сцэнарыі святаў на беларускай мове

Светлана ПЕТРЫМАН, намеснік загадчыка па АД, ДУА «Яслі-сад г.п.Мір», Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць. Пралеска Лістапад 2011 г.

Шчадрэц

Сцэнарый свята для дзяцей старэйшай групы

Сярод усіх святаў і прысвяткаў асаблівае месца адводзіцца калядным, навагоднім. Яно і зразумела: выпеставаныя ў народзе стагоддзямі звычаі і абрады маюць сакральны сэнс, тану жывуць і перадаюцца з пакалення ў пакаленне як адмысловая традыцыя. Адметнасць іх яшчэ і у тым, што ладзіцца святкаванне і ў сям’і, і ў горадзе, і ў вёсцы, а яшчэ — у дашкольных установах, школах, іншых вучэльнях, на працы. Бо як сустрэў новы год, так яго і пражывеш. Ці так гэта — насамрэч залежыць толькі ад нас саміх!
Спадзяемся, матэрыялы Святланы Петрыман і Алеся Зайкі дапамогуць вам, калегі, весела і запамінальна сустрэць з выхаванцамі 2012-ты год.


Куток залы дэкарыраваны пад вясковую хату. У ёй за сталом сядзіць гаспадыня (дарослая), матае ніткі з верацяна на клубок.
Выходзяць зазывалы (дзеці).

1-шы зазывала.
Добры вечар добрым людзям!
Віншуем з Новым годам!
3 Новым годам і ўсім родам!
Са святачкамі! 3 Калядачкамі!
2-гі зазывала.
Стаіць церам вышэй за палацы,
А ў тым цераме — тры акенцы:
Першае — ясны месяц,
Другое — чырвонае сонца,
Трэцяе — дробныя зоркі.
Ясны месяц — пан Васіль,
Чырвонае сонца — яго жонка,
Дробныя зоркі — яго дзеці.
1-шы зазывала.
Запрашаем вас да іх на Шчадрэц!
Хто ў госці загляне —
той малайчына!
Каўбаскай пачастуецца,
куцці паспрабуе
Ды з песнямі, гульнямі пасвяткуе!

Зазывалы разыходзяцца ў розныя бакі і пакідаюць залу. На сярэдзіну залы выходзіць хлопчык Пятрок.

Пятрок.
Я — малы хлопчык, узлез на ўслончык
У дудачку граці, Хрыста забаўляці.
Дзеці селі есці, а мне недзе сесці
Я — хоп за пірог і ўцёк за парог.
Мяне дзеці дагналі, за чубок надралі,
Пірог адабралі.
Пайду да таткі Васіля пірага папрашу (заходзіць у хату).
Гаспадыня (звяртаецца да хлопчыка). Ой, гарэза, дзе ж ты быў? Што ты бачыў, што рабіў?
Пятрок. Матулечка, я па вуліцы налятаўся, вельмі прагаладаўся. Хачу падсілкавацца, каўбаскай пачаставацца. А што гэта ты робіш?
Гаспадыня. Пацярпі крышку. Хутка за стол усе разам сядзем. А я ніткі ў клубочкі звіваю. Бачыш, колькі многа клубочкаў, цалае рэшата! Гэта каб бульба сёлета ў нас добра ўрадзіла.
Пятрок. А дзе тата і Аленка?
Гаспадыня. Яны па сена пайшлі. Трэба ж святочны стол накрываць, куццю з печы даставаць.

Заходзіць у залу гаспадар Васіль (дарослы) і дзяўчынка Аленка (дзіця), нясуць сена.
Гаспадар. Абрус рассцілайце, куццю даставайце. Будзем багатую куццю спрабаваць, Новы год сустракаць.
Гаспадар на стале рассцілае сена, гаспадыня зверху стол накрывае белым абрусам.
Гаспадар. Матуля, ты тут стол накрывай, а мы з дзецьмі пойдзем сад абвязваць.
Аленка. Тата, а навошта яго сёння абвязваць?
Гаспадар. Таму што ёсць такая прыкмета: калі на шчодрую куццю нявымалачанай саломай дрэвы абвязаць, дык яны дадуць столькі пладоў, колькі зярнят у каласах.

Падыходзяць да дрэва (макет), гаспадар абвязвае яго.

