сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля ВАРАБ’ЁВА, музычны кіраўнік ясляў-сада N 77 Крычава. Пралеска Снежань.

Ой, Каляда, ой, Каляда!

Сцэнарый свята

У святочна прыбраную залу ўваходзяць гаспадар з гаспадыняй.

Гаспадыня. Трэба куццю ставіць, бліны пячы. Стары, хутка нясі дзежку.
Уваходзіць стары з дзежкай.
Гаспадар. Дзежка гатова. Ганначка, нясі яйкі.
Гаспадыня. Зараз, зараз.
Гаспадар. Ды ячныя крупы не забудзь. (Месяць цеста, спяваюць калядную песню.)
Гаспадар. Пакуль цеста мясілі, хлеб ужо згатаваўся, хадзіце есці.
Гаспадыня. Зараз, зараз. Збяром вяршкі ды выкінем курам, каб добра яйкі неслі.
Гаспадар. Першую лыжку — Дзеду Марозу. Ты, Мароз — Чырвоны нос, пшаніцу і грэчку не памарозь. Гарбузам, гуркам, расадзе будзе лета вельмі рада.
Гаспадыня. Стары, а стары, ці бачыш ты мяне?
Гаспадар. Не, не бачу.
Гаспадыня. А каб ты сапраўды не бачыў за стагамі, копамі, вазамі.
Гаспадар. А ты, старая, ці бачыш мяне?
Гаспадыня. Не, не бачу.
Гаспадар. Каб сапраўды ты не бачыла за гуркамі, за капустай, за гарбузамі белага свету.
Падае лыжка.
Гаспадыня. Ой, нешта лыжкі пападалі! Мусіць, госцікі да нас прыйдуць.
Дзеці спяваюць песню "Ой, Каляда".

1-е дзіця. Добры дзень вам! Мы да вас ідзём, Каляду вядзём.
2-е дзіця. Дазвольце ў хатку зайсці ды на лавачку сесці.
3-е дзіця. На лавачку сесці ды песеньку праспяваці.
4-е дзіця. Чым жа гаспадыня нас адарыла?
5-е дзіця. Грошай мяшок ці кашы гаршчок?
6-е дзіця. Збан малака ці кавалак пірага?
7-е дзіця. Капеечкі на цукерачкі.
8-е дзіця. Вынесі сала, не скупіся, каб ячмень урадзіўся.
9-е дзіця. Каб нажалі сто коп жыта.
10-е дзіця. Каб сям’я ўся была сыта.
Гаспадары. Дзякуй вам за вашы шчадроўкі. Вось вам і сыр на талерцы, і сала, і капеечкі на цукерачкі, і каўбаскі.
Дзеці дзякуюць.

Гаспадар. Міласці просім кожнага ў госці.
Гаспадыня. Каляда чакае гасцей, заходзьце, заходзьце хутчэй.
Дзеці садзяцца, у гэты час нехта стукае ў дзверы.
Гаспадар. Хтосьці да нас яшчэ ідзе!
Заходзяць іншыя дзеці і таксама спяваюць шчадроўкі.
Дзеці. Добры дзень вам у хату!
Гаспадар і гаспадыня. Добры дзень!
1-е дзіця. Мы да вас прыйшлі, Каляду прыняслі.
2-е дзіця. Дазвольце ў хатку зайсці ды на лавачку сесці.
3-е дзіця. На лавачку сесці ды песеньку заспяваці.
4-е дзіця.
А за нашы песні-прыпевачкі
Дайце бочку мядочку.
5-е дзіця. Кашу яек палічаных.
6-е дзіця. Сыр на талерцы.
7-е дзіця. Чырвонец у паперцы.
8-е дзіця.
Мы ад хаты да хаты ідзём,
Каляду з сабою вядзём.
9-е дзіця.
Каб у кожнай хаце было багацце.
10-е дзіця.
Каб скацінка вадзілася,
Каб пшаніца ўрадзілася.
Гаспадыня. Дзякуй вам за вашы пажаданні. Вось вам і мядочку, і яек палічаных, і сыр на талерцы, і чырвонец у паперцы.
Гаспадар. Заходзьце, калі ласка. Гасцям мы заўсёды рады. Сядайце.
Гаспадыня. Ой, як добра, што вы да нас завіталі. А вы да нас прыйшлі і бусліка прывялі. (Уваходзіць буслік.)
Гаспадыня. Буслік наш клякоча, у гульню гуляць хоча.
Гульня "Журавель".
Гаспадыня. А можа б, вы, дзетачкі, трошачкі паскакалі?
Дзеці танцуюць "Лявоніху", спяваюць.
Гаспадар.
Прыйшла Каляда, адчыняй варата,
А на гэтыя святачкі пагуляем у калядачкі.
Гульня "Каляда".

