сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. К. КУНЦЭВІЧ, настаўніца Жарабковіцкай СШ Ляхавіцкага раёна. Пачатковая школа 10.2002

Я і мая сям'я

Свята для дзяцей і бацькоў

Афармленне залы: плакаты з прымаўкамі: "Няма лепшай хаткі, як у роднай маткі", "Татава хата ўсім багата", "Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка"; на сцяне ці шырме прымацавана карта горада Добрасямейска (гл. каляровы разварот) і малюнкі домікаў вучняў класа; загадзя падрыхтаваныя, але не прымацаваныя малюнкі дрэў (па колькасці вучняў класа); карткі з надпісамі "дом", "вуліца", "горад/вёска", "раён", "вобласць", "краіна", "планета"; жоўтыя круг і палоскі з прыказкамі для гульні "Сонейка".

(Гучыць першы куплет песні "У бацькоўскім кутку", словы Н. Гілевіча, музыка I. Лучанка.)

1-ы чытальнік.
Як соладка спіцца
У матчынай хаце.
Тут месяц глядзіцца,
Тут зоркі раяцца.
I лекі не трэба,
Калі слабаваты.
Ёсць роднае неба,
Ёсць родная хата.
Тут — шляху пачатак
I сілы крыніца,
Бацькоўская хата —
Радзімы зямліца...
(I. Калеснік.)

Вядучы. Навошта чалавеку патрэбен дом? Што абазначае выраз "утульнасць і цеплыня нашага дома"? (Вучні адказваюць на пытанні.)
Вядучы. I сапраўды, дом патрэбен кожнаму чалавеку. Сцены і дах ахоўваюць нас ад дажджу, ветру, снегу, марозу, спякоты. А вокны ўпускаюць дзённае святло, праменьчыкі сонейка. Дом — гэта не толькі асобная кватэра, але і пад'езд, двор, вуліца. Каб сям'і жылося ўтульна, неабходна клапаціцца пра іх.
Усім прыемна, калі ў доме чыста. Толькі нявыхаваныя людзі могуць кідаць смецце дзе папала. У мяне ёсць упэўненасць, што кожны з вас любіць свой дом і стараецца берагчы яго. Паглядзіце, якія светлыя і чыстыя, прыгожыя і ўтульныя нашы дамы. (Увага вучняў звяртаецца на малюнкі дамоў, прымацаваныя да шырмы.)

2-і чытальнік.
Хата — быццам напаказ:
Ёсць у ёй вада і газ.
Электрычнасць.
Печ гарой.
Хто жыць будзе ў хаце той?
Працавітая сям'я:
Тата, мама, брат і я.
(3. Марозаў.)

3-і чытальнік.
Не палохаюць завеі
У зімовы час:
Добра грэюць батарэі,
Ёсць святло і газ.
I па лесвіцы не трэба
Тэпаць — сходак шмат:
Ліфт за так падыме ў неба,
Ліфт звязе назад.
(М. Маляўка.)

Вядучы. Чысты, прыгожы дом важны не толькі сам па сабе. 3 чыстых дамоў складаецца такая ж чыстая вуліца. (Вядучы выстаўляе карткі са словамі "дом", "вуліца".) Як вы думаеце, што атрымаецца з чыстых вуліц? Так, чысты горад або вёска. (Картка "горад/вёска".)
У выніку разважанняў утвараецца ланцужок:
ДОМ - ВУЛІЦА - ГОРАД/ ВЕСКА - РАЁН -* ВОБЛАСЦЬ —   КРАІНА —   ПЛАНЕТА
Вядучы. Бачыце, ад кожнага з нас залежыць чысціня цэлай планеты. I мір на планеце залежыць ад міру ў нашых дамах.

4-ы чытальнік.
Дзед, бабуля,
Тата, мама,
Брат з сястрой,
Таксама я.
Мы — вялікая... (сям'я).

Вядучы. Колькі чалавек у сям'і, пра якую гаворыцца ў загадцы? (Адказы вучняў.) Сем'і бываюць розныя: вялікія і малыя. Калі ў сям'і ёсць мама, тата і адно дзіця — гэта малая сям'я. А хто можа ўваходзіць у склад вялікай сям'і? (Бабуля, дзядуля, брат, пляменнік і інш.)
Далей праводзіцца гульня "Хто каму хто?". Дзеці задаюць пытанні бацькам і гасцям, а бацькі — дзецям.

