сцэнарыі святаў на беларускай мове

Я. У. ПІСКУН, студэнтка Мазырскага педагагічнага інстытута. Пачатковая школа Люты 1995 г.

Масленіца

Сцэнарый ранішніка

У святкаванні прымаюць удзел "госці" і "гаспадары". Ролю вядучых выконваюць настаўнікі, адзін з якіх — выкладчык замежнай мовы. Прывітанне, развітанне, адгадкі на загадкі, запрашэнні і г. д. гучаць на дзвюх мовах. Песні, гульні, карагоды развучваюцца загадзя.

1-ы вядучы. Добры дзень, сябры!
2-і вядучы. Падыходзьце бліжэй да нас, запрашаем у госці вас!

У нас сягоння масленіца,
Прыляцела ластавіда,
Сядзела на тыну, на калу,
Кідала масла па каму.
А хто ўхопіць — так таму.
Маладая дзяўчына схапіла .
Ды ў чарапочку стапіла...
У нас сягоння масленіца...

1-ы вядучы. Трэба гасцям дагадзіць і на лавы пасадзіць.
2-і вядучы.
Калі ласка, госцейкі, сядайце, ды вакол сябе паглядайце.
1-ы вядучы. Наша беларуская хата заселена дужа багата
Цацкамі драўлянымі,
Ручнікамі саматканымі,
Зоркамі саламянымі,
Пеўнікамі маляванымі.
2-і вядучы.
Вас, паважаныя, мы чакалі,
Свята без вас не пачыналі.
На нашым свяце
Не будзе часу сумаваць,
На свяце гэтым трэба
Спяваць, смяяцца, танцаваць.

Выконваецца песня "Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець, калі ў маёй хатачцы па­радах ідзець?.."


1-ы вядучы. Але ж не усе госці прыйшлі да нас. Адгадайце загадкі і дазнаецеся, хто не з’явіўся на свята.
Як той час называецца,
Калі новы год пачынаецца,
Калі поле мяцеліцы студзяць,
Маразы траскатнёю будзяць?
(Студзень).

А як той час называецца,
Што са студзенем вечна братаецца,
Што куе ледзяныя путы
I пытае, ці добра абуты?
(Люты).


І хто ж гэта гаспадынька сівая,
Што пярынкі выбівае,
Зямлю   белым   пухам пакрывае?
(Зіма).

Пад музыку заходзіць Зіма.

Зіма. Гэта вы мяне чакаеце, мяне вітаеце?
Усе. Не, Зімачка, з табой мы будзем развітвацца, а чакаем мы Вясну-красну. Паглядзі на наша сонейка, веснавое яно.
Зіма. Сапраўды, пара развітвацца, а гульня ў снежкі напомніць вам аб зімовых забавах.

Праводзіцца гульня. На нітачках замацаваны надзіманыя шарыкі. Дзеці выбіваюць іх снежкамі — папяровымі шарыкамі.

Усе. Кулік, кулік, адчыняй вясну, замыкай зіму. Прыходзь, Зіма, у наступным годзе.

Зіма пакідае пакой, дзеці махаюць рукамі.

2-і вядучы. Дзе ж Вясна-красна, Вясна-масленіца? Трэба паклікаць яе. Мы Вясну чакаем, мы Вясну гукаем: прыходзь, Вясна!
Усе. Прыходзь, Вясна!
1-ы вядучы. 3 ручайком бурлівым, з рэчкай гаманлівай прыходзь, Вясна!
Усе. Прыходзь, Вясна!
2-і вядучы. 3 песняй-вяснянкай, з сонейкам уранку прыходзь, Вясна!
Усе. Прыходзь, Вясна!
1-ы вядучы. Прыдзі, прыдзі, Вясна, у нас сягоння масленіца!
Усе. У нас сягоння масленіца!

Гучыць музыка, заходзіць Вясна — дзяўчынка, апранутая ў святочны нацыянальны касцюм: "Вось я і прыйшла!"

Усе. Вясна, Вясна, што ты нам прынясла?
Вясна. Сонейка цёплае, надзеі светлыя!
Выконваецца песня аб вясне.

Вясна. Малайцы, хораша спявалі. А нас чакае сонейка. Яно ж не толькі веснавое, але і чароўнае. На кожным праменьчыку — скорагаворка. Хто прачытае сваю скорагаворку хутка, выразна, дакладна, той будзе пераможцам.

