сцэнарыі святаў на беларускай мове

Антаніна Пятроўна ШТУРА — настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 г. Мядзела. Роднае слова 11.2002

"Спяшайцеся з паэтам стрэцца"

Абагульняльны ўрок-конкурс па творчасці Якуба Коласа ў ХІ класе

Шчыльней у гурт, духоўная радня,
Да Коласа бліжэй, мы — беларусы!

Мікола Мятліцкі.

Мэта. Абагульніць вывучанае па дарэвалюцыйнай творчасці паэта; паглыбіць веды вучняў пра жыццёвы і творчы шлях Я. Коласа; раскрыць шматграннасць таленту пісьменніка, яго глыбокую любоў да роднага краю, прыроды, павагу да чалавека працы; фармаваць асобу грамадзяніна, уздзейнічаць на думкі і пачуцці вучняў з мэтай выхавання патрыятызму, высакароднасці, любові да роднага слова; развіваць творчыя здольнасціюнакоў і дзяўчат, навыкі эстэтычна асэнсаванага чытання.

Абсталяванне. Эпіграф, карта "Родны кут Я. Коласа", серыя жывапісных палотнаў "Радзіма Я. Коласа" Уладзіміра Сулкоўскага, на ручніках — выстава "Малюнкі родныя і з'явы...", выказванні пра пісьменніка.

Праграма конкурсу

Конкурс-размінка: пытанні біяграфіі паэта.
Конкурс капітанаў. Аповед "Радзіма Я куба Коласа" паводле паэтычных твораў песняра і жывапісных палотнаў У. Сулкоўскага.
Конкурс "Пазнай верш па радках".
Конкурс "Побыт беларусаў".
Конкурс-вернісаж.
Конкурс-аўкцыён "Багацце вобразна-выяўленчых сродкаў у паэме "Новая зямля" Я. Коласа.
Сустрэча з тэатрам. Інсцэнаванне з раздзела паэмы "Падгляд пчол".

Пісьменнікі пра Якуба Коласа

Самым дарагім для нас імем у беларускай літаратуры побач з імем незабыўнага Янкі Купалы з 'яўляецца імя Якуба Коласа.
Кандрат Крапіва.

Творчасць Якуба Коласа — гэта своеасаблівы летапіс жыцця народа, летапіс праўдзівы і хвалюючы..
Міхась Лынькоў.

Якуб Колас — адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры і стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы, настаўнік некалькіх пакаленняў сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Максім Лужанін.

Якуб Колас — з'ява ў духоўным жыцці беларускага народа незвычайная, непаўторная і, я сказаў бы, неабсяжная.
Ніл Гілевіч.

Якуб Колас — у сваёй геніяльнай прастаце, беларускасці — адзіны, непаўторны.
Алег Лойка.

3 прыходам у літаратуру Якуба Коласа і Янкі Купалы ў ёй з'явіўся псіхалагічна складаны, жыццёва праўдзівы вобраз беларуса — сапраўды нацыянальны характар.
Іван Навуменка.

За два тыдні да конкурсу усе ўдзельнікі распрацоўваюць умовы яго правядзення, якія змяшчаюцца на старонках насценгазеты "Роднае слова".
Урок пачынаецца музычным уступам. Гучыць песня "Мой родны кут" (тэкст Якуба Коласа, муз. Ігара Лучанка) у выкананні вучаніцы.

Настаўнік. Мой родны кут, як ты мне мілы!
Гэтымі сардэчнымі словамі пачынаецца наш урок-конкурс "Спяшайцеся з паэтам стрэцца...". Ен мае на мэце абагульніць вывучаны матэрыял па тэме "Якуб Колас", раскрыць шматграннасць таленту паэта, яго любоў да роднай зямлі, прыроды, павагу да чалавека працы, далучыць вас да паэтычных багаццяў паэмы "Новая зямля", развіць вашы творчыя здольнасці.
Шчыльней у гурт, духоўная радня,
Да Коласа бліжэй, мы — беларусы!