Пытанні для дзяцей:
  1. Мама таты. (Бабуля.)
  2. Тата мамы. (Дзядуля.)
  3. Дзяўчынка для бацькоў. (Дачка.)
  4. Хлопчык для бацькоў. (Сын.)
  5. Дзяўчынка для бабулі. (Унучка.)
  6. Дзяўчынка для дзядулі. (Унучка.)
  7. Хлопчык для бабулі. (Унук.)
  8. Хлопчык для дзядулі. (Унук.)
  9. Муж мамы. (Тата.)
  10. Жонка таты. (Мама.)
  11. Сястра таты. (Цёця.)
  12. Брат мамы. (Дзядзя.)
Пытанні для бацькоў:
  1. Сястра мужа. (Залоўка.)
  2. Брат мужа. (Дзевер.)
  3. Брат жонкі. (Швагер.)
  4. Жонка сына. (Нявестка.)
  5. Жонка брата. (Братавая.)
  6. Муж дачкі. (Зяць.)
  7. Маці жонкі. (Цешча.)
  8. Маці мужа. (Свякроў.)
  9. Бацька жонкі. (Цесць.)
  10. Бацька мужа. (Свёкар.)
  11. Сястра сына. (Дачка.)
  12. Сын дачкі. (Унук.)

Вядучы. Калі вы ўсіх членаў сям'і так добра ведаеце, наступнае пытанне будзе больш складаным: "Таты мамінага брата сястры бабулечкі свякроў". Хто гэта? Пра такія сваяцкія сувязі кажуць "дзесятая вада на кісялі". Вызначыць роднасць тут немагчыма, гэта проста скорагаворка. Паспрабуйце яе ўспомніць і паўтарыць.
5-ы чытальнік.
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае "мама"
I цяпер для мяне сама міла гучыць.
(Н. Гілевіч.)
6-ы чытальнік.
Мама — слова ласкавае.
Мама — слова яскравае.
Мама — слова вечнае.
Мама — слова сардэчнае.

Вядучы. Мы і не заўважылі, як трапілі ў цудоўны горад Добрасямейск, на галоўнай вуліцы якога знаходзіцца гандлёвы цэнтр "Маміны мары". (Увага вучняў звяртаецца на карту горада.)Сустрэць тут можна ўсіх мам. Як вы лічыце, што яны купляюць у гэтым магазіне? Давайце запалім для нашых мам сонейка, каб стала ім святлей і весялей.
(На дошцы з'яўляецца круг жоўтага колеру са словам "МАМА". Вядучы запрашае ўдзельнікаў прымацаваць да яго праменьчыкі з прыказкамі на ўказаную тэму. Дзеці бяруць па аднаму праменьчыку, зачытваюць прыказку і, калі яна падыходзіць, прымацоўваюць да сонейка.)

Прыказкі:
Зямелька — маці, а праца — бацька.
Кожнаму свае дзіця міла.
У маёй маткі ўсе дзеткі добрыя.
Усякая матка хваліць свае дзіцятка.
Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.
Без маткі і сонца не грэе.
Матчыны рукі заўсёды мяккія.
Родную маці нікім не заменіш.
Другой маткі не знойдзеш.
Якая матка, такое й дзіцятка.
Птушка рада вясне, а дзіця маці.
(Да пералічаных прыказак далучаюцца прыказкі аб працы, Радзіме і інш.)

Вядучы. Днём ярка свеціць сонейка, а калі наступае ноч, на небе запальваюцца зоркі і мамы спяваюць сваім дзецям калыханкі.
Мама адной з вучаніц.
Запаліла ночка
Зорныя агні.
Спі, мая дачушка,
Любая, засні.
Над тваёй калыскай
Буду я спяваць,
Пра ката і мышку
Казачку казаць.
Пад акенцам кветачка
Дзіўная цвіце.
Мая крошка-дзетачка
3 дня на дзень расце.
Вунь высока зорачка
Золатам блішчыць,
А мая дачушка
Штосьці ўсё не спіць.
3-захмурынкі месячык
Беленькі ідзе,
За сабою зорачак
Карагод вядзе.
(С. Новік-Пяюн.)

