Першая дзяўчына. А на што?
Гаспадыня. А вы паглядзіце ўважліва вакол і паспрабуйце здагадацца самі.
Дзяўчаты азіраюцца па баках, ходзяць па хаце, не разумеючы, пра што ім кажа гаспадыня. Неўзабаве падыходзяць да стала.
Гаспадыня. Пара ўжо і на стол накрываць.
Дзяўчаты (усе разам). I сапраўды.
Гаспадыня. Хопіць пітво з крамы піць, трэба ўжо і сваё гатаваць.
Першая дзяўчына. Трэба, трэба брацца! Трэба разам усім сабрацца, каб затым смачнымі стравамі пачаставацца!

Першая і другая дзяўчаты разам з гаспадыняй накрываюць стол, астатнія спяваюць песню «Заспявай, салоўка».

Заспявай, салоўка,
У зялёным гаю:
Ка мне мілы едзе,
Каня паганяе.
Бяжыць конік, бяжыць,
Дарожаньку мерыць, —
Добра ж той дзяўчыне,
Што хлопцам не верыць.
Бо ў хлопца мыслі,
Як жорны ў млыне.
Сягоння да гэтай,
Заўтра к той дзяўчыне.

Гаспадыня (ставячы на стол прысмакі). Да Кузьмы-Дзям’яна куцця на стале, агуркі і квас, аўсяная каша, кіслая капуста.
Першая дзяўчына. А яшчэ певень у чыгуне млее ды бульба сама на стол просіцца.
Трэцяя дзяўчына. А тварог са смятанаю, скваркі, каўбасы, калдуны.
Чацвёртая дзяўчына. А на курыную локшыну забыліся?
Першая дзяўчына. На яе нельга забыцца, бо без курынай локшыны свята Кузьмінкі — не свята.
Другая дзяўчына. Безумоўна, Кузьмінкі называюць яшчэ курынымі імянінамі, бо з гэтага дня ў нас на Віцебшчыне паўсюдна рыхтуюць курэй на продаж, а таксама накрываць шчодры стол, за якім частуюцца курацінкай.
Пятая дзяўчына. Ой, ты так прыгожа апавядаеш.
Трэцяя дзяўчына. А як смачна пахне разнастайнымі стравамі, што немагчыма больш трываць! Столькі смакаты на стале.
Гаспадыня.І праўда, дзяўчаткі, хопіць малоць языкамі, сядайце хутчэй за стол. Ды будзем разам свята сустракаць, святога Кузьму-Дзям’яна ўслаўляць.
Дзяўчаты (разам). Услаўляць будзем!
Першая дзяўчына. Славіць станем!
Другая дзяўчына. Са святам!
Чацвёртая дзяўчына. Са святам!
Пятая дзяўчына. Са святам!
Гаспадыня (бярэ са стала гаршчок з курынай локшынай, абносіць тры разы вакол стала, за якім сядзяць дзяўчаты. Спявае).
Скуй нам свадзебку,
Свадзебку крэпкую,
Даўгавечную,
Навекі неразлучную...
Затым сядае за стол, бярэ лыжку, зачэрпвае ёю страву, спрабуе яе і перадае першай дзяўчыне, тая другой і г. д. Пры гэтым славяць Кузьму-Дзям'яна.
Гаспадыня. Кузьма ды Дзям’ян — два ліцвіны, прынеслі гаршчочак бацвіння.
Першая дзяўчына. У каваля рука лёгкая, была б шыя дужая.
Другая дзяўчына. Не куе жалеза молат, куе кавалёў голад.
Трэцяя дзяўчына. Кузьмінкі — пра восень адны памінкі.
Чацвёртая дзяўчына. Кузьмінкі — сустрэча зімы.
Пятая дзяўчына. Кузьма-Дзям’ян — зацвердзі воды.
Шостая дзяўчына. Не адсунецца Ульяна ад Кузьмы-Дзям’яна.
Гаспадыня. «Мяшай справу з гульнёй, праводзь час з весялосцю», — так гаварыла мая бабулька на Кузьмінкі, седзячы за святочным сталом.
Першая дзяўчына. I сапраўды, дзяўчаткі, мы нешта на песні забыліся. Давайце заспяваем.
Дзяўчаткі (разам). Заспяваем! Заспяваем!
Усе выконваюць беларускую народную песню «Рэчанька».

— Ой, рэчанька-рэчанька,
Чаму ж ты не поўная?
Люлі-люлі-люлі,
Чаму ж ты не поўная?
Чаму ж ты не поўная,
3 беражком не роўная?
Люлі-люлі-люлі,
3 беражком не роўная?
— А як жа мне поўнай быць,
3 беражкамі роўнай плыць?
Люлі-люлі-люлі,
3 беражкамі роўнай плыць?
Янка коніка паіў,
Лена воду чэрпала.
Люлі-люлі-люлі,
Лена воду чэрпала.

