сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. I. ШАВЕЛЬ, настаўніца гімназіі г. Светлагорска. Беларуская мова і літаратура Красавік 2006

На скрыжаваннях вайны

Літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная Дню Перамогі

Першы вучань.
На сорак швоў зямныя раны
сшывае майская трава.
Не спіцца ўночы ветэрану —
баліць яму з зямнога шва.

У сонцы чэрвеньскім — Карпаты,
каньёны з рэчкамі на дне.
Ляжаць пад Бродамі салдаты,
ляжаць яны на той вайне...

I не ўва сне байцам — наяве
баляць і ныюць гор рубцы,
гарыць, палае пераправа,
на ёй — апошнія байцы...

Полк штурмавы ідзе ў бяссмерце —
над мёртвым сходзіцца зямля,
і сцяг ягоны на дасвецці
палае ранаю здаля.
М. Стральцоў

Другі вучань.
Пяць патронаў у абойме,
Пяць патронаў.
Падымаемся у бой мы
Ў полі роўным.

У патроне кожным — куля,
Дзевяць грамаў.
Не чакай, мая матуля,
Тэлеграмы.

Ні з санбата палявога,
Ні з пагоста.
Ходзіць ціха (бо дарога!..)
Наша пошта.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Цэлы месяц будзеш верыць,
Што жыву я,
Скажаш яблыням і вербам:
Ён ваюе...
А. Пысін
Трэці вучань.
Мы рана надзелі шынелі, —
Гулі над зямлёй перуны.
I гінулі, і мужнелі
На скрыжаваннях вайны.

Расстанні былі і спатканні
Пад спеў салаўінай вясны.
Світала у сэрцах каханне
На скрыжаваннях вайны.

I ноччу, і раніцай ветлай
Нам памяці звоняць званы
Па тых, хто застаўся навечна
На скрыжаваннях вайны...
І. Скурко

Іграе баян. Гучыць музычны фрагмент з песні «В лесу прифронтовом» (муз. М. Блантэра, сл. М. Ісакоўскага).

Інсцэніроўка

Дзяўчына (расказвае ад імя партызанкі).
3 успамінаў Ганны Шамаль, былой радавой партызанскага атрада № 277...
У вайну мы нейкімі іншымі былі. Калі смерць хадзіла амаль побач, усё ўспрымалася выключна абвострана: і сонечны дзень, і водар кветак, і песні... Памятаю, прыйшла да мяне партызанка Вольга і гаворыць:
— Пойдзем у трэці ўзвод, там сёння Гурскі будзе спяваць украінскія песні.
Сапраўды, так хацелася далучыцца да нечага мірнага. Я вінтоўку на плячо — і пайшлі.
Вольга. Зямлянка была поўная народу, мы ўладкаваліся ў куточку.
Пачынае гучаць украінская народная песня «Чому ж не прийшов». Дзяўчаты бяруць паўзу, потым працягваюць.

Ганна. Гадзіны дзве ішоў канцэрт, вяртацца не хацелася.
Вольга. Ды трэба.
Гучыць лірычная мелодыя без слоў, якая суправаджае ўвесь нумар. Чатыры вучаніцы чытаюць верш А. Куляшова "Ліст з палону". Музыка спыняецца.

Ганна. Прыйшлі ў сваю зямлянку. Камандзір узвода Дарыенка адразу паставіў нас па стойцы «смірна».
Вольга (ад імя камандзіра). За самоволь¬ную отлучку — наряд вне очереди!
Дзяўчаты (разам). Ёсць!
Вольга. Адказалі мы ў адзін голас. І не былі ў крыўдзе на камандзіра.
Ганна. Што значыць там нейкі «наряд вне очереди» ў параўнанні з канцэртам, на якім мы пабывалі! І канцэрт запомнілі на ўсё жыццё.
Вольга. І чыстку бульбы «вне очереди» таксама.

