сцэнарыі святаў на беларускай мове

Марыя ПАЛЯНСКАЯ, Валянціна МІСУН, выхавальнікі, Вольга РЫБАКОВА, музычны кіраўнік (Яслі-сад 9 г.Вілейкі). Пралеска Студзень 2010 г.

Святы вечар!

Касцюміраваны спектакль з удзелам дзяцей і дарослых

Мэта: далучыць дзяцей і дарослых да гісторыі і традыцый святкавання Ражства; стварыць сітуацыю сумеснага спрыяльнага суперажывання напярэдадні свята; схіліць дзяцей і іх бацькоў да асэнсавання і выбару духоўных скарбаў.

Папярэдняя работа: размова з дзецьмі пра свята Ражства Хрыстова (былых традыцыях святкавання і сучасных); разглядванне паштовак, малюнкаў у часопісах з мэтай пазнаёміць дзяцей з прыродай той мясціны, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, знешнім выглядам і адзеннем людзей таго часу.

Матэрыял: касцюмы ўдзельнікаў (Вада, Агонь, кветкі, пастухі, Дзева Марыя, анёлы, лялька немаўляці); музычнае суправаджэнне; сімвалічнае месца нараджэння Хрыста; свечка і званочак для анёла.Дзеці ўваходзяць у залу пад музыку, якая задае настрой урачыстасці.

1-шы вядучы. Паважаныя бацькі і госці, любыя дзеці! Ад усяго сэрца віншуем вас са святам Божага Нараджэння. Мы вельмі рады, што сёння зможам разам з вамі яшчэ раз перажыць гэтую радасную падзею, гэтую дзіўную ноч.
2-гі вядучы. Многа гадоў таму, за гарамі, за лясамі з’явілася ў небе новая зорка. I здарылася гэта зімовым вечарам. Вялікая ззяючая зорка лятала па небе, а за ёй цягнуўся доўгі хвост... Шмат людзей глядзелі ў гэты вечар на зорку скрозь адчыненыя вокны, здзіўляліся, качалі галовамі, а потым спакойна ішлі спаць... Нарэшце ноччу зорка спынілася над гарой і заззяла так ярка, што асвяціла ўсё навокал. Гэтай зоркай на небасхіле Бог азнаменаваў месца нараджэння свайго сына.

З’яўляецца Дзева Марыя з немаўляці на руках, абкружаная анёламі, кладзе яго ў яслі і садзіцца. 3-за елкі выходзіць Анёлак са званочкам у руцэ, абягае Дзеву Марыю з дзіцем. Потым уходзіць і заходзіць са свечкай у руцэ, ідзе да дзіцяці, кланяецца, уладкоўваецца вакол яго.

1-шы вядучы.
Анёлак белакрылы агонь дабра нясе,
I свет цудоўны, чысты няхай убачаць усе.
Агонь ад яго свечкі, як зорка, замігціць,
I свет дабра, цудоўны, нас кліча, зіхаціць.
Марыя калыша немаўля, спяваючы песню « Ціхая ноч».
Ціхая ноч, святая ноч,
Спіць усё, спіць даўно,
Толькі Маці святая ўсцяж
Ціха у яслях люляе Дзіця:
Спі, Сыночак малы,
Спі, Сыночак малы.
Ціхая ноч, святая ноч!
Бог прыйшоў да людзей,
Хор Анёлаў спявае з нябёс:
«Нарадзіўся наш Збаўца Хрыстос,
Ён збаўленне прынёс,
Ён збаўленне прынёс».
2-гі вядучы. У гэтую ноч недалёка ад Віфлеема пастухі пасвілі сваіх авечак. Яны не спалі, пільнавалі статак. Раптам да іх з’явіўся Пасланец Божы, асвяціў іх сваім ззяннем і сказаў:

Анёлак.
У новым градзе, у Віфлееме,
Сын Божы нарадзіўся.
Не марудзьце, не чакайце,
Да Віфлеема паспяшайце,
Чэсць яму аддаць ідзіце,
Ён — уцеха ўсіх на свеце.
Дзейныя асобы: 1-шы пастух, 2-гі пастух, Зайчаня, Агонь, Вада, Дзева Марыя з немаўляці, кветкі.

