сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна ВАЙТОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 г. Ваўкавыска. Роднае слова 2017/8

Любі, ведай, шануй роднае слова!

Клуб вынаходлівых знаўцаў (V – VI класы)

Мэты: стварыць умовы для абагульнення ведаў, набытых падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры; удасканалення навыкаў групавой работы; садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей, кемлівасці, артыстызму; спрыяць выхаванню любві да роднай мовы, цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.
Абсталяванне: запіс песні “Спадчына”, карткі з заданнямі, паветраныя шарыкі з заданнямі, канверты з прыказкамі, рэбусы, лісты паперы.
Эпіграф:
Якія знаёмыя назвы і словы,
Якая цудоўная родная мова!
I ўсё мілагучна для слыху майго:
I звонкае “дзе” і густое “чаго”...
Пімен Панчанка.

Ход мерапрыемства

I. Арганізацыйны момант.

Гучыць песня “Спадчына” (сл. Я. Купалы, муз. I. Лучанка). Выходзяць чытальнікі.

1-ы чытальнік.
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае “мама”
I цяпер для мяне сама міла гучыць.
2-і чытальнік.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: “Беларусь мая - сонца краіна!”
3-і чытальнік.
I цяпер для мяне ты ўсіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала.
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр - неўміручы Купала.
Н. Гілевіч.

Вядучы. Гэтыя прыгожыя, звонкія радкі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча прысвечаны беларускай мове. Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і трапнае слова або фразеалагізм.
Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, іншыя - мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на ёй размаўляем з роднымі, сябрамі, знаёмымі, гэтай мовай карысталіся нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся продкі, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёраў і лясоў.
Незвычайнай будзе і наша сённяшняя сустрэча, яна адбудзецца ў форме КВЗ (клуба вынаходлівых знаўцаў).
Удзельнікі аб’ядноўваюцца у 3 каманды, выбіраюць капітана і даюць назву камандзе.
• Прадстаўленне журы.

II. Конкурсная праграма.

Конкурс 1. “Словы-змейкі”
Першы член каманды запісвае на слова - адушаўлёны назоўнік, потым перадае лісток наступнаму ўдзельніку, які прыдумвае слова, што пачынаецца з апошняй літары папярэдняга (словы не павінны паўтарацца).
На конкурс 3 хвіліны, перамагае каманда, якае складзе даўжэйшую змейку.


Конкурс 2. “Слоўны канструктар”
Удзельнічаюць капітаны. Прапануецца слова, і капітан з яго літар павінен скласці і напісаць як мага больш слоў, у склад іх павінны ўваходзіць толькі тыя літары, якія ёсць у зыходным слове.
Напрыклад: машына (наш, Маша, шына, мыш і г. д.).
На конкурс 3 хвіліны, перамагае каманда, капітан якой склаў больш слоў. Слова: мовазнаўства.

Конкурс 3. “Пазнай твор па яго пачатку”
1) Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць.
(“Жураўлі на Палессе ляцяць” Алесь Ставер.)
2) Гэта не камень, а чаравік.
А хто забыў яго? Сам ледавік.
Гэта ж ён пеша тупаў здалёк,
Сляды-каменні здалёк валок.
(“Камень ля вёскі Камень”Казімір Камейша.)
3) Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай
I гадамі грэюся - сплю на дне ракі.
Твар травой аблытаны, быццам павуцінай,
Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.
(“Вадзянік” Максім Багдановіч.)
4) Калі марнею ад нягод I сэрцу цесна,
Я ўспамінаю радавод I продкаў песні.
(“Продкі ” Алесь Пісьмянкоў.)
5) Падаюць сняжынкі - дыяменты-росы,
Падаюць бялюткі за маім акном...
(“Падаюць сняжынкі...” Паўлюк Трус.)
6) 3 усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца;
у спелым леце, спелы бор,
звіняць твае званіцы.
(“Спелы бор” Анатоль Вялюгін.)

Конкурс 4. “Вам слова, юныя паэты!”
Кожнай камандзе прапануецца аркуш паперы з апошнімі словамі верша. У вершы дзве страфы. Неабходна як мага хутчэй скласці і запісаць верш з прапанаванай рыфмай.
1-я каманда. ...не спяшаюся, / ...стараюся. /...у здабытку, /...у сшытку.
2-я каманда. ...Якуб Колас, /...голас. /...чытач, / ...чытаць.
3-я каманда. ...крышталікі, / ...хмаркі ўгары, /...у белыя шалікі, /...у белым бары.
Прадстаўнік каманды (капітан) агучвае верш і аддае журы для азнаямлення і вызначэння пераможцы.

