сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. МІЛАШ, настаўніца віленскай беларускай СШ № 68 імя Ф. Скарыны. Пачатковая школа 2/1997

Развітанне з Букваром

Сцэнарый ранішніка

У падрыхтоўцы ранішніка актыўны ўдзел прымалі вучні I класа і іх шэфы — пяцікласнікі, Развучвалі песні, вершы. Да свята арганізавалі выставу дзіцячых малюнкаў, сшыткаў, аформілі фотаальбом і газету з жыцця класа.

(У зале ціха гучыць музыка. Свята пачынаецца, На сцэну выходзяць настаўніца і вучні.)
1-я вучаніца.
Сёння хораша у школе,
Зала зіхаціць агнём!
Ўсіх сяброў мы запрасілі
На сустрэчу з Букваром.
На сустрэчу-развітанне
3 лепшым сябрам — Букваром.
Настаўніца. Мы запрасілі вас, дарагія госці, на наша свята “Развітанне з Букваром”. У нас сёння вялікая радасць — усе дзеці навучыліся чытаць першую школьную кнігу — Буквар. Сёння мы развітваемся з нашым добрым сябрам.

Ён навучыў вас, дзеці, чытаць і пісаць. Вы ўжо можаце самі пісаць пісьмы, чытаць кнігі і часопісы. Кнігі сталі вашымі сябрамі. А цяпер раскажыце нашым гасцям, чаму вы навучыліся ў школе.

(Выконваецца песня “Чаму вучаць у школе?”. Муз. У. Шаінскага, сл. Ю. Чычкова, пераклад на беларускую мову В. Кавальчук.)

Прайшло ўсяго некалькі месяцаў, як вы сталі школьнікамі. Многаму навучыліся вы за гэты час. Ведаеце школьныя правілы і стараецеся іх выконваць. А галоўнае, вы навучыліся добра сябраваць Усе вы — як адна сям’я.

(Выконваецца песня “Андрэйка і Надзейка". Муз Я. Яўтуховіча, сл. У. Мазго.)
Скажыце, а колькі гадоў трэба вучыцца ў школе?
1-ы вучань. Трэба адзінаццаць гадоў вучыцца.
2-і вучань.
Не ляніцца, працаваць,
Год за годам праляцяць.
I нам ад школьнага парога
Ў жыццё адкрыецца дарога.
2-я вучаніца. Свята пачалося, а самага галоўнага госця — Буквара — няма. Давайце, дзеці, паклічам яго.
(Усе разам клічуць: “Буквар! Буквар! Чакаем цябе!”)
Не ідзе. Давайце паклічам яго інакш. Няхай літары стануць радком так, каб атрымалася слова “БУКВАР”.

(Дзеці выходзяць, трымаючы ў руках літары, і становяцца так, як прасіла іх стаць 2-я вучаніца. Выходзіць Буквар. Вучаніца чытае верш “Азбука ” Р. Барадуліна. Усе разам чытаюць верш “Літары ” М. Пазнякова. Выконваецца песня “Літарынка ", паказваецца інсцэніроўка “Азбукі Васі Вясёлкіна ’’ В. Віткі.)

Бураціна (прыбягае). Ой! Ой! Ой! Скажыце, калі ласка, як мне трапіць на свята Буквара?
Настаўніца. Дзень добры, Бураціна! Павітайся з дзецьмі, з гасцямі. (Бураціна вітаецца.)
Бураціна. Я хачу правесці віктарыну, (Дастае з сумкі кніжкі, спрабуе чытаць, але нічога не атрымліваецца.) Я, дзеці... не ўмею чытаць, Дапамажыце мне, калі ласка!
Настаўніца. Дарма ты, Бураціна, прадаў азбуку, якую купіў табе тата Карла. I ў школу не пайшоў дарма. А як добра ўмець чытаць!
3-і вучань.
Як хораша умець чытаць!
Не трэба маму турбаваць
Ці несці да бабулі кніжку:
“Ну пачытай яшчэ хоць крышку!”
Не трэба зваць,
Прасіць, чакаць,
А можна ўзяць
I пачытаць!
Бураціна. Я таксама абавязкова навучуся чытаць. I калі тата Карла купіць мне новую “Азбуку”, я ўжо не прадам яе. Я хачу навучыцца І добра пісаць. (Падыходзіць да стала, дзе размешчана выстаўка сшыткаў, бярэ іх і разглядвае.) Дзеці, а хто вас навучыў так прыгожа пісаць?
Вучні. Настаўніца і Буквар!

(Буквар выходзіць і прыводзіць з сабой “Роднае слова ”. Вучань чытае верш Веры Вярбы “Роднае слова”.)

Настаўніца. Бачыце, дзеці, не ўсяму яшчэ навучыў вас Буквар. Ён прывёў да вас на свята госця — “Роднае слова”. Давайце пасябруем з ім. Цяпер яно будзе вас вучыць. Любіце і вывучайце нашу родную мову, мову Купалы, Коласа, Багдановіча. Вы даведаецеся многа цікавага пра краіну Беларусь, пра яе народ, прыроду. Віншую вас з першай школьнай перамогай, жадаю далейшых поспехаў!

(Першакласнікаў віншуюць пяцікласнікі, бацькі, госці.)