сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ніна Іларыёнаўна ЛЕАНАВЕЦ — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Стахаўскай СШ Столінскага раёна. Роднае слова Травень 2001 г.

"Прыгажэйце, кахайце, спадзявайцеся і маладзейце..."

Сцэнар літаратурна-музычнай кампазіцыі

Зала, у якой адбудзецца выпускная вечарына, святочна ўпрыгожваецца. На сценах — плакаты з віншаваннямі і пажаданнямі выпускнікам: "У добры шлях, дарагія выпускнікі!", "Зрабіце многа добрага і карыснага для людзей. Шчасця і ўдачы вам!" і інш.
Гучыць фанаграма "Школьнага вальса" (верш М. Матусоўскага, музыка I. Дунаеўскага). У залу ўваходзяць выпускнікі, садзяцца на адведзеныя ім месцы.


Класны кіраўнік. Вось і надышоў той хвалюючы момант, дзеля якога вы прыйшлі ў школу 11 гадоў таму — вам уручаюцца атэстаты сталасці. Сённяшняя вечарына — першая і адзіная. Усміхайцеся адно аднаму, кажыце добрыя словы, нават загадвайце жаданні. Яны абавязкова спраўдзяцца.
Дырэктар школы. Дарагія выпускнікі! Віншую вас з вялікай і радаснай падзеяй у вашым жыцці — з атрыманнем атэстатаў аб заканчэнні сярэдняй школы. Засталіся за спінай вясёлыя школьныя гады. Наперадзе — дарога даўжынёю ў жыццё. Надышла адказная пара, калі вы павінны самі вырашыць свой лес. Цяпер вы не толькі несяце адказнасць за сябе і свае ўчынкі, але павінны думаць і пра іншых людзей. Любіце сваю Беларусь, свой народ! Памятайце, што без любові да Айчыны ваша жыццё не будзе паўнакроўным. Навучыцеся пераадольваць перашкоды, знайдзіце ў сабе сілы змагацца з подласцю, падхалімствам, прыстасаванствам, бюракратызмам, калі яны сустрэнуцца на вашым жыццёвым шляху. Толькі моцныя духам здольныя супрацьстаяць перашкодам, няўдачам. Паважайце ўсялякую працу. Узбройцеся дабрынёй, якая так патрэбна ўсім. Памятайце, кім бы вы ні сталі, вы несяце адказнасць за будучыню нашай краіны, бо на вас глядзяць бацькі, настаўнікі, іншыя людзі. Вашы поспехі, ваша радасць — гэта і нашы поспехі, і наша радасць.
Для вынясення атэстатаў аб сярэдняй адукацыі прашу ўсіх устаць. Атэстаты ўнесці.


Пад музыку песні "Жураўлі на Палессе ляцяць" (верш А. Ставера, музыка I. Лучанка) на вытканым ручніку два першакласнікі (хлопчык і дзяўчынка) уносяць атэстаты. Загад пра выпуск зачытвае завуч школы. Дырэктар уручае атэстаты. (Пакуль выпускнік падымаецца на сцэну, класны кіраўнік гаворыць падрыхтаваныя загадзя 2-3 фразы пра яго дзейнасць, поспехі, станоўчыя рысы характару. Напрыклад: мы добра ведаем [імя і прозвішча дзяўчыны] не толькі як выдатніцу, але і як нашу модніцу. Сёння гэтая сукенка да твару табе, [імя]. [Імя хлопца] іграе на гітары і добра спявае. Перш чым атрымаць атэстат, няхай ён яшчэ ў якасці вучня нашай школы праспявае нам што-небудзь на развітанне. А вось [імя і прозвішча дзяўчыны] — самая красамоўная з нашых сённяшніх выпускнікоў. Хочацца, каб яна расказала нам якое-небудзь вясёлае, смешнае здарэнне.)