Гаспадар.
Дай, Божа, каб яблынька зеляненька цвіла
Ды белым цветам, ды шырокім лісцем,
Дачакалася вясны ды цёплага лецечка,
Ды ўрадзіла, ды дзетак маіх карміла!
Дзеці і гаспадар кланяюцца дрэву і вяртаюцца ў хату.
Гаспадар. А цяпер, дзеткі, бярыце галінкі дуба і ўтыкайце ў вокны і дзверы.
Пятрок. А навошта гэта, татка?
Гаспадар. Каб гаспадарка наша была моцная і здаровая, як дуб.
Утыкаюць прыгатаваныя галінкі.
Гаспадар. Дай, Божа, у полі — ядром, у двары — дабром, на лузе — стогам, на гумне — капамі, у клеці — карабамі, у печы — пірагамі.
Гаспадыня. Ну, сядайце куццю багатую спрабаваць, Новы год сустракаць.
Гаспадар. Трэба Мароза куццёй пачаставаць, каб не марозіў ён ні нашых палеткаў, ні малых дзеткаў.
Гаспадар кладзе лыжку куцці на талерачку, падыходзіць да вакна, стукае.
Гаспадар. Мароз, Мароз, хадзі куццю есці. Частуйся, наядайся, ды за шчокі не кусайся.
У гэты час заходзяць у залу госці (дзеці) з каляднаю зоркаю, з «Казою» (дзіця), спяваюць песню «Святыя Калядкі».

Святыя Калядкі да нас прыйшлі,
Зорка з Бэтлегэму запаліла агні.
Прыпеў:
Святыя Калядкі, бліны ды а ладкі,
Куцця на стале, Каляда на дварэ.
У вялікай куцці падсохлі вярхі,
Вячэрай здымай і курам аддавай.
Прыпеў.
На першую лыжку мароз запрашай.
Табе ён спрыяе багаты ўраджай.
Прыпеў.
Багатай куццёй
«Шчодры вечар» спявай,
За добрыя песні ласункі збірай.
Прыпеў.
Багатай куццёй ты свой лес запытай,
Каляднае шчасце свае забірай.
Прыпеў.
Святыя Калядкі да нас прыйшлі,
Зорка з Бэтлегэму запаліла агні.
Прыпеў.

1-шы госць. Добры вечар у Вашу хату! Жадаем жыці вам багата!
2-гі госць. Шчадравала, шчадравала, пад акенца заглядала. Што суседка напякла, прынясі нам да стала.
3-ці госць. Шчадрую, шчадрую, каўбаску чую. Святы вечар добрым людзям!
4-ты госць. А ў гэтай хаце ёсць што даці? Сам пан ходзіць і жыта ў яго родзіць.
Гаспадар. Добры вечар, госцейкі! Праходзьце, калі ласка і Раскажыце, дзе бывалі, што бачылі, каго страчалі.
5-ты госць. Шмат мы дзе бывалі, мех дабра нашчадравалі. I да вас вось завіталі.
Госць-павадыр. Мы ад хаты да хаты ідзем і Казу з сабой вядзем. Каб у кожнай хаце было багацце, каб скаціна вадзілася і пшаніца радзілася і Гаспадар, падаруй нам з клеці — рэшатам, а з печы — пірагом.
Гаспадыня. Пачакайце, пачакайце. Мы паглядзім, з чым вы да нас прыйшлі. А потым вырашым, чым вас пачаставаць.
6-ты госць. Мы прыйшлі да вас са шчадроўкаю ды з каляднаю зоркаю. Каб добрымі былі ў вас каровы і самі вы былі здаровы!
7-мы госць. Каб козы ў вас мэкалі, а бараны — бэкалі! Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва!
8-мы госць. Каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі!
Госць-павадыр. Сто гадоў жывіце, дзетак расціце! Мы прыйшлі да вас з Казой шэрай ды вельмі смелай.
Гаспадыня. Хай ваша Каза пакажа, што ўмее. Няхай паскача, патанцуе, капытамі падлогу пабарануе.

Госці спяваюць песню, «Каза» танцуе.

Го-го-го, Каза, го-го-го, шэра,
Дзе рожкі дзела?
— На соль праела.
Го-го-го, Каза, го-го-го, шэра,
Дзе Каза бывае, там шчасце чакае.
Го-го-го, Каза, го-го-го, шэра,
Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць.
ІЬ-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Дзе Каза нагою, там жыта капою.
ІЬ-го-го, Каза, го-го-го, шэра,
Дзе Каза хвастом, там жыта кустом.
Го-го-го, Каза, го-го-го, шэра,
Дзе Каза рогам, там жыта стогам.
Госць-павадыр. Ну-тка, Козанька, расхадзіся. Па ўсім двары разгуляйся-паскачы, гаспадароў барадою паказычы.
«Каза» скача, махае барадой, потым падае на падлогу.

Госць-павадыр. Што гэта стала? Мая Каза упала, ссохла-прапала. Нясі, гаспадынька, кусок сала, каб Каза устала.
1-шы госць. Нясі мерку аўса, каб Каза пайшла.
2-гі госць. Нясі мерку жыта, каб Каза была сыта.
3-ці госць. Нясі каўбасу, каб вылечыць Казу.
4-ты госць. Нясі яек сіта, каб Каза устала на капыты.
Гаспадыня (частуе «Казу»). На, Козачка, падсілкуйся, стравамі смачнымі пачастуйся.
Госць-павадыр. Вось Козачка і устала, адразу ўсім весела стала.
Гаспадар. Ну-тка, Козанька, не ляніся, з гасцямі разам пагуляй-павесяліся. Давайце, госці даражэнькія, у гульню пагуляем, якая называецца «Каза-бадуля».