Каляда (выхавацель) у сярэдзіне, а дзеці па кругу.
Дзеці. Прыйшла Каляда, калядзіца. Каляда-маладзіца.
Каляда. Зайду, зайду ў кожную хатачку. Завітаем Каляду, дзіцятачкі.
Дзеці. Каляда, калядзіца, малада маладзіца.
Каляда. У гэту хатку зайду, чым даруеш Каляду?
Дзеці. Цукеркамі, каўбаскай, блінамі, салам, пірагамі.
Каляда. А зараз я зраблю вам такі падарунак, які ні за золата, ні за грошы не купіш. Я загадаю вам загадкі.

Зімой расце коранем уверх, а вясною памірае. (Лядзяш)
Без рук малюе, без зубоў кусае. (Мароз)
Не снег, не лёд, а серабром дрэвы прыбірае. (Іней)
Без голасу вые, а без рук абрусы сцеле. (Мяцеліца)

Гаспадар. А можа б, вы паспявалі для нас ды паскакалі?
Дзеці спяваюць песню "Вольху я ламала".

1.
Вольху я ламала, у рэчку я упала.
У рэчку я, у рэчку я, у рэчку там упала я.
2.
У рэчку я упала, акуня спаймала.
Акуня, акуня, акуня спаймала я.
3.
Акуня спаймала, на базар насіла.
На базар, на базар, на базар насіла я.
4.
На базар насіла, чагось я купіла.
Чагось я, чагось я, чагось купіла я.
5.
Чагось я купіла, акуня варыла.
Акуня, акуня, акуня варыла я.
6.
Акуня варыла, госцікаў карміла.
Госцікаў, госцікаў, госцікаў карміла я.

Гаспадар. Яшчэ да нас нехта ідзе.
Ўваходзяць павадыр з казой, цыганка з цыганятамі, мядзведзь, маладзіцы. Спяваюць калядную песню.

1.
Пайшла Каляда калядуючы,
А за ёй дзеўкі шчадруючы.
Прыпеў:
Каляда, калядзіца.
Малада маладзіца.
2.
Пайшла Каляда ў адну хату,
А ў гэтай хаце куццю таўкуць.
Прыпеў.
3.
Пайшла Каляда ў другую хату,
А ў гэтай хаце серабро звініць.
Прыпеў.
4.
Пайшла Каляда ў трэцюю хату,
А ў гэтай хаце сала шыпіць.
Прыпеў.
5.
Пайшла Каляда ў чацвертую хату,
А ў гэтай хаце золата блішчыць.
Прыпеў.
6.
Пайшла Каляда ў пятую хату,
А ў гэтай хаце пірагі пякуць.
Прыпеў.
7.
Пайшла Каляда ў шостую хату,
А ў гэтай хаце каўбасу ядуць.
Прыпеў.
8.
Каўбасу ядуць ды і нам дадуць,
Каўбасу ядуць ды і нам дадуць.
Прыпеў.
9.
Хоць па маленькаму кусочку,
Каб любілі хлапцы вашу дочку.

Прыпеў.