Вядучы. Слова для віншавання даецца першай настаўніцы.
Першая настаўніца.
Не кляніце жыццё, пакуль вам усміхаецца сонца
I бялюткі рамонак галоўкай ківае здалёк,
Пакуль птушкі пяюць і на цёплай дзіцячай
далоньцы
Далікатнаю кветкай цвіце трапяткі матылёк.
Мір. Спакой. Цішыня. I жыццёвая ўецца дарога
У шчаслівую далеч, у заўтрашні радасны дзень.
I на гэтай дарозе няхай вам сустрэнецца многа
Добрых, шчырых сяброў і сапраўдных харошых
людзей.
Толькі трэба, сябры, не паддацца ніколі адчаю,
І сумленна, і многа, да болю ў руках працаваць.
I пад сонечным ззяннем зялёным і ласкавым маем
Залатымі зярняткамі ніву ізноў засяваць.
Усміхніцеся сонцу, прыгожыя строі надзеньце,
Усё прыкрае, горкае хай жа сплыве ў небыццё.
Прыгажэйце, кахайце, спадзявайцеся
і маладзейце
I за сонечны дзень услаўляйце сягоння жыццё!
Васіль Дыдышка. Не кляніце жыццё, пакуль вам усміхаецца сонца...

Вядучая. 3 наказам да выпускнікоў звяртаецца маці (прозвішча, імя, імя па бацьку).
Маці. Дарагія дзеці! Сёння ў нас, бацькоў, вельмі хвалюючы момант: вы атрымалі атэстаты сталасці як пуцёўку ў самастойнае жыццё. Я прачытаю вам верш Алеся Бачылы "Наказ маці". Паслухайце яго і зрабіце выснову.
— Што ж, бывай... — на расстанне журботна сказала, —
I глядзі, не лянуйся ніколі, сынок,
Між людзей і дзівос, і спакусы нямала,
Сцеражыся дурнога ў жыцці, галубок.
Не бяда, калі прыйдзецца зведаць прынуку,
Ты не бойся яе, не абходзь стараной,
Не цурайся нічога. Запомні: навука —
Не жабрацкая торба, не горб за спіной.
Пастараешся добра, мо станеш вучоным,
Зможаш розуму гэткіх, як сам, навучаць.
I тады ўжо высокай навукі законы
I на мове на нашай для ўсіх загучаць.
Не лянуйся, мая мацярынская ўцеха,
I не будзь ты падобны да шэрых зязюль
I да выскачак хцівых або пустабрэхаў,
Што не помняць, чые яны, родам адкуль.
Узнясецца такі, як мякіна пустая,
I па-свойму тады ўжо яму не кажы...
Нават маці яго і нібы ўжо чужая,
I не знаеш, ці свой ён, ці нейкі чужы...
Дык смялей жа ідзі па зямлі нашай мілай,
Хай сумленна праляжа нялёгкі твой пуць...
Я ніколі благому цябе не вучыла,
Помні гэта, сынок, і разважлівым будзь.

Вядучы. Дарагія выпускнікі! Вас прыйшлі павіншаваць першакласнікі.(віншаванне першакласнікаў)
Выпускніца.
Ах, дзеці, дзеці-арляняты,
Прад вамі — выраю гады,
Вам высяваць жыцця зярняты,
Вырошчваць, даглядаць сады.
Вам раскрываць навук сакрэты,
Каб жыў шчасліва чалавек.
Вачыма вашымі планета
Няхай глядзіць у новы век.

Выпускнік. Мілыя дзеці! Сёння мы развітваемся са школай. У ёй застанецеся вы, яе сучаснасць і будучыня. Таму школьную эстафету мы перадаем вам. Няхай заўсёды пануюць у нашай школе шчасце пазнання, радасць узаемін, атмасфера любові і творчасці. Мы абяцаем, што праз усё жыццё пранясём памяць пра першы школьны урок і апошні званок, светлы смутак выпускнога балю, сардэчную падзяку нашым настаўнікам, бацькам.
Выпускніца.
Блізкую і крышачку далёкую
Школу — наш другі бацькоўскі дом, —
Быццам памяць светлую і строгую,
Мы з сабою ў сэрцы пранясём.

Выпускнікі выконваюць песню "Добрай ночы, школа" (верш А. Руцкай, музыка А. Масляніцына).

Выпускнік. Вось мы і атрымалі атэстаты сталасці і адчулі сябе крышачку старэйшымі. Магчыма, цяпер мы яшчэ не зусім разумеем, як многа для нас зрабілі настаўнікі. Яны адзінаццаць гадоў мужна і стойка, не адхіляючыся ад патрэбнага курсу, рыхтавалі нас да экзамену на сталасць. За гэтыя 11 гадоў настаўнікі шмат даведаліся пра нас, выявілі нашы моцныя і слабыя бакі.
Выпускніца.
Настаўнікі! Благаславёны час,
Калі ўвайшлі не ў класы вы — у сэрцы.
Усё жыццё раўняемся на вас —
На кожнай пераклічцы і паверцы.

