сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. Ф. ШАВЕЛЬ, настаўніца Негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна. Беларуская мова і літаратура 3/2010

«Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...»

Вечарына для вучняў VII—IX класаў

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Маці... Заплюшч вочы, прыслухайся. I ты пачуеш матулін голас. Ён жыве ў табе, такі знаёмы, родны. Яго не зблытаеш ні з якім іншым голасам. Нават калі станеш дарослым, заўсёды будзеш памятаць матулін голас, матуліны вочы, матуліны рукі.
Другі вядучы. «Мама, маці, матуля!» — словы гэтыя гучаць музыкай жыцця, самаахвярнасці, пяшчоты. Нараджэннем сваім, усплёскам першых захопленых рухаў, гукаў мы абавязаны ёй, Маці.
Яна радавалася нашай першай усмешцы, першым крокам. Пацалунак маці, словы яе суцяшэння гаілі лепш за любыя лекі. А матчына калыханка — гэтая пранікнёная сімфонія любові, прасякнутая сонцам! 3 яе, бы з чысцюткай крынічкі, пачынаецца ўсё лепшае ў чалавеку, у ёй — выток святога пачуцця адданасці Радзіме, якую мы называем дарагім і светлым імем — Маці!
Гучыць «Калыханка маме» (муз. I. Вінаградавай, сл. Н. Мацяш).
Першы вядучы. Нават самыя светлыя і пяшчотныя словы не могуць выказаць усёй паўнаты пачуццяў, якія абуджае матчын вобраз. Хто сагрэў цябе сваім сэрцам? Мама. Хто яшчэ ўмее так, як яна, ціха тужыць у адзіноце, чакаючы дзяцей, радавацца ім, аддаваць апошняе, дараваць за няўвагу?.. I як бы ні пасталелі дзеці, і як бы далёка ні адышлі яны ад родных мясцін, яна застаецца для іх тою ж матуляю — добрай, ласкавай, чулай.
Першы чытальнік.
Ёсць матчына любоў.
Яе не зблытай
3 ніякай, бо няма нідзе такой —
Пяшчотнай, бескарыслівай, адкрытай.
Шчаслівы ты, пакуль яна з табой.

Ёсць матчына любоў.
Яна будзіла
На золку, каб радоўку не праспаць.
I невядома мне, якая сіла
Магла з пасцелі цёплай падымаць.

Ёсць матчына любоў.
3 ёй забываеш
I крыўду, і бяду, і гузакі.
Яе цяпло да скону адчуваеш,
Як дотык добрай ласкавай рукі.

Ёсць матчына любоў.
Яна спрадвеку
Была, як спадарожніца жыцця.
Ці прыгажун ты будзеш, ці калека —
Ты для яе — любімае дзіця.

Ёсць матчына любоў.
Ты ёй аддзячыш.
Яна табе душу ўсю аддае.
3 дзявочаю, мужчынскай і дзіцячай
Ніколі ты не зблытаеш яе.

Ёсць матчына любоў.
Яна нам свеціць
I ў блізкай, і ў далёкай старане.
I колькі б я ні жыў на гэтым свеце,
Любі адною — матчынай! — мяне.
Юрась Свірка
Другі вядучы. Маці — пачатак жыцця. Яна дае нам жыццё, яна ж і аберагае яго ад усіх напасцяў. Маці не спіць, калі дзеці малыя, бо яны часта хварэюць, не спіцца ёй, калі яны падрастаюць, — трывогі, здагадкі не даюць пакою мацярынскаму сэрцу. Самае найвялікшае шчасце для маці — бачыць сваіх дзяцей шчаслівымі.
Другі чытальнік.
Двое дзяцей — двое вачэй,
Маці не знае спакойных начэй:
Вейкі зліпаюцца,
Раніца блізка,
Ціха плыве У світанне калыска.
Маці не спіць.
Маці не спіць.
Просяць засмяглыя вусны папіць —
Тупае босая маці
3 ранку да ранку па хаце.

Дзеці трызняць у адзёры —
Матчыны слёзы,
Матчына гора.
Свету не бачыць, нібыта сляпая,
Ценем самотным нячутна ступае
Маці з тугой і надзеяй,
Сэрца і кроў халадзее.
Дзеці пабеглі зялёнаю сцежкай,
I засвяціліся вочы усмешкай —
Першая радасць у маці,
Першае свята на свяце.

