сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зося КУСТАВА, Тамара ФАМЕНКА, Валянціна ЮБКО. Пралеска 06/1996

Пажартуем, адгадаем...

Казкі, легенды, паданні, сказы, песні, прыказкі, прымаўкі перадаваліся і перадаюцца з вуснаў у вусны, таму і называюцца народнымі.

Жарты, анекдоты, загадкі—гэта вельмі папулярныя народныя жанры малой формы. Яны бяруць пачатак ад жыцця, назіранняў людзей, увасабляюць мастацкі талент народа, яго ўменне сцісла і цікава падаць звычайныя, паўсядзённыя жыццёвыя факты, фарміруюць маральна-этычныя прынцыпы і патрабуюць думкі, разважання, развіваюць у чалавека кемлівасць, выяўляюць разумовыя здольнасці. Таленавітымі іх творцамі з’яўляюцца як дарослыя, пісьменнікі, паэты, так і самі дзеці. Менавіта з іх вуснаў таксама зыходзіць здаровы мудры розум, бо, як сцвярджаюць назіранні, голас дзіцяці—голас Божы.

Таму змест раздзела “Пажартуем, адгадаем ...” будзе спрыяць не толькі ўзбагачэнню вуснай мовы выхавальнікаў і іх выхаванцаў, але і развіццю назіральнасці, таленту, гумару і інш. Тут маюць месца практычныя заданні тыпу — растлумачце, прачытайце дзецям, паразважайце з імі і прапануйце скласці нешта падобнае, адгадаць загадкі, абгрунтаваць адказы, самі збірайце і запісвайце смяшынкі, загадкі, складзеныя дзецьмі, і інш.

Растлумачце дзецям, што абазначаюць словы жарт, смяшынка, весялінка, анекдот, загадка, гумар.

Чытайце сваім выхаванцам жарты-смяшынкі, пачутыя ад дзяцей, напісаныя дарослымі, паразважайце пра змест, збірайце і запісвайце гумарыстычныя мініяцюры сваіх малышоў, якія з’яўляюцца на аснове іх жа назіранняў. Прапануйце складаць сваім дзецям весялінкі з уласных назіранняў.

* * *

Маці пашкадавала:
— Дачушка, ты так пахудзела — адзін нос застаўся.
— А хіба ў мяне было два насы ?
* * *

Ірынка сама, без мамы, надзела сукенку. Зашпільвае гузікі — і не можа справіцца, сярдуе.
— Што з табою, дачушка?
— Мама, прышый мне дзірачку на сукенцы, бо адзін гузік не зашпільваецца.
* * *

Настаўніца пытае:
— Дзеці, хто ведае, чым мыюцца каты ?
Вучні маўчаць.
Настаўніца падказвае:
— Яны мыюцца языком.
Вучань пытае:
— А дзе яны ваду бяруць?
* * *

— Паўлік, чаму ты кожны дзень спазняешся ў школу?
Няўжо ў вас будзільніка няма?
— Будзільнік ёсць. Ды толькі ён звоніць, калі я сплю.
* * *

На небе свяціла сонца, а потым яго закрыла хмара — і пайшоў дождж.
— Хто пакрыўдзіў сонца?—пытае Света ў бабулі.— Бачыш, яно плача.
* * *

—Дзеці, хто назаве драпежную птушку?—спытала выхавальніца.
Руку падняла Таня.
— Камар! Бо ён смокча чалавечую кроў.
* * *

— Тата, тата!—закрычаў Дзіма. — Глянь, нашы ходзікі стаміліся і адпачываюць.
Віця ўзяў матчын шпрыц і падаўся да хлеўчука, дзе жыў парсюк.
— Куды ты, Віця? — спытала маці.
— Іду ўколы парсюку рабіць.
— Ён жа не хворы.
— Як жа не хворы, калі ўвесь час вохкае?!
* * *

Марозны сонечны дзень. Андрэйка змёрз, не бегае з дзецьмі, а туліцца да сцяны.
— Чаму ты ў цяньку ля хаты стаіш? — пытае маці.
— Гэта я ад марозу схаваўся, бо на сонцы ён моцна кусаецца.
* * *

— Ну і доўгі ж у цябе язык!
— Які ж ён доўгі, калі з рота не відаць?! — здзівіўся Алёшка.
* * *

Маці кажа:
— Света, на вуліцы слізка, ідзі асцярожна.
— Не хвалюйся, мамачка, я за сваё паліто трымаюся.
* * *

Аднойчы Сева злавіў на рэчцы вялікага шчупака. Патрымаў - патрымаў у руках і выпусціў у рэчку.
— Чаму ты гэта зрабіў? — спытаў у яго сябар.
— Дык жа ўсё роўна ніхто не паверыць: скажуць — купіў.
* * *

