сцэнарыі святаў на беларускай мове

Галіна АЛЕСАВЕЦ, бібліятэкар першай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 3 г. Пінска. ГаннаГУНЬКО, настаўнік беларускай мовы і літаратуры першай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы №3 г. Пінска. Роднае слова Студзень 2014 г.

"Багата, родная ты мова..."

Літаратурная вечарына

Мэта: выпрацоўваць уменне трымацца перад аўдыторыяй; садзейнічаць абуджэнню цікавасці да беларускай мовы, выхаванню любові да беларускага слова, гісторыі свайго народа.

Ход мерапрыемства

Музычная застаўка.
1-ы вядучы.
Сто гадоў шукай другой красы,
А тым болыи, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Я. Янішчыц.

2-і вядучы.
Я - беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я - беларус, я ганаруся,
Што маю гэткае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма.
Я - беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
I зблізку чую і здаля.
Н. Гілевіч.

3-і вядучы. У календары ёсць такое свята -Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. 3 ініцыятывай увесці такі дзень выступіла краіна Бангладэш: 21 лютага 1957 г., адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяць студэнтаў.
1-ы бібліятэкар. Больш за шэсць тысяч моў налічваецца ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ЮНЕСКА і абвясціла Дзень роднай мовы, каб хоць аднойчы на год на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
2-і бібліятэкар. Але, здаецца, гэта нагода для нас яшчэ раз задумацца пра лёс той, адзінай, якую завём матчынай. Сёння яна - абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, што знаходзяцца на парозе знікнення.
I сёння мы яшчэ раз узгадаем гістарычны шлях нашай мовы, паслухаем вершы. Вершы, якія напісалі і знакамітыя паэты, і вашы равеснікі.

1-ы чытальнік.
Бясследна нішто не міне,
Гісторыю слова адродзіць.
Ты, па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
Мільгаюць старонкі твае –
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.
П. Макаль.

Настаўнік распавядае пра выбітных асоб, якія пакінулі значны след у гісторыі беларускай мовы.

2-і чытальнік.
.. .Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,
Аб горадзе Полацку слава ішла, -
Друкар там выдатны Георгій Скарына,
Што зоры рассыпаў па роднай краіне -
Крыштальныя словы навукі-святла.
Нямала народаў з крыніц яго піла
I брала ад мудрасці вечны агонь,
У літарах першых знаходзячы сілу...
Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла
Такога выдатнага сына свайго!..
П. Броўка.

1-ы вядучы. У 1918 г. у Вільні ўбачыла свет першая граматыка беларускай мовы для школы. 3 1918 да 1929 г. яна вытрымала пяць перавыданняў. А ў 1991 г. чытачы атрымалі факсімільнае выданне гэтай кнігі. Граматыка адыграла выключную ролю ў 1920-я гг., калі наша мова стала мовай школьнага навучання і спасціжэння пісьменнасці.
2-і вядучы. Сёння з немалой адлегласці мы можам упэўнена сказаць, што яе з'яўленне было і застаецца падзеяй у гісторыі нацыянальнай адукацыі, навукі, культуры. Аўтарам граматыкі быў Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч - 26-гадовы беларускі філолаг, вучоны-патрыёт, будучы акадэмік АН БССР, прадстаўнік Заходняй Беларусі ў сейме Рэчы Паспалітай.

Прэзентацыя кнігі "Беларуская граматыка" Б. А. Тарашкевіча.

3-і чытальнік.
3 легендаў і казак былых пакаленняў,
3 калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
3 сузор'яў і сонечных цёплых праменняў,
3 грымучага ззяння бурлівых крыніц,
3 птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, -
Ты выткана, дзіўная родная мова.
М. Танк.

4-ы вядучы. Максім Танк казаў: "Нашу беларускую мову не раз спрабавалі знішчыць, але ж данеслі яе да нас продкі. Няма ніводнага вобраза, з'явы, пачуцця, якіх не змагла б перадаць нам наша мова. Яна самая звонкая, пявучая, жывая, непаўторная, ласкавая і самая дарагая для кожнага беларуса..."

4-чытальнік.
Дык дзякуй, мой любімы край,
Што і ў мяне ёсць спадчына, -
Зялёны стогалосы май
I гэта мова матчына.
Яна мяне ў свет вядзе -
Ці ў вырай я, ці з выраю.
На гэтай мове - добры дзень! -
Сяброў вітаю шчыра я.
Мне дзіўны чуецца матыў
На роднай мове матчынай
I ў шолаху жытнёвых ніў,
I ў шуме соснаў мачтавых.
Хай бель на скроні - нібы сон,
Яе ж, маю харошую,
Мне шанаваць да скону дзён,
Любіць да дня апошняга...
А ты, мой краю, перадай
Маім сынам у спадчыну
Для песень новых - светлы май
I сілу мовы матчынай.
М. Мятліцкі.

