сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. М. СІНКЕВІЧ, настаўніца ДУА «Беняконская сярэдняя школа» Воранаўскага раёна. Беларуская мова і літаратура 7/2017

«Сячэ душу мне бліскавіц агонь...»

Сцэнарый літаратурнай вечарыны, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Пімена Панчанкі (для вучняў VІІІ—X класаў)

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Любімы паэт. Сустрэча з ім, яго творамі заўсёды жаданая. Сёння ўвесь вечар з намі будзе паэзія Пімена Емяльянавіча Панчанкі, выдатнага мастака слова, які адзначаны высокім званнем народнага паэта Беларусі.
Другі вядучы. За што мы любім паэзію Пімена Панчанкі? За нестандартнасць думкі, за даверлівую шчырасць і адкрытасць, глыбіню лірычнага перажывання. Калі слухаеш ці чытаеш яго творы, здаецца, што паэт звяртаецца менавіта да цябе, выказвае свае і твае самыя запаветныя думкі і пачуцці.
Першы вядучы. Паэзія П. Панчанкі — эмацыянальна насычаная, гуманістычная, філасофская. У ёй усё скіравана на сцвярджэнне адвечнай прыгажосці жыцця, народных ідэалаў. Паэт хваляваўся пра стан і лёс беларускай мовы, непакоіўся пра будучыню дзяцей, сучасную моладзь, заклікаў да маральнага ачышчэння, духоўнага ўзвышэння. «Без чалавечнасці не будзе і вечнасці». Гэтыя словы паэта — дэвіз яго жыцця і творчасці, покліч нашага часу.
Другі вядучы. Сотні маланак-бліскавіц «балюча сякуць душу» паэта, бо ён не быў раўнадушным і адчуваў сябе адказным «за ўсіх і ўсё». Ён выносіў на абмеркаванне самыя набалелыя праблемы. Запрашаў да роздуму, дыскусіі, дыялогу. 3 трывогай паэт рэагаваў на адмоўнае ў жыцці, ён імкнуўся сумленна адказаць на пытанні «Што гэта? Сэрцы ў людзей агрубелі? Адкуль такая чэрствасць? Хто вінаваты? Дык што засталося ў душы? Дык хто мы? Адкуль хлусня, несправядлівасць, абыякавасць? Чаму ты абкрадаеш сябе, чалавек? Дзе шукаць роднае слова? Што з табою, прырода-маці? Што нашчадкам пакінем?».
«Чаму? Чаго? Навошта? Як?» — гэтыя пытанні не давалі спакою паэту, вярэдзілі ягонае сэрца.
Ціха гучыць музыка.
Першы вядучы. Народны паэт Беларусі Пімен Емяльянавіч Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Таліне.
Другі вядучы. Так, у Таліне, у Эстоніі. У аўтабіяграфіі паэт успамінаў: «Задоўга да імперыялістычнай вайны мае бацькі — беларускія сяляне — паехалі ў Прыбалтыку ў пошуках заробку і пачалі працаваць на суднабудаўнічым заводзе ў Рэвелі, там я і нарадзіўся».
Першы вядучы. У 1920 годзе сям’я вярнулася ў родную Беларусь, у мястэчка Бягомль.
Другі вядучы. «У мястэчку Бягомль, — успамінае паэт у аўтабіяграфіі, — у дрымучых лясах прайшло маё маленства».
Першы вядучы. У 1934 годзе закончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску, у 1939 — Мінскі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у школах Кіраўскага раёна на Магілёўшчыне.
Другі вядучы. Першыя вершы з’явіліся ў 1933 годзе. Ранні псеўданім Пімена Панчанкі — Алесь Загорны. Першая кніга вершаў «Упэўненасць» выйшла ў 1938 годзе, яшчэ адзін даваенны зборнік называецца «Вераснёвыя сцягі» (1940).
Першы вядучы. Быў прызваны ў Чырвоную Армію. Вызваляў Заходнюю Беларусь. Пасля вайны працаваў у рэдакцыях часопіса «Вожык», газеты «Літаратура і мастацтва», узначальваў часопіс «Маладосць».
Другі вядучы. Пімен Панчанка — аўтар больш як 20 паэтычных зборнікаў. Сярод іх — «Гарачыя вятры», «Прысяга», «Чатыры кантыненты», «Дзе начуе жаўранак», «Крык сойкі», «Вячэрні цягнік», «I вера, і вернасць, і вечнасць», «Горкі жолуд», «Высокі бераг».
Першы вядучы. Пімен Панчанка — аўтар кнігі літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «На паэтычным небасхіле». Вядомы ён і як перакладчык. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Пракоф’ева і інш.
Другі вядучы. Вершы П. Панчанкі перакладзены на рускую, украінскую, таджыкскую, літоўскую, нямецкую, італьянскую, французскую мовы. Пімен Панчанка — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.
Першы вядучы. Паэзія Пімена Панчанкі — гэта свет прыгажосці, дабрыні, чалавечнасці і мудрасці. У яго паэтычным свеце «ёсць свая баравіна», свой лес. Ён шуміць, пяе, гамоніць, кукуе, перагукваецца, гудзе, грозна маўчыць.
Другі вядучы. Увойдзем разам у беларускі лес, паслухаем, памаўчым. Падзівімся на зялёныя свечкі, што запаліла на соснах зарніца, зірнём на абмытую расой пралеску, пакрочым туды, дзе клякочуць буслы, дзе цвітуць так нечакана цудоўна нават крапіва і дзядоўнік.
На сцэне дзяўчаты ў вянках, некаторыя яшчэ іх звіваюць, дзяўчына варожыць на рамонку. Маладзіцы садзяцца на разасланы дыван, усміхаюцца, перашэптваюцца.
Xлопец (нібы ўголас разважае, чытаючы ўрывак з верша «Хадзіў я па лесе і сведчу...» ).
Хадзіў я па лесе і сведчу:
Ад звонкіх аглух галасоў.
На соснах зялёныя свечкі
Зарніцай запалены зноў.

