сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна БУЛАНДА — настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ N° 212 г. Мінска. Роднае слова 6.2006

"Не баюся, што мой век нявечны..."

Вечарына прысвечаная жыццю і творчасці Ніла Гілевіча

Сцэна прыбрана вышыванымі ручнікамі, для вядучых на стале, засланым ільняным абрусам, — бу­кет палявых кветак. На сцяне, у цэнтры, — партрэт Ніла Гілевіча. Пад ім плакат з наступным надпісам: "Калі прыглядзецца, чым я жыў, што я думаў і што ў першую чаргу прасілася на паперу, — гэта мае роздумы пра родны край, нашу беларускую зямлю, лёс нашага народа, нашай мовы, культуры, гісторыю". Па баках сцэны — таксама плакаты — радкі з твораў паэта: "Страціў слова, страціў спадчыннае слова — штосьці страціў у душы абавязкова!", "Запомніце: пярэваратнем я павек не скінуся. Душа мая і ў небе будзе трызніць Беларуссю".
Фонам гучыць мелодыя песні "Вы шуміце, бярозы..." (верш Н. Гілевіча, муз. Э. Ханка; Роднае слова, 1993, № 3).

Вядучая. Векавы напеў бяроз, траў, роднай маці — усё гэта дорага вядомаму беларускаму паэту Нілу Сымонавічу Гілевічу.
Вядучы. Векавы напеў. Не век прайшоў з таго дня, калі ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна 30 верасня 1931 года нарадзіўся хлопчык, якому далі рэдкае імя Ніл.
Юнак.
А мама мяне нарадзіла на сене ў калёсах,
Край бітай дарогі, у восеньскі вечар дажджлівы.
(А раз у дарозе, то, згодна з павер'ем,
Ты долі не мецьмеш і век твой не будзе шчаслівы...)
А мама мяне нарадзіла...

Дзяўчына. Сапраўды, наша беларуская зямля нібы выбрала на шчасце і на пакуты Ніла Гілевіча, даверыла яму бясцэнны скарб любові і памяці.
Юнак.
Не баюся, што мой век нявечны,
Што падамся за дзядамі следам.
Калі міф пра пекла недарэчны -
Дык чаго баяцца стрэчы з дзедам?

Пашкадую толькі, што замала
Даражыў нявечнымі дарамі:
І язміннымі начамі мая,
І дажынкавымі вечарамі.

Пашкадую, што пайду ад гэтых
Дарагіх і мілых сэрцу гоняў,
Што на сцежках-пуцявінах свету
Не пацісну ўжо сябрам далоняў.

А мацней за ўсё я пашкадую,
Перад тым, як свет пакінуць весні,
Што ўжо больш ніколі не пачую
Нашай роднай беларускай песні.
Не баюся, што мой век нявечны...

Фальклорная група выконвае беларускую народ­ную песню "Купалінка".

1-ы чытальнік.
Раскладайце, паліце Купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся.
Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..

Вядучая. А мы ўсё-такі ўспомнім мінулыя дні і дакранемся з вамі да вытокаў творчасці паважанага Ніла Сымонавіча Гілевіча.
Вядучы. Вучыўся ў Слабадской сямігодцы і рана палюбіў кнігу.
Юнак. "Любімым маім заняткам шчаслівай даваеннай пары, — прызнаецца паэт у аўтабіяграфіі, — было чытанне кніг. 3 дзвюх бібліятэк — школьнай і сельсавецкай — за тры гады я перацягаў напэўна добрую палавіну".