2-і вядучы. Родная беларуская песня... Яна бывае тужлівая і вясёлая, бадзёрая і самотная, ад яе хочацца плакаць і смяяцца... Менавіта народная песня з'яўляецца крыніцай, адкуль мы чэрпаем слова, прыгожае, мілагучнае, ласкавае.

Праслухоўванне песні "Рэчанька, рэчанька.. ".

2-і бібліятэкар. Мудры чалавек сказаў: "Дзе не загінула слова, там і справа яшчэ не загінула". Што ж трэба рабіць, каб слова роднае, каб беларуская мова жылі і квітнелі, працягвалі "справу" - жыццё і духоўны росквіт народа?
Адказы навучэнцаў.

5-ы вядучы. Хто б ты ні быў - жанчына ці мужчына, дарослы ці малы, селянін, студэнт, рабочы, настаўнік, вайсковец, інжынер ці бізнесмен - ведай, што твой твар, найлепшая вопратка твая, душа твая - беларуская мова.
1-ы бібліятэкар. Калісьці Яўхім Карскі, чалавек, які шмат зрабіў для развіцця культурнай і моўнай самасвядомасці нашага народа, у артыкуле "Да пытання аб мяжы беларускіх гаворак" адзначыў здольнасць беларусаў да ўспрымання ўсяго новага, да зменаў, якіх патрабуе жыццё. Але пры гэтым ён падкрэсліў: "... Што больш упарта захоўваецца ў беларусаў, гэта іх мова". Будзем спадзявацца, што ён быў празорліўцам і яшчэ стагоддзі над намі будзе ўладарыць беларускае слова.

5-ы чытальнік.
Я скарбы слоў, з душы народнай літых,
Без гонкасці налётнай і чужой,
Збіраю па дарогах прагавіта,
Змываю пыл расчуленай слязой.
Малітвенна ўздымаю сэрцам слова
3 пяску вякоў да зорнай вышыні.
Высокай пробы звон радзімай мовы,
Вякамі гартаванай на агні.

У горне сэрцаў Скарыны,
Купалы Апалены той залаты метал.
На гэтай мове маці мне пяяла
Над зыбкаю пра наш народны жаль.
Радзімаю наканавана жыць мне,
Крывёю сэрца новы спеў пісаць.
Купалавай, Скарынавай, мужыцкай,
Народнай мове доўг святы аддаць.
Л. Геніюш.

3-і вядучы. Вы слухалі вершы знакамітых беларускіх паэтаў. А зараз прагучаць вершы вашых равеснікаў - удзельнікаў конкурсу "Каб бацькоўская мова непаўторнаю кветкай цвіла", які праводзіў часопіс "Качели".
Вучні чытаюць вершы.

Настаўнік. А цяпер крыху статыстыкі. Паводле перапісу насельніцтва, беларускую мову назвалі роднай 5 580 000 грамадзян Беларусі. Сярод беларусаў гэтую мову лічаць роднай крыху больш за 60%. Большая частка насельніцтва (70%) аддае перавагу рускай мове. На ёй размаўляюць 96% рускіх, 88% украінцаў, 70% беларусаў, 51% палякаў.
Па-беларуску дома размаўляюць 26% беларусаў і... 41% палякаў.
Калі ў Мінскай вобласці беларускую мову лічаць роднай каля 70%, то ў іншых рэгіёнах -крыху больш за 50%; 18% (164 000) беларускіх школьнікаў вывучаюць усе прадметы на беларускай мове. У ВНУ па-беларуску навучаецца 4200 студэнтаў - 0,9%.

4-ы вядучы. Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе - павінен быць перад ёй пэўны абавязак. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае пра яе лёс - значыць, не ўсё яшчэ страчана.
5-ы вядучы. Калі ты чуеш яе - ці то літаратурную, ці змешаную "трасянку", ці мясцовую дыялектную - ведай, што гэта ўсё яна - наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. I не падчарка яна тут, а спрадвечная гаспадыня на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана роўнай сярод іншых моў свету.
Бо калі наша мова і культура знікнуць, дык хто мы такія будзем, з чым пойдзем у свет?
Музычная застаўка.

2-і вядучы. Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляйце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах - і нашай мовай захочуць гаварыць іншыя. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Мова - жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на "трасянцы", а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове.

6-ы чытальнік.
...Нібы маці, берагчы
Працаўніцу нашу - мову,
Бо яна - жыцця зачын
I пачатак песні новай.
За народ ісці на бой,
Помніць, правячыся боем,
Што стагоддзі за табой
I стагоддзі - прад табою...
Я. Сіпакоў.

Музычная застаўка.

2-і бібліятэкар. Для таго каб ведаць яшчэ больш пра гістарычны шлях роднай мовы, чытаць творы на беларускай мове, мы прапануем вам пазнаёміцца з выставай кніг "Багата, родная ты мова...".
Бібліятэкар робіць агляд кніжнай выставы.


Яшчэ на гэту тэму:

Свята роднай мовы     Свята роднага слова