сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. В. ГАЎРЫЛЕНКА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца вышэйшай катэгорыі Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна. Беларуская мова і літаратура 6/2017

Купалаўскі баль

(для вучняў IX—XI класаў)

Мэты: падтрымліваць цікавасць вучняў да жыцця і творчай спадчыны Янкі Купалы; паказаць багацце і разнастайнасць жанраў творчасці народнага паэта; развіваць навыкі выразнага чытання і культуру маўлення вучняў; стварыць умовы для выяўлення іх творчых здольнасцей.
Абсталяванне: партрэт Янкі Купалы; газеты-плакаты, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху паэта; ноўтбук, мультымедыйны праектар, экран для прэзентацыі; музычны цэнтр, мікрафоны; беларускія нацыянальныя касцюмы; рэквізіт да камедыі «Паўлінка».

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Вітаем вас, шаноўныя сябры, спадары і спадарыні!
Другі вядучы. Мы рады бачыць вас на адкрыцці Купалаўскага балю.
Першы вядучы. Янка Купала... Для кожнага жыхара нашай Беларусі гэтае імя гучыць неяк па-асабліваму, надзвычай меладычна.
Другі вядучы. Янка Купала... Гэта літаратурны псеўданім, звязаны з Купаллем — святам, калі, паводле народнага павер’я, зацвітае папараць-кветка. Яна ўзрасла на беларускай зямлі і заззяла незвычайным святлом, шчодра адорваючы наш край цеплынёю, любоўю і пяшчотаю.
Першы вядучы. Мы пачынаем Купалаўскі баль. Зычым усім добрага настрою.
Размінка. Назвы якіх твораў і зборнікаў Янкі КупалЫ сустракаюцца ў казцы, якую вы бачыце на экране? (алегарычная казка «Ноч, калі папараць цвіце» Якуба Коласа).
У тую самую ноч, калі зацвітае папараць, пазбіраліся на сходку чараўнікі розных гатункаў. Яны вялі гаворку пра Юнака. Усім спадабалася тое, што Юнак даў сабе імя ночы, калі зацвітае папараць і калі фантастычныя істоты праводзяць свае сходы. I цяпер яны думалі, які падарунак зрабіць Юнаку.
Русалкі сказалі: «Мы навучым яго спяваць прыгожыя песні, бо песні ва ўсіх выпадках жыцця патрэбны чалавеку. Ён створыць "Адвечную песню"».
«Я падарую яму "Жалейку". — азваўся Дамавік, — і навучу Юнака граць так, каб "Тутэйшыя" людзі зачароўваліся ігрою і прыходзілі да свядомасці, чаму так сталася, што яны не гаспадары ў сваёй хаце».
«А я дам яму гуслі, — сказаў Вадзянік. — Няхай апявае былую славу свайго народа і закідае ў сэрца яго імкненне заняць пачэснае месца між славянамі».
Месячык сказаў: «А я пайду з ім "Шляхам жыцця" і буду асвятляць дарогу, каб хутчэй і лягчэй яму прабіцца. Ён убачыць "Раскіданае гняздо" свае айчыны і раскажа пра яго людзям. Калі ён прыстане ў дарозе, я пакладу яго спаць на высокім "Кургане" і навею яму чароўны "Сон на кургане". У дарозе ён спаткаецца з мілаю "Паулінкаю" і расказам пра яе людзей павесяліць».
Выступіў і пануры Ваўкалак: «Я занясу на край свету яго песні і думкі. Я дам яму словы гневу і абурэння, каб молатам білі яны па струнах сэрца таго, хто прадае сваю айчыну».
«А я што дам яму? — узяў слова сам старшыня. — Я авею яго песні шумам бароў. Я дам яму гарт і цвёрдасць граба, каб да канца Юнак быў верным свайму народу. I ён пакіне вялікую "Спадчыну". Давайце ж панясём яму свае падарункі».
Усе падняліся, пайшлі да Юнака і пазносілі яму шчодрыя дары.
Першы вядучы. Вязынка... Радзіма Янкі Купалы (Івана Дамінікавіча Луцэвіча).
Другі вядучы. Высокія дрэвы шумяць каля звычайнай сялянскай хаты. Недалёка працякае рачулка.
Першы вядучы. У гэтай хаце і нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. будучы паэт.
Другі вядучы. Ясь марыў пра навучанне, але толькі ў 15 гадоў змог закончыць за адну зіму, бо ведаў значна больш, чым патрабавалася, Бяларуцкае народнае вучылішча.
Першы вядучы. Яго юнацтва пачалося з суровых будняў — будучы паэт працаваў хатнім настаўнікам, перапісчыкам у судовага следчага, прыказчыкам у панскім маёнтку, рабочым на броварах.
Другі вядучы. У верасні 1915 г. выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце.
Першы вядучы. Універсітэтам для Янкі Купалы было само жыццё. Лёс неаднойчы выпрабоўваў яго на трываласць.
Другі вядучы. 31919 года жыў у Мінску да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Першы вядучы. Хваля арыштаў і рэпрэсій, якая ўлетку 1930 года пракацілася сярод беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў навукі і культуры, не абмінула і Янку Купалу. У выніку маральна-псіхалагічнага прэсінгу паэт зрабіў спробу самагубства.