Выпускніца. Вам, старэйшыя сябры, з любоўю і прызнаннем наша лірычнае віншаванне
(выконваецца песня "На вечарыне " на матыў песні "Хваліцца, мілая, не буду").
Зараз мы на вечарыне
Сабраліся ўсёй сям'ёй.
Добрых слоў не пашкадуем
Школе нашай дарагой.
I пра нас ўсе людзі скажуць:
Вось дык школа — паглядзі,
Педагогі ўсе прыгожы
I дырэктар малады.
Мы нічога не шкадуем
Школе нашай дарагой.
Тут было нам вельмі добра,
Будзем помніць мы аб ёй.
Мы прадметы вывучалі
I ў сталовай, як заўжды,
Меншым месца саступалі.
Завітайце й вы сюды!
I сягоння ў гэты вечар
Хочам вам усім сказаць:
Лепш за нашу школу ў свеце
Вам нідзе не адшукаць.
Мы спяваем гэту песню,
Вас віншуем ад душы.
I жадаем мілай школе
Цэлы век яшчэ цвісці.

Выпускнік. Прысвячаецца дырэктару нашай школы.
Пачуццяў зычлівых чашу
I дыханне вясны-красуні,
I любоў, і удзячнасць нашу
Мы дырэктару адрасуем.
Усе бачаць дырэктара працу,
Яго клопаты і хваляванні.
3 усім трэба у час упраўляцца,
Каб умела школай кіраваць.
Мы Вам жадаем: такім назаўжды заставайцеся!
Вы нізашто і ніяк не мяняйцеся!

Выпускніца. Прысвячаецца завучу школы.
Разам з намі і завуч маркотны,
Так бывае ў хвіліны разлук.
Вы — дарадчык сям'і нашай школьнай,
Вы — наш мудры настаўнік і друг.

Выпускнік. Прысвячаецца нашай любімай класнай (спяваецца на матыў песні "У лесе нарадзілася елачка").
Любімай нашай класнай
Хочам паабяцаць:
Яе заўсёды будзем
На святы запрашаць.
Цудоўны мілы вобраз
У сэрцы пранясём,
А потым на вяселле
Вядома, пазавём.

Выпускнікі. Прысвячаецца першай настаўніцы.
Яна стаіць перад табой,
Спакойная жанчына,
3 ледзь-ледзь прыкметнай сівізной
I строгімі вачыма.
Яна — наш першы капітан,
Ў жыццё з ёй адплывалі,
То Волга-Дон, то акіян
Мы з ёю адкрывалі.
I любіш ты, як ён, як я,
Жанчыну ў строгім плацці.
Яна — настаўніца твая,
Твая другая маці.

Выпускнікі выконваюць песню "Першая настаўніца" (верш I. Скурко, музыка I. Лучанка).

Выпускніца. Прысвячаецца настаўніцы роднай мовы і літаратуры (спяваецца на матыў песні "Вы шуміце, бярозы").
Нашу родную мову
Прызнаёмся, што любім,
І настаўніцу будзем
Ўспамінаць доўгі час.
Мы яе назаўсёды
Ад душы прыгалубім,
Бо таксама яна
Любіць кожнага з нас.

Выпускнікі. Прысвячаецца настаўніцы рускай мовы і літаратуры (спяваецца на матыў песні "Ой, цвіце каліна").
Раніцай прачнуся, думаю аб тым,
Што гуляць не выйду за суседні тын,
Сачыненне грузам на плячах ляжыць,
Нервы не выносяць і сляза бяжыць.

Выпускніца. Прысвячаецца настаўніцы замежнай мовы.
Боцікі гумовыя,
Не зусім зімовыя.
Вочы ў сэрца ломяцца,
Як шалёны бэз.
Шалік мамай звязаны,
I звініць ін'язаўка,
Зябкая, няўлоўная,
Як сінічка:
Yеs!
Ад Шэкспіра, дбайная, Давядзе да Байрана.
Покуль не запрэжаны, Будзем чуць адно.
Недзе ля Халопеніч
Потым расшалопаем,
Воз сямейны цягнучы,
Іншы выгук:
N0!
Р. Барадулін. Урок англійскай мовы.

