сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна БУЛАНДА — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навасельскай сярэдняй школы Барысаўскага р-на. Роднае слова 10.2000

"І не знікаць паэтам вечна"

Літаратурна-музычная кампазіцыя да 70-ці годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча

Сцэна заслана саматканымі палавікамі. На сцяне — партрэт Уладзіміра Караткевіча, прыбраны кветкамі. Над партрэтам — плакат "Рыцар сумлення і свабоды". Справа і злева фотаздымкі бацькоў паэта, яго родных і блізкіх. Па баках сцэны — лозунгі: "Не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць і вартым быць яго"; "Хто згубіў сваіх продкаў — сябе губляе, хто згубіў сваю мову — усё згубіў".
Перад сцэнай за сталом, засланым саматканым абрусам, сядзіць настаўнік беларускай мовы і літаратуры (Настаўнік), насупраць, за такім самым сталом, — нас­таўнік гісторыі (Гісторык). На сцэне — таксама стол з лямпай-газнічкай, за ім — Мужык і Паэт.
Фонам гучыць песня "Спадчына"* (верш Я. Купалы, муз. I. Лучанка) у выкананні "Песняроў". Мелодыя сціхае.

Паэт (чытае за сталом).
"На Беларусі Бог жыве", —
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
I ад вечны зор карагод.
На Беларусі Бог жыве.

Вядучая. Сярод шматлікага карагоду зорак на небасхіле айчыннага пісьменства гарыць зорка першай велічыні, Ютрань, зорка Пярэдадня, зорка Уладзіміра Караткевіча. Далёка не кожнаму дадзена ўзняцца над сваім часам, бачыць будучыню. Іншыя прыніжаюцца да абставін, зручна ўрастаюць у іх. А Караткевіч узняўся. Узняўся і ўзвысіўся.
Вядучы. Нястомны вандроўнік і працаўнік, літаратар, які няспынна працаваў над сабой, чалавек невычарпальнага гумару які ўмеў смяяцца, як дзіця, усёй душой любіў родных людзей, род­ную зямлю...

* Песня "Спадчына" (верш Я. Купалы, муз. I. Лучанка) была надрукавана ў часопісе "Роднае слова". 1996. №4. С. 11-12.
На сцэне вакальная група выконвае песню "Расцвітай, Беларусь" (верш А. Бачылы, муз. Ю. Семянякі).

Я схадзіла твае дарагія прасторы,
I лугі, і палі, дзе, як маці, спрадвек
Ты з людзьмі, Беларусь, так ласкава гаворыш,
Песціш звонам бароў, пералівамі рэк.

П р ы п е ў:

Расцвітай, Беларусь, расцвітай, мая радасць,
Беларусь, мае шчасце, Радзіма мая.

Ты з любоўю ад сэрца нам дорыш на радасць
I паданні свае, і красу таямніц.
Хай жа хмары мінаюць твае далягляды,
Хай не ціхне і звонкая песня крыніц.

Паэт.
Беларусь! Зялёная, залатая!
Край мой светлы, што выпіў мора пакут!
Да апошняй бярозы благаслаўляю
Светлы дзень, калі я нарадзіўся тут.
Слова пра чалавечнасць.

Вядучая. Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша ў сям'і інтэлігентаў.
Беларус.
Як толькі цёмнаю ноччу
Вочы свае закрываю,
Адразу я Оршу бачу
3 яе няяркай красой,
3 бярозамі над Аршыцай,
3 вясёлым сонейкам мая,
3 блакітам першых пралесак
У косах каханай маёй.

Тут нарадзіліся думкі,
Воля, імкненні, жаданні,
Тут стаў я сынам краіны,
Абпален яе агнём...
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханнем,
Якое не знікне, пэўна,
Нават з маім жыццём.
Орша.

