сцэнарыі святаў на беларускай мове

Юры Уладзіміравіч МЯНЬКОЎ- настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравабудскай дзяржаўнай установы адукацыі "Баравабудскі сад - сярэдняя школа Кармянскага раёна. Роднае слова жнівень 2008 г.

Размаўляй са мной па беларуску!

Літаратурна-музычная імпрэза

Мэты: развіваць творчае і лагічнае мысленне, актыўнасць і ініцыятыву, эрудыцыю, памяць, вынаходлівасць вучняў, выхоўваць патрыятызм, любоў і павагу да роднай зямлі, беларускай мовы.
Узрост: 5-11 класы.
Працягласць: 60 хвілін.
Месца правядзення: актавая зала школы.
Абсталяванне і афармленне: партрэты беларускіх пісьменнікаў, малюнкі вучняў; зала ўпрыгожана кветкамі, нацыянальнымі сімваламі; музычнае афармленне.
Падрыхтоўчы этап: вылучыць са школьнікаў вядучых (дзяўчыну і юнака), чытальнікаў вершаў на памяць, спевакоў, танцораў. Правесці конкурс малюнкаў на адну з тэмаў: "Радзіма", "Беларуская мова". Найлепшымі малюнкамі ўпрыгожыць актавую залу школы. Запрасіць за тыдзень узяць удзел у падрыхтоўцы і правядзенні вечарыны бацькоў, настаўнікаў гісторыі, музыкі і спеваў, малявання. Праінфармаваць наконт правядзення імпрэзы адміністрацыю школы.

Ход імпрэзы

Да пачатку вечарыны гучыць беларуская му­зыка. Выходзяць двое вядучых у нацыянальным адзенні, становяцца па баках сцэны.

Вядучы. Добры вечар, паважаныя сябры! Наш сённяшні вечар прысвечаны ці не самаму значнаму скарбу чалавека - роднай мове.
Вядучая. Так, але найперш я хачу сказаць тое, што хвалюе мяне зараз. Ох, як доўга мы, беларусы, цураліся сваёй мовы і, як кажуць, хаваліся з ёю за печ перад чужымі людзьмі. Нават з'явілася такая дурная думка, што мова на­ша - хамская, сялянская, непрыгожая, што на ёй нельга размаўляць з адукаваным чалавекам, нельга пісаць кніжкі, як на іншых мовах... Але няпраўда гэта! Мова наша - прыгожая, багатая, еўрапейская.
Вядучы. "Шмат было такіх народаў, - кажа беларускі пясняр Францішак Багушэвіч, - што страцілі найперш мову сваю, так, як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі... Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, якую хто носе; ото ж гаворка, мова і ёсць адзежа дуты".
Вядучая. "Не пакідайце ж мовы нашай бела­рускай, - зазначае паэт, - каб не ўмёрлі!"

Дзяўчына (чытае на памяць).

Хадзіў на бітву за людзей,
Не шкадаваў крыві пралітай –
Ён быў паранены глыбей
Несправядлівасцю адкрытай.

За праўду словам ваяваў,
Калі хлусіць было так модна,
3 ваўкоў авечыя зрываў
Ён маскі, адвакат народны.

Сябе пазнаць павінен кат
У Багушэвічавых кніжках.
Любі, народзе мой, Францішка:
Табе ён верны адвакат –

За мову і за мужыка,
За Беларусь
Стаіць гарою.
Пяро Мацея Бурачка
Не забаўлялася гульнёю.

Пяро стварала запавет
Нам, беларусам: ".. .каб не ўмёрлі",  
Каб не стаяў ніхто на горле,
Каб паважаў нас цэлы свет.
В. Жуковіч. Францішак Багушэвіч.

Вядучы. У прадмове да зборніка "Дудка бе­ларуская" Францішак Багушэвіч падкрэслівае спрадвечнасць "нашай бацькавай мовы", яна "такая ж людская і панская, як французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая". Ён заклікае шанаваць, не пакідаць мовы роднай. Шкада толькі, што словы вялікага песняра, адраджэнца XIX стагоддзя не былі пачутыя беларусамі.
Вядучая. Але думкі, развагі пра адраджэнне роднай мовы былі падхопленыя іншымі пісьменнікамі XIX і XX стагоддзяў. Верай у адраджэнне роднай мовы прасякнута творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Вацлава Ластоўскага, Алеся Гаруна. Песняры, галасы і думкі якіх былі непадзельна звязаны з беларускай зямлёй, мужна адстойвалі права беларусаў на карыстанне роднай мовай.