У конкурсе бяруць удзел каманды "Каласкі" і "Снапочкі". Выбіраюцца капітаны каманд.
Сістэма адзнак — пяцібальная. У складзе журы — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, госці, знаўцы творчасці Я. Коласа.
Біяграфія Я. Коласа — гэта адна з найцікавейшых старонак у жыцці ўсяго народа, бо лес песняра неад'емны ад лесу яго роднай зямлі.

КОНКУРС-РАЗМІНКА

Пытанні па біяграфіі паэта запісаны на "каласках". Адказваюць па чарзе ўсе члены каманд, перадаючы ў рукі "важкі колас". У канцы конкурсу капітаны выносяць "сноп". Журы ацэньвае адказы. Максімальная колькасць балаў — 5.

Вядучы.
Мох — як пуховая пасцель.
Адсюль да Коласа — так блізка... Схіліўся нізка журавель,
Нібы паэтава калыска...
Куточак памяці жывой,
Нібы святыню, помніць буду.
Ці не знайду я пад страхой
Старую Костусеву вуду?..
А можа, там ляжыць яшчэ,
Ля пуні, бацькава папруга?
А Нёман-бацька ўдаль цячэ,
Дзе сінеч неба, водар луга.
Чытаю "Новую зямлю":
"Дарэктар", Костусь і "Пачаткі"...
Здаецца, ў хату крок ступлю —
Запахнуць здорам там аладкі.
Запахне дроў салодкі дым,
I "маляніца" скокне з печы...
Нібы я з Коласам самім
Прыйшоў на першую сустрэчу.
Мікола Шахавец. Акінчыцы.

Пытанні да конкурсу

  1. Назавіце год і месца нараджэння Якуба Коласа, яго сапраўднае імя.
  2. Якімі псеўданімамі падпісваў творы народны паэт Беларусі?
  3. У колькі гадоў пайшоў вучыцца і дзе вучыўся будучы паэт?
  4. Дзе працаваў пісьменнік?
  5. Калі Якуб Колас пачаў спрабаваць свае літаратурныя сілы? Назавіце яго першы твор.
  6. Назавіце першы надрукаваны Коласавы твор. Дзе і калі ён быў апублікаваны?
  7. За што быў асуджаны Канстанцін Міцкевіч і дзе адбываў пакаранне?
  8. Назавіце зборнікі паэта дакастрычніцкага перыяду.
  9. Назавіце творы, якія Я. Колас напісаў на працягу 1920-1950-х гг.
  10. Калі і з якой нагоды атрымаў Я. Колас званне народнага па­эта Беларусі?
  11. Які твор Я. Коласа лічыцца энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства канца XIX ст.? Як доўга паэт працаваў над гэтым творам?
  12. Колькі раздзелаў уключае паэма? Назавіце прататыпаў геро­яў паэмы.
  13. Назавіце кампазітара, які стварыў буйны музычны твор паводле паэмы.
  14. У якім годзе памёр вялікі паэт?
  15. Скульптурныя выявы якіх коласаўскіх герояў устаноўлены ў Мінску на плошчы Якуба Коласа? Хто іх аўтар?
  16. Назавіце аўтараў, чые творы пераклаў на беларускую мову Я. Колас.