2-і чытальнік (падыходзіць да кніжнай паліцы, бярэ ў рукі кнігу, выходзіць на сярэдзіну сцэны).
Кнігі, кнігі!
Я помню усіх вас, сябры,
3 той далёкай,
Яшчэ даваеннай пары,
Незабыўных гадоў,
Калі быў я пагрозай
Суседскіх садоў,
Быў задзірай
Сярод басаногай раўні,
Слыў "рыштантам",
Які "не пайшоў па радні"...
1-я чытальніца.
Як бы склаўся мой лес,
Як бы стацца магло,
І куды б, да чаго
Мае сэрца лягло,
Што б цаніў я ў жыцці,
Што б любіў,
Падабаў,
Калі б вы не ўвайшлі
Ў свет дзіцячых забаў? Калі б вы не адкрылі калісь
Прада мной гарызонты
Вялікаснай мары людской?
Кнігі, кнігі!
3-і чытальнік.
Не раз я над вамі, сябры,
Заміраў,
І смяяўся,
І плакаў наўзрыд.
Успаміны тых год
Я ў душы берагу
І ніколі-ніколі
Забыць не змагу,
Як да пеўняў
Сядзеў на пяколку
Парой
Пры газнічцы-"смаркачыку"
Ў хаце старой,
Як чытаў пры кастры
І пры поўні ўначы,
Золкім ранкам у полі,
Кароў пасучы...
2-я чытальніца.
І сягоння згадаю -
Душа забаліць:
Вораг кнігі са школы
Выносіў паліць.
Кідаў кнігі ў агонь
Белабрысы маёр —
Кідаў сэрца ў агонь па кавалку
Мае.
Абакраў мяне люты,
Пражэрлівы звер
На дзесяткі сустрэч,
Што не вернеш цяпер,
На дзесяткі
Не стаўшых сябрамі
Сяброў...
Юнак.
3 неаплатным рахункам
За слёзы і кроў,
Што прад'яўлены
Ворагу-кату майму,
Я і гэты
Да смерці
3 яго не здыму!
Ўсё, што мушу, — зраблю,
Каб на роднай зямлі,
Дзе у кожнай кватэры,
У кожнай сям'і
Найпачэснае месца
Адводзяць для кніг,
Больш ніколі
Кастроў не палала такіх!
Роздум перад кніжнай паліцай.

Вядучы. У роднай вёсцы перажыў акупацыю. Сям'я жыла ў пастаянным страху, рэдка начавала дома, баючыся расправы акупантаў, бо бацька знаходзіўся ў партызанскім атрадзе.
Вядучая. Таму паэта вельмі абурае, калі ў вочы кідаюць, што дзеці (а яму было 10 гадоў у жудасным сорак першым) не памятаюць і не ведаюць вайны.

Юнак.
Ты кажаш, я не ведаю вайны,
Што мне было тады гадоў замала?
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?

Чаму ж амаль не кожнае начы
Я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы –
І стрымгалоў бягу аўсом няжатым.

Паўзу бульбянішчам па баразне,
Да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне –
У вочы стрэл грыміць у міг апошні...

Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне,
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.
Ты кажаш, я не ведаю вайны...

2-і чытальнік.
Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,
Край неўміручай партызанскай славы!
На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я
Тваіх кастроў і боек дым гаркавы.
Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...

У выкананні вакальнай трупы гучыць песня-балада "Хатынь" (верш Г. Пятрэнкі, муз. 1. Лучанка).

Вядучая. Радзіма паэта - Лагойшчына - навечна прапісала памяць і боль спаленых беларускіх вёсак. Тут іх могільнік. Тут жалобныя званы не даюць забыцца на велізарную трагедыю. На мемарыяльным вянцы - словы, у іх — клятва-наказ загінулых у полымі вайны.
Фонам прадаўжае гучаць мелодыя песні-балады Хатынь .

1-я чытальніца, 1-ы чытальнік (разам).
Людзі добрыя, помніце!
Мы любілі жыццё, і Радзіму,
І вас, дарагія,
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
Хай жалоба і смутак
Абернуцца ў мужнасць і сілу,
Каб змаглі ўвекавечыць вы
Мір і спакой на зямлі...
Мелодыя абрываецца.

Вядучы. Ва ўспамінах паэта — усё дарагое і важнае: і клёкат бусла над хатай, і росная тра­ва раніцай, і дзіва ў вёсцы - кіно...

2-і чытальнік.
"Кіно прыехала! Кіно прывезлі!" -
Мы першыя пачулі з дружбаком
І беглі вуліцай, і колькі ўлезе
Крычалі з радасцю каля акон.

