сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла КРАЖАВА, музычны кіраўнік вышэйшай катэгорыі. Пралеска 06/2012

Беларускія вячоркі

Сцэнарый свята для дзяцей дашкольнага ўзросту

Мэта: пазнаёміць дзяцей з беларускімі народнымі песнямі, танцамі, гульнямі.
Дзеянні адбываюцца ў беларускай хаце.
На стале вырабы: вышываныя, тканыя ручнікі і абрусы, вырабы з саломы, дрэва і іншыя рэчы.
У хаце гаспадыня і дзяўчынкі сядзяць і працуюць.

Гаспадыня. Беларускія вячоркі... 3 глыбокай даўніны прыйшоў да нас гэты народны звычай — беларускія пасядзелкі. Доўгімі зімнімі вечарамі збіраліся жонкі, мужыкі, сялянская моладзь для рукадзелля і пражы, а больш — для забаў і песень. Таму што, як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, заставалася любоў да народа, да песень, танцаў, гульняў, жартаў.
Невычарпальны быў народны гумар. Заўсёды ў людзей былі павага да працы, жаданне падзяліцца з сябрамі горам і радасцю. Вось і запрашаем вас на беларускія пасядзелкі!
Дзяўчынкі.
Усіх на свята запрашаем
і сардэчна вас вітаем.
I дарослых, і дзяцей,
і шаноўных усіх гасцей.
Шанаванне добрым людзям,
хай вам радасці прыбудзе,
Хлопцы, дзеўкі, мамы, таты,
запрашаем ўсіх на свята!

Гаспадыня.
Пасядзелкі ў маёй хаце,
у Беларускім нашым краі.
Прыйдуць Сцёпкі, Пеці, Васі,
Прыйшлі Каці, Мані, Надзі,
дом вяселлем напаўняя.
Але не будзем проста сядзець склаўшы рукі
Ды паміраць ад скукі.
I не проста языком мянташыць,
А жартамі і смехам справу рабіць.
А якая ж справа без песні?

Песня-карагод «Купалінка».

Дзяўчаты.
1. Калі рана ўстанеш
разам з сонцам яркім,
Што ўсплывае
над зыбкім вогнішчам зары, —
Колькі ты пабачыш
з’яў жыцця дзівосных,
Колькі цудаў розных
згледзіш на двары.
2. Калі рана ўстанеш
разам з сонцам яркім,
Разам з ветрам шпаркім,
разам з белым днём, —
Сам тады, мой дружа,
разумець ты будзеш,
Для чаго мы, людзі, на зямлі жывём.
3. Той, хто ў маладосці працуе,
той на старасці не шкадуе.
Дзе справа, там і слава.
4. Без працы не будзе шчасця.
Сёння зробіш, а заўтра як знойдзеш.

Чуецца шум.
Гаспадыня. Ой, дзяўчаты, чуеце? Гэта ж да нас на пасядзелкі хлопцы спяшаюцца.
Заходзяць хлопцы, уперадзе хлопец з гармонікам.
1-ы хлопец.
Добры дзень у хату, нашы ягамосці!
Прыбылі да вас сёння мы ў госці!
2-і хлопец.
Шчыра вам жадаем шчасця і здароўя.
Каб было гасцей у вас
поўнае застолле!
Хлопцы (спяваюць прыпеўкі).
1. На пасядзелкі мы прыйшлі,
дарагія дзевачкі.
Гарманіст у нас прыгожы,
грае вам прыпевачкі!
2. Мы прыпеўкі вам спяваем,
каб смяяліся ўвесь час.
Калі мы вам да спадобы,
запрашайце ўсіх да вас.

Дзяўчынка.
Ой, праду, праду я кужаль
з белага павесна,
Прысядзь бліжэй, мілы-любы,
нам не будзе цесна.

Гаспадыня. Заходзьце, заходзьце, калі ласка. У маёй хаце сабраны розныя вырабы: і роспіс, і вышыўка, і ткацтва, і кераміка, вырабы з саломы, дрэва...
Пазнаёмлю з цацкаю,
з саламянай, ільняною
I з глінянай — вось такою.
А вось глядзіце: свістулькі гліняныя,
3 гліны зробленыя,
у агні загартаваныя.
Калі вам патрэбны посуд,
падыходзьце, дружбакі.
Ёсць збаночкі і макітры,
і прыгожыя глякі.
Ёсць драўляны посуд:
лыжкі, дошчачкі, каўшы,
Беларускія майстры
іх зрабілі ад душы.

А цяпер загадкі. Адгадайце, што гэта?
Пасудзіна новая, а ўся ў дзірках. (Рэшата.)
Ёсць у мяне конь — сам маленькі, а цэлае мора выпіў. (Лыжка.)
Хата не багата, а ўся свеціцца. (.Кошык.)
Гаспадыня. У нашай хаце сабраліся не толькі працавітыя, але і вясёлыя мае сябры.
Дзеці.
У нас галовы русыя,
а вочы — сіні лён.
Мы — дзеці-беларусы —
сыграем і спяём.

«Стукалка» (бел. нар. песня)

1. Сядзіць баба на драбіне,
а над ёй кацяткі.
Зашчыпалі яны бабу за голыя пяткі.
Прыпеў:
Стукалка-грукалка,
выбівалка-стукалка.
Сама грае, сама б’е,
сама песеньку пяе.
2. Ой, пінжак, мой пінжак,
парваныя плечы,
Чым такая вечарына,
лепей спаць на печы.
Прыпеў.
3. Ой, у лузе пры даліне
пяе песні салавей,
Сёння весела жывецца,
заўтра будзе весялей.
Прыпеў.

