сцэнарыі святаў на беларускай мове

Тамара КАШЧЭВА, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 3 Дзяржынскай птушкафабрыкі. Пралеска Травень 1996 г.

Вандроўка ў краіну цудаў-ведаў

Сцэнар выпускнога ранішніка

Музычная зала аформлена па матывах школьнай тэматыкі.
У грамзапісе гучыць песня "Чаму вучаць у школе " У.Шаінскага. Дзеці-выпускнікі з кветкамі у руках урачыста крочаць пад музыку, прыпыняюцца каля крэселкаў.


Вядучая. Дарагія дзеці! Паважаныя бацькі, госці, супрацоўнікі дзіцячага сада! Сёння ў нас незвычайнае свята—і вясёлае, і крыху сумнае. Вясёлае таму, што нашы выпускнікі прыгожыя, разумныя, здаровыя, падрыхтаваныя да вучобы ў школе. А сумнае ад таго, што нам трэба з імі развітвацца. Але я думаю, што наш дзіцячы сад яны ніколі не забудуць. Пра тое, як ім весела і ўтульна тут жылося, зараз яны раскажуць самі.

1-е дзіця.
У вялікі светлы дом
Мы з ахвотаю ідзём.
Гэта наш дзіцячы сад,—
За акном каштанаў рад.
2-е дзіця.
Выхавацелі штораз
Сустракаюць ветла нас.
Цацкі ласкава глядзяць—
Хочуць з намі пагуляць.
3-е дзіця.
Тут усё для нас, сябры,
Хочаш —кубікі бяры.
Любіш кніжкі—пачытай,
Выразай, малюй, спявай.
4-е дзіця.
Але зараз развітацца
Трэба з садам дарагім.
Колькі ўражанняў цікавых
Застанецца нам аб ім!

У выкананні выпускнікоў гучыць песня "Наш дзіцячы сад ".

5-е дзіця.
Льецца песенька на волі,
I яе чуваць здалёк.
Нас вітаць будзе у школе
Школьны радасны званок.

6-е дзіця.
Хочам мець адны пяцёркі,
3 "Букваром" сябруем мы.
Яго кожную старонку
Прачытаем да вясны.

7-е дзіця.
Хутка ў школу першы раз,
Хутка ў школу ў першы клас.
I ўсе будуць называць
Школьнікамі нас!

Дзеці выконваюць песню "В добрый час " (муз. Т.Папаценкі).
Затым акуратна ставяць кветкі ў вазы і садзяцца на крэселкі.


Вядучая. Дзеці! А зараз мы з вамі адправімся вандраваць у Краіну цудаў-ведаў. Мы паедзем на цягніку; па дарозе будзем спыняцца на розных прыпынках. А каб было нам весялей, возьмем з сабой у дарогу вясёлую песеньку.
Седзячы на крэселках, дзеці выконваюць песню М.Старакадамскага "Вясёлыя вандроўнікі" (у перакладзе).

У такт песні яны рытмічна стукаюць па чарзе то пальчыкамі, то пяткамі ног, рукамі робяць кругавыя рухі.

Мы едзем, едзем, едзем
У школьную краіну,
Ў Краіне цудаў-ведаў
Вучыцца мы павінны.

Мы будзем ўсе старанна
Прадметы вывучаць,
За добрыя адказы
Мы атрымаем "пяць".

Прыпеў:
Матэматыку і мову
Будзем ведаць адмыслова.
Музыку мы любім,
Пра спорт мы не забудзем.
Паглядзіце, мамы, таты, 2 разы
Як мы робім ўсё выдатна.

Музыка спыняецца.

Вядучая. Прыпынак "Матэматычны"! На гэтым прыпынку да нас павінен завітаць Знайка. Памятаеце хлопчыка Знайку з Кветкавага горада?
Дзеці. Памятаем!

Стук у дзверы. Уваходзіць Нязнайка. На спіне у яго надпіс "Нязнайка ", а на дыпламаце, які ён трымае у руках, надпіс "Знайка ".