Перавярнуўся ўвесь дзіцячы свет наш!
Нам цэлы дзень не да яды было.
І пастушкі раней - яшчэ засветла
— Прыгналі з пашы статак у сяло.

Быў новы клуб запоўнены да рэшты,
І быў такі парадак: дзетвара
Сядзела ўперадзе, ля ног старэйшых,
Каб аж рукою даставаць экран.
3 гадоў маленства.

Вядучы. Пасля вызвалення Беларусі Ніл Гілевіч працягваў вучобу ў сямігадовай школе ў суседняй вёсцы Гайна, працаваў у калгасе і выконваў абавязкі паштальёна. У аўтабіяграфіі пра гэты перыяд сказана наступным чынам: "Школа той пары заслугоўвае асобнай аповесці. Ні памяшкання, ні партаў, ні на­глядных дапаможнікаў, ні падручнікаў, ні сшыткаў, а ў настаўнікаў за плячыма - сем-дзевяць класаў, у лепшым выпадку — педтэхнікум".
3-я чытальніца.
О, як даўно гэта было!
3 глухога ціхага паўстанка
Плялася дрогкая фурманка
Асеннім ранкам
У сяло.
Вазак-падлетак з-пад брыля
На пасажыра кідаў вокам...
За ноч марозікам навокал
Была прыбрана ўжо зямля,
I задуменныя сады
Страсалі жухлы убор дадолу...
3-і чытальнік.
У незнаемы кут у школу
Настаўнік ехаў малады.
Пачэсны шлях абрала сэрца.
О, як даўно гэта было!
Ды хіба ў памяці сатрэцца
Той белы ранак і сяло,
І вучні ў згорбленай хаціне,
І тыя першыя званкі...
Даўным-даўно па ўсёй краіне
Жывуць яго выпускнікі.
4-я чытальніца.
Іх строй сягоння незлічоны.
І вучняў вучні падраслі
І шлюць настаўніку паклоны
3 усіх, усіх канцоў зямлі.
І што з таго, што падступіла,
Як лес, няўмольная, і укрыла
Крутыя скроні сівізна?
Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы,
Яшчэ не слабнуць сэрца крылы,
Не адцвіла ў душы вясна!
Таго ніколі не пакіне
Юнацкі, вечна весні ўздым,
Хто аддае, як дар краіне,
Жыццё да рэшты - маладым!
Настаўнік.

Вядучы. Ніл пачаў пісаць вершы з дзевяці гадоў. У 1946 годзе ў часопісе "Бярозка" ён упершыню выступіў з вершам "Яблынька". У ліпені 1947 года, калі паэту не было яшчэ і шаснаццаці, удзельнічаў у Першай рэспубліканскай нарадзе маладых пісьменнікаў. У тым самым 1947-м Н. Гілевіч паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча.
Юнак.
Помню восень сорак сёмага,
Важкі ранец на спіне.
Быццам даўняга знаёмага,
Прынімалі тут мяне.
Жартавалі некаторыя:
- Не сумуй па дому, брат!
Новы дом твой — аўдыторыя
І вясёлы інтэрнат.
На парозе жыцця.

Вядучая. Паспяхова закончыўшы педагагічнае вучылішча, пастушу на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Актыўна ўключыўся ў студэнцкае літаратурнае жыццё. Шмат друкаваўся і яшчэ студэнтам трэцяга курса быў прыняты ў члены Саюза пісьмен­нікаў. Сябры радаваліся за свайго аднакурсніка і вучылі на памяць вершы пра студэнцкія незабыўныя гады.
Вядучы.
Пісьмо матульцы, каб не сумавала,
Дзяўчына ўранку піша ля акна.
Паведамляе, як і абяцала,
Пра ўсё, чым зараз тут жыве яна.

Дзяўчына (садзіцца за стол, бярэ ручку і піша ліст, прамаўляючы яго ўголас).
«Нядаўна, мама, ў нас была падзея:
Сарваўся сход! Ды ў тым і смех і грэх,
Што па віне самога Аляксея -
Камсорга групы: на футбол пабег!
За ім і група - ходам на "Дынама".
"Перабалелі" за мінчан усе...
А паміж іншым, дарагая мама,
Цікавы хлопец гэты Аляксей!