Гісторык. Уладзімір Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў з старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы.
Бацька працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці пасля замужжа стала хатняй гаспадыняй.
Беларусачка.
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
3 узгоркаў снег схаваўся ў роў,
I кожны горб шуміць, як вулей,
Ад спрэчкі кветак і чмялёў...
Даволі марнай жыць пагоняй,
Жывецца або не — жыві!
Кароўка божая ў далоні,
Як кропля божае крыві.
I зноў бязмежны свет чакае,
Свет сэрцаў, песень і бароў.
Дай мне, вясна, шляхі без краю,
Дай сэрцу вечную любоў.
Зямля гудзе, як цёплы вулей,
Знікаюць крыўды, боль і зло...
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
Каб дзецям жыць лягчэй было.
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі...

Паэт. У сям'і нас было трое. Старэйшы брат (ён загінуў на апошняй — спадзяюся, што на апошняй — вайне), старэйшая сястра і я.
Мужык.
Дзе вы, дзяцінства гукі?
Дзе ты, водар зямлі?
Здзіўлёна гляджу на рукі,
3 якіх сышлі мазалі...
А мне ўсё здаецца, што бачу
Сябе і сваіх сяброў
У ліку тых, што на клячах
Імчаць з начлегаў дамоў.
Замест сядла — сярмага,
Галовы ў пышных вянках,
3 чырвоных і чорных ягад
Каралі на нашых грудзях.
Дзяцінства імчыць вясёлае
На мокрых конскіх гарбах,
Засмаглае, напаўголае,
3 шыпшынаю ў белых чубах.
Начлег.

Настаўнік. Моцнае ўздзеянне на хлопчыка зрабіў дзед, матчын бацька Васіль Юллянавіч Грынкевіч. Уладзімір Караткевіч у лісце да Максіма Танка ад 27 мая 1956 года* так пісаў пра яго (дастае з канверта лісток): «Які гэта быў цікавы чалавек! Не ведаю, што яму перашкодзіла стаць сапраўдным паэтам, можа, доля сына "дзяржаўнага злачынца", можа, яшчэ што. Праваслаўны, які быў замешаны ў мяцяжы, — гэта ж было вельмі падазрона. Але яго мова — гэта быў каскад досціпаў, прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых, як вясёлка, жартаў... Трэба было паслухаць, як ён распавядае байкі пра нашых пашахонцаў-маркавічан. Публіка рагатала да рэзі ў жываце. Больш за ўсё я шкадую, што ён так рана памёр (не стала дзеда ў ліпені 1945 года, пахаваны ён у мястэчку Карма Гомельскай вобласці), што я быў малы і мала што памятаю, што не запісаў гэткага цуду. Але менавіта ад яго я палюбіў прыроду, гісторыю (ён калісь рабіў раскопкі курганаў і шмат чаго цікавага распавядаў)...».

Гісторык.
Гарадзішча старое на зліве рэк.
Больш як дзесяць стагоддзяў назад
Першы зруб паставіў тут чалавек
I дубовы ўзвёў палісад...
Вядучы.
Быў спякотны дзень.
Пад ценем бяроз
Цэгла сохнула на траве.
Дойлід еў, а сын, што ежу прынёс,
3 белым пухам на галаве,
Без штаноў, хадзіў на крывых нагах,
Еў груднічнік і розную дрэнь,
На жабінае племя наводзіў жах,
Даганяў свой уласны цень.
Вядучая.
Калі б бацька на сына вочы ўзняў,
Ён бы мог пабачыць, што сын
3 асалодаю босай нагою ступаў
На паверхні вільготных цаглін.
I адбітак малой дзіцячай нагі
У аснову крэпасці лёг.
Гісторык.
Шмат разоў прыходзілі варагі
На краіны лясной парог,
Шмат разоў стагнала зямля ад тугі
I ўзрастаў на руінах палын...
Але быў непарушны адбітак нагі
На паверхні сырцовых цаглін.
Сырцовыя цагліны.

Фонам сцішана гучыць "Спадчына".

