сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ПЕТРЫМАН, намеснік загадчыка па АД, ДУА «Яслі-сад г.п.Мір», Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці. Пралеска 2012/6

Красачкі купальскія

Сцэнарый фальклорнага свята для дзяцей старэйшай групы

Зала прыбрана зеллем, кветкамі, вяночкамі. Бліжэй да тыльнай сцяны залы з галінак складзены невялікі макет вогнішча. У адным кутку залы аформлены «лясны куточак» (макеты дрэў: ялінак, бярозак).
У залу заходзяць дзяўчаткі ў нацыянальным адзенні.


1-я дзяўчынка.
А на Купалле сонейка рана ўстала,
Усю зямлю праменьчыкамі абняла!
Ой, Купалле, народнае свята,
Дай нам жыці мірна і багата!

2-я дзяўчынка.
На Купалле цёплыя росы.
Бягуць па травах ножкі босы.
Ой, Купалле, свята агню і вады,
Дай нам здароўя на доўгія гады!

3-я дзяўчынка.
На добрыя гады, на галовы русы,
Каб у шчасці і згодзе жылі беларусы.
Каб весела святы заўжды святкавалі,
Песні спявалі, у гульні гулялі.

4-я дзяўчынка.
Запрашаем з намі
Купалле святкаваць:
Вадзіць карагоды,
вяночкі сплятаць.
Песенькі спяваць,
цераз вогнішча скакаць
Ды папараць-кветку
разам адшукаць.

5-я дзяўчынка.
Пойдзем у высокія травы,
На зялёны луг.
Назбіраем кветак,
зелля ад сямі нядуг.
Напляцем вяночкаў,
станем ў карагод,
Каб здаровымі быці
на цалюткі год.

6-я дзяўчынка.
Збірайцеся, кветачкі,
песеньку спявайце,
На Купальскім свяце
гасцей прывітайце.

Дзеці спяваюць народную песню
«Шла Купала сялом, сялом»-
.
Шла Купала сялом, сялом,
Закрыўшы вочы пяром, пяром.
На Івана Купалу.
Закрыўшы вочы пяром, пяром.
Пытала хлопцаў чалом, чалом,
Свяціла ночы агнём, агнём,
Пляла вяночкі шаўком, шаўком.
Слыла Купалка цяплом, дабром,
Славу Купалу пяём.

У залу заходзяць Купалінка (дарослы) і дзеці ў вобразах розных кветак. Яны трымаюць у руках сапраўдныя галінкі тых раслін, якія яны ўвасабляюць.

Купалінка.
Сёння Купала, заўтра — Ян.
Выйдзі, Сонейка, зайграй нам!
Як будзе Сонейка іграці,
Будзем мы Купалле святкаваці,
Мяне, Купалінку, вітаці,
Люд беларускі ўслаўляці.
Будуць дзяўчынкі красачкі рваць,
Будуць купальскі вяночак сплятаць.
Выходзьце, красачкі, усміхніцеся,
Людзям добрым пакланіцеся.
Васілёк.
Я — прыгожы васілёк
з палявых абшараў,
Маю колер рэк, азёр
ды блакітных мараў.
Колер неба ў вышыні,
лугавых званочкаў,
Колер вашых, госцейкі,
беларускіх вочкаў.
Рута.
Я — мята мядовая,
кветка каляровая.
Усе свае лісточкі сабрала ў пучочкі.
Маю стан танюткі ды галінкі гнуткі.
Навакол гудуць пчолы,
Мядочак збіраюць, госцейкаў вітаюць.
Як запахне рута-мята —
жыці будзеце багата.
Рамонак.
Я — рамонак лугавы,
выглядаю тут з травы.
Белыя раснічкі, вочка залатое.
Я ўранку чыстай мыюся расою.
Пахну так духмяна, галоўкай ківаю,
Да сябе ў госці матылькоў склікаю.
Салодка.
Я — зялёная малодка,
і завуць мяне — салодка.
Я — не простая травіна,
а лячэбная расліна.
Пакладзі мяне ў чай —
скажаш кашлю «выбачай».
Іван-ды-Мар'я* (дзяўчынка і хлопчык, трымаючыся зарукі, разам). Не бывае Купалля без Івана ды Мар'і!
________________________
* Літаратурная беларуская назва братаўка (братоўка). У побыце сустракаюцца і такія народныя назвы, як іванец, брат з сястрою, дзень і ноч і інш. — Заўвага рэд.