Нязнайка. Добры дзень, дзеці!
Дзеці. Добры дзень, Знайка!
Нязнайка. Так, я ўсім вядомы Знайка! Я прынёс для вас заданні па матэматыцы, каб праверыць, як вы падрыхтаваліся да школы. Калі ўсе мае заданні выканаеце, значыць, вы да школы гатовы. Дамовіліся?
Вядучая. Пакажам, дзеці, якія мы здатныя да матэматыкі? Усе заданні выканаем!
Дзеці. Выканаем!
Нязнайка. Зараз адчыню я свой дыпламат і дам вам заданні.

Пакуль ён адчыняе дыпламат, павярнуўшыся да ўсіх спінай, вядучая чытае ўслых: "Нязнайка ".

Вядучая. Паглядзіце, дык гэта ж да нас завітаў Нязнайка! Але адкуль у яго дыпламат Знайкі, і што гэта ўсё значыць?
Нязнайка. Ну дык і што, калі я Нязнайка! Я ўсё роўна ўсё ведаю. А дыпламат я знайшоў... Ён каля Знайкі стаяў, калі той прылёг адпачыць. Дык я ўзяў яго і прыйшоў да вас. Мне вельмі хацелася хоць раз пабыць настаўнікам, а то ўвесь час толькі мяне павучаюць. А заданні ў мяне будуць сур'ёзныя, іх жа сам Знайка падрыхтаваў. А вось і задачы на лічэнне.
На канапе дружна ў рад
Цацкі Таніны стаяць:
Дзве матрошкі, Бураціна,
Чабурашка і Мальвіна.
Добра цацкі палічыце,
Колькі ўсіх іх, адкажыце. (5)

У Алёнкі у гасцях
Кураняткі два ў лапцях,
Качка у спадніцы,
Курка ў завушніцах,
Конік прыскакаў зялёны.
Колькі цацак у Алёны? (5)

У бабулі Дар'і
Унучка Наталля,
Сабачка Дружок
I коцік Пушок.
Колькі ўнукаў у бабулі? (1)

Пайшоў коцік пад масток,
Рыбак налавіў каток:
Плотку, шчупака, карасіка
Для малога Стасіка.
Колькі рыбак налавіў каток? (3)

Нязнайка. Лічыць вы ўмееце. А цяпер праверу, ці ведаеце вы лічбы. Зараз я раздам карткі з лічбамі, а потым адвярнуся і заплюшчу вочы. За гэты час вы павінны пастроіцца ў рад са сваімі карткамі, але так, каб лічбы былі адна за другой, па парадку.

Пад музыку дзеці строяцца. Нязнайка правярае.

Нязнайка. Я вельмі задаволены вашымі ведамі па матэматыцы. Перадам Знайку, што ў вашым садзіку дзеці добра падрыхтаваліся да школы.

Нязнайка развітваецца і выходзіць.

Вядучая. Ну што ж, прадоўжым наша вандраванне.

Зноў гучыць песня "Вясёлыя вандроўнікі ".

Вядучая. Прыпынак "Творчы"! Зараз нашы дзеці раскрыюць свае творчыя здольнасці: яны будуць інсцэніраваць песні. (Музычны матэрыял па выбару музычнага кіраўніка.)
Вядучая. Малайцы! I гэта заданне вы выканалі паспяхова. Паедзем далей!
Зноў гучыць песня...

Вядучая. Прыпынак "Роднае слова"! Давайце, дзеці, пакажам свае веды і тут. Слухайце ўважліва заданні.

Гульня "Якое слова я задумала?"

У левую руку я схавала першы гук. Другі гук я праглынула, а трэці гук я схавала ў правую руку. Колькі ўсяго гукаў у гэтым слове? (3) А цяпер задавайце мне пытанні, якія дапамогуць адгадаць гэтае слова.
Дзеці.Яго можна есці? Яго можна піць? і г.д.
Пасля таго як слова будзе адгадана, дзеці выкладаюць яго з літар на наборным палатне, напрыклад: НОС, СЫР.

Народная гульня "I я".