Ды што старасвецкія свечкі!
Інакшы агонь той лясны:
Бушуе зялёная вечнасць,
Бясконцасць жыцця і вясны.

Першы чытальнік (выконвае ўрывак з верша «Вясною» ).
На паляне ў светлым пералеску
Расцвілі налітыя расой
Сінія падснежныя пралескі
Пад аховай урачыстых хвой.
.............................
Пах смалісты п’ю і не нап’юся,
I пад гром птушыных галасоў
Да бярозы белай прыхінуся, —
Буду прагна піць салодкі сок.

Перад чытаннем наступнага верша гучыць запіс спеву птушак.
Другі чытальнік (выконвае верш «Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае...» ).
Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае,
I просіць засмяглая кнігаўка піць.
3 драздом і удодам, заранкай і пліскаю
Святлей, чалавечней нам жыць і любіць.

А як салаўі працінаюць наскрозь нас,
А як перапёлкі у жыце крычаць.
А птушкі пяюць то пяшчотна, то грозна,
I ў роздуме добра тады памаўчаць.

У цёплым бары і на сінім узмор’і
Без тлуму птушынага свет бы аглух.
Чаму ж вылучаем з птушыных сузор’яў
Мы двух, не найлепшых, не горшых, а двух.

Хто птушку пакрыўдзіць —
Той сам сабе здрадзіць.
Жыццём і бацькамі завешчана нам:
Адкласці ўсе справы вясною, а зладзіць
Шпакоўні шпакам, а буслянкі буслам.

Патрэбна штодзённая людзям руплівасць
I песня, каб лашчыла сонца і слых.
Каб дзеці вяліся, каб лад быў шчаслівы,
А гэта прыносяць у хаты буслы.

(Трэці, чацвёрты і пяты чытальнікі выконваюць верш «Буслы, буслы...» ).
Трэці чытальнік.
Калі лятуць чароды птушак з поўдня,
Аднойчы настае бусліны час.
Прастор дзіцячым крыкам перапоўнен:
— Буслы, буслы...
Вясна прыйшла да нас!
*
Хлусня, што пад капустаю знаходзяць
Малых,
I ты забудзь пра гэты слых.
Нам,
Каб жыла сям’я у добрай згодзе,
Дзяцей прыносяць белыя буслы.

Чацвёрты чытальнік.
Дзіця і бусляня.
I сонечны сланечнік.
Як добра ім на хвілю падружыць.
I кожны з іх
I вечна, і сардэчна
Імгненнем гэтым будзе даражыць.
*
Ёсць добрае буслінае каханне.
Буслянка — гэта школа выхавання:
Як жыць, дружыць I ў вырай адлятаць...
I нам з буслоў не сорам прыклад браць.