Настаўнік. Уладзімір Караткевіч ганарыўся яшчэ адным сваяком з боку маці, які ў паўстанні 1863 года камандаваў атрадам і быў расстраляны па загадзе Мураўёва. Караткевіч так удакладніў: "прадзед". Праўда, зрабіў гэта толькі пасля таго, як у Вільнюсе, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР, Генадзь Кісялёў знайшоў і паказаў яму дакументы пра гэтага прадзеда — Тамаша Грыневіча.

Песня сціхае.

Гісторык. А як узрадаваўся Караткевіч, калі потым, у час камандзіроўкі ў Польшчу, Адам Мальдзіс знайшоў у Варшаве рукапісныя "Нататкі паўстанца 1863 года ў магілёўскай турме". Сярод іншых прозвішчаў там упамінаўся і Тамаш Грыневіч. Нават больш, прыводзіўся напісаны ім верш "Песня прыгаворанага да смерці...", дзе выказана цвёрдая ўпэўненасць у тым, што справа свабоды не загіне, пакуль жыве славянская племя.

Мужык.
Біўся з панамі нямала,
На ўсіх наганяючы жах,
Часамі — і без кінжала,
3 адною злосцю ў руках.
Дабрацца б да родных межаў,
Пабачыць бы новы дзень...
Дай глянуць на свет бязмежны,

Лісце аб'еш, алень!

Мне ж не зламаць рукамі,
Я ж не магу стаяць,
А там на тары, за кустамі,
Родная хата мая...
Сястра сядзіць пад калінай,
Абляпілі "маскалікі" пень...
Зрабі прасвет у галінах,

Лісце аб'еш, алень!

Каб хату пабачыць бедную
I неба, дзе бусел ляціць,
Каб могілкі мог я ўгледзець,
Дзе маці мая ляжыць...
Балада пра паўстанца Ваўкалаку.

Вядучы. Пісьменнік згадваў, што з самага ранняга ўзросту цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусь Праз усё жыццё ён пранёс таксама шчырую любоў да роднай прыроды. Напрыклад, адной з кніг, якія ён найбольш любіў у дзяцінстве, было "Жыццё жывёл" А. Брэма.

Беларус.
Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку,
Я іду каля хат і росных садоў.
I са мной размаўляюць звяры і птушкі
На дзесятках і тысячах розных моў.
Ў валасы мае вішні свой снег завеялі,
Мне на вуха шэпчуць абшары ніў;
Маўляў, каго любіш, таго заўжды зразумееш,
У якой бы скуры ён ні хадзіў.
Беларусачка.
Галубы ў ліловых і сініх барвах,
На мяне паглядзеўшы, вуркочуць так:
"— Пр-роста вар-рвар, варвар, стр-рашэнны варвар.

Крыл не мае, а кр-рочыць, крочыць, дзівак".
Певень, палкай падбіты, скача, як конік,
I здзіўленым курам, як зрынуты бог,
Утрапёна крычыць ад болю і гонару:
— "Не па-паў! Не па-паў! Міма ног! Мі-маног!"

Калі ж ноч паплыве над зямлёю мілаю,
Размаўляюць дзве жабы ля соннай ракі:
"Ку-ума, кума, а што ты вячэраць варыла?"
Беларус.
"Боршч, боршч, буракі, бура-кі-кі-кі-кі".
Я, напэўна, таксама здаюся ім зверам,

I яны разважаюць у засені траў:
— "Вось ідзе двухногая птушка без пер'яў
Ці мядзведзь, што шубу ў ламбард заклаў".
Як размаўляюць звяры і птушкі.

Вядучая. У доме Караткевічаў было шмат кніг: "і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае". Яны, праўда, згарэлі разам з хатай у Айчынную вайну...
Мужык.
Устаюць чужынцаў тупыя абліччы.
"Людзі, устаньце! Кнігі!" — Агонь гарыць!
Гуманізм, ён павінен быць ваяўнічым,
Мы павінны кнігі ад куль бараніць!..
Кнігі! Кнігі! Пыльныя, родныя, мілыя.
Голы глянец паперы, што лашчыць далонь.
Ці на тое раджалі вас і расцілі,
Каб на плошчах пажэр вас прагны агонь?!
Слова пра чалавечнасць.