Гучыць музычны фрагмент з песні «Дороги» (муз. А. Новікава, сл. Л. Ашаніна). На сцэне ля імітаванага вогнішча тры хлапчукі рыхтуюцца да пастаноўкі па апавяданні I. Чыгрынава «Бульба».

Інсцэніроўка

Ванька. Уранні прыйшлі нашы. Спачатку па бальшаку прагрукалі танкі, пасля з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну і накіроўваліся далей. У вёсцы дагаралі хаты. За лесам была перадавая, адтуль даносіліся кулямётныя чэргі, гулі маторы. На папялішчы па трохі сыходзіліся людзі. Ніхто не плакаў. Не смяяліся салдаты. Яны ішлі маўклівыя. У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдатаў. Мы — гэта Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і я. У вёску тады мы першыя прыбеглі з лесу і ўжо паўдня сядзелі ў сасняку ля школы, запаліўшы вогнішча. Школа ўцалела. Паўз яе цяпер ішлі салдаты. А мы моўчкі ўглядаліся ў іх стомленыя твары. А пад самы вечар ля нас спыніліся артылерысты. Іх было чалавек 20, з адной маленькай гарматкай. Яны былі вясёлыя людзі, не тое што змардаваныя пехацінцы.

З'яўляюцца байцы.

Артылерыст. Глядзіце, якія партызаны нас тут сустракаюць. Здароў, хлопцы. (Да Санькі.) Чаму ў цябе рыжая галава?
Санька. Выгарала.
Артылерыст. На сонцы?
Санька. Ыгы.
Мішка. У яго шапкі няма.
Артылерыст. Шапкі няма? Эй, Сідараў, топай сюды! (Той прыйшоў.) Слухай, Сідараў, вось гэтаму меднаму кацялку патрэбна шапка. Ты разумееш, у яго шапкі няма, а ў цябе дзве, пілотка і вушанка. Я ўчора бачыў вушанку ў тваім мяшку. Ты вытрас бы з яго, а? Ну, Сідараў, аддай хлопцу шапку.
Сідараў. Дык я ж гэта для свайго сына.
Артылерыст. Я так і знаў, што ты пашкадуеш. І калі ты толькі станеш чалавекам, Сідараў, а? Ну як ты аддасі сыну гэту шапку? Ты думаеш, што скора трапіш на свой Урал? Нам на той свет, братка, бліжэй, чым туды. Ах, Сідараў, Сідараў... Каб я ведаў, што ты такі скупы, то не цягнуў бы цябе за вушы з таго балота. Помніш? Аддай, Сідараў, аддай.
Старшына. Навошта яна табе? Сыну яшчэ лепшую знойдзеш. Пасля бою іх многа валяецца.

Сідараў аддае шапку артылерысту.

Артылерыст. Насі, Санька, насі і ўспамінай мяне. Чуеш? Мяне! Сідарава ўспамінаць няма за што. Гэта ж калі б не я, не было б у цябе гэтай шапкі. Сідараў не даў бы, гэта ўсё я.
Старшына (да артылерыста). Схадзі па лейтэнанта.
Артылерыст. Куды гэта?
Старшына. Ву-унь.
Артылерыст (дзецям). Тады айда, хлопцы!
Старшына. Не бяры іх.
Артылерыст. Чаму? Там прыстрэлку правялі ўжо.
Старшына. Таму і не трэба іх весці туды. Цяпер немец можа батарэю нашчупаць.
Артылерыст прыводзіць двух афіцэраў.