У сераду глядзелі мы "Паўлінку",
Быў культпаход наладжан групавы.
Цяпер заплюшчу вочы на хвілінку –
Паўлінкі вобраз бачу, як жывы.
Ну, да таго ж ужо спектакль харошы!
Я знаю, як бы ўпадабала ты...
А паміж іншым, мама, у Алёшы
Такі характар — проста залаты!

У нас мінаюць дні не пустаглумам,
І не агледзішся, як пройдзе год.
Каб і хацеў калі спазнацца з сумам —
Няма хвіліны лішняй для яго.
Я ў гэту сесію хачу таксама
Ніжэй чацвёркі не займець ад знак...
А паміж іншым, ты не думай, мама,
Наконт Алёшы... Гэта проста так...»
Вядучы.
"Пацалаваўшы" маму, тут жа шпарка
Канверт заклеіла, каб надпісаць...
Ляці, пісьмо, хоць ты і з таннай маркай -
Цану тваю адной матулі знаць.
Пісьмо студэнткі.

Вядучая. Ніл Гілевіч добра ведаў, пра што дзяўчаты ў лістах пісалі і якія песні начамі спявалі. Давайце паслухаем яго песню, музыку да якой напісаў Уладзімір Буднік.

Гучыць "Вечаровая песня самотніцы" (Роднае слова, 2001, №9).

3-і чытальнік.
Жыццё - як лента кінастужкі,
Што прабяжыць найбольш у горы.
То ўспомнім мёрзлыя гнілушкі,
То маці родную ў дакоры.
4-ы чытальнік.
Як шмат я аддаў бы, каб мог
Ва ўбогай хаціне вясковай
Ізноўку ступіць на стаптаны парог
І ўбачыць матулю жывой і здаровай.
5-ы чытальнік.
Насіў бы са студні ваду,
У грубцы паліў бы, калі за сцяною марозна,
І слухаў бы, слухаў і слухаў да позна
Навіны вясковыя, пакуль у сон не упаду!..
Юнак.
Ах, грэх незамольнай віны!
Ад гэтае кары сябе я нічым не ўратую.
Чаму гэтак рэдка, у тыя далёкія дні,
Я ездзіў праведаць матулю?
Як шмат я аддаў бы...

Вядучы. Шчыры і добры сын, які любіў сваю маці асабліва моцна, усё-такі лічыць, што пры жыцці любімага, блізкага чалавека неабходна даражыць ім значна больш.
І таму не-не ды і ўспомніць бацькоўскую хату, родныя рысы матулі.

Юнак.
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: "Са святам!"
І цалую знаёмыя родныя вусны,
І бяру пад руку,
І іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б'е
Дух гарачы капусны.

Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
І хілюся да сэрца,
А трэба б упасці
Перад ёю - нядужай, сівой —
На калені.

Вочы маці! —
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
І усё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...

Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі увечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш

Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...
А цяпер ёй -
Ад но б на сынка наглядзецца...
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна - любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...
Маці.

Вядучая. Давайце задумаемся над апошнімі радкамі і разам паслухаем песню на верш Леаніда Пранчака, музыку напісаў Леанід Захлеўны. Яна прагучыць у гонар юбіляра. Песня працягвае разважанні Ніла Гілевіча пра маці і называецца - "Мамін голас".

Птушкамі мы пакідаем свой дом.
Шчасце шукаем, надзеяй жывём.
На чужыне сумныя дні,
Мама, без тваёй цеплыні...
Прыпеў:
Мамін голас, мамін голас —
Жменька ласкавых слоў.
Мамін голас, мамін голас
Кліча з дальніх шляхоў
Нас, дачок і сыноў,
Мамін голас кліча вечна дамоў.
Рукі твае я ў сваіх саграю.
Помню спагаду і ласку тваю,
Песню долі благаславі
-Мамін голас - голас любві.
Прыпеў.