Вядучы.
Чалавек прыходзіць
3-за далёкіх, чужых нам меж
I здзіўляецца:
"Што вы за нацыя,
Хай вас халера,
Што ні дом — сотні кніг!"
Вядучая.
Гэта правільна, дружа,
Іначай бы мы не былі
Ні народам,
Ні нацыяй,
А дзярмом,
Гноем,
Хімерай.
Гэта ведамствы гебельсаў
Толькі хлусілі на нас:
"Дзікуны,
Шайзэланд!"
Вядучы.
Але ў гэтым нялёгкім сусвеце
Мы чытаем,
Мыслім,
Мы дзейнічаем,
Мы.
Разам.
Мы, што больш за ўсіх чытаюць на свеце!
Кнігі.

Гісторык. Дзяцінства Уладзіміра Караткевіча, як і многіх яго равеснікаў, было апалена вайной. Вайна заспела яго ў Маскве. Доўгі час не ведаў, дзе бацькі. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт.
Жанчына ў чорным.
Перад тварам бязлітаснай грознай навалы,
Перад тварам смерці на плоскіх штыках
Дзеці ў чэраве маці ад жаху крычалі,
Бо з'явіліся ў край наш вайна і жах.
Не хацелася дзецям у свет нараджацца,
У жахлівы свет людзей нежывых,
Дзе абвугленыя, сухія акацыі
Плачуць чорным лісцем на вулках крывых.
Ненароджаныя, яны сумавалі
Па пяшчоце бацькоў, што ляжалі ў зямлі,
Па раструшчаных цацках, калысках спаленых,
Па братах, што ў рабства чужынцы вялі.
Слова пра чалавечнасць.

Настаўнік. Хлопчык зведаў голад, холад і ўсе нястачы першых пасляваенных гадоў. Іншы раз было так холадна, "што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы". Але ўсё гэта не заглушыла ў ягонай душы цягі да вершаў.
Паэт.
Павяртайцеся! Вецер мацнее!
Маці кліча, кветка заве!
Для яе я павінен, я мушу
Неўміручыя гукі схапіць.
Ўзяць у рукі "матчыну душу"
I на вершы яе пераліць.
Запісаць старыя паданні,
Усё, што думаў і што жадаў,
I легенды, што на кургане
Сумны явар мне праспяваў.
Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны...
Матчына душа.

Гісторык. Уладзімір Караткевіч, адчуваючы ў сабе незвычайныя творчыя сілы, выношваў задуму стварыць цыкл кніг пра жыццё свайго наро­да на працягу значнага прамежку часу. У 104-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваецца ліст паперы ў лінейку, дзе ён занатаваў назвы тых кніг, якія марыў напісаць і якія маглі б скласці 78 тамоў. На гэтым лісце ёсць памета: "11 гадоў 75 дзён пры катаржнай нагрузцы". Пра тое, што пісьменнік натхнёна і сапраўды катаржна працаваў, сведчаць яго творы...
Мужык.
Добра ўсім. А мая беласнежка
Полем не пройдзе каля лазняка,
Не прабяжыць гэтай цёплаю сцежкай,
Бульбіну не пакачае ў руках.
Позіркам ясным мяне не адорыць,
Поруч з агнём не ляжа ў мурог,
І не папросіць, каб сеў я поруч
I ад бяды невядомай бярог.
I не прыкрыюць вачэй яе сонных
Цёплыя пальцы маёй рукі...
Месяц заснуў на коміне хаты...