Гульня «КАЗА-БАДУЛЯ»

Пасярод залы на падлозе ляжыць абруч — домік Казы. Дзеці падзяляюцца на дзве групы. Адна група жыве ў «доміку» на адным баку залы, другая — у «доміку» на другім канцы. Месца паміж двума дамамі называецца полем. Дзеці размяшчаюцца ў сваіх «дамах», і пачынаецца гульня.
Каза зірне направа, зірне налева і крыкне: «Хто мяне баіцца?» А дзеці адказваюць: «Ніхто!»
Пасля адказу дзеці перабягюць са свайго «дома» ў другі цераз «поле». Бягуць і задзірыста падражніваюць Казу: «Каза-бадуля, калматая рагуля! Рожкі крывыя, ножкі слабыя!». Каза выскоквае са свайго «дома» і ловіць дзяцей. Трэба старацца выкруціцца ад Казы. Той, каго Каза схопіць, становіцца яе памочнікам і разам з Казой ловіць іншых. Так працягваецца да таго часу, пакуль усе не будуць злоўлены. Дзеці могуць забягаць у свой «дом», каб адпачыць, але заставацца там доўга нельга.

Госць-павадыр. Каза мая стамілася, пад плот павалілася. Дайце ёй кваску мядовага ды сенца шаўковага!
5-ты госць. Ды і нас, гаспадынька, пачастуй!
Гаспадыня. Каза пачастункі зарабіла, цяпер і вы зарабіце. Адгадайце мае загадкі.

Маленькі, кругленькі, можна зматаць, а за хвост возьмеш — не падняць. (Клубок.)
Сядзіць ткач у куточку, тчэ нітку на станочку. Нітак многа, а ў клубок не зматаеш. (Павук і павуціна.)
Скача гаспадар па падлозе на адной назе. Гасцей у кучу збірае ды вон выганяе. (Венік і смецце.)
Не брэша, не кусае, а ў хату не пускае. (Замок.)

Гаспадар. А вось я хачу ад вас, госцейкі, пачуць, нашто на Каляды пад абрус сена кладуць? А ну адгадайце! Хто правільна адкажа, таму гаспадынька салам губы памажа!
Гучаць розныя версіі, нехта адказвае правільна. (Каб лепшы ураджай быў на наступны год.)

Гаспадыня. Праўда, праўда, такі калядны звычай: чым даўжэйшая трава, тым лепшы ўраджай будзе.
Гаспадар. Пляскайце ў ладкі, адгадалі ўсе загадкі! Атрымайце пачастункі — смачныя гатункі.
Гаспадыня. Гой, ладачкі-ладкі! Надышлі Калядкі!
Надышлі Калядкі! Напяклі аладкі!
Мы надралі таркаю
Дранікі духмяныя.
Хочаш — еш са скваркаю,
хочаш — са смятанаю.
Аленка.
Вось вам, калі ласка, з жэрдачкі каўбаска!
Вось кавалак пірага, каб не брала вас туга.
Пятрок.
Гой, ладачкі-ладкі! I мядок салодкі
Ды лясной гарбаткі нальем у сподкі.
I запахне рутай, верасам, чаборам,
Каб зімою лютай вам не знацца з горам.
Гаспадар.
Бярыце з талеркі лізунцы, цукеркі!
Цешце сябе, цешце, галубкі-галубкі.
Ешце уволю,
ешце ды не псуйце зубкі.
Гаспадыня.
Бохан — поўняй яснаю,
яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё з уласнае нашай гаспадаркі.
Гаспадар.
А ў гэтым сагане калядная куцця,
А з ёю цэлы год заможнага жыцця!
1-шы госць. Дзякуй, гаспадары! Жывіце ў згодзе і багацці, каб ў вашай хаце заўсёды было чаго даці!
2-гі госць. Дзякуй гэтаму дому! Пара нам ужо ісці к другому!
3-ці госць. Шчодрых гаспадароў трэба ўшанаваці, на развітанне ім песню праспяваці!

Усе разам спяваюць песню-шчадроўку «На нова лета».

Песня «На нова лета».

На нова лета няхай родзіць жыта,
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жыта, пшаніца, усякая пашніца!
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жадаем табе, пане гаспадару,
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Мядок варыці, сыноў жаніці,
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Масла збіраці, дачок аддаваці.
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жыці у багацці, згодзе і шчасці.
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жыці-бываці, горачка не знаці.
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Калядоўшчыкі выходзяць з залы.


Гаспадар. Ну вось, госцейкі нашыя пайшлі. Вам, дзеткі, пара класціся спаць, каб сны добрыя прысніліся. А мы пойдзем да суседзяў, пашчадруем ды павіншуем іх з Новым годам!



Яшчэ на гэту тэму:

Рады вас вітаць, з калядамі віншаваць!     Ніжнечарніхоўскія калядкі