Адказы

  1. 1882, в. Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.
  2. Якуб Колас, Тарас Гушча, Агарак, Пятрусь Дзягель, Дзядзька Карусь, Дубовы Ліст, Ганна Крум, Карусь Лапаць, Лесавік, Свой чалавек і інш.
  3. У 10 гадоў; у Мікалаеўшчынскім народным вучылішчы.
  4. У 1902 — 1906 гг. настаўнічаў у вёсках Люсіна (Ганцавіцкі р-н), Пінкавічы (Пінскі р-н), у Верхменскім народным вучылішчы (Смалявіцкі р-н); працаваў у газэце "Наша Ніва " (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н, 1908), у Пінскім прыходскім вучылішчы (1912 — 1914). У савецкі час працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці; выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. 3 1929 г. віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі.
  5. Першыя літаратурныя спробы Я. Коласа адносяцца да часу вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Празаічны твор "Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле".
  6. Першы апублікаваны твор — верш "Наш родны край"(газэта "Наша доля", 1 верасня 1906г.).
  7. За ўдзел у нелегальным з'ездзе настаўнікаў. Пакаранне адбываў у Мінскім астрозе.
  8. "Песні-жальбы" (1910), "Апавяданні" (1912), "Родныя з'явы"(1914).
  9. Цыкл "Казкі жыцця" (1921), паэмы "Новая зямля" (1911 - 1923), "Сымон-музыка" (1911 - 1925), "На шляхах волі" (1926 - 1956), "Рыбакова хата" (1939); "Палескія аповесці" — "У палескай глушы" (1923) і "У глыбі Палесся" (1927), аповесці "На прасторах жыцця" (1926),   "Адшчапенец" (1930- 1931), "Дрыгва"(1933);п'есы "Война вайне" (1927- 1931), "У пушчах Палесся" (1938); шматлікія вершы і пераклады.
  10. У 1926 г. у сувязі з 20-годдзем літаратурнай дзейнасці.
  11. "Новая зямля ". 12 гадоў - з 1911 да 1923 г.
  12. Паэма складаецца з 30 раздзелаў. Прататыпамі галоўных герояў Міхала, Ганны, Антося і дзяцей з'яўляюцца бацька, маці, дзядзька, браты і сёстры паэта.
  13. Оперу "Новая зямля" паводле паэмы Я. Коласа напісаў Юры Семяняка.
  14. 13 жніўня 1956 г.
  15. Сымона-музыкі, Ганны, дзеда Талаша з сынам Панасам. Скульптор — Заір Азгур.
  16. Аляксандр Пушкін, Міхаіл Лермантаў, Адам Міцкевіч, Тарас Шаўчэнка, Паўло Тычына, Рабіндранат Тагор і інш.

КОНКУРС КАПІТАНАЎ

   АПОВЕД "РАДЗІМА ЯКУБА КОЛАСА"

Наступнае выпрабаванне ў спаборніцтве — конкурс капітанаў. Капітаны каманд распавядаюць пра радзіму Якуба Коласа паводле рэпрадукцый серыі жывапісных палотнаў мастака Уладзіміра Сулкоўскага, выстаўленых у зале. (Памятный мясціны пазначаны на карце "Родны кут Я. Коласа".)

Вядучая. Разам з мастаком Уладзімірам Сулкоўскім запрашаю вас прайсціся коласаўскімі сцяжынкамі, якія сталі крыніцай натхнення і вытокам творчасці песняра*.

Акінчыцы. Лясная камора.
Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся
Пад глухі шум бору...
У гэтай хаце 3 лістапада 1882 года нарадзіўся будучы вялікі пясняр нашай Бацькаўшчыны — Якуб Колас.
Акінчыцы.

Аа-аа, мой сынок!
Аа-аа, мой мілы! ;
Не крычы, не плач: дарэмна  
Ты патраціш сілы,
Матку ўспомніш ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе ўначы не раз  
Песенькі спявала.
Сядзіба Акінчыцкага лясніцтва.
За горкай панская пасада, :
Як у вяночку, каля саду
Ў глыбі прасторнага дзядзінца
Стаяла з боку ад гасцінца...
Сядзіба Акінчыцкага лясніцтва, куды часта прыходзіў па службовых справах бацька Кастуся — Міхал Міцкевіч.
Ласток. Інтэр'ер.