Выраслі дзеці,
Пайшлі ў дарогу,
Зноў запяклася на сэрцы трывога:
Дзе мае дзеці?
Як мае дзеці?
Хоць бы не крыўдзілі людзі на свеце.
Дзе яны спалі?
Што яны елі?
Як дачакацца наступнай нядзелі?
Тупае маці з сянец у камору:
Хоць бы адведаць прыехаў каторы!
Хукае ў шыбу, глядзіць у завею —
Маці чакае,
Маці сівее.

Хрусне з марозу за хатай прысада,
Маці здаецца — гудзе кананада.
А паштальёнка пастукае ў раму,
Страшна адразу узяць тэлеграму:
Што ў ёй?
Няшчасце?
Бяда?
Ці трывога?..
...Сын прыязджае з далёкай дарогі!
3 раніцы тупае маці —
Радасць і свята на свяце.
Двое дзяцей — двое вачэй.
Многа яшчэ неспакойных начэй
Будзе ў маці.
Сяргей Грахоўскі
Гучыць «Песня пра маці» (муз. I. Лучанка, сл. Г. Бураўкіна).
Трэці чытальнік.
Яна заўсёды на сябе ўсё брала,
Каб толькі дзецям болей адпачыць.
Палола, жала, ткала, абшывала
I пазычала дня яна ў начы.

За ёй ішлі мы і вясной і ўлетку,
Дапамагалі, як маглі, не раз.
Яна ж казала: «Адпачніце, дзеткі,
Я спраўлюся з работаю без вас.

Няхай зязюлька вам гадкоў наліча,
Не гнуцца вам патрэбна, а расці.
Калі мне цяжка будзе, я паклічу...»
Ды кліч той не пачулі пры жыцці.

Было вясною неба без аблокаў,
Блакітнае — як хочацца зірнуць!
Яна плыла у вырай свой далёкі,
Адкуль ніякім крылам не вярнуць.

Прыеду, пастаю каля пагорка.
Цвіце даўно не першая вясна.
На сэрцы і балюча, і горка.
Яна і там спраўляецца адна.

Перад вачыма роднае аблічча,
Яна адводзіць хмары і бяду.
Яна пакліча, ведаю, пакліча,
I я пайду, як верны сын, пайду.
Юрась Свірка
Першы вядучы. Так, маці — увасабленне дабра і справядлівасці, ідэал працавітасці, чалавечай шчодрасці, зберагальніца маральных каштоўнасцей, выпрацаваных чалавецтвам на працягу вякоў, маці — апора ў душэўнай смуце. Мы заўжды адчуваем цяпло яе рук і сардэчную цеплыню. I ўсё гэта ўспрымаем як абавязковае і, на жаль, не заўсёды бываем узаемна шчодрымі, добрымі і чулымі дзецьмі.
Чацвёрты чытальнік.
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: «Са святам!» —
I цалую знаёмыя родныя вусны,
I бяру пад руку,
I іду з ёй у хату...

....................

Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
I хілюся да сэрца...
А трэба б упасці
Перад ёю — нядужай, сівой —
На калені...

Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
I ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...

Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі увечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...

А цяпер ёй —
Адно б на сынка наглядзецца...
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як жа позна — любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...
Ніл Гілевіч
Першы вядучы. Праз якія толькі выпрабаванні не прайшла жанчына-маці дзеля шчасця сваіх дзяцей. Для маці, якая праводзіла на вайну сваіх сыноў, кожны салдат будзе здавацца сынам. Колькі матак выправілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на фронт сваіх сыноў і дачок! Закліналі маці: «Вяртайцеся жывымі!» Чакалі сваіх родных крывінак, як ніхто, чакалі, як умее толькі маці чакаць.
Пяты чытальнік.
Вякамі глядзелі жанкі з-пад рукі,
Чакалі мужоў і сыноў.
I падалі зоркі, нібы светлякі,
У прорвы бязрадасных сноў.
I самі касілі, і самі аралі,
А іх дарагія за іх паміралі...
Пімен Панчанка
Шосты чытальнік.
Пасылае маці думы
Ў свет па сына, —
Прылятаюць тыя думы
Бурай сіняй.

Пасылае маці слёзы
Быстрай Шчарай, —
Прыплываюць тыя слёзы
Цёмнай хмарай.

Пасылае маці песню, —
Песня тая
Чорным воранам да весніц
Прылятае.