3-і чытальнік.
Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла,
Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць,
Ад нівы той, дзе сеяў хлеб, каб жаць,
Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла,
-Не адракаўся і не адракуся!
Запомніце: пярэваратнем я
Павек не скінуся. Душа мая
І ў небе будзе трызніць Беларуссю!
Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла...

4-ы чытальнік.
Я шчаслівы, што ў суджаны час
Нарадзіўся на гэтай зямлі,
Дзе такія густыя лясы
І такія спакойныя рэкі.
Дзе вясной непаўторна штораз
Зелянеюць разлогі-палі,
Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы —
Ты, народ мой, на вечныя векі!
Прызнанне.

1-ы чытальнік.
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты — мой, я - твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы - як чароўны лек.

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім -
Паклон табе, мой родны краю!
Ты - мой, я - твой: усюды і ва ўсім!
Паклон табе, мой беларускі краю!..

Вядучы. Адзін з галоўных матываў паэзіі Ніла Гілевіча - любоў да Беларусі, да роднай зямлі. Кампазітары знаходзяць мелодыі ў шчырых радках паэта. І адна за адной льюцца ў паднябессі песні пра Радзіму, краявіды якой такія любыя сэрцу аўтара.

У выкананні вучня гучыць песня "Я хаджу закаханы у твае краявіды..." (Роднае слова, 1993, № 3).

Юнак.
Я песню ў сэрцы табе складаў,
Гадамі радкі выношваў;
Да кроплі, што меў і што мог, аддаў,
Каб песня была харошай.

Найлепшыя думкі - мары свае
(Свае - чужых не выпрошваў)
Любоўна ўплятаў у тканіну яе,
Каб песня была харошай.

Лясы-пералескі, дубровы, гаі
3 бярозамі ў чорных прошвах
І ноччу і днём шумелі-гулі,
Каб песня была харошай.

І зманлівы пах даспелых малін,
І водар лугоў някошаных —
Усё змясцілася ў сэрцы маім,
Каб песня была харошай.

Якую ж трывогу я зараз таю,
Не знаючы зноў спакою?
Ці гэткай чакала ты песню маю?
Ці прымеш яе душою?
Я песню ў сэрцы табе складаў...

Вядучая. Вёска і прырода для Ніла Гілевіча -- не выдуманая Мекка, якой дастаткова ўсяго толькі пакланіцца. Яго любоў дзейсная, хоць у фармальна стылёвым плане паэт не цураецца малітоўных, замоўных інтанацый, што і заўважыў славуты наш кампазітар Ігар Лучанок, ён напісаў музыку да верша "Край мой беларускі, край!".

Выконвае вакальная група дзяўчат.

Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне напіцца, дай!
Той вады гаючай
3 той крыніцы вечнай,
Дзе ад ран балючых
Ты арлоў вылечваў,
-Дай жа мне напіцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне прайсціся, дай!
Па тваіх прасторах,
Па шляхах бясконцых,
Уначы - пры зорах,
Раніцой - пры сонцы,
-Дай жа мне прайсціся, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
На твае на пожні,
На лугі ды рэкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, —
Дай жа наглядзецца, дай!

4-ы чытальнік.
Нас могуць зневажаць і абражаць,
Нас могуць не любіць і ненавідзець,
Але мы мусім цвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Нёман, і Дзвіна, і Прыпяць.
1-я чытальніца.
Нас могуць чорным брудам паліваць,
Культываваць бяспамяцтва, бяспраўе,
Але мы мусім цвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Полацк, Тураў і Заслаўе.
1-ы чытальнік.
Нас могуць ачмураць і падкупляць,
Штодзень даваць цацанкі-абяцанкі,
Але мы мусім цвёрда помніць-знаць
Наказ Францішка, Кастуся і Янкі.
2-я чытальніца.
Нас могуць біць аж да крывавых слёз,
Каб лёкаяў зрабіць з ахвяраў здзеку.
Але мы мусім адстаяць свой лес,
Каб ён для нас шчаслівы быў давеку.
2-і чытальнік.
Таму - трывайма, любыя браты!
Трывайма й верыма...
Разам.
Нішто не спляміць
і не асіліць нашай праваты,
І нам яшчэ паслужыць наша памяць!
Трывайма, браты!