Госці. Добры дзень вам у хату!
Павадыр. Мы прыйшлі да вас з вяселлем, прама к свежанькім блінам і віншуем з Калядою, нізка кланяемся вам!
Гаспадар. Адкуль вы ідзяце?
1-я маладзіца. Мы людзі простыя, з далёкага краю. Ідзём вакол свету, аж да пана Лета. I к вам зайшлі, шчодру прыняслі.
Павадыр. Гаспадарухна наш бацюхна, падаруй калядоўшчыкаў.
Гаспадыня. Пачакайце, пачакайце. Пакажыце, з чым вы прыйшлі да нас, а тады паглядзім, чым вас частаваць.
Павадыр. Мы віншуем вас са святам, шчасця вам усяго багата.
1-я маладзіца. Каб была ў вас пшаніца, як прыгожая дзявіца.
2-я маладзіца. Каб добрыя былі каровы, а вы былі здаровы.
Цыганка. Каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі.
Цыган. Каб козы мэкалі, а бараны бэкалі.
3-я маладзіца. Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва.
4-я маладзіца. Шчодрага вам лета, багатага хлеба.
5-я маладзіца. Сто год жывіце, дзетак расціце.
Госці спяваюць "Валачобную".

Мы прыйшлі спяваці, шчасця вам жадаці.
Прыпеў: Шчодры дзень вам, багаты дзень вам!
Піва варыці, сынкоў жаніці.
Прыпеў.
Пасаг збіраці, дочак выдаваці.
Прыпеў.
Залезь на баляску, дастань каўбаску.
Прыпеў.
Стань на драбінку, дастань саламінку.
Прыпеў.
Ды кошык маку, да таго прысмаку.
Прыпеў.

6-я маладзіца. Мы прыйшлі з казою шэраю, вельмі смелаю.
Гаспадар. Дык няхай жа яна паскача.
7-я маладзіца. Каза наша вучоная, прайшла ўсе навукі, ведае розныя штукі.
Дзеці пяюць песню "Каза".

1.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Прыйшла з Калядою, шчасця ўсім гарою.
2.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра.
Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць.
3.
Го-го-го,  каза, го-го-го, шэра.
Дзе каза рогам, там жыта стогам.
4.
Го-го-го,  каза, го-го-го, шэра.
Дзе каза хвастом, там жыта кустом.

8-я маладзіца. Ну-ка, козачка, расхадзіся, развесяліся, усяму двару пакажыся.
Дзеці пяюць песню "Казеленька".
У концы песні каза падае на бок.
Гаспадыня. Ай, ай, памерла каза. А Божа ж мой!
Павадыр. У мяне каза вучоная, любіць пачастункі, хоча падарункі.
Гаспадыня. Зараз, зараз, так добра яна скакала, зарабіла яна пачастункі.
Павадыр. Гаспадыня ідзе, каўбасу нясе. Тры кавалкі сала, каб каза устала. Адну мерку аўса, каб каза пайшла. Адну мерку жыта, каб была сыта.
Гаспадыня частуе казу — падносіць ёй розныя пачастункі, а яна матляе галавой, шэпча на вуха павадыру, што хоча грошы, а калі іх прыносяць, адразу ўстае.

Гаспадыня. А дзе вы гэту казу дасталі?
Павадыр. На кірмашы ў старога купіў, 700 грошаў заплаціў. Бочку золатам ды серабром.
Гаспадыня. Не язык, а шыла з перцам.
Гаспадар. Вясёлы ты, павадыр.
Павадыр. Вясёлыя людзі доўга жывуць.
Гаспадар. А дзе сам так навучыўся?
Павадыр. Па ўсім свеце ходзячы, торбу хлеба носячы, між людзей бываючы, дзівы дзіўныя страчаючы, розныя кнігі чытаючы. Дзякуй вам за пачастункі, каб у гэтай хаце, у каморы і ў амбары было што заўсёды даці.