Прылятае воран, крача:
— Маці, маці,
Не чакай дарэмна сына,
Не пабачыш.

Ён і рад бы сам вярнуцца, —
Ды з таполяй
Ажаніла яго доля
Ў чыстым полі.

Абвіла яго таполя
Каранямі,
Атуліла маладзенькімі
Лістамі.

I шуміць над ім, спявае
Пад зарою,
I вартуе сон салдата,
Сон героя.
Максім Танк
Другі вядучы. Анастасія Фамінічна Купрыянава аддала Радзіме пяцёра сыноў. У горадзе Жодзіна створаны манумент: жанчына ў простым сялянскім адзенні са спрацаванымі рукамі. У вачах яе — боль. I вечнае чаканне. Сто шэсць год пражыла Купрыянава і, стаўшы на п’едэстал, разам з сынамі зрабіла крок у бессмяротнасць.
Першы вядучы. Манумент быў адкрыты ў жніўні 1975 года. У гэты дзень, 29 жніўня, у Жодзіна прыехалі яшчэ дзве маці: Ганна Цімафееўна Гагарына і Вольга Іванаўна Кавалёнак. Не выпадкова. Без подзвігу сыноў Купрыянавай не было б і зорнай часіны першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына, не было б і палёту ў космас Уладзіміра Кавалёнка, беларускага хлопца, які нарадзіўся ў вёсцы Белая Крупскага раёна.
Сёмы чытальнік.
I праз паўвека ад вайны
матулі сняцца ўсё сыны.
Было пяцёра ў маці іх,
аднак вайна забрала ўсіх.
Пятрок закрыў грудзямі дзот.
Міхаськаў збілі самалёт.
Загінуў пад Масквой Сцяпан.
Без вестак дзесь прапаў Іван.
Пасля вайны ад ран памёр
яе малодшанькі Ягор.

А маці сняцца вечна сны —
нібыта выжылі сыны,
і вось сабраліся у двор:
Пятрок,
Міхась,
Сцяпан,
Іван,
Ягор.

Ступілі разам на парог,
абнялі маці ўпяцярох
і кажуць:
— Мамачка, не плач,
ты нам прабач, сынам, прабач,
прабач за горкія ўсе сны —
паўвека мы ішлі з вайны.

...Даўно не верыць маці снам.
Ды як не верыць ім, сынам?
Анатоль Зэкаў
Другі вядучы. Самае вялікае жаданне кожнай маці — бачыць дзяцей сваіх шчаслівымі. Для гэтага неабходна адзінае — мір на зямлі. Вось таму, калі маці нараджае сына, то жадае, каб не было вайны.
Восьмы чытальнік.
Таму шапчу услед на голас звонкі,
На смех ваш безаглядна-малады:
Радзімыя, шчымлівыя жаўронкі,
Дай Бог сустрэць мне вас праз два гады!