Вядучы. Тэма кахання — адна з асноўных тэмаў у творчасці Уладзіміра Караткевіча. Ужо на самым пачатку творчага шляху паэт гаварыў пра ўсёачышчальную сілу інтымнага пачуцця, яго значнасць у жыцці чалавека.
Мужык.
Хай зразумее кожны на хвіліну,
Як незлічоны светаў карагод,
Як лёгка размінуцца з той, адзінай,
Якой чакаеш, можа, сотні год!
Зімняя элегія.

На сцэну выходзяць Юнак і Дзяўчына.

Юнак.
Як Стажары ў небе заззялі,
I ў сяле падаілі кароў,
І з палёгкай палі ўздыхалі, —
Я пад вокны твае прыйшоў.
Ты з хітрынкай сказала, мілая,
Прыкрываючы шыю касой:
Дзяўчына.
"Маці спіць. Я таксама стамілася.
Дарагі, прыходзь раніцой".
Юнак.
Ты казала так цёпла і ветліва,
Я кахаў цябе так даўно...
Я паверыў і раніцай светлай
Пад тваё прыцягнуўся акно.
Зноў з хітрынкаю ты сказала:
Дзяўчына.
"Бач, каровы ідуць на лугі.
Бачыш, маці толькі устала.
Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі".
Юнак.
Я чакаў паўдзённай часіны.
3 неба сонечны пёк агонь.
Я драмаў у хмызах тры гадзіны
На нагах, як стомлены конь.
Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты,
Калі зноў я прыйшоў да сяла
I... нікога не стрэў каля хаты,
Бо каханая ў полі была.
Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі
На даўжэзную постаць маю,
Калі вечарам шэрым і мяккім
Я прыйшоў на сядзібу тваю.
Усміхнулася:
Дзяўчына.
"Нельга вечарам,
Нас заўважаць суседзі ў садках.
Любы мой, дарагі, недарэчны,
Ноч наперадзе. Зоры ў вачах".
Юнак.
Уначы я свіснуў ля хаты,
I з'явіўся цень у акне:
Дзяўчына.
"Я заснула ад стомы праклятай.
Не шкадуеш, будзіш мяне.
Ну і д-добрым ты будзеш мужам...
Не. На вуліцы травы з расой...
Што ты, што ты! Маці нядужая...
Дарагі, прыходзь раніцой".
Юнак.
Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!
Як Стажары ў небе заззялі...

Паэт.
Яна кахае другога,
I як ні падай да ног
Убранага кветкамі бога, —
Ён не ўратуе, бог.
Каб глядзеў я ў вочы іконе,
Як у вочы лепшай з дзяўчын, —
Узялі б мяне ў божае лона,
Узвялі ў апостальскі чын.
Каб бегаў я ў божую хату
Так, як пад хату тваю, —
Мяне б серафімы крылатыя
Жывым пасялілі ў раю.
Над полем месяц двурогі...

Беларус.
Будзьце сведкамі,
Лясныя сілы,
Да апошняга ў гаі ліста,
Што яна калісь сказала:
"Мілы".
Мімаходам.
Лёгка.
Проста так.
Што мне нетры?
Што мне цені смерці?
Што мне змеі?
Толькі ты любі.
Рэчка Папараць.

Спявак выконвае песню "Завушніцы" (верш М. Танка, муз. У. Мулявіна).
Зноў выходзяць на сцэну Юнак і Дзяўчына.

Юнак.
А ў адверстыя дзверы ляпечуць лугі пад вятрыскам,
I няма ім канца, і на іх зелянеюць дубы,
I ля рук маіх цвёрдых так блізка, так блізка, так блізка
Легкакрылыя бровы і вочы, якіх не забыць.
Што рабіць, калі сэрца дурное цябе ўспамінае
I ляціць да цябе праз ляснога пажарышча дым?
Я ж не ведаю нават, кахаеш або не кахаеш,
Помніш часам мяне ці адразу забыла зусім.
Дзяўчына
.
Але жыць не магу без цябе, як засмяглыя травы,
Па якіх сухавеі начамі і днямі ідуць,
Як палі без дажджу, як карэнні без злівы ласкавай,
Як нябёсы без яснай вясёлкі, што цягне ваду.
I трывогай бязмежнаю поўняцца сэрца і грудзі.
Я зрываю рамонак, што вырас з ускраю раллі,
I гадаю з трывогаю: Будзе кахаць ці не будзе?
Прыйдзе дождж ці не прыйдзе на сэрца і ў нашы палі?