Сцэна, якая ўяўляе сабой палянку з елачкай пасярэдзіне. За елачкай схавана дзяўчынка, апранутая ў зялёнае. Убягаюць два пастухі.

1-шы пастух (паказвае рукой другому). Бачыш, вунь дзе зорка!
2-гі пастух. Якраз над пячорай для нашых авечак! I пячора свеціцца! Дзіва!
1-шы пастух. Ты пачакай тут, а я пагляджу (перабягае сцэну і крычыць другому). Немаўля ў яслях ляжыць! I маці над ім!
2-гі пастух (быццам пра сябе). Вось пра што пелі анёлы... Дзіва вялікае!
1-шы пастух (вяртаецца). Памятаеш, анёлы ў небе пелі, што Збаўца людзей нарадзіўся, пойдзем, паклонімся Святому Немаўляці.
2-гі пастух. Пойдзем. Толькі што нам падарыць Яму?
1-шы пастух. Мы — людзі простыя. Вось хлеб у мяне, мёд... Яшчэ сыр недзе застаўся.
2-гі пастух. А я... я сена свежага з травы духмянай Яму ў яслі пакладу.
1-шы пастух. Пашлі! Ідуць праз сцэну, выходзяць.

Елачка. Ясная ноч. Ціха навокал. Ярка свеціць зорка над пячорай. Хор анёлаў сціх за ўзгоркам. Блакітнае святло льецца са шчылін. У яслях Немаўля-Збаўца ляжыць, тысячы гадоў людзі чакалі Яго пры ходу. Шчаслівы той будзе, хто да Яго паспяшаецца. Радуюцца людзі, прырода.

Прыбягае Зайчаня.

Зайчаня.
Скок-паскок,
Шлях недалёк.
3 дарогі не збіцца —
Бачу зорку.
Спяшаюся пакланіцца
Малому Хрысту.
Елачка. Бяжы, Зайчык, бяжы!
Зайчаня (спыніўся, глядзіць на Елачку). Але ў мяне няма нічога, каб падарыць Яму.
Елачка. Нічога, Зайка. У цябе такія мяккія вушкі — Немаўля пагладзіць іх і Яму будзе весела.
Зайчаня. Праўда? Вось дзякуй, Елачка. Скок-паскок, шлях недалёк...
Елачка. Бяжы, Зайка! Бяжы, маленькі!

Уваходзяць Агонь і Вада.

Агонь.
Я Агонь — вясёлы, жаркі,
Перамагаю цемру,
Са мной цяпло,
Са мною ярка,
А холаду — неўмагату!
Вада.
А я халодная і свежая,
Я спёку асвяжаю,
Смагу спаталяю,
Зямлю паю, прахалоду дару.
Агонь. Затое я дужэйшы за цябе!
Вада. Не, я дужэйшая, я магу цябе патушыць!
Агонь. А я магу цябе ўскіпяціць і высушыць!
Елачка. Аб чым вы, неразумныя, сварыцеся? Вы абодва патрэбныя. Без вас людзі не маглі б сабе нават ежы прыгатаваць. Ты, Агонь, без Вады шмат бедаў нарабіў бы. Разгарэўся, разбушаваўся, і ўсё б згарэла — і лясы, і дамы. А куды гэта вы ідзяце?
Агонь і Вада (разам). Мы? I праўда, куды мы ідзём?
Елачка. Забыліся? Мабыць, да пячоры ішлі — Немаўляці-Хрысту пакланіцца?
Агонь і Вада. Так, так! Ішлі і пасварыліся.
Агонь. Я ўспыхнуў.
Вада. Мы і забы-ы-ы-ліся (плача)!
Елачка. Ідзіце хутчэй, Зорка вам шлях пакажа.
Агонь і Вада. А што нам падарыць Немаўляці-Хрысту?
Елачка. Ты, Агонь, асцярожна сагрэй Яго, а ты, Вада, абмый Яго ножкі.
Агонь і Вада. Дзякуй табе, Елачка. Дзякуй, што памірыла нас, што навучыла.
Агонь. Пашлі хутчэй.
Вада. Ты ідзі наперадзе — свяці мне. Толькі трымайся далей ад мяне, бо я цябе затушу.
Агонь. Сама трымайся далей... Фу, якая ж ты, мокрая!