У хаце ўся сям'я збярэцца
За сталом каля гаршка,  
I прыветней мігатнецца
Бляск у вокнах бедака.
Мікалаеўская карчма. Тут жыла некаторы час да пажару) сям'я Я. Коласа. У гэтай хаце паэт правёў апошнія дні перад арыштам.
Мікалаеўская лясная камора. У інтэр'еры адлюстраваны рэчы, якімі карысталіся бацька і маці Кастуся.
На ростанях.
Льецца Неман паміж гораў,
Поўны сілы і красы,
У далёкія прасторы
Гоніць воду праз лясы.
Высокі Бераг.
Высокі Бераг, кут мой мілы!
Люблю я жоўць тваіх пяскоў,
Разложных хвоек гурт пахілы
I ціхі гоман лазнякоў.
Ліпы ў Смольні, якія ў 1911 г. пасадзіў сам Я. Колас. Гэтыя дрэвы вельмі падабаліся паэту і ён казаў, што яны проста просяць пэндзля мастака-пейзажыста.
Ліпы старыя шумяць за сцяною,
Жаласна, глуха шумяць,
Смутна ківаюць, трасуць галавою,
Толькі галіны рыпяць.
Бервянец — гэта сапраўдная "карцінная галерэя прыроды". Лясная камора ў Цёмных Лядах. У гэтай хаце ўзімку 1906 — 1907 г. жыў Якуб Колас, тут знаходзілася нелегальная школа, дзе ён вучыў дзетак.
Прыстанька. Менавіта тут у 1906 г. адбыўся настаўніцкі з'езд. 3 коласаўскіх часоў у гэтых мясцінах шмат што змянілася. I не дзіўна. Але і сёння, трапіўшы сюды, нельга не адчуць душой, як вабіць, хвалюе, прыцягвае да сябе поўны хараства чароўны куток Прынямоння.
Самыя раннія дзіцячыя гады паэта прайшлі ў Ластку. Гэта было глухое месца — поле, навокал лес ды сяліба лесніка — хата, гумно, хлеў.
Альбуць. У паэме "Новая зямля" Альбуць наз­вана Парэччам.
Парэчча — слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора — лес, як неба — долы,
Зіхціць у кветках лугавіна...
Гэтыя пейзажы дапамагаюць яскрава ўявіць радзіму паэта. У лясных гушчарах коласаўскіх мясцін часта сустракаліся крынічкі і "елка ў пары з хваіною".
I елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.

КОНКУРС "ПАЗНАЙ ВЕРШ ПА РАДКАХ"

Вобраз Бацькаўшчыны, роднага краю ручаінкай уліваецца ў магутную раку Коласавай паэзіі. Вось яна, самотная, тужлівая, але поўная надзеі і непахіснай веры ў светлы час. Бяжыць яна, песня-жальба, кружляюць над ёю чорныя птахі.
Вядучыя па чарзе чытаюць вершаваныя радкі, каманды даюць адказы. Старшыня журы абвяшчае вынікі конкурсу.

  1. Край наш родны, бедна поле!
    Ты глядзіш, як сірата,
    Сумны ты, як наша доля,
    Як ты, наша цемната ("Наш родны край).
  2. Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
    Родныя вёскі і люд,
    Песні цягучыя, песні пакутныя!
    Бачу і чую вас тут ("Родныя вобразы ").
  3. На усходзе неба грае
    Пераліўным блескам.
    Сыпле золата над гаем
    I над пералескам ("Усход сонца").
  4. Селянін глядзіць з уцехай,
    Ходзячы ў тым дары...
    Так ні поп, ні ксёндз не ходзяць
    Пры сваім алтары ("Рольнік").
  5. Тут нуда жыве людская, ,
    Прыпынілась гора тут;
    Смерць дзяцей, хвароба злая
    Тут знайшлі прытульны кут ("Вёска").
  6. Куды ні глянь — адно і тое:
    Усюды стрэльбы і "шнуры",
    Стаяць па пары і па трое
    На скрыжаваннях "каўняры"...
    або
    Куды пайсці і дзе схавацца
    Ад гэтых рыл і каўняроў (Вобразы самаўладдзя).
  7. Развялося стражнікаў,
    Як якой жывёлы,
    Ад іх плешак і шнуроў
    Чырванеюць сёлы...
    або
    Колькі ўсякіх строгіх мер —
    Канца няма, краю! (Канстытуцыя).
  8. Стэп неаглядны, шыр нелюдзіма,
    Вольнае царства вятроў, —
    Там вашы сцежкі, там і радзіма,
    Дзеткі блакітных стэпоў...
    або
    У сэрца людское закіньце з дажджамі
    Думкі іх верных сыноў ("Хмаркі").
  9. Адно мы добра ведаем:
    Хоць вечна мы блукаемся,
    А ўсё ж такі, хоць некалі,
    А праўды дапытаемся ("Наша возьме").
  10. Выйдзем разам да работы.
    Дружна станем, як сцяна,
    I прачнецца ад дрымоты
    3 намі наша старана! ("Беларусам").