Малодшы лейтэнант. Мая гаспадарка.
Старшы лейтэнант. І нішто сабе гаспадарка.
Малодшы лейтэнант. Эй, старшына! Друга сустрэў. Старшага лейтэнанта. Дык, можа б, ты, старшына, даў чаго-небудзь нам... пакуль немец маўчыць. Ці ёсць там яшчэ?
Старшына. Знойдзем, таварыш камбат.
Артылерыст. Глядзіце, таварыш лейтэнант, як мы тут хлопца прыбралі.
Малодшы лейтэнант. Хто ж яму ўдружыў такую?
Артылерыст. Сідараў.
Малодшы лейтэнант. Сідараў? А я і не думаў, што ён на такое здольны. Не, мусіць, гэта ты яго прымусіў. Скажы, ты?
Артылерыст. Не, ён сам.
Малодшы лейтэнант. Ну, сам дык сам.
Старшы лейтэнант. Ведаеш, Аляксей Фаміч, усё хацеў я бульбы печанай наесціся. Думаў, прыйдзем на беларускую зямлю, накапаю дзе-небудзь бульбы і напяку на такім вогнішчы. Ажно не. Усё не збяруся. Ужо другі дзень на гэтай зямлі, а бульбы не паспытаў.
Малодшы лейтэнант. Ну і жаданне ў цябе, скажу... дзіўнае.
Старшы лейтэнант. Дзіўнае? Але ж аднойчы як накармілі мяне печанай бульбай, дык і дагэтуль смаку той бульбы не забыў. Недзе пад Гомелем было гэта. У сорак першым. Астаткі нашага палка — усяго некалькі чалавек — выходзілі тады з акружэння. Ішлі мы ўсю дарогу галодныя. У вёсках немцы. Туды нам нельга заходзіць... Схопяць адразу. Так і бадзяліся галодныя, пакуль не натрапілі на хлапчукоў, такіх вось. Пасвілі яны цялят за вёскаю і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно тыя пячы не паспявалі. І вось з таго часу жыву надзеяй пакаштаваць калі-небудзь яшчэ печанай бульбы, кажуць, беларуская нейкая асаблівая. Не ведаю, цяжка меркаваць мне, чалавеку, які нарадзіўся і жыў у пшанічным стэпе. Але, можа, і сапраўды за яе смачней нідзе не бывае.
Малодшы лейтэнант. У цябе гэта псіхалагічны фактар.
Старшы лейтэнант. Можа. Але ў такіх, як я, ці мала гэтых псіхалагічных фактараў ад сорак першага засталося. Паверыш ці не, урэшце, як хочаш, справа твая, толькі нават раны ад сорак першага ныюць па начах мацней, чым тыя, што пасля былі.
Малодшы лейтэнант. Ну, так. Дык тады за чым затрымка, дарагі мой таварыш! Папросім, і гэтыя вось хлопцы зараз жа навалакуць сюды бульбы, колькі душа твая жадае. Хочаш, нават салдата магу паслаць. Тут жа зусім недалёка.
Старшы лейтэнант. Не, сёння ўжо позна. Я заўтра лепш прыйду. Як, хлопцы, будзе бульба?
Дзеці. Будзе.
Малодшы лейтэнант. Ладна, старшына, ідзі. Далей я ўжо і сам здагадаюся, што да чаго. У вас там скора каша?
Старшына. Зараз будзем пачынаць.
Малодшы лейтэнант. Не забудзь хлопцаў гэтых пакарміць.
Ванька. Па зямлі плыў добры вечар, калі была з'едзена салдацкая каша — прасяная, на сале. Мінула яшчэ гадзіна — артылерысты пастроіліся на дарозе і рушылі ўслед за сваёй адзінай саракапяткай. Начавалі мы ў школе. 3 лесу вярнуліся сем'і, і ўсе класы былі заняты пагарэльцамі. Спаць давялося на падлозе. Уначы пачаўся на перадавой бой. Немцы пратрымаліся ажно тры дні. Пакуль ішлі баі, мы — Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і я — не адыходзілі ад вогнішча, якое ўсё палілі на адным месцы. Па-ранейшаму праз школу рухаліся войскі, а адтуль, пачынаючы з самае раніцы, везлі на машынах параненых. Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў...

Гучыць мелодыя песні «Журавли» (муз. Я. Фрэнкеля, сл. Р. Гамзатава).