Юнак чытае на памяць верш "Ворагам Беларушчыны" Янкі Купалы.

Вядучы. Так у 1907 годзе пісаў Янка Купа­ла. Але прайшоў час, пачалося беларускае адраджэнне 20-х гадоў XX ст.
Вядучая. Час адраджэння беларускай мовы быў не такі ўжо працяглы. Памылковая дзяржаўная палітыка зліцця моў прывяла да заняпаду і мовы, і культуры беларусаў. Ёй прарочылі знікненне і небыццё, замену міжнацыянальнай рускай мовай. I тут нельга не ўспомніць героя Купалавай п'есы "Тутэйшыя" Мікіту Зноска: "Эх, каб я быў... царом! Завёў бы я... адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе тады прыпяваючы".
Вядучы. Мажліва, як адчайны пратэст супраць гэтага гучаць словы сучасных беларускіх творцаў. Давайце разам паслухаем нашых артыстаў-паэтаў, якія заклапочаныя сённяшнім ста­нам беларускай мовы ў беларускім грамадстве.

Літаратурны мантаж. У ім можна, выкарыстаць вершы "На шашы энтузіястаў" С. Дзяргая, "Беларуская мова" У. Верамейчыка, "Слова" В. Шымука, "Праклён"Н. Гілевіча, "Асуджаныя" У. Арлова, "Скарбы слоў" Л. Геніюш, "Мова род­ная..." В. Івашына, "Малітва мове"М. Скоблы, а таксама "Песню родную" (верш А. Дзеружынскага, музыка В. Волах; Роднае слова, 2004, № 3).

Вядучая. Мова - душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова - жыве народ, жыве памяць продкаў. Няма роднай мовы - няма народа, няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці.
Вядучы. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Якім стане чалавек, калі ў яго забяруць родную мову? I сёння гонар і абавязак усіх нас - шанаваць родную мову, абараняць яе ад ворагаў і непрыяцеляў. Вось чаму многія беларускія пісьменнікі звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, а штодня размаўлялі на роднай беларускай мове.

Працяг літаратурнага мантажу.
Гучыць песня "Наша слова" (верш Н. Захарэвіч, музыка У. Будніка; Роднае слова, 2004, №10).

Настаўнік. Дзе толькі не жывуць таленавітыя беларусы! Лес параскідаў іх па ўсім свеце, але яны вяртаюцца на Беларусь Словам, літаратурнымі думкамі пра Радзіму. У далёкай Празе працуюць Сяржук Сокалаў-Воюш і Ніна Аксёнчык, у "беларускай" Вільні - Сяргей Дубавец, Таццяна Сапач. Радасна, што і на Кармяншчыне нарадзіліся, жылі і тварылі цудоўныя і таленавітыя паэты. Сярод іх Авяр'ян Дзеружынскі*.

(* Тут можа прагучаць аповед пра любога мясцовага пісьменніка.)