КОНКУРС "ПОБЫТ БЕЛАРУСАЎ"

Вядучая.
Цяпер разгорнем часаў шаты,
Бліжэй прыгледзімся да хаты...
Як там вялося, як жылося. Згадайце, што было на падворку і ў хаце беларуса (каманда "Каласкі"). Раскажыце пра святочныя дні, успомніце тое, без чаго не абыходзіўся ніводны стол у сялянскай хаце (каманда "Снапочкі").

Ежа і святы беларусаў

  1. Стаяў асобна ў місцы скорам,
    Сяго-таго для верашчакі.
    Хоць невялікія прысмакі —
    Цыбуля, перчык, ліст бабкоў...
  2. Глядзелі хлопцы, як на дзіва,
    Як дзядзька, цеста замяшаўшы,
    Качаў галушкі, міску ўзяўшы...
  1. Прайшлі піліпаўкі, Мікола,
    Дзянькі праходзяць больш вясёла...
  2. У дзве нядзелькі на пакровах
    Прывезлі Яську ў лапцях новых...
  3. Тым часам Спас святы мінуўся,
    I лес у чырвань апрануўся...
  4. Збірай манаткі і ў Парэчча
    За добры час перабірайся:
    Перад вялікаднем старайся
    Туды, на месца перабрацца...
  5. І за той жарт Іллі-прарока
    Не будзе мець на цябе вока.

Вядучая. Згадаем, што было на падворку і ў хаце беларуса.

  1. Былі тут розныя будынкі:
    Гуменцы, гумны і адрынкі,
    Хлявы і стайні, і аборы,
    Дабра, набытку былі горы.
  2. На прыгуменні, поруч з садам,
    Павець з гумном стаяла радам,
    А пад паветкаю прылады:
    Вазок, калёсы, панарады,
    Старыя сані, восі, колы
    I вулляў некалькі на пчолы,
    Яшчэ някончаных; судзіна.
    Стары цабэрак, паўасьміна
    I розны хлам і лом валяўся...
  3. Услон заняў сваё ўжо места,
    На ім стаяла дзежка цеста...
  4. А каля покуця святога
    Дзве сцены клёнамі убраны...

КОНКУРС-ВЕРНІСАЖ

Вядучая.
Малюнкі родныя і з'явы,
Як вы мне любы, як цікавы!
Аснова гэтага конкурсу — загадзя падрыхтаваныя ілюстрацыі да паэмы "Новая зямля".
Кожная каманда выстаўляе па 3-4 малюнкі і абараняе іх чытаннем урыўкаў з паэмы. Ацэньваецца якасць малюнкаў, іх адпаведнасць тэксту, выразнасць чытання.

КОНКУРС-АЎКЦЫЁН

«БАГАЦЦЕ ВОБРАЗНА-ВЫЯЎЛЕНЧЫХ СРОДКАЎ У ПАЭМЕ "НОВАЯ ЗЯМЛЯ"»

Вядучая. Якую любоў да зямлі-маці трэба мець яе сыну, якім талентам валодаць, каб стварыць такі непаўторны помнік мастацтва!
Каманды падбіралі радкі з твораў Я. Коласа дома. Цяпер чытаюць іх па чарзе адна адной на памяць па 4 страфы. Каманда-суперніца называе паэтычныя тропы.

А елкі хмурнымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь.
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялі,
I так маркотна пазіралі
Іх задуменныя галовы!
(Увасабленне, адухаўленні, параўнанні, метафары, эпітэты.)
Як у калысачцы дзіцятка,
Калі ўжо трошкі акрыяе,
Сваю галоўку падымае
I навакол глядзіць здзіўлёна, —
Так гэта збожжайка зялёна
Да сонца цягнецца лісткамі,
Бы к матцы дзіцятка рукамі.
(Разгорнутае параўнанне.)
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне.
(Анафара.)
Жыта збажынкі лёгка гнуцца
I людзям радасна смяюцца.
(Адухаўленне.)
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, —
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.
(Перыфразы, метафары.)