Другі вядучы. Вялікая Айчынная вайна заспела Янку Купалу ў Каўнасе. У Мінску згарэў дом паэта, а разам з ім загінула вялікая і каштоўная бібліятэка.
Першы вядучы. Янка Купала не дачакаўся радасных дзён перамогі: пры загадкавых абставінах у маскоўскай гасцініцы ён загінуў 28 чэрвеня 1942 года.
Другі вядучы. Праз два дні пасля смерці Купалы памерла і яго маці, Бянігна Іванаўна Луцэвіч.
Першы вядучы. Хавалі іх у адзін дзень. Маці так і не даведалася, што сына ўжо няма.
Другі вядучы. Янка Купала не дажыў да свайго шасцідзесяцігоддзя дзевяць дзён.
Першы вядучы. Такія паэты, як Купала, нараджаюцца толькі раз, каб стаць вечнай зоркай для чалавецтва.
Другі вядучы. Янка Купала — класік беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, акадэмік АН Беларусі.
Першы вядучы. Ён удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы.
Другі вядучы. Янку Купалу, першаму ў гісторыі беларускай літаратуры, было прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.
Першы вядучы. Купалаўскі баль пройдзе ў форме конкурснай праграмы. Абавязкова будуць пераможцы!
Другі вядучы. Дазвольце прадставіць членаў журы, якія сёння будуць ацэньваць вашы веды, эрудыцыю і артыстычнасць (прадстаўленне членаў журы).
Конкурс «Запрашаем на танец»
Першы вядучы. Народныя беларускія танцы з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускай культуры.
Другі вядучы. Першы конкурс нашага балю называецца «Запрашаем на танец».
Першы вядучы. Амаль усе беларускія танцы выконваюцца парамі.
Другі вядучы. Толькі часам выкананне прадстаўлена аднымі хлопцамі ці дзяўчатамі.
Першы вядучы.У беларускім народным танцавальным рэпертуары кадрылі займаюць значнае месца.
Другі вядучы. Гэты народны танец прыйшоў у Беларусь з Заходняй Еўропы.
Першы вядучы. Выконваюцца кадрылі заўсёды выразна, весела, заўзята, зладжана, з іскрыстым народным гумарам.
Другі вядучы. Сустракайце дзявяты клас з прывітальным танцам.
Першы вядучы. Беларускі народны танец «Крыжачок» вельмі папулярны ў Беларусі.
Другі вядучы. У Магілёўскай вобласці яго танцавалі, трымаючы рукі крыж-накрыж.
Першы вядучы. У некаторых рэгіёнах яго называлі «Кружачок», таму што танцавалі па крузе.
Другі вядучы. «Крыжачок» у выкананні вучняў дзясятага класа. Падтрымаем танцораў апладысментамі!
Першы вядучы. Полька даўно і трывала ўвайшла ў беларускую нацыянальную харэаграфію, стаўшы адным з самых любімых народных танцаў.
Другі вядучы. У беларускім танцавальным фальклоры полька набыла нацыянальную своеасаблівасць. Танчыць адзінаццаты клас! Сустракайце!
Ацэнкі журы.
Конкурс «У госці да Паўлінкі»
Першы вядучы. Наступны конкурс запрашае нас «У госці да Паўлінкі».
Другі вядучы. «Паўлінка» — сацыяльна- бытавая камедыя.
Першы вядучы. Асноўны канфлікт п’есы грунтуецца на сутыкненні дэмакратычнай моладзі з носьбітамі старога ўкладу жыцця.
Другі вядучы. Янка Купала спрачаўся з рэжысёрамі, якія прасілі яго, каб ён зрабіў шчаслівую канцоўку п’есы. Аўтар п’есы катэгарычна адмовіўся мяняць фінал: «Так было напісана, так няхай і застаецца!» — гаварыў ён.
Першы вядучы. Паважанае журы падрыхтавалася да прагляду. Пачынаюць паказ дзевяцікласнікі.
Другі вядучы. Наступнымі выступаюць вучні дзясятага класа.
Першы вядучы. Апладысментамі падтрымаем артыстаў.
Другі вядучы. Завяршаюць паказ камедыі адзінаццацікласнікі. Поспехаў!
Ацэнкі журы.
Конкурс «Вядомы і невядомы Купала»
Першы вядучы. Пагадзіцеся, інтэлектуальныя маладыя людзі заўсёды здзіўлялі і прыцягвалі да сябе ўвагу.
Другі вядучы. Конкурс «Вядомы і невядомы Купала» — для нашых эрудытаў, знаўцаў літаратуры. I праз некаторы час мы высветлім, хто з вас лепш за ўсіх ведае Янку Купалу, яго жыццё і творчасць.
Пытанні для IX класа
1. Паглядзіце на фотаздымак (дэманструецца слайд). Дзе знаходзіцца гэты помнік? (Помнік Янку Купалу ў Вязынцы.)
2. Каму Янка Купала прысвяціў паэму «Тарасова доля»? (Украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку.)
3. Дзе і калі сустрэліся ўпершыню Янка Купала і Якуб Колас? (1912 год, хутар Смольня, недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына.)
4. Паглядзіце на фотаздымак. Хто гэта? (Браніслаў Эпімах-Шыпіла, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта, садзейнічаў выданню зборніка Янкі Купалы «Жалейка», паэт кватараваў у яго амаль чатыры гады.)
5. Галоўным героем якога твора Янкі Купалы з'яўляецца гусляр? (Паэмы «Курган».)
6. Як называецца песня? Хто яе выконвае? (Гучыць песня «Явар і каліна», выконвае вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры».)