Праводзіцца гульня "Чароўнае сонейка".

2-і вядучы. Дарагія дзеці, госцейкі, спяшайцеся, у карагод-гульню збірайцеся...
У сярэдзіну круга становіцца дзяўчынка з хустачкай у руцэ. Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць па кругу і спяваюць:
А дзе той Іванка, што ўстае спазаранку? (З разы.)
Ён спрытны, працавіты, танцуе, пяе
I ў вучобе не адстае.
Іванка, прыбяжы, свой спрыт пакажы.
Дзяўчынка спыняецца каля хлопчыка, запрашае яго паклонам выйсці ў круг. Хлопчык выбягае на сярэдзіну круга са словамі:
Як топну нагой, ды прытопну другой,
Кругом пакружуся, усім пакажуся.

Хлопчык танцуе з дзяўчынкай, дзеці пляскаюць у далоні, прыгаворваюць:
Танцуй, Іванку, танцуй, Марьшка. (Зразы.)
Хопіць, з круга выхадзі і Марьшку забяры.

Хлопчык вядзе дзяўчынку на месца, у круг выходзіць другая дзяўчынка, і гульня працягваецца.


1-ы вядучы. Чым гэга так смачна пахне? Можа загадкі дапамогуць адгадаць?

Белая кабыла ўвесь лес з’ела.
(Печ).
Вадкае, а не вада, белае, а не снег.
(Малако).
Ніхто яго не трывожыць, яно само падыходзіць.
(Цеста).

2-і вядучы. Печ, малако, цеста. Блінцамі пахне. 3 маслам.
1-ы вядучы. Кажуць жа, што на мазаны блін і кот па-другому глядзіць.
Госці. А колькі ласункаў на стале! Відаць, гаспадары нас чакалі, на стол збіралі.
2-і вядучы. Так, так, чакалі, стараліся, бо ведаем:
Дзе справа, там і слава.
Усе. Дзе справа, там і слава.
1-ы вядучы. Хто з сонцам устае на работу, той працуе ў ахвоту.
Усе. Хто з сонцам устае на работу, той працуе ў ахвоту.
1-ы вядучы.
Калі рана ўстанеш разам з сонцам яркім,
Што ўсплыве над зыбкім вогнішчам зары, —
Колькі ты пабачыш з’яў жыцця дзівосных,
Колькі цудаў розных згледзіш у двары.
2-і вядучы.
Калі рана ўстанеш разам з сонцам яркім,
Разам з ветрам шпаркім, разам з белым днём, —
Сам тады, мой дружа, разумець ты будзеш,
Для чаго мы, людзі, на зямлі жывём.
(Н. Гілевіч).

2-і вядучы. Просім усіх сядаць за сталы. Будзем частавацца блінцамі з маслам ды сырам.
1-ы вядучы.
Масленіца, масленіца!
Веснавое свята.
Песнямі, надзеямі,
Працаю багата.

Скорагаворкі, якія можна выкарыстаць для гульні "Чароўнае сонейка"

Белы бусел баяў байку беламу зайку
.
Вадавоз вёз ваду ад водаправода.

Грызла з Грышам Груня грушы.

Дзятлы дзюбамі дзяўблі дрэва.

Лезь, залезь, залезшы, злезь.

Як Якімка, так і Хімка, а як Хімка, так і Якімка.

Рыс Ларыса пасаліла, пасаліла рыс Ларыса.

Спрытна кроп палоў Пракоп,
Лёг пад кропам і захроп.

Пёк Пракоп-хлебапёк Пятру пернік і пірог.

У двары горка, пад горкай норка.

На двары без пары таўкуць мак камары.

Рагатун Рыгорка родам
3 Рагачова-горада.
Як захоча, зарагоча
Рагатлівым рогатам.

Схаваўшыся за самавар,
3 савою сыч засумаваў.

Тчэ ткач тканіну на хустачку Яніне.

У мухі няма вуха, няма вуха ў мухі.

Стаіць воз аўса, каля воза аўца.

Кураняты і курыцы п’юць чай на вуліцы.

Шылам мушка шыла вушка.

Шэсць мышанят у шалашы шамацяць.

Сашы далі кашы, а Машы сыраквашы.

Белячок-баравічок
Пад кустом лёг на.бачок.

Падрыў крот крывы плот,
Рые норку ў агарод.


Яшчэ на гэту тэму:

Масленіца     "Наша масленіца гадавая, яна госцейка дарагая..."