Юнак.
"Нашто трымацца так за памяць продкаў?!" —
Скрывіўся крытык, прачытаўшы вершы.
Нашто трымацца так...

3-я чытальніца.
О так, паэт — вялікі выдумляка,
Але не хлус, не цёмны звадыяш.
У выдумках яго - бяды ніякай:
За праўду ён не выдае міраж.
О так, паэт — вялікі выдумляка...

Вядучая. І толькі сабе, свайму лірычнаму герою паэт ставіць у абавязак далучыцца ўнутрана да гісторыі, да прыроды, слухаць яе голас глыбінямі душы, бо яго жыццёвае прызначэнне - у духоўным узбагачэнні ўнутранага свету чалавека. Вершы Ніла Гілевіча перачытвае яшчэ адзін вядомы беларускі кампазітар Эдуард Ханок. Паслухайце іх сумесную песню "Як сумна-тужліва" (Роднае слова, 2001, № 9).
Вядучы. Як ні пра каго іншага з беларускіх паэтаў, пра Ніла Гілевіча можна сказаць, што яго паэзія на кожны дзень, у ёй філасофія так блізка змыкаецца з мараллю, урэшце, з парадай, атаму становіцца нейкай дамашняй, па-асабліваму цёплай і чалавечнай. Цікавыя, напрыклад, яго назіранні за адносінамі да роднай мовы некаторых маладых людзей.

4-я чытальніца.
Пры суседзях у вёсцы нялоўка
"Невучоным" сябе паказаць,
І пільнуецца хлопец, каб слоўка
Так, як кажуць яны, не сказаць.
Мовы ён не забыўся, вядома,
Гэтых простых і сціплых людзей.
Толькі ён ужо год, як не дома,
І на дом не ўскладае надзей.
Маці песню малому спявала
Пра духмяны ў бары чабарок...
Песня сыну нялюбая стала,
Як пакінуў бацькоўскі парог.
--------------------------------------
Ёй не ў крыўду сынкова пагарда...
Друг высока абучаны мой!
Сёння мовы, а заўтра
Засаромішся маці самой.
Родная мова.

4-ычытальнік.
Страціў слова, страціў спадчыннае слова —
Штосьці страціў у душы абавязкова!
Можа — годнасці хоць кропельку малую?
Можа — мудрасці хоць дробачку якую?
Можа — памяці хоць зернетка-іскрынку?
Можа — праўды хоць пылінку-парушынку?
Я не ведаю дакладна, што ты страціў,
Запытайся, ці не скажа табе маці?..
Страціў слова...

Вядучая. Ніл Гілевіч — вядомы фалькларыст. На яго рахунку шмат даследаванняў па вуснай творчасці і чатырохтомны збор беларускіх на­родных песняў у сучасных запісах, дзе змешчана каля пяці тысяч узораў песеннага фальклору Беларусі.
На сцэну насустрач адно аднаму выходзяць Юнак і Дзяўчына. На лаўцы ўсаджваецца Маці.

Дзяўчына (звяртаючыся да юнака).
Ці вы да нас па службе з горада,
Ці, можа, з іншае якой прычыны?
Юнак.
Іду па песні. Чуў, што надта здорава
Старыя песні ў вас пяюць жанчыны.
Дзяўчына.
Старыя песні? Нашыя даўнейшыя?
Юнак.
Ну, так, старыя.
Дзяўчына.
А нашто яны вам?
Ці хіба новыя не прыгажэйшыя?
Ад тых, даўнейшых, толькі сэрца ные...
Юнак.
Не ад усіх. Ды сэрца чалавечае
Не можа жыць у вечнай весялосці.
Не ные толькі сэрца бессардэчнае,
Счарсцвелае ад зайздрасці і злосці.
Дзяўчына.
О, мама шмат даўнейшых песень ведае.
Маці.
От! Памаўчала б ты з маімі песнямі!
Знайшла спявачку!
Юнак.
А, можа, праўда? Заспявайце весела -
І не саромцеся — ў сваей жа хаце!
Дзяўчына.
Нядаўна вечарам як расспявалася,
Дык так прыгожа!
Маці.
Калі было! Усё пазабывалася!
Юнак.
І вы не ўспомніце, калі б прыйшлося?
Маці.
Ну, каб прыйшлося, можа б, што і ўспомніла,
Але — дзіравая ўжо галава, як сіта...
Юнак.
Я не пайду ад вас, пакуль хоць трошачку
Не ўзычыце мне песень на дарогу.
Маці.
Не ведаю, ці выйдзе што, дальбожачка.
Хіба што Зоська падпяе ў падмогу?..
А дзе ж тая крынічанька?..