Выпускнік. Прысвячаецца настаўніку хіміі.
Вы цаніць умелі нашу працу тут,
3 вамі разам з'елі соляў пуд.
Хоць рэакцыі ў нас і дымілі —
Ўсё адно мы хімію любілі.

Выпускніца. Прысвячаецца настаўніку астраноміі {спяваецца на матыў песні "Дажджлівым вечарам, вечарам, вечарам...").
Мы сёння вечарам, вечарам, вечарам,
Калі здаваць нам, скажам прама, ужо нечага,
Світанне будзем сустракаць,
Па зорках станем мы гадаць
I астраномію, вядома, ўспамінаць.

Выпускнік. Прысвячаецца настаўніку фізікі.
Вызначыць масу зямнога шара,
Падлічыць усё да пясчынкі —
У начы падсвядомасці марыў
Розум светлаю аблачынкай.
Я не помню, знакі якія
Мне таемны ліхтарык высвечваў,
Я рашыў! I нібыта закінуў
Шар зямны на худзенькія плечы.
Васіль Зуёнак. Урок па фізіцы.

Выпускніца. Прысвячаецца настаўніку матэматыкі (спяваецца на матыў песні "Я не магу іначай").
У нас не было спакою й сну,
Падоўгу рашалі задачы.
Нам матэматыку трэба здаваць —
Мы не маглі іначай.
Здалі яе — і ўсё прайшло,
Мы не злуём, не плачам.
Помніць мы будзем усё жыццё,
Нельга нам жыць іначай.

Выпускнік. Прысвячаецца настаўніцы геаграфіі.
Сёння нам адкрыты
Ўсе краіны, кантыненты.
Паязджай і вывучай
Мясцовыя маменты.
Можа, будзем у Афрыцы —
Наперадзе усё у нас.
Успомнім геаграфію
I, вядома, Вас.

Выпускніца. Прысвячаецца настаўніцы гісторыі.
Гісторыі слаўнай вялікія даты
I вобраз Рагнеды, і Грунвальд, і Полацк
Завучваць стараліся мы на "выдатна",
Каб назаўсёды запомніць.

Выпускнік. Прысвячаецца настаўніцы біялогіі.
Што прадмет Ваш асаблівы,
Разумее кожны.
Вывучалі мы рупліва
Птушанят і кошак,
Кветачкі, травінкі,
Песцікі, тычынкі.

Выпускнікі (спяваюць на матыў песні "У траве сядзеў конік").
У роднай школе жылі,
Урокі там вучылі.
I педагогі нашы
Вучонымі ўсе былі
. Уявіце сабе, уявіце сабе,
Вучонымі ўсе былі.
Уявіце сабе, уявіце сабе,
I моцна нас любілі.
Ўжо з раніцы задачкі
Рашаць нас прымушалі.
А на другім уроку
Дыктанты дыктавалі.
Уявіце сабе, уявіце сабе,
Дыктанты дыктавалі.
Уявіце сабе, уявіце сабе,
Іх самі правяралі.
I ў гэты вечар летні —
Ён сумны нам, дарэчы, —
Так хочацца сказаць вам:
Да хуткае сустрэчы!
Уявіце сабе, уявіце сабе,
Да хуткае сустрэчы!
Уявіце сабе, уявіце сабе,
Да хуткае сустрэчы!

Выпускнікі ўручаюць класнаму кіраўніку канверт з анкетамі, у якіх яны адказвалі на пытанне, кім хочуць быць. Просяць раскрыць гэты канверт праз 5 гадоў на сустрэчы ў роднай школе.

Вядучы. А цяпер мы правядзём тэлемост "Вучні — настаўнікам".
Класны кіраўнік. Многія гады мы, настаўнікі, і вы, вучні, марылі стаць адным творчым калектывам, дзе не было б размежавання на "іх" і "нас", дзе ўсе крочылі б шырокай дарогай да новых вяршыняў ведаў. Але, каб злучыцца, трэба спачатку размежавацца. Мэта правядзення нашага тэлемоста зразумелая і канкрэтная: мы павінны ўбачыць адзін аднаго бліжэй. Нехта скажа, што занадта позна, але лепей позна, чым ніколі. Вучыцца ніколі не позна. I самае галоўнае: нашы вучні-выпускнікі могуць не толькі задаць настаўнікам любыя пытанні, але і проста падзякаваць ім.