Пяты чытальнік.
Няма радзімы без бацькоўскай хаты;
Бусліны клёкат — гэта родны дом;
Ты будзеш жыць шчасліва і багата,
Калі над хатай — буслава гняздо.
*
А летнім днём блакіт нябёс бясконцы
I воблакі — мелодыя без слоў,
I над зямлёю роднай наша сонца,
I крылле прамяністае буслоў.
*
Буслы да нас вясною зноўку вернуцца,
Як на зямлі прадзюбнецца трава.
Без чалавечай і буслінай вернасці
Няма ні дабрыні, ні хараства.

Гучыць мелодыя песні «Тапаліны звон» (верш П. Панчанкі, муз. В. Іванова). На яе фоне чытаецца верш «Тапаліны звон».
Шосты чытальнік.
Я першы раз пачуў твой смех
На ціхай тапалінай сцежцы.
Бялюткі пух, як цёплы снег,
I цэлы свет — твая усмешка.
Ты — зорны тапаліны сон,
Мне ноччу кожнай сніцца ён.
Мне мала сноў,
Ты знікла зноў,
На зямлі
Сумны звон тапалёў.

А лівень падае ў траву,
Твой лёгкі светлы след змывае.
А я адной табой жыву,
Адну, адну цябе кахаю.
Пах тапаліны на губах,
Ты ўся, як тапаліны пах.
Зямлю прайду,
Цябе знайду.
Не згублю,
Бо цябе люблю.

Не страшны боль, не страшна смерць,
Страшней застацца без кахання,
У адзіноце анямець,
Любімай не пачуць дыхання.
Прашу: заўсёды будзь са мной
Вясной, і летам, і зімой.
Я разганю тваю бяду
I з табой
Па жыцці прайду.

Першы вядучы. У Пімена Панчанкі ёсць цудоўныя паэтычныя вобразы. Яны нярэдка набываюць значэнне сімвалаў, насычаны філасофскім падтэкстам — гэта лес, жыта, сонца. Зорнае бяздоннае неба. Воблакі, вясна, навальніца з перунамі і бліскавіцамі, дарога.
Другі вядучы. «Ад першага слова “мама” пралегла многа дарог», — сказаў Пімен Панчанка. Шмат пахадзіў і паездзіў ён і па родных аселіцах, і па сцежках далёкіх краін. «Шмат паездзіў па планеце», — прызнаецца паэт, але найдаражэйшай заўсёды была для яго дарога дадому.
Першы вядучы. Сярод тых дарог, што глыбока запалі ў памяць, ёсць дарога вайны. Адзін з ваенных вершаў Пімена Панчанкі так і называецца — «Дарога вайны». (На словах «дарога вайны» ціха гучыць мелодыя ваеннай песні.)
Сёмы чытальнік (выконвае ўрывак з верша «Дарога вайны» ).
Перад вачмі пажар вялізарны,
Густы, цяжкі ваенны дым.
На паясы дарог нанізаны
Палаючыя гарады.
..............................
Дарога сталлю разварочана,
Абвален мост на дно ракі;
Ляжаць маўкліва на абочынах
Бязногія грузавікі.

Брыдуць натоўпы за натоўпамі,
На спінах — клункі, як гарбы.
Нібыта з веку дапатопнага
Сівую вывалаклі быль.

Тады мы першы раз заўважылі,
Як шмат у кожнага дабра.
У жыта кідалі паклажу мы —
Ўсяго з сабою не забраць.

Ішлі на ўсход шляхамі белымі,
Дзялілі напалам бяду,
3 канаў рукамі агрубелымі
Рудую чэрпалі ваду.

Мы ведалі: вайне-грабежніцы
Не пакасіць нас, не пажаць.
Лепш будзем век бадзяцца ў бежанцах,
Але не скутымі ляжаць...

Другі вядучы. Сыноўскі несціханы боль па паланёнай фашыстамі Беларусі прарос тады словамі, падобнымі да малітвы:
Краіна мая, радасць мая,
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае.
...........................
Топча, катуе тваю зямлю
Вылюдак ашалелы.
Я кроў да апошняе кроплі пралью,
Каб толькі табе палягчэла...
(Урывак з верша «Краіна мая».)