Пытанні для X класа
1. Паглядзіце на фотаздымак (дэманструецца слайд). Дзе знаходзіцца гэты помнік? (Помнік Янку Купалу ў Акопах.)
2. Які верш Янкі Купалы перакладзены на 84 мовы свету? (Верш «А хто там ідзе?».)
3. Як называецца зборнік Янкі Купалы, які двойчы канфіскоўвалі царскія ўлады? («Жалейка» — першы зборнік паэта.)
4. Якую п'есу стварыў Янка Купала ў 1913 годзе? («Раскіданае гняздо».)
5. Паглядзіце на фотаздымак. Хто гэта? (Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка.)
6. Як называецца песня? Хто яе выконвае? (Гучыць песня «Спадчына», выконвае вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры».)

Пытанні для XI класа
1. Паглядзіце на фотаздымак (дэманструецца слайд). Дзе знаходзіцца гэты помнік? (Помнік Янку Купалу ў Ляўках.)
2. На старонках якой газеты і калі быў надрукаваны першы верш «Мужык» Янкі Купалы? («Северо-Западный край», 1905 г.)
3. У аснову якога твора Янкі Купалы пакладзена легенда пра Магілёў? (Паэма «Магіла льва».)
4. Паглядзіце на фотаздымак Хто гэта? (Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка паэта.)
5. Якую п'есу стварыў Янка Купала ў 1922 годзе? («Тутэйшыя».)
6. Як называецца песня? (Гучыць песня «Малітва», выконвае вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры».)

