сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ніна БАЛОННІКАВА, намеснік дырэктара Гомельскай дашкольнай гімназіі “Праменьчык”. Пралеска 6/1996г.

Цікавае пра птушак

Сцэнарый прыродазнаўчай віктарыны з удзелам дзяцей і бацькоў

Гучыць музыка. Вядучыя запрашаюць дарослых і дзяцей у залу.

Першы вядучы. Зараз усе мы станем сведкамі і балельшчыкамі цікавай гульні-віктарыны паміж бацькамі і дзецьмі.
Другі вядучы. Нашы выхаванцы добра да яе рыхтаваліся: вывучылі шмат вершаў пра прыроду, адгадвалі і прыдумвалі загадкі, слухалі самыя разнастайныя апавяданні аб жывых істотах, збіралі матэрыял для скарбонкі “Усё пра прыроду”, займаліся ў экалагічным пакоі, хадзілі на экскурсіі і г. д.
Першы вядучы. Але і бацькі не былі пакінуты па-за ўвагай. Для іх мы афармлялі выставы мастацкай і прыродазнаўчай літаратуры на самыя разнастайныя тэмы. Бацькі—заўсёды нашы госці на святах, забавах. Многія з іх—добраахвотныя ўдзельнікі нашых гурткоў.
Другі вядучы. Умовы нашай віктарыны незвычайныя.
Па-першае, кожная каманда можа разлічваць на падтрымку балельшчыкаў. Гэта будуць натхняючыя песні, танцы, вершы.
Першы вядучы. Узнагароды для пераможцаў таксама незвычайныя. Мы перакананы, што самы каштоўны падарунак—гэта сяброўства. Мы будзем імкнуцца, каб наша гульня скончылася самай моцнай, шчырай, надзейнай дружбай.
Другі вядучы. А зараз я запрашаю ўдзельнікаў каманды “Верасок” (дзяцей) заняць свае месцы.

Пад апладысменты чацвёра дзяцей займаюць месцы за часопісным столікам з эмблемай “Вераска”.

Першы вядучы. Каманда “Чабарок”, калі ласка, на свае рабочыя месцы.

Бацькі — удзельнікі гульні — займаюць месцы за часопісным столікам з эмблемай “Чабарка”.
На кожным часопісным століку ёсць званочак, якім удзельнікі гульні падаюць сігнал, што адказ гатовы.


Другі вядучы. А вось за гэтым столікам будзе працаваць наша паважанае журы. Калі ласка!
Трое дарослых і двое дзяцей займаюць месцы.
На стале журы пясочны гадзіннік.

Першы вядучы. Такім чынам, пачынаем нашу гульню.
Першае заданне:
Якая птушка прылятае да нас вясной першай?
На роздум даецца адна хвіліна.
Другі вядучы. У каманды “Верасок” адказ датэрміновы.
Калі ласка!
—Першымі да нас прылятаюць гракі.
Першы вядучы. Добра. Малайцы.
Другое пытанне. Самая хуткая птушка ў палёце? Адна хвіліна...
Другі вядучы. Дзіва! Зноў звініць званочак у “Вераска”. Калі ласка!
—Гэта стрыж.
Першы вядучы. Наступнае пытанне даволі лёгкае. Спяшайцеся ўзяць званочак.
Дзе жывуць шпакі апрача шпакоўняў?
Другі вядучы. Малайцы. Зноў першыя. Калі ласка, слухаем ваш адказ.
—Калі шпакам не хапае кватэр- шпакоўняў, яны займаюць дуплы.
Першы вядучы. Вось які цікавы адказ. Я не ведала, што нашы птушкі таксама жывуць у сваіх кватэрах.
Другі вядучы. Музычная паўза!

Удзельнікі хору выконваюць песню “Прыляцелі шпакі” муз. П. Падкавырава на сл. Я. Пушчы.