Гаспадыня. Таленавітыя ў нас людзі на Беларусі — што працаваць, што спяваць — усё адно.
У хату ўбягае баба.
Баба. Вы не бачылі майго бычка?
Выбягае, вяртаецца з бычком. За ёй ідзе дзед. Бычок брыкаецца.
Дзед. Ой, бабуля, добры дзень. А куды ты збіраешся?
Баба. Бычка прадаваць.
Дзед. Ой, прадай мне, бабанька, бычка.
Баба.
У мяне ён рабы-рабы,
усё паробіць ён для бабы.
Ён у мяне буры-буры,
заганяе свіней, куры.
Ён у мяне лысы-лысы,
мые лыжкі, мые міскі.
Кожны дзень дапамагае,
тэлевізар мне ўключае.
Вось які ў мяне бычок,
пазалочаны бачок.
Не прадам цябе! (Бычок бадаецца.)

Дзед. Ён цябе забадае!
Баба. А колькі заплаціш?
Дзед. Ну колькі ёсць, і мяне ў прыдачу.
Баба. Вось старгавалася, грошы атрымала, дзеда ў прыдачу, ды і бычка сабе пакіну. Вой-вой! (Да дзеда.)
А цяпер, мой дзядок,
давай паскачам, галубок!

Дзед з бабай танцуюць.
Баба. А цяпер пайшоў, дзядок, з бычком разам у хлявок!
Дзед. Куды?
Баба. У хлеў!
Дзед. Людзі, што гэта такое?! Грошы забрала і ў хлеў з бычком адправіла.
Баба штурхае дзеда з бычком. Дзед выходзіць, баба застаецца.
Баба. Не, усё ж я дзеда люблю, шкадую. Дзед, ідзі сюды, мой старэнькі, мой даражэнькі! Пойдзем у госці.
Сабірайся ў госці, мой дзядок,
сабірайся ў госці, галубок!
Дзед.
Не пайду я ў госці —
холад на двары.
А мне ломіць косці, я ж ужо стары.
Баба.
Сабірайся ў госці, мой дзядок,
сабірайся ў госці, галубок!
Дзед.
Не пайду я ў госці — я ж табе кажу,
Лепш на цёплай печцы паляжу.
Баба.
Дык ляжы на печы, стары дзед,
а мяне ў госці павядзе сусед!
Дзед.
Пачакай, Ганулька, не спяшай!
Пойдзем разам у госці,
мяне не кідай.

Дзед з бабай выходзяць.

Прыпеўкі (спявае гаспадыня):

1. Усіх са святам мы вітаем
і здароўя вам жадаем!
Ай, лі, ай, люлі
і здароўя вам жадаем!
2. Хай у вашым садзе дзеткі
Падрастаюць, нібы кветкі.
Ай, лі, ай, люлі,
падрастаюць, нібы кветкі!
3. Мы жадаем вам, дзяўчаты,
грошай каб было багата.
Ай, лі, ай, люлі,
грошай каб было багата!
4. Што яшчэ мы пазабылі?
Мужыкі каб вас любілі!
Ай, лі, ай, люлі,
мужыкі каб вас любілі!

Гучыць фанаграма Песні «Слуцкія ткачыхі»

(сл. М. Багдановіча, муз. У. Мулявіна).
Уваходзяць дзяўчаты з дзецьмі, танцуюць танец з рушнікамі «Слуцкія ткачыхі».
Гаспадыня.
Сёння мы ў нашай зале
шмат чаго вам паказалі.
I жадаем ад душы
быць здаровымі заўжды.
Шчасця шмат і грошы майце,
да нас у госці прыязджайце.
Бывайце здаровы, жывіце багата,
Хай лёгкай будзе дарога да хаты!

Песня «Добрага здароўя».

1. Добрага здароўя вам ўсім (2 разы)!
Каб жылі багата, працавалі дружна,
Каб заўсёды мір быў на зямлі.
2. Каб у кожнай хаце поўны стол (2 разы).
Пірагі, каўбасы, масла, сала, мяса,
Каб шчасліва сем’ям усім жылось.
3. Добрага здароўя вам усім (2 разы)!
Каб былі радзіны,
каб былі крысціны,
Наваселляў болей каб было.

ЛІТАРАТУРА:

1. Беларускі дзіцячы фальклор. Традыцыйныя запісы, апрацоўкі і аўтарскія творы / склад.: АМ. Аляхновіч, М.В. Рахчэеў,
A. С. Фядосік, У.Д. Каструлёў. — Мінск: Беларусь, 1994.
2. Беларускія народныя абрады / склад. навуковы рэдактар і прадмова А.П. Касцюкавец. — Мінск: Беларусь, 1994.
3. Бурда, С.І. Жыццё і песні непадзельны: сцэнарыі фальклорных святаў для пачатковых класаў / С.І. Бурда. — Мазыр: ТАА ВД «Белы Вецер», 2003.
4. Крынічка. Беларускія народныя песні для дзяцей / склад. Л.В. Кузьмічова,
B. Г. Вячорка. — Мінск: Беларусь, 1989.

Яшчэ на гэту тэму:

Едзем на вячоркі     Вячоркі ў Паўлінкі