Ацэнкі журы.
Конкурс «Не замоўкнуць ніколі Купалавы словы»
Першы вядучы.А мы пераходзім да кон- курсу «Не замоўкнуць ніколі Купалавы словы».
Другі вядучы. Янку Купалу называюць уладаром беларускай песні.
Першы вядучы. I гэта сапраўды так. Няма, відаць, такой тэмы, якую б не закрануў паэт у сваіх вершах.
Другі вядучы. Плённай была творчасць паэта ў Акопах. Акопы — сядзіба маці і сясцёр Янкі Купалы, якую часта, з 1911 па 1926 г., наведваў беларускі пясняр (былы хутар, цяпер — у Лагойскім раёне). Больш як 80 купалаўскіх твораў маюць пазнаку «Акопы». Тут з’явіліся паэмы «Бандароўна», «Яна і я», «Магіла льва», усе драматычныя творы, шматлікія вершы.
Першы вядучы. Акопы — маляўнічыя, прыгожыя мясціны. Тут паэту добра думалася і пісалася. Для Янкі Купалы Акопы сталі тым жа, чым Болдзіна для Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна.
Першы чытальнік выконвае верш «Усюды лета...».
Другі вядучы. Яшчэ адна мясціна стала крыніцай натхнення для паэта. Гэта Ляўкі — вёска ў Аршанскім раёне, непадалёк ад Копысі (за два кіламетры), месціцца на левым беразе Дняпра. Тут на працягу амаль аднаго месяца чэрвеня Янка Купала напісаў 18 вершаў. Адзін з іх — верш «Алеся».
Другі чытальнік выконвае верш «Алеся».
Першы вядучы. Каханне робіць сэрца чулым, спагадлівым.
Другі вядучы. Каханне нясе не толькі замілаванне, але і смутак, боль... Немагчыма любіць, не ўмеючы кахаць...
Трэці чытальнік выконвае верш «Не глядзі...».
Першы вядучы. Паслухайце яшчэ адзін купалаўскі верш пра каханне — «Людка».
Чацвёрты чытальнік выконвае верш «Людка».
Другі вядучы. Кожны вялікі мастак не можа не думаць пра Радзіму, пра сваё месца ў жыцці народа. Найбольшае шчасце для песняра — быць разам з народам, маліцца за свой народ.
Пяты чытальнік выконвае верш «Мая малітва».
Першы вядучы. Паэзія Янкі Купалы сцвярджае ідэю адраджэння роднага краю, веру ў светлую будучыню народа.
Другі вядучы. Таму цэнтральнае месцаў творчасці паэта займаюць тэмы народнага жыцця, абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
Першы вядучы. Былі Купалавы думы невясёлыя, калі бачыў, як зневажаецца і пакутуе народ.
Другі вядучы. Былі радасныя і аптымістычныя, калі паэт-рамантык заклікаў да лепшай долі.
Шосты чытальнік выконвае верш «Гэй, наперад!».
Пе ршы вядучы. Янка Купала пакінуў нам багатую спадчыну, якая ўвабрала ў сябе народныя паданні, песні, казкі, легенды.
Другі вядучы. Ёсць месца ў яго творчасці і байкам. Гучыць байка «Мужык і вужака».
Сёмы чытальнік выконвае верш «Мужык і вужака».
Першы вядучы. Янка Купал а гадаваўся ў вёсцы. Ён жыва і абвострана ўспрымаў усё навакольнае хараство свету. У вершы «Мая навука» паэт прызнаваўся:
Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.
Другі вядучы. У паэзіі Янкі Купалы ўвасобіліся глыбокі смутак і боль, праўдзівасць і шчырасць пачуцця.
Восьмы чытальнік выконвае верш «Як у повесці».
Першы вядучы. Паэзія Янкі Купалы — гімн Беларусі, лірычная песня пра родны край, яго людзей.
Другі вядучы. Усёй сілай свайго таленту паэт сцвердзіў думку пра свабоду і волю беларускага народа.
Дзявяты. чытальнік выконвае верш «Ваяк».
Ацэнкі журы.
Конкурс «Аб чым песня пяе!»
Першы вядучы.
Дык жа знайце, чаго б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае:
Каб мой люд маю песню запеў
I пазнаў, аб чым песня пяе!
Апошні конкурс так і называецца — «Аб чым песня пяе!».
Другі вядучы. Музычны падарунак ад вучняў адзінаццатага класа «Летняя ночка купальная».
Першы вядучы. Песню «Купалінка» выконвае для вас дзясяты клас.
Другі вядучы. Вясёлая песня «Ехаў Ясь на кані» ў выкананні вучняў дзявятага класа хай стане падарункам для ўсіх прысутных у зале.

Праводзяцца беларускія народныя гульні «Млын», «Пярсцёнак», «Ліска».
Падвядзенне вынікаў конкурснай праграмы, узнагароджанне пераможцаў.


Першы вядучы. Імя Янкі Купалы нязменна выклікае ў сэрцах людзей пачуцці захаплення, павагі, гонару, глыбокай удзячнасці.
Другі вядучы. Спадзяёмся, што сёння вам было цікава, вы змаглі адчуць асобу вялікага Купалы, далучыцца да яго цудоўнай і непаўторнай паэзіі.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Багдановіч, I. «Гэта — вобразы краіны Беларусі роднай...»: да 100-годдзя першага зборніка вершаў Якуба Коласа «Песні-жальбы» / I. Багдановіч // Роднае слова. — 2010. — № 9. — С. 12—15.
Міцкевіч, В. Першая сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа / В. Міцкевіч // Роднае слова. — 2002. — № 8. — С. 98—99.
Рудніцкая, В. «Мне хацелася перадаць рухі душы паэта...»: вобразы нар. песняроў у творчасці 3. Азгура / В. Рудніцкая, М. Тараканава // Роднае слова. — 2003. — № 1. — С. 85—87.
Суравец, I. Нашы песняры: турнір знаўцаў, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа / I. Суравец // Беларус. мова і літ. — 2012. — № 2. — С. 60—64.

Яшчэ на гэту тэму:

"І сняцца сны аб Беларусі..."     Паклон вам, песняры!..