Першы вядучы. Адпачылі, узбадзёрыліся. Наступнае пытанне:
—Якая птушка не ўе гняздо і не выседжвае яек?
Другі вядучы. Відаць, музычная паўза дапамагла. У каманды “Чабарок” ёсць адказ. Калі ласка!
—Гэта птушка называецца зязюля.
Першы вядучы. Адна хвіліна для падрыхтоўкі наступнага пытання. Увага! Куды дзяюцца са шпакоўняў шкарлупіны разбітых яек?
Другі вядучы. У “Вераска” звініць званочак. Калі ласка, ваш адказ.
—Шпакі выносяць іх у дзюбе з гнязда. Яны любяць чысціню і парадак у сваіх кватэрах.
Першы вядучы. Паважанае журы, вы паспяваеце падводзіць вынікі?
Журы. Патрэбна хвілінка на адпачынак.
Другі вядучы. Калі ласка. Рэкламная паўза!

Дзеці—удзельнікі гуртка мяккай цацкі—;рэкламуюць свае вырабы: птушак, звяркоў, упрыгожванні з пер’я. “Прыгожа, танна, калі ласка, выбірайце сувенір ”.
Першы вядучы дзякуе майстроў- мастакоў і аб’яўляе наступнае заданне:


—Назавіце, калі ласка, за адну хвіліну самую маленькую птушку і самую вялікую.
Другі вядучы. Два званочкі зазванілі разам. Што будзем рабіць, паважанае журы?
Журы. Паслухаем адказы “Вераска” і “Чабарка”, а адзнаку падзелім на дзве каманды.
Першы вядучы. Калі ласка, слухаем “Чабарок”.
—Мы ведаем адказы на абедзве часткі пытання, але адкажам толькі на першую частку, а на другую няхай дадуць адказ нашы суседзі. Самую маленькую птушку завуць калібры.
Другі вядучы. Калі ласка, “Верасок”, слухаем вас.
—Самая вялікая птушка—афрыканскі страус.
Першы вядучы. А зараз—незвычайнае пытанне.
—Увага! Увага! Якія гарады лятаюць?
Другі вядучы. “Чабарок” ведае адказ! Калі ласка!
—Горад Арол.
Першы вядучы. А яшчэ? Я сказаў “гарады”. Калі ласка, “Верасок”.
—Гэта невялікі гарадок Сарокі.
Другі вядучы. Музычная паўза!

Дзеці выконваюць харэаграфічную кампазіцыю “Птушкі з выраю ляцелі”.

Першы вядучы. Наступнае заданне не менш складанае, але таксама вельмі цікавае. Якая птушка носіць прозвішча вялікага рускага пісьменніка?
Другі вядучы. “Чабарок” уключыў званочак. Слухаем адказ.
—Гэта птушка—гогаль.
Першы вядучы. А якая птушка носіць назву танца? Адна хвіліна.
Другі вядучы. “Верасок” просіць дазволу на адказ. Калі ласка!
—Ёсць танец “Чачотка”, ёсць і птушка чачотка.
Першы вядучы. Для ўсіх вас удзельнікі гуртка “Лянок” танцуюць “Чачотку”!
Другі вядучы. Увага, сябры! Увага! Якая птушка з крывой дзюбай лічыцца самай храбрай? Што пра яе можна сказаць яшчэ?
Першы вядучы. Хвіліна падыходзіць да канца. Ага! “Верасок" звоніць. Калі ласка, слухаем вас.
—Птушка гэта—крыжадзюб.
А храбрай яе лічаць таму, што яна выводзіць маленькіх птушанят узімку, калі гадаваць іх вельмі цяжка.
Другі вядучы. Але нешта нашы гледачы сядзяць вельмі ціха. Вось я бачу ў зале паднятую руку. Калі ласка, мы слухаем.
—Я хачу прачытаць верш пра храбрых птушак. Называецца ён “Мароз не страшны”. Напісаў яго Авяр’ян Дзеружынскі.

Снег лютуе,
Слепіць вочы,
I мароз трашчыць уночы.