Дзяўчына. А я сябровак маміных паклічу, нашых суседак дарагіх, вам песень шмат падораць і пазычуць, каб толькі вам запомніць іх.
Ідзе за кулісы і прыходзіць з удзельніцамі фальклорнай групы.

Юнак.
Жанчыны вёсак беларускіх, вам
Я кланяюся уклонам самым нізкім —
За кожную іскрынку хараства,
Што ззяе ў слове, ад калыскі блізкім.

Пачуеш вас, не зманеных маной, —
І весялей глядзіш у твар эпохі.
Дык пасядзіце ж, любыя, са мной,
Пагаманіце, пагукайце трохі...
Жанчыны вёсак беларускіх, вам...

Дзяўчына.
Тады і загучала песня родная —
Старая песня беларускай вёскі.
Яе краса жывая, несмяротная
На дне душы будзіла адгалоскі.

Жанчыны спяваюць беларускую народную песню "А на гары ялушачка" ці іншую характэрную для той мясцовасці, дзе праводзіцца свята.
А на гары ялушачка,
Пад гарою стаіць сосна.
Ой, я пяю, весялюся,
А на сэрцы тошна.

А на сэрца слёзкі льюцца
Неспатольна, несціхана:
Поле мае шырокае
Не арана, не пахана.

Лугі мае зялёныя
Не кашоны, не сушоны.
Дзеткі мае дробненькія –
Яны вельмі засмучоны.

Запражыце, закладзіце
Мне коніка варанога:
Ой, я сяду ды паеду
Да татачкі дарагога.

Парадзь, парадзь, родны татка,
Як мне гора гараваці,
Як мне гора гараваці -
Дробных дзетак гадаваці?..

Маці.
Ад мамы песня: памятка і спадчына.
Яна памерла маладая вельмі,
І тата сам нас гадаваў, без мачыхі,
І ўсё прасіў, каб гэту песню пелі.
А ты што, Зоська? Што з табою сталася?
Без падгалосачка твайго мне цяжка.
Спяём, як дзеўка ў казака пыталася?
Дзяўчына. Спяём.
Юнак.
Кіўнула Зоська-сарамяжка.
Дзяўчына зачынае песню, а жанчыны падхопліваюць.
- Казачэнька мой міленькі,
Калі мы будзем ад'язджаць?
- Як усе людзі палягуць спаці,
Мілая, любая мая.

- Казачэнька мой міленькі,
Дзе ж мы будзем начаваць?
- Ў зялёным гаю - ты ляжаш скраю,
Мілая, любая мая.

- Казачэнька мой міленькі,
Чым мы будзем накрывацца?
- Я цёмнай хмарай, ты — людской сдавай,
Мілая, любая мая.

- Казачэнька мой міленькі,
Чым мы будзем умывацца?
- Ой, я расою, а ты слязою,
Мілая, любая мая.

- Казачэнька, мой міленькі,
Што мы будзем вячэраць?
- Я з маслам булку, ты - думай думку,
Мілая, любая мая.