Юнак і Дзяўчына трымаюць у руках па рамонку і зрываюць з кветак у час размовы пялёсткі.

Разам.
Будзе! Будзе! Грудзям не стае на хвіліну паветра.
Юнак.
I, узняўшы павекі ў абшары, што вочы сляпяць,
Адчуваю ўсім целам парыў нечаканага ветру,
Заўважаю, што ў далях трывожныя хмары кіпяць.
Дзяўчына.
Б'е далёкі пярун, бы ў клубах наплываючых, чорных.
3 гарлавою пяшчотай бурчыць добразычлівы звер.
Хутка, хутка па лісцях заскачуць халодныя зоры.
Не праходзь стараною.
Я веру! Я веру цяпер!
Юнак.
О  каханая, ты, што вясеннія дорыш світанні,
Ты — пачатак жыцця, што ніколі не будзе канцом,
Не забі мяне градам, дай вільгаць, жыццё і каханне,
Дай мне славіць цябе пад сярэбраным цёплым дажджом.
Засуш.

Юнак становіцца на калена, цалуе дзяўчыну ў руку, адыходзяць абняўшыся.

Беларус.
І тады закахалася хмара...
У паплавы, ад расы прамяністыя,
Іва ўсю Беларусь маю чыстую,
Ў мары бору, ў палёў абшары.
Беларусачка.
I заплакала ад кахання,
І слязою чыстай абмыла
Усе абшары зямлі маёй мілай,
Ўсе калыскі яе і магілы,
Ўсе змярканні яе і світанні.
Мужык.
I пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў, —
Плод кахання бору і хмары, —
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.
I тады закахалася хмара...
Паэт.
О радзіма, мой светач цудоўны, адзіны,
Явар мой, мой агністы снягір на сасне,
Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай,
Што ў душы не хацела і ведаць мяне.
Снягір.

Вакальная трупа выконвае песню "Беларусь мая" (верш С. Сокалава-Воюша, муз. В. Навіцкага).

Настаўнік. Лебядзінай песняй і запаветам стаў для Уладзіміра Караткевіча апошні зборнік "Быў. Ёсць. Буду". Кніга атрымалася цэласнай і гарманічнай. У ёй, як у кроплі вады, выявіўся ўвесь паэт, крыштальна чысты, даверлівы, адкрыты, захоплены жыццём і адначасова мудры, засяроджаны ў сабе, трагічны і гняўлівы, моцна ўлюбёны ў родную зямлю. Ва уступным слове да зборніка Рыгор Барадулін зазначыў: "Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам твор­цы паказаў узор служэння Радзіме, Народу, Мове".
Вядучая. Так, менавіта следам за Уладзімірам Караткевічам мы з гонарам і з пачуццём уласнай годнасці называем наш дарагі беларускі край "Зямлёй пад белымі крыламі", белымі крыламі буслоў...
Гісторык.
Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою
На зарослыя пальмамі берагі,
Раскажыце, што над вялікай ракою
Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх.
Мужык.
Што бязмерным гонарам я ганаруся,
I мацнее штодзённа мая любоў,
Бо скупая зямля маёй Беларусі
Не раджала рабоў і не мела рабоў...
Жанчына ў чорным.
Перамогшы ў палёце прастор акіяна,
Паміраюць яны у абдымках вод,
Як памёр Рафаэль у абдымках каханай,
Што кахаў безнадзейна дванаццаць год.
Буслы вучаць дзяцей.