Я буду расказваць вам якую-небудзь гісторыю. Калі я спынюся ў час расказу, вы скажаце "I я" ў тым выпадку, калі гэтыя словы падыходзяць па змесце, калі не падыходзяць, то трэба маўчаць. Хто скажа іх не ў час, той выходзіць да мяне.
Вядучая. Іду я аднойчы да ракі.
Дзеці. I я.
Вядучая. Рву кветкі, ягады...
Дзеці. I я.
Вядучая. Па дарозе сустракаецца мне курыца-квахтуха з куранятамі.
Дзеці маўчаць.
Вядучая. Яны дзяўбуць зярняткі,
Дзеці маўчаць.
Вядучая. Гуляюць на зялёнай палянцы.
Дзеці. I я.
Вядучая. Раптам наляцеў каршун.
Дзеці маўчаць.
Вядучая. Кураняты і квахтуха спалохаліся.
Дзеці маўчаць.
Вядучая. I пабеглі.
Дзеці. I я.
Дзеці, якія прайгралі, выходзяць да вядучай і адкупліваюцца песняй ці танцамі.

Вядучая. А цяпер, можа, хто-небудзь хоча нам штосьці смешнае расказаць? Выходзьце, калі ласка!

Смяшынкі

—Дзе наша тарка?—дзівіцца на кухні маці.
—Я выкінуў яе ў смецце.
—Навошта, сынок?
—Дык яна ж уся ў дзірачках!
*  *  *

Цётка пачаставала Алесю піражком.
Алеся падышла да люстэрка і пачала есці.
—Чаму ты ясі перад люстэркам ?
—Каб з 'есці два піражкі адразу,—адказала Алеся.
*  *  *

—Міхаська, што ты робіш?
—Пісьмо пішу Марынцы.
—Ты ж пісаць не ўмееш!
—Ну і што! I яна ж чытаць не ўмее!

Вядучая. I сапраўды, вясёлыя гісторыі. Але мы ўжо затрымаліся на гэтым прыпынку, трэба рухацца далей. Бяром сваю вясёлую песеньку—і паехалі!
Зноў гучыць песня.

Вядучая. Прыпынак "Спартыўны"! На гэтым прыпынку нашы дзеці пакажуць свой спрыт, уменне прыгожа выконваць практыкаванні пад музыку.
Адчыняюцца дзверы, заходзіць царэўна Несмяяна. Яна вельмі сумная, нават ціхенька плача.

Вядучая. Хто гэта да нас такі сумны прыйшоў? Ці пазналі вы? (Дзеці адказваюць, калі не — ім трэба падказаць.)
Вось дык праблема перад намі паўстала! Нам абавязкова трэба царэўну развесяліць, а то яна ўсё свята сапсуе.
—Ты, царэўна Несмяяна, не плач, зараз мы табе хутка настрой падымем. Нашы дзеці такія вясёлыя і спрытныя. Ты, калі ласка, садзіся і глядзі на іх уважліва.

Гульня-эстафета "Перанясі мяч"

Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Яны скачуць да прадмета з мячом паміж каленямі, а назад вяртаюцца бягом і перадаюць мяч наступнаму ўдзельніку.

Вядучая. Ну як, ці спадабалася гульня, ці паднялі табе настрой нашы дзеці?
Царэўна Несмяяна яшчэ мацней плача і адмоўна круціць галавой.
Вядучая. Што ж рабіць? Давайце яшчэ адну гульню ёй пакажам.

Гульня "Хто хутчэй?"

Дзеці па двое ў мяшках абыходзяць кеглю. Хто хутчэй вернецца да свайго месца, той перамагае. Запрашаюць царэўну Несмяяну таксама пагуляць.
Царэўна Несмяяна. Не хачу, не буду! Яны мяне перагоняць! (Плача яшчэ горш.)
Вядучая. Ай-яй-яй! Што ж гэта прыдумаць, як дапамагчы вярнуць усмешку царэўне?
Музычны кіраўнік. А можа, царэўне спадабаецца глядзець, як нашы дзеці выконваюць практыкаванні пад музыку? Давайце паспрабуем! (Практыкаванні пад музыку па выбару музычнага кіраўніка.)
У час выканання практыкаванняў царэўна Несмяяна падымаецца, глядзіць на дзяцей, яе твар святлее, і яна пачынае ўсміхацца.