Агонь і Вада выходзяць.

Кветкі.
Мы кветкі-кветачкі,
Мы расцём нячутна.
Гэта ночка-ночачка
Самая духмяная.
Елачка. Куды гэта вы, кветкі? Вам ноччу спаць трэба!
Кветкі.
Гэта ночка-ночанька
Святла ярчэй свеціцца.
Паклонімся ў ножанькі,
3 Немаўляці стрэцімся.
Елачка. Кветачкі мае любыя, вазьміце і мяне з сабой пакланіцца Немаўляці-Хрысту.
Кветкі. Елачка, аб твае іголачкі Немаўля можа пакалоцца!

Кветкі выходзяць.

Елачка. Нікога няма. Я зусім адна. Ночка ціхая. Зорка гарыць, кліча. Усе пакланіцца Богу да святой пячоры радасна спяшаюцца. Калючая, забытая, стаю ў сваёй глушы. Кветкі праўду кажуць. Я за Немаўляці ціхенька і тут пакланюся ад душы (качаецца).

Вяртаюцца пастушкі, Зайчаня, Агонь, Вада і Кветкі і заўважаюць, што елачка раптам заззяла.

Пастушкі (разам). Глядзіце, зорачкі з неба на елку ўпалі!
1-шы пастух. Елачка ззяе ўся.
2-гі пастух. Цуда Бог сатварыў...
Зайчаня (падскокваючы вакол Елачкі). Елачка, Елачка, якая ты прыгожая!
Агонь. Яна ўся ў агеньчыках!
Вада. Яна ўся ў крышталіках, кропельках, а не ў агеньчыках!
1-шы пастух. За тваю пакорлівасць, Елачка, за тваю дабрыню адзначыў цябе Гасподзь Бог.
Кветкі. Давайце яшчэ ўпрыгожым Елачку.
Агонь і Вада. Зробім самай прыбранай!
2-гі пастух. Цяпер сціплая зялёная Елачка кожны год будзе ўслаўляць Ражство Хрыстова.

Усе становяцца вакол Елачкі.

Песня «Ражаство Хрыстова».

У Ражаство Хрыстова
Анёл прыляцеў
I чуваці быў з неба,
Людзям песні спеў.
Святкуйце, усе людзі,
Радасці ўсім будзе.
Ёсць Хрыстова Ражаство,
Пастухі ў пячору
Першымі прыйшлі,
У яслях на саломе
Госпадзі знайшлі.
На калені сталі,
Падарункі далі
Нованароджанаму.
Многа мы грашылі,
Грэшныя мы ўсе,
Толькі ты над намі,
Ты адзін святы.
Даруй грахі нашы
У дзень Хрыстова Ражаства.

Вядучы. Гэтае вялікае свята людзі святкуюць ужо больш за 2000 гадоў. Гэта свята веры, надзеі і любові. Калі ёсць Вера, значыцца, заўсёды ёсць падтрымка. Калі ёсць Надзея, заўсёды можна чакаць дапамогі. Калі ёсць Любоў, тады ёсць дабро, радасць і жыццё
. Вось таму з года ў год, са стагоддзя ў стагоддзе людзі святкуюць вялікі і радасны дзень Ражства Хрыстова, зноў і зноў набываюць веру, надзею і любоў. Іх душу напаўняюць дабрыня і міласэрнасць, радасць і шчасце!

Уключаецца фанаграма.

Паводле добрай старадаўняй традыцыі ў гэты вечар людзі збіраюцца сваімі сем’ямі. Стол накрываюць заўсёды бялюткім абрусам, пад які кладуць сена (у памяць таго, што маленькі Ісус ляжаў на сене ў яслях). На стале посныя стравы, Біблія і свечка. Не забудзьцеся, што трэба паставіць на стол яшчэ адзін прыбор — для нечаканага госця і тое, што за стол садзяцца са з’яўленнем першай зоркі — сімвала Віфлеемскай зоркі. У гэты вечар людзі даруюць адно аднаму, просяць прабачэння, жадаюць здароўя і дабрабыту.
Ярка свеціць Калядная Зорка, яе святло застанецца ўнутры нас, у нашай душы. Шчаслівага Ражства ўсім людзям на планеце! Спакою, цяпла, утульнасці вам і вашым родным!