Гаспадыня (да цыгана). А чым жа вы нас парадуеце?
Цыган. Мядзведзем вясёлым. У нас мядзведзь калматы, злавіў яго дзед барадаты, ён мёд хацеў увесь злізаць, ну як яго тут не спаймаць! Зараз ён пацешыць нас, ён паслухмяны ў нас. Пакажы, Міхай, як гаспадынька цеста месіць. Як бабулі вязанкі вяжуць? А як дзяўчаткі перад люстэркам упрыгожваюцца? А як мужык на кірмаш едзе? А як мужык з кірмашу дамоў вяртаецца? (Мядзведзь паказвае.) А цяпер, Міхайла, паскачы харашэнька. (Мядзведзь танцуе.)
Гульня "Мядзведзь Ананас". Гаспадыня частуе гасцей пірагамі.
Цыган. Вось за гэты піражок нарадзіўся каб жыта стажок.

Гаспадыня. Ну а ты нас чым парадуеш, цыганка?
Цыганка. Я добра паспяваю, патанцую. Дый пагадаю. (Танцуе з цыганом і цыганятамі і спявае.) А цяпер, залаты мой, дай я табе пагадаю, што было, што ёсць, а што яшчэ будзе, хадзі, даражэнькі, да мяне. Каб гаспадынька твая не чула. Дай мне сваю далонь. О„. о... Усё бачу, зараз усё табе раскажу. Пакладзі сюды “зайчыка”, будзе ў цябе 3 мальчыкі. Пак­ладзі ваўка, будзе грошай у цябе тры мяшкі. А за мядзведзя — бачу, што ты ў Мексіку паедзеш. А за зубраня выйграеш ты каня.
Гаспадар. А ў мяне яшчэ даляр ёсць.
Цыганка. Як у цябе даляр ёсць, дык ідзі ты за мяне. У мяне чорна каса, ну чым я не краса?
Гаспадар ад здзіўлення здымае шапку і стаіць нерухома.
Гаспадыня. Эй, Міхась, чаго ты там стаіш як укапаны? 3 гутаркі хлеба не паясі, частуй гасцей. Ну а вы, дзяўчыначкі, чым нас парадуеце?

1-я маладзіца. А мы цябе віншаваць будзем з кветачкамі.
2-я маладзіца. А яшчэ з добрым здароўечкам, каб да лета дачакала, калядоўшчыкаў сустракала.
Гаспадыня. А дзе ж вы, дзяўчыначкі, былі?
3-я маладзіца. Хадзілі мы за шчодрай. Але шчадрэй за вашу Ганначку не знайшлі. (Надзяваюць ёй на галаву вянок.)
4-я маладзіца. А каб было весела, дык спяём мы песеньку.
Спяваюць песню "Дзе б я не ехала".
Гаспадыня. Дзякую вам за песню.
5-я маладзіца. А на Каляды ўсе гадаюць. Давайце і мы з вамі па гадаем.
Гадаюць на туфлік, на салому, на паперу і люстэрка.
Гаспадыня. Праходзьце, госцікі, адпачніце трошачкі. А то вы ўжо застаяліся ў парозе. (Усе садзяцца.) У нас тут і дзетак поўна хата. Пагутарым, паспяваем ды патанцуем.
Дзеці спяваюць песні "Як пайду я к кавалю", Гаспадынька".
Дзеткі нашы добра спяваюць. А зараз і за намі чарга.

Да рослы я спяваюць песні "Дзе мая Маруся", "Шэрая лашадачка", танцуюць "Падэспань". Затым малыя выконваюць песню "Кума мая, кумачка".
Гаспадар. Ну, Агапка, добра пець, добра і танцаваць, але і трэба частаваць.
Гаспадыня. О-о, Міхась, да працы ты цяля, а да яды — конь. Ну, госцікі дарагія, чым багаты, тым і рады. Частуйцеся, мацуйцеся. Прыходзьце часцей, пачастуем смачней.
Павадыр. Бывайце здаровы.
1-я маладзіца. Каб да лета дачакаліся, а зімою з Калядою сустракаліся.
2-я маладзіца. Моцна кахайце, на гэтым бывайце.
3-я маладзіца. Дзякуй гэтаму дому, пойдзем к другому.


Яшчэ на гэту тэму:

Каляда-калядзіца     Калядныя акорды