На Божы свет, як бы з магілы,
3 зямлі травінкай далікатнай,
Густою шчотачкаю здатна
Выходзяць дробныя зярняткі.
(Параўнанні, адухаўленні, эпітэты.)
Раздолле ў лузе, эх, раздолле!
А колькі смеху і сваволля,
I жартаў, плюскату, штурхання
Над гэтым Нёмнам у купанне!
(Рытарычныя воклічы.)

Рэфлексія

Вядучая. Кожная эпоха нанова і па-новаму перачытвае вялікіх мастакоў слова. Як сёння вы прачыталі творы Якуба Коласа? (Выказваецца кожны член каманды "Снапочкі".) Некаторыя з прыблізных адказаў:

"Кнігі Коласа нам і калыскай, і школай былі, / І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі"; "Песні Коласа нас навучылі Радзіму любіць, / Родны край бараніць..."; "Я зразумела, што Якуб Колас — гэта цэлы свет, свет дзівосны, багаты і непаўторны, у якім месціцца родная зямля, яе народ, яго жыццё і гісторыя"; «Пройдуць стагоддзі, будуць напісаны новыя паэмы, а дзесьці сярод іх зоркай заўсёды будзе свяціць "Новая зямля". I нашы нашчадкі будуць чэрпаць з яе новыя і новыя веды; «Магчыма, першым чалавекам, які даў справядлівую ацэнку паэме, была маці Я. Ко­ласа. Яна гаварыла: "Сынок, як жа хораша ты напісаў, быццам у маёй душы пабываў..." І прасіла чытаць яшчэ і яшчэ. Вось так і мне хочацца перачытваць коласаўскія радкі».

Вядучая. Якія ўражанні засталіся ў вас ад сустрэчы з творамі паэта?
(Выказваецца кожны член каманды "Каласкі".)
Некаторыя з адказаў:

"Мне Якуб Колас запомніўся чалавекам шчодрай душы, мастаком сусветнага маштабу, які прайшоў вялікі жыццёвы шлях: ад вясковага пастушка да народнага паэта Беларусі, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук "; "Ён увасабляў таленавітасць і мудрасць свайго народа, быў вельмі шчыры і просты у абыходжанні з людзьмі, выключна чулы да іх трывог, радасці, гора. Пясняр уважліва ставіўся да кожнага чалавека"; "Праз яго творы я свет успрымаю, адчуваю інакш, цераз яго — з яго чуллівымі словамі — край свой люб­лю і ў душы паўтараю: Вобразы мілыя роднага краю, / Смутак і радасць мая..."; "Заканчваецца наша сустрэча з паэтам, але яшчэ доўга будуць гучаць у сэрцы і памяці музыка паэмы, радасць яе вольных песень, яе нечаканыя яскравыя вобразы, а таксама ўспаміны пра сустрэчу з паэтам. У гэтым — сіла коласаўскіх радкоў"; "Спяшайцеся з паэтам стрэцца, / Радкі, падказаныя сэрцам, / Сучаснік мой, адчуй душой, / Прайшоўшы гэтаю зямлёй".

Слова настаўніка. Імкліва бягуць гады... Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будзе жыць у памяці людзей Якуб Колас — выдатны пісьменнік, без якога немагчыма ўявіць беларускую літаратуру.
"Колас — гэта хлеб, гэта само жыццё". Якуб Колас прыйшоў да нас, каб сказаць: “Гэта мы — беларускі народ! Вось у чым наша веліч і несмяротнасць”. Ён — нацыянальны геній, без якога мы, вялікі свет былі б нашмат бяднейшыя. А таму расступіцеся, пасуньцеся трохі, мілыя суседзі, мы зоймем свае месца пад гэтым небам. Сваё месца ў бясконцай гісторыі чалавецтва. Мы маем на гэта права. У творчасці Я. Коласа бліскуча сцверджана, паказана і даказана: хто мы, што мы і за што нас, беларусаў, можна паважаць.
Я не хачу пачуць бязмоўя дня,
Якія б ні ўзвіліся землятрусы.
Шчыльней у гурт, духоўная радня.
Да Коласа бліжэй, мы — беларусы!