Каця кажа сяброўцы Галі:
— Давай спаборнічаць: хто раней засне. Калі я засну раней, я табе скажу. калі ты раней, ты мне скажаш.
* * *

Бабуля з Віцем палолі агарод. Хлопчык вырваў крапіву і выкінуў.
— I як гэта яна цябе не ўкусіла?—спытала бабуля.
— А яна мяне ведае...—горда адказаў унук.
* * *

— Мая сястра кожны дзень бегае па ларках, дзе прадаюць цукеркі, — скардзіцца Пеця сябру Гену.
— Няўжо яна гэтак любіць цукеркі? — пытаецца Гена.
— Не, яна мяне шукае!—адказвае Пеця.
* * *

Пяцігадовы Саша не можа вымаўляць гук “р”. Сястра Валя навучае яго:
— Скажы “рыба”.
— Шчупак, — смяецца малы.
* * *

Каця крычыць на пяцігадовую сястрычку - гарэзу:
— Аленка, я цябе зараз прыб’ю!
— Кацечка, а дзе ж ты такі вялікі цвік знойдзеш?
* * *

Бабуля чытае кніжку. Унук пытаецца ў яе:
— Бабуля, навошта ты надзела акуляры?
— Бо яны павялічваюць літары, унучак.
— Тады надзень іх, калі ласка, калі будзеш адразаць мне торт.
* * *

— Чаго плачаш, Янук?
— Капейку згубіў.
— Вось табе дзве, толькі не плач.
Янук узяў дзве капейкі, схаваў ды зноў плача.
— Дык чаго ты плачаш?
— Як жа мне не плакаць! Каб не згубіў гэтай капейкі, дык меў бы ўжо тры.
* * *

— Бацька едзе з малым у вагоне. Кожнага разу, калі сын высоўвае галаву ў акно, бацька злуе. Нарэшце ён не вытрымлівае, падкрадаецца ззаду, хапае ў сына з галавы кепку, хавае яе за спінаю:
— Бачыш, не слухаўся, а цяпер твая кепка паляцела ў вырай.
Малы плача. Бацька ўжо не рады, што так пажартаваў, і кажа:
— А цяпер заплюшчы вочы і свішчы, кепка пачуе ды вернецца.
Малы заплюшчвае вочы і свішча, бацька хуценька надзявае яму кепку на галаву.
Уражаны малы хапае бацькаў капялюш і выкідае яго ў акно:
— А цяпер, тата, ты свісні.


Прачытайце дзецям загадкі, Хай яны іх адгадаюць і абгрунтуюць адказы. Прапануйце малышам скласці свае загадкі і расказаць, па якіх прыкметах яны іх складалі.

* Ад калыскі і навек самы блізкі чалавек. (Маці)
* Ад хаты да хаты вандруе пяшком — з мяшком падарункаў, з ласункаў мяшком. (Дзед Мароз)
* Без верху—бочачка, без донца, у белым цесце—залатое сонца. (Яйка)
* Маленькі, гарбаценькі — усё поле абскача. (Серп)
* Ляціць—вые, сядзе — зямлю рые. (Жук)
* Пад якім кустом сядзіць заяц, калі ідзе дождж? (Пад мокрым)
* Поле шкляное, а межы драўляныя. (Акно)
* Румяны Піліп да палкі прыліп. (Яблык)
* Стрэльбы не мае, а начамі— страляе. (Мароз)
* Стужак — сем, аздобілі нябёсы, ды не запляцеш у косы. (Вясёлка)
* Што без вады плавае? (Воблака)

Прачытайце дзецям прыкметы нашых продкаў, успомніце, якія вы ведаеце, паразважайце пра значэнне народных прыкмет.

* Праз парог нельга вітацца, развітвацца, інакш не мінаваць сваркі.

* У правым вуху звініць — добрыя весткі, у левым — благія.

* Ламаць хлеб і класці на стол перакуленым дагары бохан — моцна грашыць, выклікаць няшчасце.

* Каб людзі не сурочылі маленькае дзіця, трэба, адпраўляючыся з ім на прагулку, у каляску пакласці вузельчык з соллю ці на ручку яму навязаць чырвоную нітку.

* Калі вы што - небудзь забыліся дома, старайцеся не вяртацца, інакш не пашанцуе. Ну, а калі гэта ўсё ж неабходна зрабіць, дома абавязкова паглядзіцеся ў люстэрка.

Яшчэ на гэту тэму:

“Смяяцца не грэх”     1 красавіка - Дзень смеху