Шчаслівае дарогі вам і пошты,
Хай вас цяпло радзімы саграе.
...Ад першай кулі гінуць. Ад апошняй.
Не па-мі-рай-це!.. хлопчыкі мае.
Яўгенія Янішчыц
Першы вядучы. Народная мудрасць нарадзіла нямала яскравых паэтычных выслоўяў пра мацярынскую дабрату, цеплыню, пра любоў маці, яе чуласць, спагадлівасць, сардэчнасць, заклапочанасць, пра незаменнасць маці, бацькі.
Дзевяты чытальнік.
Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.
Маміна крыло і ў мароз цёплае.
Матчына малітва з дна мора дастане.
Ніхто столькі жалю не мае, як родная матка.
У каго маці родненька, у таго сарочка
беленька.
Шануй мамку з бацькам: другіх не знойдзеш.
Другі вядучы. Маці — самы мудры настаўнік жыцця. Але наша гутарка сёння будзе няпоўнай, калі мы не скажам пра дрэннае. Здараецца часам прыкрае і нават ганебнае. Дзеці, на жаль, бываюць няўдзячныя.
Дзесяты чытальнік.
Матуля да сына прыехала.
Здаецца, нядаўна, здаецца, учора
Ён быў яе радасцю, уцехай.
А сёння старая матуля ў горад
Пажыць да сыночка прыехала.
Сыночак, як лялька, сыночак што трэба.
Матулі б ім толькі і цешыцца.
Ды вырас, як кажуць, пад самае неба.
(Аб рыфму язык так і чэшацца.)
Хоць часам сціскаецца сэрца матулі,
Ды з думак благое ўсё гонячы,
Малога ўнука і песціць і туліць,
Пра штось з ім няспынна гамонячы.
Малы ж, пасля працы бацькоў як убачыць,
Штось бабчынай мовай ляпеча ім.
Тут тата сыночку адразу зазначыць,
Маўляў, сваю мову засмечваеш.
А здарыцца: суп там ці боршч недасолены,
Не скажа па-шчыраму ў вочы ёй,
А ўсё штось капыліцца, незадаволены,
Ад маткі свой нос адварочвае.
Сыночку нязвыкла, сыночку аж смешна, —
Якая з матулі кухарка тут?
Пюрэ — у яе каша, амлет — дык яешня.
I нат эскалоп заве скваркаю.
Другія вунь пра новую моду
Вам выступяць з цэлай прамоваю.
Яна ж вечна з хусткаю пад падбародак,
I ўсе яе звычкі вясковыя.
Няйначай, душа ў сына чэрстваю стала.
Забыўся пра ласку ён матчыну.
А колькі ж матуля начэй недаспала,
Каб век ён не знаўся з нястачаю.
— Ідзіце, — мо разам што выпіце, з’ешце,—
Свой такт пры гасцях ён паказвае.
— Нічога, сыночак, я потым, — нарэшце
Гаворыць матуля ў адказ яму.
На покуце ж лепшае месца — спакону,
Спрадвеку належыць па праву ёй.
Дык хай жа няпісаным будзе законам
Святое вось гэтае правіла!
Генадзь Кляўко
Першы вядучы. Горка бачыць падобнае ў жыцці. 3 нячулага сына наўрад ці атрымаецца добры муж, бацька, а з нячулай дачкі — добрая жонка, маці. Хочацца, каб вы не саромеліся матчынай мовы, сваіх бацькоў на схіле гадоў, а заўсёды шанавалі іх, клапаціліся аб іх. Пакуль жыве мама, пакуль сустракае нас яе ласкавая ўсмешка, пакуль у дні поспехаў і страт ёсць каму сказаць пявучае слова «мама», мы адчуваем сябе маладымі, дужымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні. I таму трэба берагчы і любіць сваіх маці, не гора, а радасць і кветкі прыносіць ім.
Адзінаццаты чытальнік.
Усё, што маю,
Ўсё ад маці —
Усмешка,
Першы боль да слёз,
I асцярожны крок
Па хаце,
I мой круты,
Няроўны лёс.

Ад маці —
Першыя барозны
На гэтай любае зямлі,
I вочы ясныя,
Як вёсны,
I на далонях
Мазалі.

Ад маці
Ўся мая навука,
А ўсё астатняе —
Пасля.
Ад маці —
Радасці і мука,
А маці —
Родная зямля.
Сяргей Грахоўскі
Дванаццаты чытальнік (выконвае «Калыханку маме» Н. Мацяш на фоне музыкі да яе).
Быць разам выпадае нам так мала...
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.

Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз золкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.

Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая усмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.
Трынаццаты чытальнік.
Самыя добрыя вочы — матчыны,
Самыя дбайныя рукі — матчыны,
Самае чуйнае сэрца — матчына,
Самая шчырая песня — матчына,
Самая светлая радасць — матчына.
Міхась Пазнякоў
Другі вядучы. Так, пакуль ёсць маці — жыццё не канчаецца, усё ад маці на зямлі. Паэт Рыгор Барадулін казаў: «Калі б была мая воля на тое — пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як і ўсё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з Маці. Усё ад маці, усё з-пад матчынага сэрца. Маці адна, маці незаменная».
Першы вядучы.
Так, як маці, ніхто цябе не зразумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе...
Разам.
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...
Яўген Крупенька

Спіс літаратуры

Калыханка маме (верш Н. Мацяш, муз. I. Вінаградавай) // Роднае слова. — 1995. — № 3. — С. 77—78.
Мама, маці, матуля... : вершы / уклад. А. Канапелькі, В. Шніпа. — Мінск : Маст. літ., 2006. — 446 с.
Мама — сонейка маё... : вершы, песні / уклад. М. Маляўка. — Мінск ; Маст. літ., 2008. — 117 с.

Яшчэ на гэту тэму:

“Размова пра матулю”     Маё сэрцайка – для маці