Першая дзяўчына. Паслухайце, дзяўчаткі, які я сон сённяшняй ноччу сніла.
Дзяўчаты (сядаюць вакол яе). Ну, які? Раскажы.
Першая дзяўчына. Іду я вуліцаю, а з Тарасовага двара вялікі сабака выбягае — і да мяне. Так і хоча ўкусіць мяне за руку.
Дзяўчаты. Гэта Тарас да цябе сваіх сватоў прышле (смяюцца).
Гаспадыня. Ой, трымайся, дзеўка. Табе Тарас такіх сватоў зашле, што забудзешся, як родную маці завуць.
Другая дзяўчына. А вось паслухайце, што я бачыла. Падышла я да рэчкі, ступіла на кладку, а яна хістаецца. Страшна стаяць. А на другім беразе Ягор стаіць і кліча мяне. Затым увайшоў у ваду ды ідзе да мяне. Сэрцайка маё затрымцела, і я прачнулася.
Пятая дзяўчына. Ой, Ганначка! Гэта ж ён замуж цябе пакліча.

Чуецца стук у дзверы. Уваходзіць апранутая ў адзенне хлопца дзяўчына (у шапцы-вушанцы, кажушку, валёнках).

Пераапранутая дзяўчына. Добры дзень у хату! Мікіты тутака няма? (Накіроўваецца да дзяўчат і кідаецца ім на калені. Дзяўчаты смяюцца, вішчаць.)
Першая дзяўчына. Хлопцаў у нас няма. I табе няма чаго тут рабіць (імкнецца адціснуць пераапранутую дзяўчыну да дзвярэй).
Пераапранутая дзяўчына. Гануля, а ў цябе рукі адтуля? (Паміж пераапранутай і першай дзяўчатамі пачынаецца сварка.)
Першая дзяўчына.
Ты не стой пад акном,
Не машы картузам.
Я не буду гаварыць
3 гэткім карапузам.

Пераапранутая дзяўчына.
У мястэчку на базары
Дзеўкі прадаюцца.
На капейку сорак штук!
Яшчэ задаюцца!

Другая дзяўчына.
Ці я ў маці не дачка,
Ці ж я не дачушка?
Хоць малая я расточкам,
Але ж весялушка.

Пераапранутая дзяўчына.
Ішоў я да дзевак
Сярод цёмнай ночы,
Сядзіць жаба на купіне,
Вылупіла вочы.

Трэцяя дзяўчына.
Ой, бяда, бяда, бяда,
Хлопцаў з’ела машкара,
Толькі тыя засталіся,
Што парфумай паліліся.

Пераапранутая дзяўчына.
А за лесам, за лясом
Плача дзеўка галасом.
Яна плача і равець —
Ніхто замуж не бярэць.

Чацвёртая дзяўчына.
Дзе ні стрэну Васілёчка,
У яго міргае вочка.
Не магу я здагадацца:
Ад чаго ж яму міргацца?

Пераапранутая дзяўчына.
За харошыя прыпеўкі
Палюбілі мяне дзеўкі.
А за нагласць за маю
Разбілі гірай галаву.

Пятая дзяўчына.
А ў гародзе на градзе
Два калівы бульбы.
Усе хлопцы як і хлопцы,
Адны нашы дурні.

Пераапранутая дзяўчына.
Усе дзяўчаты як дзяўчаты,
А мая як пузарок,
Увалілася ў канаву,
Чуць на бераг узвалок.

Шостая дзяўчына.
Замуж трэба. Ды на то
Хмурая спадзеўка:
Той — завала, той — п’янтос,
Ну а той — сам дзеўка.

Пераапранутая дзяўчына (павярнулася было ўжо ісці, але спыняецца і звяртаецца да дзяўчат). Тыру, тыру, дзеўкам сыру, дзеўкам сыру з малаком.
Першая дзяўчына. Жабу, жабу, хлопцам жабу!
Другая дзяўчына. Хлопцам жабу з чарвяком!

Дзяўчаты падбягаюць да пераапранутай дзяўчыны-хлопца і імкнуцца выпіхнуць яе за дзверы.
Пераапранутая дзяўчына скідвае кажушок, адклейвае вусы. Усе дзяўчаты пазнаюць у пераапранутым хлопцы сваю сяброўку.
Усе смяюцца і разам скачуць польку. Раптам чуецца стук у дзверы. Дзяўчаты, не датанцаваўшы, спалоханыя разбягаюцца і спрабуюць сесці. Адной дзяўчыне не хапае зэдліка.
Першая дзяўчына. Можа, гэта хлопцы?
Дзяўчына, якой не хапіла зэдліка. Стукнула, грукнула на двары.
Паглядзі, Марыська, можа, гэта па мяне?

