сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. С. КАРАКА, настаўніца СШ № ІІІ г. Мінска. Пачатковая школа 02/1992г.

Свята усмешкай матулі сагрэтае...

Сцэнарый свята для пачатковых класаў

На двары люты, але і сакавік э яго днём, пазначаным лічбай 8, не за гарамі. I не так ужо важна, як ён сёння завецца — Жаночы дзень, Дзень Маці ці неяк інакш. Важна, што ён існуе, яго ужо не выкрасліш з календара. Яго чакаюць мужчыны, яго чакаюць жанчыны (узрост, прафесія I г. д. ніякага значэння не маюць). Усе рыхтуюцца да свята. Вось і мы вырашылі крыху парушыць традыцыйную храналогію, каб хоць у нечым дапамагчы нашаму чытачу. Мяркуем так рабіць і надалей, асабліва што тычыцца рубрыкі «Свята».

Гучыць вясёлая мелодыя. У класе — матулі і бабулі. Уваходзяць прыгожа апранутыя дзеці.

І вучань:
Ёсць дзень такі ў сакавіку,
ёсць дзень такі ў прыродзе весняй:
ён вельмі рады раўчуку,
ён вельмі рады песням
Ён сыпле сонечным святлом —
настрой знікае змрочны,
ён зазірае ў кожны дом,
дзень гэты — дзень святочны.
М. Чарняўскі.
Вядучая:
— Што гэта за дзень? Што гэта за свята?
ІІ вучань:
Сёння свята нашых мам:
Прыйшлі мамы ў госці к нам.
Мы ўсім класам іх чакалі,
Падарункі рыхтавалі:

Хто хусцінку вышываў,
Хто карцінку маляваў,
Кожнай маме — падарунак,
Кожнай маме — пацалунак.

Павіншуем мам сваіх,
Мам любімых, дарагіх.
Дружна шчасця пажадаем,
Дружна песню заспяваем...
А. Вольскі.

Усе дзеці спяваюць песню 3. Яўтуховіча на словы Л. Пранчака *Светлая зараначка» («Вясёлка», № 3, 1991.).

III вучань:
— Сёння, сябры, у многіх краінах свету — свята. Самае пяшчотнае і ласкавае — свята нашых бабуль і матуль. Не выпадкова маміна свята мы адзначаем вясной! Сонейка і мама саграюць нас, вясна і мама песцяць нас!
IV вучань:
Мая мама добрая такая,
Мая мама проста залатая!
А ўжо так мяне матулька любіць!
Кожны раз і песціць, і галубіць,
I да сэрца горне, і мілуе,
І так шчыра-моцна пацалуе,
І прамовіць ласкавае слоўца,
I сама засвеціцца — як Сонца!..
Н. Гілевіч.

V вучань:
- Як жа не любіць нам вас, нашы самыя родныя і самыя добрыя?
Група хлопчыкаў чытае верш.
I хлопчык:
- У гэты дзень ва ўсіх мужчын для хвалявання - сто прычын.
II хлопчык:
Якія кветкі падарыць?
III хлопчык:
І чай як добра заварынь?
IV хлопчык:
Ці доўга варыцца суп?
V хлопчык:
- Колькі ў кашу класці круп?
VI хлопчык:
- I як посуд трэба мыць?

Вядучая:
Многа спраў і клопатаў у мамы. Усюды адной не наспець. I тут на дапамогу ёй прыходзіце вы маленькія маміны памочнікі. У многіх хатніх справах вы можаце ёй дапамагчы, праўда? А ці спрабавалі вы выканаць якую-небудзь «маміну» работу?

Група вучняў расказвае, як яны дапамагаюць маме.
I вучань:
Я абед варыць вучуся,
Працаваць я не лянюся.
I калі гатуе мама,
Памагаю ёй таксама.