Хлопчык. Я — Іванка сінявокі, павітаць хачу аблокі.
Дзяўчынка. Я — Марыя-жаўтавочка, малая сонейкава дочка.
Хлопчык. Разам — братка я з сястрыцай, не разліць нас і вадзіцай.
Дзяўчынка.
На адным расцём сцяблёчку,
абдымаемся лісточкам.
Ды пялёсткамі ківаем,
пчол у госці запрашаем.
Лопух.
Я — расліна відная,
ды назва крыўдная.
А завуся я лопух.
Беражыся, злосны дух!
Пад страху мяне саджаюць,
нечысць розную пужаюць.
Я ахоўнік хоць куды.
Зберагу вас ад бяды!
Браткі** (два хлопчыкі):
1-шы хлопчык.
Мы — браткі, вясёлыя кветкі.
Любяць нас дарослыя
і малыя дзеткі.
2-гі хлопчык.
Паглядаем мы на вас
каляровым вочкам
Ды вітаем ўсіх сяброў
шаўковым лісточкам.
_______________________
** Браткамі звычайна называюць садовыя кветкі (руск. анютины глазки), а таксама і палявыя расліны (руск. иван-да-марья). Заўвага рэд.

Палын.
Шэрыя галінкі, горкія лісточкі,
Мыюць мяне роскі, песціць матка-ночка.
Пры дарозе вырас, падарожнікаў страчаю,
Пахам палыновым ветрык напаўняю.
У пояс, у вяночкі палын уплятайце,
Шчасліва жывіце ды хвароб не знайце.
Крапіва.
Я — кусачая трава, бо завуся крапіва.
Ты рукой мяне не тронь, на лістах маіх — агонь.
Я хоць і пякучка, ды зусім не злючка.
Я з людзьмі сябрую, на нечысць палюю.
Беражыцеся, ведзьмы, чэрці, запяку я вас да смерці.
Папаратнік.
Расцвітаю раз у год на купальску ночку,
Мяне цяжка адшукаць у лясным куточку.
Бо на ўсіх лясных дарогах настаўляюць чэрці рогі.
Скачуць ведзьмы, ліхадзеі, лесуны і чарадзеі.
Ды русалкі казкі баюць, кветку ад людзей хаваюць.
Але хто не пабаіцца ночкай у гушчар пусціцца
Кветку папараць шукаць — можа і пашанцаваць.
Кветку досвіткам сарвеш — у шчасці, згодзе зажывеш.
Купалінка.
Красачкі купальскія, расіцай частуйцеся,
Красачкі купальскія, у вянок гатуйцеся.
Станавіцесь, красачкі, у слаўны карагод,
Хай ў народзе шчасцейка будзе круглы год!

Купалінка становіцца з макетам вянка, «краскі» пад музыку вакол яе водзяць карагод і танцуюць. Па чарзе падыходзяць да Купалінкі і ўстаўляюць у макет вянка свае раслінкі, потым падыходзяць да дзяцей, што сядзяць на лавачках, і кожны вядзе па адным дзіцяці ў карагод. Нарэшце, усе дзеці ствараюць адзін карагод і спяваюць песню «Карагодная».
Песня «КАРАГОДНАЯ»
(словы В. Пчолкі, музыка А. Рэмізоўскай).
Мы хадзілі, мы хадзілі на лужок,
Там бялюткія рамонкі, як сняжок
Там сінявыя, як неба, васількі,
Там блакітныя званочкі ля ракі.

Мы хадзілі, мы хадзілі на лужок,
На высокі на дняпроўскі беражок.
Там прыгожыя вяночкі мы плялі
3 кветак-красак нашай роднае зямлі

Мы хадзілі, мы хадзілі на лужок,
Там бялюткія рамонкі, як сняжок.
Там прыгожыя вяночкі мы плялі
3 кветак-красак нашай роднае зямлі.