Адна з дзяўчат (тая, што Марыська) устае і ідзе да акна, а дзяўчына, якой не хапіла зэдліка, сядае на яе месца. Марыська выглядвае спачатку ў акно, затым адчыняе дзверы і аглядае двор. Потым, заўважыўшы, што яе месца занялі, з жартамі звяртаецца да дзяўчыны, якая села на яе зэдлік.

Марыська. Па цябе, Параска, па цябе. Па цябе, любая, па цябе.
Дзяўчаты выконваюць беларускую народную песню «Стаіць вярба».

Стаіць вярба ў канцы сяла,
На той вярбе а тры кветачкі.
Стаіць вярба ў канцы сяла,
На той вярбе а тры кветачкі.

Пад вярбою а тры дзевачкі,
Тры дзевачкі, тры малойчыкі.
Пад вярбою а тры дзевачкі,
Тры дзевачкі, тры малойчыкі.

Адзін кажа: «Я Алесю люблю.
Я з Алесяй па ваду пайду».
Другі кажа: «Я Арыну люблю.
А я з ёй на сена пайду.
А я з ёю сто капіц нараблю».
Трэці кажа: «Я Аксінню люблю,
Я з Аксінняй жаці пайду».

Стаіць вярба ў канцы сяла,
На той вярбе а тры кветачкі.
Стаіць вярба ў канцы сяла,
На той вярбе а тры кветачкі.

Зноў чуецца стук у дзверы. Дзяўчаты сядзяць, не варушацца. Ніхто не ўздымаецца са сваіх зэдлікаў.
Дзверы адчыняюцца, і ў хату ўваходзяць «сваты» — пераапранутыя дзяўчаты.
У кожнай праз плячо ручнік.
«Сваты» трымаюць пад рукі чучала хлопца.


Першы «сват». Казалі, у вас ёсць тавар!
Другі «сват». А ў нас купец — добры хлопец маладзец.
Дзяўчаты смяюцца, запрашаюць «сватоў» у хату, садзяць іх на самае пачэснае месца, частуюць.
Гаспадыня. Рады вам, даражэнькія нашы госці.
Пятая дзяўчына. Заходзьце. Мы вельмі рады вам.
Трэцяя дзяўчына. Распранайцеся. Уладкоўвайцеся зручна. Хлопца-малайца свайго таксама не крыўдзіце, бярыце з сабою, садзіце на самае пачэснае месца.
Чацвёртая дзяўчына. Частуйцеся, калі ласка, чым Бог паслаў. Частуйцеся, даражэнькія.

«Сваты» вельмі задаволены прыёмам, дзякуюць гаспадарам.

Першая дзяўчына. Ну што, дзяўчаткі, ці аддамо нашу Марыську замуж за гэтага прыгожага хлопца?
Дзяўчаты (разам). Аддамо! Аддамо!
Гаспадыня прыносіць два зэдлікі, ставіць іх пасярод хаты, садзіць побач Марыську і чучала хлопца.
Дзяўчаты водзяць карагод вакол «маладых», спяваюць. Некаторыя дзяўчаты падносяць ім «шлюбныя падарункі».
Марыська абдымае чучала, цалуе яго, а потым плюе.


Дзяўчаты (спяваюць).
Ой скарэй вечара даждаці,
Пайдуць людзі дзяўчыну сватаці,
Пайдуць людзі дзяўчыну сватаці,
А пойдзеш пад акном слухаці,
А пойдзеш пад акном слухаці,
А што будзе дзяўчына казаці.
Дзеўка ходзіць ды пахаджае,
Белы ручкі на сэрцы складае:

Марыська.
Маці, маці, у хаце, у хаце,
Парай, маці, што свату сказаці.

У гэты момант. Марыська падымаецца (нават ускоквае) з крэсла, а на сваё месца садзіць іншую дзяўчыну.
Усе разам (спяваюць).
Парай, маці, што свату сказаці:
Замуж пайсці або з год пагуляці?
Марыська. Дык што: замуж ісці ці пагуляці?
Усе дзяўчаты (разам). Пагуляці!
Марыська. Ці ж гэта жаніх? (Скідвае з чучала шапку і выцягвае саломіну.) Адна салома!
Другая дзяўчына. Вязіце яго на сметнік!
Усе разам. На сметнік! На сметнік жаніха!

Дзяўчаты бяруць чучала жаніха і кідаюць яго «сватам». Тыя кладуць чучала на санкі і вязуць з залы.
Дзяўчаты сядаюць вакол стала і пачынаюць спяваць беларускую народную песню «Перапёлачка».