Паэт. А дома пад белымі крыламі буслоў мы можам бачыць:
Вядучы.
На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым,
Дзе з пагардай цягнік двойчы ў дзень праляціць,
Ў простай хаце, пускаючы горкія слёзы,
У калысцы будучы Колас ляжыць.
Вядучая.

Там, дзе хрыпла рыкаюць днём спякотным каровы,
Там, дзе ў прысаку хлопчыкі бульбу пякуць, —
Дваццаць першага веку галапузы Бетховен
Бацькаў кубак шпурляе, каб звон пачуць.
Жанчына ў чорным.

А ў вёсцы глухой, на траўцы зялёнай,
На задворках сядзібы, ля самай ракі,
Адсцябаны Шаляпін басам шалёным
Лямантуе з-пад матчынай жорсткай рукі.
Мужык.
О, як трэба шукаць на шляхах чалавека,
Як любіць, берагчы, не крыўдзіць яго,
Каб пабачыць славу наступнага века
У сэрцы сціплага сына суседа свайго!
На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым...

Паэт.
І я веру ў хрышчаны бомбамі
Мой крывавы, мой страшны час.
Ў ім цяжка раслося калоссям,
I на большым абшары зямлі
Раскашней паршыўцам жылося,
То адкуль жа Людзі былі?
Тыя, што за радзіму,
За людства, праўду і нас,
Тыя, што за адзіную
Паміралі літару "аз".
Ваявалі ўпарта са змеем,
Карчавалі ўпарта ляду, —
На іх у мяне надзея
Ў час апошні, калі адыду.
Няхай іх душа жывая
Пакуль што не знішчыла снег.
Яны мяне пахаваюць,
Лепшыя за мяне.
Ёсць імгненне жыцця і імгненне смерці,
I імгненне веры ў вечнасць жыцця.
Я імгненне жыву і памру на імгненне,
I ў думцы і ў слове маім аджыву.
Мой век.

Настаўнік. Незадоўга да сваёй смерці (не стала пісьменніка 25 ліпеня 1984 года) ён, нібы развітваючыся, наведаў блізкія і дарагія мясціны. З'ездзіў у Рагачоў, у Кіеў, у Вязынку. 12 ліпеня накіраваўся з сябрамі ў падарожжа па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна і адкуль ён вярнуўся 20 ліпеня ў Мінск.
Мужык. А перад гэтым, у маі, закончыў складанне і вычытку зборніка паэзіі "Быў. Ёсць. Буду". Як у жыцці, так і ў літаратуры быў рыцарам сумлення і свабоды, высакародным рыцарам духу. Але... чаму быў? Ён ёсць, ён будзе!

Беларус.
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца мае распята
За ўсе мільярды двухногіх...
Беларусачка.
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
3 рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
Юнак.
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
3 яе усмешкаю ветлай,
I ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —
Храм наш агульны і светлы.
Дзяўчына.
А калі ён горда заззяе ў зеніце —
Непарушны — ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.
Апошнюю.
Болей не трэба.
Жанчына ў чорным.
I няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць
На граніце любові
На граніце світанку,
На граніце велічы вашай.
Быў. Ёсць. Буду.
Паэт.
Калі пайду з юдолі гора,
Не скончыўшы найлепшы сказ,
То божы свет мяне паўторыць,
Як паўтараў ужо не раз.
Як моры, зоры і азёры,
Якія ў вечнасць забяру.
Свет шчодры,
Свет мяне паўторыць...
Ну, а не Свет,
Дык Беларусь. —
Мне досыць.
Беларус.
Радок бяззбройны і бясспрэчны
Беларусачка.
Слабым — адзіна верны шчыт.
Усе разам.
I не знікаць Паэтам вечна,
У вечнай Песні жывучы.
Радок бяззбройны і бясспрэчны.


Яшчэ на гэту тэму:

Гульня «Шчаслівы выпадак»     "Быў. Ёсць. Буду"