Чацвёрты вучань (чытае ліст). 3 пісьмаў французскага лётчыка і пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы.
«Я буду адчуваць сябе маральна хворым, пакуль не траплю на фронт. Мне ёсць што сказаць людзям пра тое, што зараз адбываецца. Але гаварыць я магу толькі як баец, а не як турыст. Гэта адзіная магчымасць атрымаць права голасу... Я павінен прыняць удзел у гэтай вайне. Пад пагрозай усё, што я люблю... Я хачу ваяваць у імя любві і сваёй веры. Я не магу быць убаку.
Я ведаю, чаму я ненавіджу нацызм. Перш за ўсё таму, што ён знішчае сэнс чалавечых сувязей... Я адмаўляюся прызнаваць стадны пачатак у душы... адмаўляюся выдумваць вінаватых без віны... адмаўляюся прызнаваць пустаслоўе, з-за якога патокамі льецца чалавечая кроў.
Я мала цаню фізічную мужнасць. Жыццё навучыла мяне, што сапраўдная мужнасць — супрацьдзейнічаць, калі свет варожы. Я ведаю, што меў мужнасць не сысці са шляху, падказанага мне маім сумленнем.
Сёння выбар не вельмі вялікі: ці згаджацца быць рабом Гітлера, ці не згаджацца і зразумець, чым табе гэта пагражае. I зрабіць гэта моўчкі. Я ведаю, чым пагражае мне гэта адмаўленне. Толькі мне трэба пераадолець гэты бар'ер, каб усвядоміць, ад чаго адмовіліся людзі, пазбавіўшы сябе спакою. Ад чаго адмаўляюся я.
Ёсць нешта, што я адкрываю зноў. I, можа быць, гэта самае дзівоснае... для тых, каго я люблю, і яшчэ больш дзівоснае для ўсіх людзей. Старая гісторыя: калі ты сам у небяспецы, то становішся адказным за ўсіх. Хочацца сказаць: «Мір вашаму сэрцу».

Выходзяць тры чытальнікі.

Першы чытальнік. 3 кнігі ўспамінаў Івана Кружко «Праз усю вайну». Раздзел «Сталінградскі салют перамогі» [5, с. 151].
31 студзеня 1943 года у 10 гадзін раніцы ,па ўсім участку фронту пачалася моцная артпадрыхтоўка, падтрыманая бамбардзіроўкай і штурмавой авіяцыяй, пасля якой у бой пайшлі танкі і пяхота. Пачалася масавая здача немцаў у палон. Іх ставілі ў калону па тры, і хутка яна пацягнулася доўгакіламетровай змяёй у тыл, адыходзячы ад Сталінграда. Стоячы ля штабнога бліндажа, мы ўпершыню назіралі дзіўную карціну. 3 калоны насупраць выйшаў худы высокі немец, падышоў да нас, працягваючы фотаапарат «Лейку» са словамі: «Брот. Хлэб». Я адказаў яму па-нямецку: «Фотаапарат не трэба, а хлеб я табе дам». Спусціўшыся ў бліндаж, узяў бохан хлеба, вынес палоннаму. Прыціснуўшы хлеб да грудзей, немец спытаў: «Што з намі будзе?» — «Нічога. Вось Сталінград, бачыш? Вы яго разбілі, вы яго і адбудуеце». — «Вы яго таксама бамбілі», — агрызнуўся немец, даганяючы сваіх.