Вядучая. Авяр'ян Дзеружынскі - вядомы ў Беларусі паэт, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, аўтар больш як дваццаці вершаваных зборнікаў, напісаных пераважна для дзяцей. Ён вядомы нам і як паэт-песеннік, на яго вершы беларускія кампазітары напісалі яркія, запамінальныя песні патрыятычнага зместу. А нарадзіўся паэт 10 чэрвеня 1919 года ў вёсцы Хляўно Кармянскага раёна.
Вядучы. Складаць вершы Авяр'ян Дзеру­жынскі стаў яшчэ ў пачатковых класах. I змяшчаліся творы ў насценнай школьнай газеце. У 1939 годзе Авяр'ян Дзеружынскі выступіў у друку, а першы зборнік вершаў выйшаў у 1959 го­дзе. Праз год убачыла свет яго першая кніжка, адрасаваная дзецям, - "Цуды ёсць на свеце". Потым ледзь не штогод з'яўляліся яго кніжкі для дзяцей: "Дзе жыве зіма", "Карагод", "Ляцелі дзве птушкі", "Яе завуць Каця" і іншыя.
Выток натхнення, як зазначаў сам Авяр'ян Сафонавіч, - у цудоўным куточку Беларусі на беразе Сожа між Кармой і Слаўгарадам, дзе знаходзіцца яго родная вёска Хляўно (даўняя назва Хлебна).
Вядучая. "Басаногае мае дзяцінства, - прыгадвае паэт, - незабыўнае. Гэта і мая радасць, і мой смутак, і мае захапленне прыгажосцю род­най прыроды. Яна здзіўляла, вабіла. Хацелася гаварыць з кожнай кветкай, травінкай, націнкай, былінкай. Любаваўся яснавокім Сожам. Любіў узлезці на разложыстую грушу, з чатырма стваламі, уладкавацца між іх, слухаць спевы птушак, назіраць, марыць, фантазіраваць, чытаць".
Вядучы. Вельмі любіў Авяр'ян Сафонавіч спяваць беларускія народныя песні. Яшчэ малым заўсёды далучаўся да большых хлопцаў і дзяўчат, каб спяваць разам з імі. Не забываўся на родныя песні і мову тады, калі пасля сямігодкі пакінуў родную вёску і пастушу вучыцца ў Магілёўскі газетны тэхнікум, калі вучыўся ў Мінску ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, які скончыў якраз перад Вялікай Айчыннай вайной.
Вядучая. Найлепшыя творы паэта сабраны ў кнігах "Добры ветрык" (1969), "Вяселікі" (1979), "Верасень"(1998)...
Не стала паэта 4 студзеня 2002 года, пахаваны ён у Мінску.
Настаўнік. Так, паэта не стала. Але ж мелодыя яго душы, мелодыя любові да сваёй малой радзімы будзе гучаць заўсёды. Бездакорна валодаў Авяр'ян Дзеружынскі беларускім словам, упэўнена адчуваў сябе ў стыхіі роднай мовы. Да­вайце ўспомнім вершы нашага земляка.

Дзяўчына (чытае на памяць).

Прамяніся ярчэй і ярчэй
Ды звіні ўсё званчэй і званчэй,
Наша простае, шчырае слова –
Беларуская мова.

Нізавошта не скажаш ніколі,
Лепш не выкажаш радасці, болю
У адзіным, адным толькі слове,
Як на мове сваёй, роднай мове.

Тут і плёскат блакітных азёраў,
Тут і гоман адвечнага бору,
Спеў салоўкі, куванне зязюлі,
Голас сэрца любімай матулі.

А ці будзеш так сам сумаваць,
Ці вясёлую песню спяваць,
А ці рэха будзіць у дуброве,
Як на мове сваёй, роднай мове?

Прамяніся ж ярчэй і ярчэй
Ды звіні ўсё званчэй і званчэй,
Наша простае, шчырае слова –
Беларуская мова.
А. Дзеружынскі. Роднае слова.

Вучаніца спявае песню "Святая Радзіма"(верш і музыка Л. Літвін; Роднае слова, 2003, № 5).
Гучыць песня "Васільковы звон" (верш У.Някляева, музыка В. Іванова; Роднае слова, 2006, № 7).

Настаўнік. Дык давайце будзем разам паважаць і любіць свае роднае слова, будзем заўсёды размаўляць па-беларуску!..

Гучыць песня "Радзіма мая дарагая" (верш А. Бачылы, музыка У. Алоўнікава; Роднае слова, 2005, № 5).

Настаўнік. Вось і закончылася наша вечарына. Але перад вамі адкрыты ўсе дарогі і сцежкі нашай Радзімы.
Любіце і шануйце самы дарагі скарб Бацькаўшчыны - родную мову! Іншае вам не дадзена, ды і не патрэбна!

Настаўнік і вядучыя развітваюцца з гасцямі і ўдзельнікамі імпрэзы.

Спіс літаратуры


Яшчэ на гэту тэму:

«Не забывай ніколі, дружа»     "Багата, родная ты мова..."