Царэўна Несмяяна. Дзякуй вам, хлопчыкі і дзяўчынкі, за тое, што вы сваёй стараннасцю і прыгажосцю знялі з мяне злыя чары. Я цяпер зусім другімі вачамі гляджу на ўсіх вас. Мне стала хораша і весела на душы. Я жадаю вам, дарагія выпускнікі, каб і ў школе вы былі такімі ж стараннымі і спрытнымі. А зараз я развітваюся з вамі і хутка пабягу ў свой царскі замак. (Пад гукі вальса царэўна Несмяяна кружыцца і выходзіць.)

Вядучая. Вось якую мы добрую справу зрабілі—развесялілі царэўну!
Ну як, дзеці, ці спадабалася вам вандраванне па школьнай краіне?
Дзеці. Вельмі спадабалася!
Вядучая. Ну, а цяпер зноў займайце месцы ў вагонах—і паехалі!
Зноў гучыць песня.

Вядучая. Прыпынак "Развітальны"! Вы, напэўна, ужо здагадаліся, што на гэтым прыпынку наша вандраванне заканчваецца. Нашы выхаванцы паказалі свае веды, здольнасці, пачулі і ўбачылі шмат чаго цікавага, а яшчэ больш даведаюцца, як пойдуць у школу.
Ну, а калі гэты прыпынак "Развітальны", то, зразумела, тут будуць развітвацца з садам не толькі выпускнікі. Іх малодшыя сябры хочуць таксама з імі развітацца. Сустракайце дзяцей сярэдняй групы!
Пад гукі маршавай або другой бадзёрай песні заходзяць дзеці сярэдняй групы, строяцца ў шарэнгу, чытаюць вершы.
Сумуюць яблыні і кветкі
У гэты развітальны час.
Усе вы пойдзеце у школу,
Вы пойдзеце у першы клас.

Жадаем вам вучыцца
Старанна, не ляніцца.
А цяпер мы вас віншуем,
Весела для вас станцуем.

Дзеці выконваюць карагод ці танец па выбару музычнага кіраўніка. Потым дораць выпускнікам самаробкі і выходзяць пад музыку.
Вядучая. А зараз сустракайце дзяцей старэйшай групы!
Заходзяць дзеці старэйшай групы і таксама вітаюць выпускнікоў.
Хутка ў школу вам, сябры,
У партфелях—"Буквары".
Сонца, ў небе зіхаць—
Хутка ў школу вам ісці!

Там навучаць вас чытаць,
I лічыць, і пісаць.
Вы танцуйце і спявайце
Ды праз годзік нас чакайце!

Выконваюць танец па выбару музычнага кіраўніка, потым дораць выпускнікам самаробкі і выходзяць пад музыку.
Вядучая (раздаўшы кветкі выпускнікам). А цяпер паслухаем нашых выпускнікоў.
А у нас сягоння свята—
Звонкае, вясёлае.
Што ж, бывай, дзіцячы сад,
I дзень добры, школа!

Каб раслі мы смелымі,
Добрымі, умелымі—
Ведаем, вы нас любілі,
Ўсяму добраму вучылі.

Хутка апранацца,
Чыста умывацца,
Чытаць кнігу, верш вучыць,
I яшчэ—умець лічыць.

Крочым мы у першы клас,
Дзякуй вам! Бывайце!
Просім вас апошні раз:
Нас не забывайце!

Разам. Дзякуй! Да пабачэння! Дзеці дораць кветкі супрацоўнікам дашкольнай установы. Потым разам з дарослымі выконваюць развітальны вальс.



Яшчэ на гэту тэму:

Бывай, дзіцячы сад, бы-вай!     "Школьны баль, я прашу, не канчайся!"