сцэнарыі святаў на беларускай мове

Анастасія МАРШАЛАК, выхавальнік, ДУА «Крэўскі вучэбна- педагагічны комплекс яслі-сад — сярэдняя школа», Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці. Пралеска 2013/9

Маё сэрцайка – для маці

Канспект інтэграваных заняткаў для дзяцей сярэдняй групы

Задачы: узгадаць пра свята Дзень маці; вучыць падбіраць сінонімы, папаўняць актыўны слоўнік прыметнікамі і назвамі страў; практыкаваць у адказванні на пытанні поўным сказам, самастойным будаванні словазлучэнняў; зацікавіць лепкай з цеста, вучыць ляпіць сіметрычныя прадметы, замацоўваць прыём прымазвання вадой; развіваць дробную маторыку рук, фантазію; трэніраваць пальцавае прышчэпванне; выхоўваць пяшчотныя пачуцці да маці, жаданне рабіць добрыя ўчынкі.
Рэцэпт цеста для лепкі (на 3—4 порцыі): змяшаць 200 г вады і 300 г мукі, затым дадаць 300 г солі, 1 ст.л. крухмалу, 2 ч.л. клею для шпалер, фарбавальнік. Усё добра перамяшаць і пакінуць у халадзільніку на ноч.

Ход заняткаў

Выхавальнік (В.).
Ад чысціні душы і голасам сардэчным
Сягоння пагаворым мы аб вечным.
Аб тых, хто нам дае жыццё,
Хто любіць нас і дорыць развіццё,
Хто нас вядзе ў дзіцячы сад,
Хто нам заўжды і ўсюды рад.
Аб тых, хто наймілейшы на ўсім свеце.
Аб кім мы пагаворым з вамі, дзеці?
Дзеці. Аб мамах.
В. А чаму менавіта 14 кастрычніка мы будзем размаўляць пра маму?
Дзеці. Сёння Дзень маці.
В. Правільна, уся Беларусь святкуе Дзень маці — свята, калі мы віншуем нашых мам. Гэты дзень адзначаецца для таго, каб яшчэ раз выказаць ім сваю любоў і павагу.
Што трэба зрабіць, каб мамы адчулі гэты святочны дзень і тое, што вы іх цэніце і любіце?
Дзеці. Трэба рабіць добрыя ўчынкі.
В. Так. Для таго каб выявіць, што трэба рабіць, пагуляем у гульню «Добрыя ўчынкі».
Я пачну, а вы закончыце. Мама радуецца, калі я...
Мама смяецца (шчаслівая, хваліць, абдымае мяне, любуецца мной і г.д,), калі я...
В. Вось колькі добрых учынкаў вы можаце зрабіць для мамы! Але ўсё, што вы казалі, трэба рабіць кожны дзень, рабіць так, каб ніколі не пакрыўдзіць маму, бо вашы мамы самыя-самыя... Якія вашы мамы? (Адказы дзяцей.)

Гульня «Я — мамін сонечны праменьчык!».

В. У кожнага з вас у руках прышчэпка — гэта сонечны праменьчык. Пакажыце, што ўмее рабіць ваш праменьчык. Ён танцуе (адкрываецца і закрываецца). Давайце пусцім нашы праменьчыкі да сонейка. Сонца, як маці, заўсёды нас сагравае. Перад тым як ваш праменьчык прымацуецца да сонейка, трэба расказаць, якая ваша мама, але не паўтарайцеся.
Дзеці (называюць прыметнік і прышчэпваюць свой праменьчык да сонейка). Мая мама самая прыгожая (добрая, ласкавая, лепшая, клапатлівая, пяшчотная і г.д.).
В. Чыя мама самая лепшая?
Дзеці (хорам). Мая!
В. Так, кожная з вашых мам самая добрая і ласкавая, робіць для вас самыя лепшыя справы і стравы. Якія стравы гатуюць вашы мамы?
Дзіця. Мая мама варыць кашу, суп, бульбу і г.д.
В. Мамы пякуць для вас тарты, пірагі. А што пячэ твая мама?
Дзіця. Мая мама пячэ пірожныя, бліны, булачкі, рулеты, аладкі.
В. Мамы заслугоўваюць лепшага падарунка, які мы і паспрабуем з вамі зрабіць. Гэта будзе маленькае сэрцайка, зробленае вашымі рукамі з цеста. Так вы выкажаце маме ўсю сваю любоў.
Паглядзіце, якое сэрца атрымалася ў мяне (дэманстрацыя гатовага вырабу). Якога яно колеру?
Дзеці. Чырвонага.
В. Так. Чырвоны колер сімвал любві і кахання.
Давайце зробім сэрца рукамі. У яго дзве аднолькавыя палавінкі — дзве дугі, злучаныя паміж сабой. Іх нібыта хто склеіў, і яны не могуць адна без другой, так як вы і ваша мама.

Пальчыкавая гульня «Сэрцайка».

Я матулю моцна-моцна абдыму
(рабіць сэрца з указальных і вялікіх пальцаў ),
Раскажу ёй, як яе люблю
(рабіць сэрца з сярэдніх і вялікіх пальцаў).
Падару свой падарунак
(рабіць сэрца з безыменных і вялікіх пальцаў),
А яна мне — пацалунак
(робіць сэрца з чатырох і вялікіх пальцаў).

Работа за сталамі.

В. Каб зляпіць такое сэрца, трэба раскатаць дзве аднолькавыя палачкі і злучыць іх так, як мы злучалі нашы пальцы.
* Раздзяліце цеста на дзве аднолькавыя палавінкі.
* Раскатайце палачкі аднолькавай даўжыні.
* Сагніце кожную палачку дугой,
* Злучыце палачкі так, каб атрымалася сэрца. Месца злучэння змачыце вадой.
* Каб сэрцайка выглядала па- святочнаму, намалюйце стэкай узоры.

В. Вось якія сапраўдныя сэрцайкі ў нас атрымаліся! Такім падарункам вы абавязкова парадуеце сваіх мам.

Завяршэнне заняткаў, Рэфлексія.

Раздаецца шум лёгкага ветрыку.
В. Чуеце, да нас, прыляцеў ветрык, ён прынёс нам нейкі прыемны пах — гэта мамін пах. Удыхніце яго.

Дыхальная гімнастыка «Мамін пах»

(седзячы на дыване, пад лёгкае суправаджэнне музыкі дзеці робяць неглыбокія ўдыхі і выдыхі).
В. Уявіце, што каля вас сядзіць ваша мама. Заплюшчыце вочкі і панюхайце, як прыемна ад яе пахне.
Кожная мама пахне асоба:
Адна пахне мятай і здобай,
Другая — чарніцамі, трэцяя - суніцамі,
I кожная пахне чыстай крыніцаю.
Вельмі знаёмым, ласкавым і мілым,
Проста сваім пахне мама, любімым.

А чым пахне ваша мама? (Адказы дзяцей.) Бачыце, кожная мама пахне прыемна, яна добрая, клапатлівая, яна любіць вас, таму і вы павінны яе любіць і рабіць так, каб ніколі не крыўдзіць.

Яшчэ на гэту тэму:

«Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...»     Адзіная мая