Юнак (убок, у захапленні).
І стаўся цуд: такога падгалосачка -
Зямлю прайдзі - пачуць не давядзецца!
(Да Зоські.)
Ах, людзі родныя! Ах, Зося-Зосечка!
Хай сто гадоў табе вось так пяецца!
(Цалуе ўруку.)
Хіба не праўда, Зося, што не даруе
Эпоха нам,
Калі растраціць гэткі скарб Айчына?
Дзяўчына.
Вы знаеце... Вы, можа, не паверыце —
Я неаднойчы думала таксама:
Няўжо наш век аглухне і адвернецца
Ад гэтых песень, што спявае мама.
Цяпер усе так гоняцца за моднымі,
Абы пачулі — тут жа пераймаюць.
А ці ж іх можна параўнаць з народнымі,
Што і баляць, і боль твой сунімаюць?..
Юнак.
І двор, і кветкі, і бярозы белыя —
Усё зіхцела ў пераспелых росах,
Калі ля весніц, ціхая, нясмелая,
Руку мне Зося падала на ростань.
Дзяўчына.
Шчасліва!.. Песні вам ад сэрца ўзычаны...
Я, калі можна, вашу заспяваю...
Юнак.
Я позіркам вачэй прыгожых знішчаны,
3 ахвотай песню спець ёй дазваляю.
А дзе ж тая крынічанька?..

Вядучы. Ніл Гілевіч цвёрда перакананы ў тым, што ўсё добрае ў жыцці пачынаецца з кахання. І таму "шчаслівы, шчаслівы, бясконца шчаслівы паэт! Не трэба мне, кажа, ні замка, ні райскага саду, мне досыць чароўнай усмешкі яе і пагляду: за усмешку аддам ей у вершах увесь гэты свет!"
Вядучая. Разам з Ігарам Лучанком яны адну песню так і назвалі "Мой лес - каханне".
Дзяўчына выконвае згаданую песню (Роднае слова, 1993, № 3).

Юнак.
У звечарэлым садзе, што, цямнеючы,
Туліўся ў першай восеньскай журбе,
Я прыгарнуў твой ценькі стан, няўмеючы,
І ўпершыню пацалаваў цябе.

Пасля... пакуль з вачэй не знікла ў засені -
Стаяў адзін на гулкай паласе...
Ах, як жа тахкалі абцасікі!
Ад стуку - грудзі, думаў, разнясе!

Дзяўчына спявае песню "Пальтовая ростань" (верш Н. Гілевіча, муз. Э. Зарыцкага; Роднае слова, 1993, №3).

Вядучы. Ніл Гілевіч - шчаслівы абраннік Зямлі-маці, ён жа і вялікі пакутнік. Во ці мож­на добра пачувацца, калі на працягу стагоддзяў нішчылі, дратавалі тваю, Богам дадзеную зям­лю, ганьбілі родную мову, культуру, гісторыю, зводзілі на нішто звышнамаганні беларускага духу?
Вядучая. Ды і самога зневажалі толькі за тое, што — сапраўдны беларус і на сваёй роднай зямлі спявае свае родныя песні. Суродзічам сваім хоча адкрыць мудрасць і красу гэтых песняў, каб усвядомілі сябе прыгожым і вялікім наро­дам у Сусвеце, такім самым вольным і паважаным, як і іншыя.
Вядучы. Большасць выпускнікоў філфака БДУ памятаюць беларускага паэта як выкладчыка фальклору, а некаторыя, мабыць, згадваюць, што выратавальнай саломінкай на заліку часам было яго спагадлівае, зусім не экзаменацыйнае, простае: "Ну, а якія ж песні спяваюць у вашай мясцовасці?". І ў адказ засумавалыя было вочы абнадзеяна блішчэлі: "Спяваць?.."
Вядучая. Сёння мы прапануем вам праспяваць разам з самадзейнымі артыстамі пес­ню Ніла Гілевіча і Леаніда Захлеўнага "Сонца ў азерцы".

Словы песні (Роднае слова, 2001, № 9) былі раздадзены разам з праграмкай і запрашэннем на канцэрт.

Вядучы. Не забыць паэту векавы напеў бяроз, траў, роднай маці, сонца ў азерцы, хоць ён і ведае, што яго век нявечны.
Вядучая. На развітанне жадаем вам ісці па жыцці разам з цудоўнымі песнямі і мудрымі думкамі Ніла Сымонавіча Гілевіча.
Вядучы. "Гаварыце з чалавекам, покуль ён між вас, жывы", памятаючы, што ў кожнага з нас век нявечны.