Сонца свеціць,
А не грэе,
Лес і глухне і нямее.

Толькі цінькае
Сініца,
Халадэчы
Не баіцца.
Крыжадзюб
3 крывою дзюбай
На яліне,
Каля дуба,
Хату добрую
Майструе,
Цэлы зімні дзень
Шчыруе.

I не ведае спакою:
Крыжадзюбіха зімою
Дзетак выведзе маленькіх,
Гэткіх кволых і слабенькіх.

А вавёрка—
У хацінцы...
Цёпла, ўтульна
Гаспадыньцы,
Ёй і снег
Не слепіць вочы,
I мароз
Не страшны ўночы.

Першы вядучы. Дзякую табе, даражэнькі, за такі цікавы верш. Ведаеце, у мяне неяк адразу падняўся настрой. Хочацца дапамагчы нашым сябрам-птушкам.
Другі вядучы. Я ведаю, як гэта зрабіць. Аб’яўляю рэкламную паўзу!

Удзельнікі гуртка “Майстар" рэкламуюць эскізы, чарцяжы, макеты кармушак, шпакоўняў.

Другі вядучы. Калі вы зробіце нават па адной кармушцы ці шпакоўні да вясны, гэта будзе карысная, добрая справа. Жадаем поспехаў! Калі спатрэбяцца тлумачэнні, калі ласка, звяртайцеся да нас.
Першы вядучы. Дзякуй, дзякуй, дзеці! Я перакананы, што кожны прысутны тата разам са сваім сынам ці дачкой зробіць падарунак птушкам менавіта па вашых рэкамендацыях.
Другі вядучы. Надышоў час падвесці вынікі нашай віктарыны. Слова журы!
Журы. Мы параіліся і вырашылі, што абедзве каманды добра адказвалі на пытанні. Праўда, каманда “Верасок” была больш актыўнай, кемлівай.
Але мы лічым, што перамаглі ў гэтай гульні дружба, добразычлівасць, шчырасць, сардэчнасць. Паколькі мы дамовіліся, што ўзнагародай будуць вершы, танцы, песні, то вырашылі іх і прапанаваць вашай увазе.
Першы вядучы. Для ўдзельнікаў віктарыны дзеці падрыхтавалі ў якасці прыза літаратурна-харэаграфічную кампазіцыю “Адкуль вясёлка?”.

Гучыць музыка, выбягаюць удзельнікі танца ў касцюмах птушак, адзін хлапчук дэкламуе:

Неяк вясновай парой
Вечароваю
Праляталі птушкі
Каляровыя:
Снегіры,
Гаёўкі,
Ластаўкі,
Салоўкі,
Пеначкі,
Валасянкі,
Берасцянкі,
Чайкі з бусламі,
Сойкі з дзятламі...
Ляцелі Над лесам,
Над полем,
Пасёлкам.
Убачылі дзетвару,
Кінулі па пяру...
Вось і вясёлка!

Дэкламацыя вельмі павольная. У час калі гучыць назва “яго” птушкі, выбягае ўдзельнік кампазіцыі ў адпаведным касцюме і робіць сваю харэаграфічную замалёўку.
Усе разам, жыва, імкліва ўскідаюць уверх рукі з папяровым пер'ем, робяць вясёлку.
Гучаць апладысменты.
Бацькі дзякуюць за запрашэнне на гэта свята, за танцы, песні, вершы, за тыя цікавыя звесткі пра птушак, якія яны пачулі, і ўручаюць выхаванцам пано, зробленае з птушынага пер’я.


Чытачы, вядома, зразумелі, што не трэба, ды і немагчыма прытрымлівацца кожнай літары нашага сцэнарыя. Адказы, зрэшты, як і пытанні, могуць адрознівацца ад прыведзеных. іх колькасць можа быць павялічана. Галоўнае ж—захаваць саму вольную атмасферу дыялогу, гульні, што вядзе да разумення таго, як усім нам патрэбна еднасць з жывою прыродай.