(Вучні выконваюць песню А. Рамізоўскай на словы М. Пазнякова "Маміны рукі"(гл.: "ПШ", 1996, №2).

7-ы чытальнік.
Тваёй душы красу,
Матуля дарагая,
Я па зямлі нясу,
Яе аберагаю.
Не заўважаў і сам,
Матулька дарагая:
Тваёй душы краса
Мяне аберагае.

Вядучы. Паглядзіце, мы апынуліся на станцыі метро "Плошча татавай незалежнасці". Для іх, для нашых дарагіх тат, вучні нашага класа праспяваюць вясёлыя прыпеўкі.

(Хлопчыкі, апранутыя ў жаночыя народныя уборы, спяваюць жартоўныя прыпеўкі.)

Вядучы. У горадзе Добрасямейску размясціўся мікрараён "Дзядуліна", а побач з ім — і Бабулін завулак. Давайце заглянем туды.
8-ы чытальнік.
Да матулькі мамінай
I матулькі татавай
Стаўлюся з любоўю.
I матульцы мамінай
I матульцы татавай
Зычу я здароўя.
I матульку маміну,
I матульку татаву
Буду шанаваці.
Мне матулька маміна
I матулька татава
Родныя, як маці.

(Танец-імправізацыя на музыку Р. Паулса "Залатое вяселле".)

Вядучы. Нездарма на нашай карце знаходзіцца кандытарская фабрыка "Дзіцячыя фантазіі". Запрашаем малодшых брацікаў і сястрычак пагуляць з намі ў гульню. (Праводзіцца пальчыкавая гімнастыка, затым малыя з завязанымі вачыма зрываюць прывязаныя на вяроўцы цукеркі.)

Гэты пальчык — мамачка,
Гэты пальчык — татачка,
Гэты пальчык — бабуля,
Гэты пальчык — дзядуля,
А вось гэты пальчык — я.
Тутуся мая сям'я.

Вядучы. Успомнілі мы сёння многіх членаў сям'і, але не ўсіх. Пра каго не гаварылі? Пра маму вашага дзядулі, тату вашай бабулі, маму вашай прабабулі. Хто яны для вас? Як можна назваць іх адным словам? Так, гэта вашы продкі, альбо ваш род. Кожны чалавек павінен ведаць і памятаць сваіх продкаў. Аб гэтым расказвае і казка В. Сухамлінскага, якая называецца "Казка пра чалавека і страказу". (Вучні інсцэніруюць казку(гл.: "ПШ", 2002, № 1), затым праводзіцца гутарка па зместу твора.)
Вядучы. Чалавек толькі тады можа звацца чалавекам, калі ён памятае сваіх продкаў. I зараз кожная сям'я, якая прысутнічае на нашым свяце, прыгадае сваіх продкаў і складзе свае радавое дрэва. I зазелянеюць вуліцы нашага горада Добрасямейска. Кожная сям'я атрымае зараз выяву дрэва, якую і трэба будзе запоўніць. Карані дрэва — гэта вашы бабулі і дзядулі. Спачатку запішыце татавых бацькоў, затым — маміных. Ствол — гэта вашы тата і мама, запішы­це іх поўныя імёны насупраць імён іх бацькоў.
Галінкі дрэва — гэта дзеці, а значыць, вы. Запішыце вашы імёны, імёны вашых братоў, сясцёр на галінках дрэва.
На атрыманым радаводзе змесціцца не ўвесь ваш род, а толькі частка, самыя блізкія вам людзі. Беражыце іх, як і яны берагуць вас.
(Вучні разам з бацькамі запаўняюць радавыя дрэвы, прымацоўваюць выявы каля домікаў вучняў, расказваюць аб сваіх продках.)

Свята заканчваецца песняй "Родны горад" (музыка В. Раінчыка, словы У. Някляева).


Яшчэ на гэту тэму:

“Шчаслівая зорачка”     “Бацька і маці ад Бога ў хаце”