Купалінка (надзявае вяночак). Вось які прыгожы вяночак атрымаўся! Цяпер мне не страшны ніякія ліхія сілы. I вам таксама патрэбны вяночкі, бо якое ж без іх купальскае свята. Зараз я паклічу свайго сынка Купаліша, няхай ён прынясе вяночкі:
Купаліш-Купалёнак, прыходзь,
Зялёныя вяночкі прынось!
Будуць дзеткі вянкі надзяваць,
Будуць песні купальскія спяваць.
Давайце заспяваем купальскую песню, каб Купаліш нас пачуў і прынёс вяночкі з духмяных кветак і цудадзейнага зелля.
Народная песня «КУПАЛІНКА».
Купалінка, купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
А дзеж твая дочка?
Мая дочка ў садочку
Ружу, ружу поле,
Ружу, ружу поле,
Белы ручкі коле.
Кветачкі рве, кветачкі рве,
Вяночкі звівае,
Вяночкі звівае,
Слёзкі пралівае.

Заходзіць хлопчык з кошыкам, у якім ляжаць вяночкі.

Купаліш.
Навошта слёзкі праліваць?
Трэба Купалле святкаваць!
Купалле — вясёлае свята.
Песняў, гульняў на ім багата.
Давайце і мы ў гульні пагуляем,
Патанцуем, загадкі пагадаем.
Купалінка. Хто загадку адгадае, той вяночак атрымае.

Дзеці, якія адгадваюць загадку, атрымліваюць вяночак і сядаюць асобна ад іншых.

Загадкі:

1. Доўгі насок, тонкі галасок. Хто яго заб’е, сваю кроў пралье. (Камар.)
2. 3 галінкі на сцяблінку, з траўкі — на сцяжынку скача пружынка, зялёная спінка. (Конік.)
3. Скача звярушка — не рот, а лавушка. Пападаюць у лавушку камары і мушкі. (Жабка.)
4. Што за птушка хатняя, гэткая нахабная: нават не баіцца вам на нос садзіцца? (Муха.)
5. Ляцеў птах цераз дах, сеў на варотах у чырвоных ботах. (Бусел.)
6. У залаты клубочак схаваўся дубочак. (Жолуд.)
7. Ляжыць бочачка — ні дна, ні вочачка. (Яйка.)
8. Вісіць — зялёны, ляціць — жоўты, ляжыць — чорны. (Ліст.)
9. Ён у шапачцы чырвонай лечыць гай і бор зялёны. I трапляе на абед яму шкоднік-караед. (Дзяцел.)
10. Сядзіць урода пасярод агарода, хто да яе дакранецца, усякі апячэцца. (Крапіва.)
11. Стаяць слупы бялёныя, на іх — шапкі зялёныя. (Бярозы.)
12. Без матора гудзіць, без пілота ляціць, не аса, а джаліць. (Пчала.)
13. Семсот муляроў збудавалі дом без вуглоў. (Мурашы.)
14. Поўна бочачка круп, а наверсе — струп. (Макаўка.)

Купаліш.
Купалку святкую, вяночкі дарую
3 кветак, траваў, зелля, каб было вяселле.
(Надзявае вяночкі дзецям, якія не паспелі адгадаць загадкі.)
А цяпер давайце пагуляем.
Гульня «НАДЗЕНЬ ВЯНОЧАК».
Дзеці становяцца ў круг, кожны перад сабой кладзе вяночак. У Купаліша вяночка няма. Дзеці пад музыку бегаюць па крузе вакол вяночкаў. Калі музыка спыняецца, кожны стараецца схапіць вяночак і надзець на галаву. Хто не паспеў, становіцца вядучым. Гульня паўтараецца некалькі разоў.

Купалінка. Купалле — свята агню і вады. Бачыце, якое вогнішча ў нас зложана. Калі цераз вогнішча пераскочыць, то будзеш здаровы і шчаслівы цэлы год. А каб розныя нячыстыя сілы не перашкаджалі людзям і не рабілі ўсякага ліха, на агні трэба спаліць іх пудзілкі. Прапаную зараз вам падзяліцца на дзве каманды. Адна каманда будзе прыбіраць пудзіла лесуна, другая — ведзьмы. Пераможа тая каманда, якая найбольш хутка і якасна выканае заданне.
Гульня «ПРЫБЯРЫ ПУДЗІЛА».
Дзеці дзеляцца на дзве каманды. У двух куфэрках ляжыць дзіцячае адзенне (аднолькавай колькасці). Кожны ўдзельнік каманды павінен дабегчы да куфэрка, узяць адну рэч, вярнуцца з ёй назад і надзець на сваё пудзілка (лялька, зробленая з анучаў).