Першы вядучы. Ваенны карэспандэнт Пімен Панчанка плённа працаваў у франтавых газетах «За свабодную Беларусь», «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў таксама з сатырычным выданнем «Партызанская дубінка», газетай-плакатам «Раздавім фашысцкую гадзіну». Фельетоны, сатырычныя вершы, прыпеўкі Пімена Панчанкі былі вельмі папулярныя сярод беларускіх партызанаў. Сатырычнае слова паэта ўздымала баявы дух, мацавала веру ў перамогу, гучала задзірыста, звонка, пагрозліва.
Другі вядучы. На дарогах вайны сталеў, гартаваўся талент Пімена Панчанкі, ва ўсёй непаўторнасці выяўляліся лепшыя асаблівасці яго паэзіі. Яна стала больш строгай, стрыманай, псіхалагічна заглыбленай, незвычайна багатай па інтанацыях, то гнеўных, поўных праклёнаў фашыстам, то балюча задуменных, поўных пяшчоты да знявечанай роднай зямлі. Паэт выказвае ёй пранікнёныя словы адданасці, любові, падтрымкі.
Першы вядучы (выконвае ўрывак з верша «Зварот» ).
Асушу твае слёзы,
Залячу твае раны,
Кожны ліст твой распраўлю рукою
старанна.

Узніму з папялішчаў твае гарады я,
Насаджу каля вёсак сады маладыя,
Каб ты вечна цвіла
I у шчасці расла,
Дарагая мая Беларусь!

Другі вядучы. «Слова Пімена Панчанкі, — адзначаў вядомы беларускі даследчык Варлен Бечык, — творыцца ў атмасферы абсалютнай маральнасці і безагляднай шчырасці — без выхвалення і какетлівасці, асцярожнай аглядкі і разліку».
Восьмы чытальнік (выконвае ўрывак з верша «Труба» ).
Селі на народны карак:
Спекулянты,
Жмінды,
Самалюбцы,
Дармаеды,
Дзермаеды,
Душагубцы,
Халуі I халуіхі,
А народу ліха!
Хто арэ,
А хто глотку дзярэ.
Не разбярэшся,
Хто тут лёкай,
Хто князь.
Гэта клан,
Гэта клас,
Гэта гразь...

Мы стаміліся ад хлусні,
Мы стаміліся ад пустаслоўя.
Праўду можна было толькі сніць
На зямлі, што паліта кроўю.

Першы вядучы. Паэзія Пімена Панчанкі — «мужная, сумленная, даверліва-спавядальная і актыўна-наступальная... Тут побач і разам — усмешка, самотны ўздых, палемічная нота, гнеўная інтанацыя, радасная акрыленасць», вера і вернасць.
Другі вядучы. Вера ў Радзіму, вернасць Радзіме. «Заўсёды і ўсюды, — піша паэт, — у сэрцы маім малітва адна — Айчына» («Маўклівая малітва»).
Першы вядучы.
Радзіма, любоў мая светлая!
Другі вядучы.
Зямля бацькоў, зямля святая!
Першы вядучы.
Ты, Беларусь, мая радзіма.
Краса, і гордасць, і любоў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. 3. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. — 2-е выд., перапрац. і дап. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2016. — 304 с.
Бечык, В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё / В. Бечык // Бечык, В. Выбранае : літ.-крытыч. артыкулы. — Мінск : Маст. літ., 1989. — С. 211—218.
Панчанка, П. Горкі жолуд : вершы / П. Панчанка. — Мінск : Маст. літ., 1988. — 63 с.
Панчанка, П. Жытнёвы звон : выбранае / П. Панчанка ; уклад. 3. К. Панчанкі. — Мінск : Маст. літ., 2002. — 335 с.
Панчанка, П. Збор твораў : у 4 т. / П. Панчанка. — Мінск : Маст. літ., 1983. — Т. 4. — 366 с.
Панчанка, П. I вера, і вернасць, і вечнасць : вершы / П. Панчанка. — Мінск : Маст. літ., 1986. — 111 с.
Панчанка, П. Прылучэнне : вершы і паэма / П. Панчанка. — Мінск : Маст. літ., 1987. — 622 с.