Прыкладныя пытанні

1. Чым адрозніваецца выпускнік 70-х гадоў ад сённяшняга?
2. Каму лягчэй было вучыцца: нам ці вам?
3. Калі б вы хацелі вучыцца: 10 гадоў таму? Цяпер? Праз 10 гадоў?
4. Калі б вас памянялі месцамі з бацькамі, ці прымушалі б вы іх вучыцца ?
5. А калі б вас, дарослых, памяняць месцамі з дзецьмі, ці выконвалі б вы іх патрабаванні?
6. Ці ўзнікала ў вас калі-небудзь жаданне выкарыстаць антыпедагагічныя метады выхавання (лінейку, крапіву, кулямёт)?
7. Педагогіка — гэта навука, мастацтва ці талент ?
8. Пра што Вы падумалі, калі Ваш клас здаў выпускныя экзамены ?

Вядучая. Сябры! Мы выслухалі шмат віншаванняў і размоў. Ці не жадаеце вы сесці за наш святочны стол?
I каб крыху падмацавацца,
У банкетную залу пара спускацца.
Там вас чакае святочны пірог,
Не збіце толькі адзін аднаго з ног.

Банкет "За школьным сямейным сталом"

Забаўляльная праграма "Гульні, смех, забавы":
а) конкурс загадак, інсцэнаваных шарад і г. д.;
б) партрэт класнага кіраўніка (апішыце знешнасць, характар, звычкі класнага кіраўніка);
в) конкурс песняў;
г) гульня "Перадай апельсін"

(дзве каманды становяцца ў 2 шарэнгі — адна насупраць другой. Гульцы павінны перадаць апельсін, карыстаючыся толькі падбароддзем ці плячом (рукі за спіной). Калі апельсін падае, гульня пачынаецца спачатку).

Начная шоу-праграма "Возьмемся за рукі, сябры"

1. Танцавальная праграма.
2. Конкурсы і гульні:
а) " Каралева балю";
б) гульня "Пазнай сяброўку" (на картках напісаны слоўныя партрэты дзяўчынак-выпускніц: рост, колер вачэй, фасон сукенкі, характар і г. д. Вядучы прапануе юнакам знайсці дзяўчыну, чые прыметы запісаны ў картцы, і запрасіць яе на танец);
в) танец равеснікаў (танцуюць юнакі і дзяўча ты, якія нарадзіліся ў адным месяцы);
г) гульня "Першаадкрывальнік" (удзельнікам прапануецца "адкрыць" новую планету — на дзьмуць як мага хутчэй паветраныя шары і засяліць гэтую планету "жыхарамі": хутка намаляваць на шары фігуркі чалавечкаў фламастэрам. Хто намалюе больш чалавечкаў, той і пераможца);
д) конкурс "Незвычайныя спевы" (як правільна спяваць, ведаюць усе. Але іншы раз спяваць правільна нецікава. Паспрабуйце выканаць песню, заціснуўшы паміж зубамі запалку);
е) конкурс "Танец седзячы" (чамусьці лічыцца, што танцаваць трэба абавязкова стоячы на дзвюх нагах. А хіба нельга танцаваць седзячы ці лежачы? Прапануем выканаць танец, не падымаючыся з крэсла).

Вядучы. Вось і надышоў час развітвацца.

Выпускнікі падымаюцца на сцэну і становяцца паўколам. Гучыць званок. На сцэну падымаецца першакласнік.

Першакласнік. Дарагія выпускнікі! Дазвольце ўручыць вам запрашальныя квіткі на наш выпускны вечар, які адбудзецца праз 10 гадоў.

Ён уручае запрашальныя квіткі ўсім выпускнікам.

Класны кіраўнік.
Жыццё пражыць — не поле перайсці,
А трэба і жыццё пражыць, як поле,
Каб хоць адным зярняткам узысці
I каб асот не заглушыў ніколі.
Удачы і шчасця вам, дарагія выпускнікі!

Выпускнікі (выконваюць "Развітальную песню " на матыў песні Алімпіяды-80).
Ў нашай зале становіцца ціха,
Ты хвілін гэтых не забывай.
Мая школа, ты сёння пачуеш
Гэта сумнае слова "Бывай!"
Расстаемся, сябры,
Застаецца ў нас надзея,
Што сустрэнемся зноў
Ў роднай школе праз 5 гадоў.


Яшчэ на гэту тэму:

"Школьны баль, я прашу, не канчайся!"     Як дзеці Васю Лайдачніка ад Нуля выратавалі