Купалінка. Малайцы. Добрыя пудзілкі ў вас атрымаліся. Сцеражыцеся, нячысцікі! Хутка час прыйдзе вогнішча распальваць. У мяне для гэтага ёсць чароўны кіёк. А хто будзе чароўным кійком вогнішча распальваць, мы зараз даведаемся.
Гульня «САМЫ ХУТКІ».
Вакол вогнішча ставяцца стульчыкі па колькасці менш, чым дзяцей. Пад музыку дзеці бегаюць вакол стульчыкаў. Калі музыка спыняецца, дзеці садзяцца на стульчыкі. Той, хто не паспеў сесці, выходзіць з гульні.

Купалінка. Так у нас вызначыўся пераможца. Вось табе чароўны кіёк. Трэба ім махнуць і сказаць чароўныя словы: «Кіёк, дакраніся! Вогнішча, загарыся!». А вы ўсе дапамагайце.
Усе дружна прамаўляюць гэтыя словы, дзіця дакранаецца чароўным кіёчкам да вогнішча, і яно загараецца. (На самай справе загараюцца электрычныя ёлачныя гірлянды, пакладзеныя разам з галінкамі.)
Купалінка. А цяпер будзем цераз вогнішча скакаць, карагоды вадзіць. Хто цераз вогнішча пераскочыць, будзе спрытны, хуткі, дужы, здаровы.
Дзеці па чарзе (з дапамогай выхавальнікаў) пераскокваюць цераз вогнішча.
Гучыць музыка, у залу заходзіць Рэчка (дарослы) са збаночкам вады.


Рэчка.
На свята Купалле і я, Рэчка, да вас завітала.
Прынясла вам чыстай, празрыстай вады,
Каб не зналі гора вы, ніякай бяды.
Сваёю вадзіцай травы напаю,
Блакітнаю стужкай лужок абаўю.
Хвалькамі сваімі буду лашчыць плёс,
Песенькі спяваці пра шчаслівы лёс.
Выбягайце, Хвалькі, як махну рукой.
Закружыце ў танцы з матухнай Ракой.
Пад беларускую народную песню «Рэчанька» дзяўчынкі — хвалькі — танцуюць танец з Рэчкай.
Рэчка.
Падаруйце мне вяночак з лугавога зелля,
Каб жылі заўжды ў згодзе, міры і вяселлі.
Абдыму я той вяночак хвалькамі ласкава,
Панясу ў край далёкі, дзе жыве Купала.
Паплыве вяночак хутка па вадзе блакітнай,
На траве расой заззяе кветкай аксамітнай.
Знойдуць людзі тую кветку, возьмуць яе ў рукі —
Шчасце з'явіцца ў народзе, прападуць ўсе мукі!
Купалінка здымае вянок са сваёй галавы, даруе яго Рэчцы, таксама дае ёй у рукі два вяночкі.
Купалінка.
Бяры, Рэчанька, вянкі, на ласкавы хвалі,
Панясі ты іх хутчэй у далёкі далі
Няхай нашыя вяночкі плывуць,
Шчасця, міру і здароўя прынясуць.
Рэчка надзявае вяночак на галаву і, кружачыся пад музыку, выходзіць з залы.

Купалінка. Карагоды купальскія мы з вамі вадзілі, цераз вогнішча скакалі, вяночкі Рэчцы даравалі. Пара прыйшла нам і купальскую папараць-кветку шукаць. Пойдзем з вамі ў лясны куточак шукаць кветку шчасця.
Чуюцца крыкі, гоман. У залу залятаюць на памяле Ведзьма (дарослы) і Чорт (дзіця), бягуць па крузе, а потым становяцца каля «ляснога куточка» (макеты дрэў).