Другі чытальнік. У ноч на першага лютага наш полк заняў раён завода «Барыкады». Я і каштан Сінкін увайшлі ў вялікую пустую галерэю цэха. У пошуках начлегу мы падышлі да цаглянай сцяны цэха, уздоўж якой цягнуліся драўляныя кладоўкі. Падсвечваючы ліхтарыкам, зазірнулі ў адну, у другую — нікога. У трэцяй стаяла жалезная печка, стол, на ім — некалькі стэарынавых свечак. Запалілі іх. Раптам за сцяной пачулі прыцішаную нямецкую размову. Крадучыся, падышлі да сцяны, асцярожна прачынілі дзверы. Гарэла святло. Некалькі немцаў грэліся ля печкі. На стале «шмайсеры». Немцы, заўважыўшы нас і нашы аўтаматы, знямелі. «Усім адпачываць да раніцы», — ціха сказаў я, зачыняючы дзверы. Канешне, у гэту ноч ні мы, ні немцы за сцяной не спалі, каравулячы адзін аднаго. Ледзь пачало днець — мы падышлі да дзвярэй суседзяў, і я спакойным голасам сказаў: «Выходзьце без зброі! — і чамусьці ляпнуў: — Час снедаць». Выйшлі пяць чалавек, баязліва азіраючыся па баках. Я пайшоў уперад, Сінкін канваіраваў трупу ззаду.
Хутка выйшлі на нашу армейскую кухню. Ішла раздача ежы. Звычайная пшонная каша з алеем здалася нам самай смачнай, асабліва пасля таго, як мы амаль суткі нічога не елі. Пакармілі і немцаў, адвялі да вялікай трупы палонных.

Трэці чытальнік. Раніцай другога лютага былі каля завода «Сілікат». Спусціліся да набярэжнай Волгі, сустрэліся з салдатамі з 13-й гвардзейскай дывізіі Радзімцава, якая тут трымала абарону. Дзень адпачывалі, збіралі трафеі. Вечарам наш полк выйшаў са Сталінграда праз замерзлую Волгу на левы бераг. Ішлі па накатанай снежнай дарозе. Настрой ва ўсіх прыўзняты. У калоне смех, зайграў гармонік, і пракураным ахрыплым голасам нехта зацягнуў прыпеўку. Раптам пачуўся нечы крык: «Хлопцы! Зірніце! Даўгавухі чэша! Трымай яго!» — і выстрал. За ім уся калона пайшла паліць па зайцу. Даўгавухі ўключыў пятую хуткасць і панёсся па полі, абганяючы калону. Раманец выхапіў свой «ТТ», пальнуў у паветра, пракрычаў: «Спыніць агонь!» Гэта каманда, перакатваючыся ад галавы калоны да яе хваста, спыніла пальбу.
Гэта быў наш першы салют перамогі. I гучаў ён трэцяга лютага 1943 года.

На сцэне — салдат.

Салдат.
Асвятлёны лунаннем
Чырвонага сцяга,
Сеў стамлёны салдат
На прыступках рэйхстага.

Зняў фуражку,
Як сейбіт пасля работы,
Выціраючы з ілба
Кроплі цяжкага поту.

Адклаў убок аўтамат,
Пыл струсіў з гімнасцёркі
I з кісета адсыпаў
Жменьку махоркі.

Ды зірнуў яшчэ раз,
Як над варожай сталіцай
На вясеннім паветры
Мірны сцяг наш глядзіцца.

Папяросу згарнуў,
Зацягнуўся спакойна
I сказаў:
— Так любыя закончацца войны!
Кадыр Даян
9 мая 1945 г., Берлін

Гучыць песня «Венскі вальс» (муз. I. Лучанка, сл. М. Ясеня).


1. Стральцоў, М. Полк штурманы ідзе ў бяссмерце // Полымя. — 1989. — № 5. — С. 3.
2. Письма о войне: из почты журналиста А. Юдчица // 7 дней. — 2004. — 6 марта.
3. Чыгрынаў, I. Бульба: апавяданне // Маладосць. — 2002. — № 11—12. — С. 106—110.
4. Сент-Экзюпери, А. Я хочу воевать во имя любви и своей веры // Ровесник. — 1985. — № 8. — С. 17—18.
5. Кружко, Й. Через всю войну: фрагмент // Москва. — 2003. — № 2.
6. Даян, К. Победитель // Парус: Проза. Поэзия. Публицистика: сб. лит.-худож. и публиц. произведений. — М. : Мол. гвардия, 1985. — С. 17—18.
7. Сляза на камень: рэпертуар. зб. — Мн. : РЦЭВД, 1995.


Яшчэ на гэту тэму:

Вайна - боль і памяць народа     "Мы захаваем для нашчадкаў мір!"