Мыю посуд і прыборы.
Рэжу сыр і памідоры.
За цыбулю — не бяруся,
Бо расплакацца баюся.
М. Пазнякоў.
II вучаніца:
Дужа добра
Рана ўстаць,
Ложак свой
Самой заслаць.
У мяне сама
Мятла
Вымятае
Пыл з вугла.
Суп яшчэ
Магу зварыць.
Ды нашто сябе хваліць?
Хай пахваліць
Той мяне,
Хто хоць лыжку
Сербане!
Е. Шожыніс
.
ІІІ вучаніца:
Іголачка, мая сяброўка,
Што ні дзень — працуе лоўка,
Каб цвілі зімой і ўлетку,
На маёй сукенцы кветкі.

Мы пашылі для сястрычкі
Дзве прыгожыя спаднічкі.
А для браціка — штаны...
Не нахваляцца яны.

Хваліць мама мае ручкі,
Баба цешыцца з унучкі,
Я смяюся:
- То ж не я,
То іголачка мая.
I. Кульская.
ІV вучань:
Пяць дачок у маці,
Родных пяць галубак,
Што ні робяць дочкі
Глянуць воку люба!

Галя мые кухню,
Залу — Лена з Верай,
А Хрысціна смажыць
Бульбу на вячэру.

Меншая, Анюта,
Хлеб купіла ў краме...
Залатыя дочкі
У шчаслівай мамы!
М. Хамянкоў.

Перад гледачамі з'яўляецца дзяўчынка Вера ў брудным фартушку з апалонікам у адной руцэ і кавалкам мыла ў другой. Твар дзяўчынкі запэцканы цестам.
Вядучая:
Ледзьве мама ў кватэру —
Да яе спяшае Вера
I дакладвае ёй з ходу
Пра вялікую работу.
Дачка:
Я вячэру згатавала!
Маці:
У муцэ чамусьці зала!
Дачка:
Стол я выцерла!
Маці:
Але пісягі на тым стале!
Дачка:
— Я мяла, як ты вучыла!
Маці:
- У куце мятлу забыла?
Дачка:
— Я памыла сарафан!
Маці (хапаючыся за галаву):
— У ванне мора-акіян!
Дачка (звяртаючыся да слухачоў):
— Вось якая я чысцюля!
Паводле Г. Каржанеўскай.

Вядучая:
— Што вы можаце сказаць пра такую памочніцу?

А зараз папрашу вас прадэманстраваць свой спрыт, майстэрства, здольнасці, уменні. Каму з вас хочацца дапамагчы маме? На кухні столькі спраў. Але перш чым за іх узяцца, трэба апрануць фартушок. Спаборніцтва «Завяжы фартушок!». Удзельнічаць у ім будуць хлопчыкі—дзве каманды па 5 чалавек. Яны павінны пастроіцца ў дзве калоны. Першы ў кожнай камандзе атрымае фартушок і па майму сігналу павінен апрануць яго. Наступны хлопчык развязвае фартушок і апранае яго сам. Пераможа тая каманда, у якой першы ўдзельнік хутчэй атрымае свой фартушок. Падрыхтаваліся? Пачалі!

Наступнае спаборніцтва — самае адказнае. Ад кожнай каманды (усе, хто сядзіць злева ад мяне — адна каманда, а хто справа — другая) запрашаем трох дзяўчынак, трох хлопчыкаў і трох мам. Спаборніцтва называецца «Дружная сямейка». Для перамогі трэба паспяхова пераадолець тры этапы: абабраць бульбу, зрабіць тры бутэрброды, прышыць тры гузікі. Заданне кожнага этапу выконвае любы член сямейкі або ўсе разам. Чыя каманда хутчэй прыйдзе да фінішу?

(На сямейку рыхтуюць тры бульбіны, тры нажы, батон, масла, каўбасу, тканіну, ніткі, нажніцы, тры гузікі, тры іголкі.)
Вядучая выказвае падзяку ўсім удзельнікам спаборніцтва і асабліва галоўным гасцям свята — мамам.
Вядучая:
— У нас у гасцях сёння і бабулі, бо 8 Сакавіка — гэта і іх свята. Колькі добрых, шчырых, цёплых, сардэчных слоў хочацца сказаць і ў іх адрас. Яны не менш, чым мама, клапоцяцца аб нас, хвалююцца за нас, дапамагаюць нам.

Вучань:
У бабулі маёй
Рукі лоўкія,
У бабулі маёй
Песні доўгія.