Ведзьма.
Куды гэта сабраліся?
У лясны гушчар?
Няма туды дарогі, забадай камар!
Дрэвы паваліліся, галінамі счапіліся.
Зарасло ўсё травой.
Не ступіць туды нагой.
Чорт.
У лесе ўсё затрашчыць-зашатаецца.
Кожны чалавек да смерці спужаецца.
Вы ў наш лес не хадзіце, нячыстую сілу не будзіце.
Сядзіце тут ціха, а не тое будзе вам ліха.
Купалінка.
Не страшце вы, нячысцікі, нас не пужайце,
А папараць-кветку лепей аддайце!
Ведзьма. Каб да папараці-кветкі дайсці, трэба іспыты вам прайсці. Хто не пабаіцца з Чортам сілай схапіцца? Чорт мацней за пяцёх, хутка вас паваліць у мох.
Купалінка. Ну давай паспрабуем, хто мацнейшы: пяцёра дзетак ці Чорт-падлетак.
Пяцёра дзяцей становяцца з Чортам на перацягванне каната. Дзеці перамагаюць.
Ведзьма.
Эх ты, Чорт-нязграба, закусай цябе балотная жаба!
А вы, дзетвара, не радуйцеся, не рагачыце,
Бо зараз я сама буду з вамі спаборнічаць у спрыце.
Ну што, каратышкі, хто з нас хутчэй збярэ шышкі?
3 кошычкаў рассыпаецца аднолькавая колькасць шышак. Ведзьма збірае шышкі наперагонку з дзіцем. Першы раз прайграе, крычыць, што яе абхітрылі. Гульня праводзіцца яшчэ некалькі разоў, пакуль Ведзьма не здаецца.
Ведзьма. Няма больш сілаў, здаюся. Вось тут пад елачку і павалюся. А ты, чорт, іх пужай, па папараць- кветку ў лес не пушчай!
Чорт тупае нагамі, махае рукамі, настаўляе рогі.
Купалінка. Ах ты, ліхая сіла! Ты нам увесь час хлусіла!
Купаліш. Вось вянкі з зялёных лісцікаў. Вы прымерце іх, нячысцікі. 3 палыну ды крапівы — не расіць вам галавы!
Ведзьма з Чортам. Ой, ратуйце, дапамажыце! Вянкі свае хутчэй забярыце! (Уцякаюць з залы.)
Купалінка (бярэ за рукі дзяцей, якія гулялі з Ведзьмай).
Пойдзем мы з вамі па лесе блукаць, папараць-кветку будзем шукаць.
Знойдзем — ды людзям хутчэй прынясем, каб жылі ў згодзе, у шчасці ўсе!
3-за дрэва выходзіць Дзядок (дзіця) з кошыкам у руках, у якім ляжаць пачастункі, накрытыя зверху зеллем.
Дзядок.
Папараць-кветку даўно вы знайшлі:
Гэта любоў да роднай зямлі,
Да простага люду, да працы, да міру,
Да роднай прыроды: да лесу і віру.
Да рэк і азёраў, блакітнага неба,
Да ніў залацістых жытнёвага хлеба.
Дзядок я Купальскі, як кажуць ў народзе.
I вам скажу гэтак ўсё шчасце — у згодзе!
Сябруйце, шкадуйце, людзей паважайце,
Ды мой пачастунак хутчэй спажывайце.

Дзядок аддае кошык з пачастункамі Купалінцы і развітваецца.
Купалінка.
Дзякуй, Купальскі Дзядок, за ласункі!
А мы табе намалюем малюнкі.
На Купалле зноў спаткаемся праз гадок
Да хуткай сустрэчы, Купальскі Дзядок!
Дзеці развітваюцца з Дзядком. Ён зноў хаваецца за дрэва. Купалінка раздае ласункі дзецям.
Купалінка.
Вось якое цудоўнае свята.
Было ў нас сёння прыгодаў багата.
Ды ўжо развітацца настала пара.
Да пабачэння, мая дзетвара.
Жывіце ў згодзе, бацькоў паважайце
Ды родных карэннеў не забывайце!

Купалінка і Купаліш выходзяць з залы.
Дзеці з выхавальнікам могуць яшчэ павадзіць карагоды ў зале пад беларускую музыку ці беларускія народныя песні.


Яшчэ на гэту тэму:

Купальскаю парою     А на купалу рана сонца іграла