Конкурс 5. “Спрыт, знаходлівасць і розум”
Удзельнікам прапануюцца паветраныя шарыкі, унутры якіх - запіска з заданнем. Для таго каб дастаць заданне, неабходна да такой ступені надзьмуць шарык, каб ён лопнуў. Каманда, якая здабудзе лісток з заданнем і выканае яго першай і правільна, будзе пераможцай.
Заданне. Падбярыце да рускіх слоў беларускія адпаведнікі:
Словы: соревнование, хозяйничать, земляника, прекрасный, глагол, книжный магазин.
Даведка: спаборніцтва, гаспадарыць,.суніцы, прыгожы (цудоўны, выдатны), дзеяслоў, кнігарня (кніжны магазін).

Конкурс 6. “Папацей, грамацей!”
Камандная дыктоўка: кожны член каманды піша толькі 1 сказ і перадае лісток наступнаму ўдзельніку. Пачынае пісаць тэкст капітан, і ў канцы ў яго будзе 30 секунд, каб праверыць напісанае і здаць дыктоўку журы.
Зубр
Самая вялікая жывёла Белавежскай пушчы -. зубр. Ён магутны, грудзі ў яго шырокія, шыя кароткая і тоўстая. Поўсць густая, бурая. Зубр у жыцці вельмі спакойны. Няма ў яго ворагаў, ды і чалавек аберагае яго.
Вядучы. 3 чаго пачыналася калісьці мова? 3 таго, што чалавек пачаў называць усё, што бачыў вакол у прыродзе і грамадстве: прадметы і з’явы, дзеянні і стан. А потым з’явілася неабходнасць зафіксаваць гэта. Узнікла малюнкавае пісьмо (піктаграфія). Праз некалькі стагоддзяў гэтае пісьмо знікла, але яго адгалоскі засталіся і ў наш час. Гэта знакі на дарогах, вуліцах; матэматычныя знакі, знакі хімічных элементаў і іншае. Засталося жыць старажытнае пісьмо і ў займальнай граматыцы. Гэта рэбусы, складанне і чытанне якіх - гульня вельмі карысная. Таму ваша задача адгадаць словы, зашыфраваныя ў рэбусах.

Конкурс 7. “Аматары беларускага фальклору”
Кожнай камандзе прапануецца 2 канверты, у якіх знаходзяцца прыказкі (разрэзаныя напалам і пераблытаныя).
Заданне. За 3 хвіліны ўзнавіць як мага больш беларускіх прыказак (10).
1. Са свайго языка спусціш - / на чужым не зловіш.
2. Слухай многа, / а гавары мала.
3. У добрую часіну сказаць, / а ў ліхую прамаўчаць.
4. Адною рукою / і вузла не завяжаш.
5. Дзе розумам не дайду, / дык у кніжцы знайду.
6. Новых сяброў нажывай, / але старых не забывай.
7. Ладзь калёсы зімой, / а сані летам.
8. Лепей мець вераб’я ў руцэ, / чым арла на суку.
9. Не раскусіўшы арэх, / зерня не з’ясі.
10. Госць на парог - / гаспадыня за пірог.

Конкурс 8. “Пазнай фразеалагізм!”
Кожны ўдзельнік каманды выходзіць да стала, за якім знаходзіцца журы, і выцягвае са стоса картку з фразеалагізмам. Яго задача - з дапамогай мімікі, жэстаў і тых рэчаў, якія ляжаць на стале, растлумачыць фразеалагізм. Задача членаў каманды - пазнаць гэты фразеалагізм.
Фразеалагізмы: з кута ў кут, абвесці вакол пальца, закасаўшы рукавы, матаць на вус, па галоўцы гладзіць, брацца за жывот, кляваць носам, хоць касой касі, зарубіць на носе, язык часаць, рукамі разводзіць, сядзець склаўшы рукі, язык высалапіўшы, абіваць парогі, віляць хвастом, задзіраць нос, за язык пацягнуць, зуб на зуб не пападае, круціць носам.

III. Падвядзенне вынікаў. Узнагароджванне пераможцаў.

Вядучы.
Жадаю вам, дзеці, і далей лагодна
Мовай народа валодаць свабодна.
I ў жыцці каб было вам лягчэй,
Мову сваю вывучайце хутчэй.

Прызы атрымайце за веданне мовы.
Любіце, шануйце роднае слова!

Яшчэ на гэту тэму:

«Мяне беларусь збеларушвае, чаруючы моваю шчыраю...»     Роднай мовы пералівы