Разматае клубок
3 новай казкаю,
Прыйдзе хітры каток,
Трэцца з ласкаю.

Хоча лапкі пагрэць,
Завуркоча ён,
Ні гуляць, ні дурэць
Нам не хочацца.

Вось і дзень праляцеў,
I не спіцца нам.
Бабка казкі пляце
Чараўніцаю.
В. Вярба

Вядучая прапануе незвычайны конкурс: «Казка для бабулі». У журы выбіраюць трох бабуль, а з кожнай каманды вучняў — аднаго ўдзельніка, які раскажа сваю любімую казку. Лепшы апавядальнік і прынясе перамогу сваёй камандзе.
Вядучая:

— Рабяты, ваш сябар Вася Вясёлкін напярэдадні 8 Сакавіка атрымаў шмат лістоў ад сваіх маленькіх сяброў. Усе яны жадаюць зрабіць маме незвычайны падарунак і не ведаюць — які. Вось і звярнуліся да Васі за парадай і дапамогай, Вася Вясёлкін напісаў ім такі адказ: «Рабяты! Самы лепшы падарунак той, якому больш за ўсё ўзрадуецца ваша мама. А што яе ўзрадуе, вы ведаеце лепш за ўсіх. Вася Вясёлкін». Можа, вы падкажаце, параіце, дапаможаце ім?


Група вучняў чытае вершы.
I вучаніца:
Заўтра — свята веснавое
Восьмага сакавіка.
Што падорыць маме Зоя,
Клапатлівая дачка?

Мама зранку на заводзе,
Мама любіць працаваць,
А дачушка ў школу ходзіць,
Добра ўмее маляваць.

Што падорыць маме Зоя,
Не пытайцеся - сакрэт.
Заўтра, заўтра раніцою
Мама ўбачыць свой партрэт.
М. Чарняўскі.
IІ вучаніца:
Спяць яшчэ пад снегам
Паплавы, палеткі,
! таму з паперы
Я зрабіла кветкі.

I букет вясёлкай,
Нібы з градкі, ззяе.
На стале у вазе
Маму ён чакае.

Клопату хапіла
Браціку Рыгорку:
На паштоўцы новай
Вывеў ён васьмёрку.

Рада мама святу,
Рады мы таксама.
Сонца ў вокны свеціць
Светлае, як мама
П. Прануза.
III вучаніца:
Калі б магла вясёлку з неба зняць,
Я падарыла б маме.
Каб з хмарак я магла дыван саткаць,
Я падарыла б маме!

Пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк
Я падарыла б маме.
І ласку і цяпло на доўгі век
Я падарыла б маме!

Святло бяроз і песеньку малой
Сініцы сінякрылай —
Хачу паднесці ўсё, што мне самой
Матуля падарыла.
Э. Агняцвет.

Усе дзеці спяваюць «Мамину песенку» (словы М. Пляцкоўскага, музыка М. Парцхаладзе).

Вучань:
Слава маміным рукам,
Што работу любяць
I прыносяць сонца нам,
Ласкаю галубяць.

Слава маміным рукам.
Хай на ўсёй планеце
Кветкамі для мілых мам
Расцвітаюць дзеці.
М. Пазнякоў.

Дзяўчынкі ў касцюмах кветак выконваюць «Вальс кветак». На заканчэнне свята тры вучні чытаюць верш В. Лукшы:
I вучань:
Разам
3 ранняю Вясною
Ды з птушынай
Гаманою
Завітала
Ў хату
Свята —
Ў сэрцы
Радасці багата.
II вучань:
Рукі маці
Хлеб пякуць,
Дом будуюць,
Жнуць і ткуць.
Водзяць полем
Трактары
Ад зары
I да зары.
Нас збіраюць
Кожны раз
Раніцой
У школьны клас.
III вучань:
На лістку
Календара
Ззяе лічба,
Як зара.
Сёння дзень
Прыгожы самы.
Сёння —
Свята
Нашых мам.
Разам:
Слава мамам!
Слава мамам!
Слава маміным рукам!


Яшчэ на гэту тэму:

Мама! Любая! Віншую!     Свята 8 сакавіка