сцэнарыі святаў на беларускай мове

Лідзія ДУБЧУК, выхавацель дзіцячага сада N 15 Кобрына. Пралеска Снежань 1993 г.

Сустракаем разам Новы год

Сцэнарый ранішніка ў другой малодшай групе

Дзеці заходзяць ва ўпрыгожаную залу па адным і становяцца у круг.

Вядучая.
Што за госця ў нас такая,
Так блішчыць, як залатая,
Зверху зорачка гарыць,
На галінках снег блішчыць.
I да самай да макушкі
Ўся ў цацках і хлапушках.
Што ж тэта?
Дзеці. Яліначка!
1-е дзіця.
Весь як ёлачка прыбралася
I прыйшла да нас у сад,
А на ёлку паўзбіраліся
Птушак шмат і зверанят.
2-е дзіця.
Нам вельмі, вельмі весела,
На свяце пагуляем,
I зараз "Свята" песеньку
Мы разам заспяваем.
Вядучая.
Ішоў добры Дзед Мароз
Каля сосен і бяроз,
А калі у лесе быў,
Елку ў госці запрасіў.
I вось   вясёлы Новы год
Ідзе да нас у карагод.
Дзеці! Дзед Мароз ідзе да нас, махае нам рукой. Паклічам яго!
Дзед Мароз з песняй абыходзіць залу, спыняецца каля ёлкі.

Дзед Мароз.
3 Новым годам! 3 Новым годам!
Я віншую ўсіх гасцей!
Я віншую ўсіх дзяцей!
Я спяшаўся к вам, сябры,
Не заблытаўся ў бары.
Дзеці. Мы цябе, Дзед Мароз, чакалі, таму што ў нас навагодняе свята.
Малыя спяваюць навагоднюю песню (па выбару музычнага кіраўніка).
Вядучая.
Дзед Мароз, ішоў ты доўга
I стаміўся за дарогу.
Сядзь пад ёлку, пасядзі
Ды на дзетак паглядзі.
Яны вершы пачытаюць
I з табою пагуляюць.
Дзеці расказваюць вершы.

Дзед Мароз.
Я хачу вам зараз, дзеці,
Свае цуды паказаць:
Каўпачок, чароўны, дзе ты?
Пазвані, выходзь гуляць:
— Дзінь-дон, дзінь-дон,
Што тут ёсць пад каўпачком?
Вымае цацачную лісічкў.
Дзед Мароз.
Хто схаваўся пад карчом
3 доўгім рыжанькім хвастом?
Ёй на месцы не сядзіцца,
Гэта ж хітрая...
Дзеці. Лісіца.
Пад музыку выбягае лісіца.

Лісіца.
Каб праведаць, дзеткі, вас,
Правяла я доўгі час
Ля люстэрка залатога,
Вельмі добрага, не злога.
Песня лісы. Гучыць музыка, выбягаюць зайцы. Танец зайчыкаў. Яны падыходзяць да лісы і дрыжаць.
Дзед Мароз.
Зайчанятак не пужай,
Лепей з імі пагуляй.
Гульня "Зайцы і ліса".
Вядучая. Дзед Мароз, дзеці жадаюць паглядзець, што знаходзіцца пад сінім каўпачком.
Дзед Мароз.
Па хаджу я вакол ёлкі,
Патрасу яе іголкі,
Прыўзніміся, каўпачок,
Пакажы нам свой бачок.
Паднімае каўпачок, а пад ім — беларускія лялькі.

Вядучая.
Вось якія гэта лялькі:
Ванькі-Устанькі,
Устанькі-Ванькі.
Танец "Лялькі". Сл. 3. Пятровай, муз. 3. Левінай. (Зборнік "Песенькі сяброў’. — Мн., 1991.)
Вядучая.
Дзеці весела скакалі,
I спявалі, і гулялі.
Ты станцуй нам, Дзед Мароз,
Будзе весела — да слёз!
Танец Дзеда Мароза.
Дзед Мароз.
Гульняў вельмі шмат на свеце!
Па гуляем разам, дзеці?
Адказы дзяцей.
Дзед Мароз.
Ты звіні, звіні, званочак,
Сіні, нібы васілёчак.
Хто пабег, пабег бяжком,
Сеў пад жоўтым каўпачком?
3-пад каўпачка выглядае мядзведзік.
Вось мядзведзік, наш ласун,
Ды калматы, як лясун.
Паспрабуйце-ка вазьміце
Зараз мішку даганіце!
Гульня "Даганялкі" з перадачай цацкі.

Вядучая.
А блакітны каўпачок
Паказаў усім бачок.
I сняжынкі прыляцяць
I для ўсіх зазіхацяць.
Танец "Сняжынкі".
Вядучая.
Станавіся, круг, шырэй,
Будзе разам весялей.
Мы заводзім карагод
I сустрэнем Новы год!
Карагод "Ялінка" з Дзедам Марозам. (Зборнік "Песенькі сяброў’. — Мн., 1991.)
Дзед Мароз.
Час прыйшоў нам развітацца,
Але мушу я прызнацца:
Маю я сюрпрыз цудоўны...
Дзе званочак мой чароўны?
Ты звані, звані гучней,
Пакажы сюрпрыз хутчэй.
Падыходзіць да ёлкі з аднаго, потым з другого боку і звоніць.
Здзіўляецца, што не можа адшукаць і просіць дзяцей дапамагчы знайсці сюрпрыз.


Ану, ліска, падыдзі,
Калі ласка, памажы.
Скажам разам:
Дзінь-дзінь-дон,
Што у нас пад каўпачком?
Падымае зялёны каўпачок, пад якім — святочны падарунак, паказвае дзецям і частуе іх.
Час расстацца настае,
Дзеткі мілыя мае.
Вы мяне не забывайце,
I у госці запрашайце.
Вядучая.
Бывай, красуня-ёлачка,
Калючая іголачка.
За цуд і падарункі
I яркія карункі,
За канфеці і снег,
I за дзіцячы смех
Мы дзякуем табе!
Дзеці абыходзяць ёлку і выходзяць з залы.


Яшчэ на гэту тэму:

«Расці, ялінка, расці!»     Цацак тысячу на ёлку нам развесіў чараўнік...