А ў Перапёлкі ды галоўка баліць,
А ў Перапёлкі ды галоўка баліць.
Прыпеў:
Ты ж мая, ты ж мая Перапёлачка,
Ты ж мая, тыя ж мая невялічкая.

А ў Перапёлкі ручкі баляць,
А ў Перапёлкі ды каленцы баляць,
Прыпеў.
А ў Перапёлкі грудцы баляць,
А што Перапёлачка рана ўстае.
Прыпеў.
А ў Перапёлкі ды старэнькі муж,
А ў Перапёлкі дзеткі малыя.
Прыпеў.
Дзетачкі плачуць, есценькі просяць,
А ў Перапёлкі хлебца няма.
Прыпеў.
А ў Перапёлкі ды галоўка баліць,
А ў Перапёлкі ды галоўка баліць.
Прыпеў.

Першая дзяўчына. А давайце, сяброўкі мае, паварожым.
Трэцяя дзяўчына. Давайце!..
Пятая дзяўчына. Я прынесла шапку і паклала туды паперкі, на якіх запісаны мужчынскія імёны. Выцягніце адну з іх і даведаецеся, як будуць зваць вашага будучага жаніха. Хто першы?
Другая дзяўчына. Я!
Чацвёртая. Я, я таксама!..
Пятая дзяўчына. Ну, цягніце.

Дзяўчаты цягнуць паперкі па чарзе, адбягаюць у кут хаты, чытаюць, што напісана, смяюцца, а затым уголас называюць імёны.

Першая дзяўчына. Гнат.
Другая дзяўчына. Саўка.
Трэцяя дзяўчына. Мікіта.
Чацвёртая дзяўчына. Грышка.
Шостая дзяўчына (апускае руку ў шапку, шукае паперку, але яе няма). А мне не хапіла (расчаравана ).
Пятая дзяўчына. А ты не сумуй, сяброўка. Мы лепш возьмем з табой вунь тыя блінцы, што стаяць на стале, апранёмся і выйдзем на вуліцу. Хто першы нам сустрэнецца, таго і пачастуем імі. А таксама спытаем яго імя. Як будуць зваць мужчыну, такое імя будзе і ў твайго нарачонага.
Шостая дзяўчына (задаволена). Пойдзем, пойдзем хутчэй (апранаюцца, бяруць блінцы і выходзяць).
Трэцяя дзяўчына. Цікава, а што за Мікіта, які будзе маім мужам?
Гаспадыня. Можа, каваль?
Другая дзяўчына. А можа, млынар? Чацвёртая дзяўчына. Ды не, мне здаецца, што музыка.

Дзяўчаты спяваюць і інсцэніруюць песню «Мікіта».

На дудзе Мікіта грае
Ды людзей ён забаўляе.

Прыпеў: Мікіта, Мікіта,
Так і гэтак Мікіта.

Прыляцелі камары,
3 ім скакалі да зары.
Прыпеў.
На дудзе Мікіта грае,
А мядзведзь яму спявае.
Прыпеў.
Ой, чаму ж гэта Мікіта
Паглядзеў на нас сярдзіта.
Прыпеў.
Ой, Мікіта, адпачні ты,
3 карагода выхадзі ты.
Прыпеў.

Пятая і шостая дзяўчынкі вяртаюцца з вуліцы і, перабіваючы адна другую, называюць імёны нарачоных.

Пятая дзяўчына. А мне хлопец сказаў, што яго імя Яўхім. А прыгожы які ён, статны.
Шостая дзяўчына. А майго мужа будуць зваць Ахрэм. I хлопец, які папрасіў у мяне блінок, нейкі худзенькі, нейкі маленькі і крывенькі. Няўжо мне такі муж пападзецца?
Гаспадыня. Дзяўчаты, не турбуйцеся! Будзе ў вас усё добра: і працавіты муж, і хата багата, і дзяцей, унукаў поўна хата. Давайце пойдзем на вуліцу варажыць, сваё шчасцейка ляпіць.

Дзяўчаты, спяваючы, выходзяць са сцэны.
Святы Пакроў у гумно звозіць,
Кузьма з Дзям'янам на васець садзіць.
На васець садзіць ды Бога просіць:
— Дай, Божа, ды слаўнаму мужу
На васець пасадзіці, на таку намалаціці.
А ў свірне ўсё насыпіста,
А ў млыне ўсё намеліста,
А ў дзяжы ўсё падходзіста,
А ў пячы ўсё падросціста...

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларускі народны каляндар / аўтар-уклад. А. Ю. Лозка. — Мінск : Полымя, 1992. — 205 с.
Этнаграфія Беларусі : энцыкл. / рэдкал. : I. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1989. — 575 с.

Яшчэ на гэту тэму:

Баль на лясной палянцы     Восеньскія святы