Журы падводзіць вынікі конкурсу, аб'яўляе і ўзнагароджвае пераможцаў. Настаўнік адзначае найлепшыя сачыненні вучняў па паэме "Новая зямля" Я. Коласа.

"СУСТРЭЧА 3 ТЭАТРАМ"

ІНСЦЭНАВАННЕ 3 РАЗДЗЕЛА ПАЭМЫ "ПАДГЛЯД ПЧОЛ"

1-я вядучая. А цяпер вас чакае сустрэча з тэатрам. Нашы ўдзельнікі паспрабуюць выступлен­нем раскрыць свае рэжысёрскія і акцёрскія здольнасці, уменне бачыць коласаўскіх герояў па-свойму.

Інсцэнуецца фрагмент раздзела "Падгляд пчол". Гулянне ідзе на поўную моц. Гучыць беларуская полька.

2-я вядучая.
Тут смехі, жарты, таўканіна. Найцікавейшая часіна...

Музыкі граюць польку. Усе танцуюць. Пані Юзафова з Анэлькай сядзяць за сталом.

1-я вядучая.
I вось зірнуць было цікава,
Як у жанок вялася бава:
Анэлька. Ну, проша ж, пані Юзафова!
Пані Юзафова.
Ой, не, не, кумка, даю слова!
Язэп мой лысы, унь, сярдуе.
1-я вядучая.
I вось жанчыны не стрывалі
I песню-кпіну заспявалі,
Каб пасмяяцца з нежанатых:
3 Антося, Яські і Кандрата.
Жанчыны (спяваюць).
Сядзіць дома, як пужала,
Не з кім слова мовіць;
Ой, жаніся ж: часу мала,
Старасць цябе зловіць!
Пастарэеш, небарака,
Дзеўкі ўсе зракуцца,
А ты будзеш, як сабака,
Туляцца і гнуцца,
I падлізваць будзеш місы,
Не свае — чужыя!..
Дык жаніся, Кандрат лысы,
Жаніцесь, дурныя!
Кандрат (да жанчын са злосцю).
Ну, зацягнулі ўжо, завылі!
Адно б вы толькі і жанілі!
У, турэцкія вы свацці!
Як вас няма, то й ціха ў хаце!
1-я вядучая.
Кандрат вачыма тут бліскае,
А Яська, брат яго, спявае:
Яська (спявае і прытанцоўвае).
Я — адзін; сцежкі мне
Адчынены ўсюды.
А як жэнішся, тады —
Не хадзі нікуды.
Я — адзін, я — казак,
I на ліха жонка!
Яна звяжа цябе,
Чортава галёнка!
Бог мужчыну стварыў,
Потым памыліўся;
Драў чупрыну Адам,
Што з Евай жаніўся.
1-я вядучая.
На хату Ганна выступае,
У ладкі плешча, падпявае.
Ганна (звяртаючыся да музыкаў, спявае).
Зайграйце, музыкі,
Каб я паскакала;
Купіў бацька чаравікі,
Каб я патаптала!
Фабіян (даючыся ў скокі).
Падзівіся, Гапка,
Як трасецца шапка!
Ян Пальчык (спявае).
Без музыкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды;
Грай жа, дудка мая!
Куцы дудка, туды я!
Скакаць хачу! Хто мне паграе?
Музыку! — Пальчык Ян гукае.

Гучыць вясёлая музыка. Усе выходзяць танцаваць: Ганна з Міхалам, астатнія госці — хто з кім. Тым часам стала і змяркацца.

Фабіян (устаючы да музыкаў). Ну, песню, песню! Пачынайце!

Гучыць развітальная песня "Бывайце здаровы, жывіце багата".

Усе госці (спяваюць).
Бывайце здаровы, жывіце багата,
А мы ад'язджаем дадому, дахаты.
Ў зялёнай дуброве мы начаваць будзем
I вашае ласкі вавек не забудзем!
Бывайце здаровы, жывіце багата,
А мы ад'язджаем дадому, дахаты.
Усе ўдзельнікі (разам).
Ну, выбачайце ж, не крыўдуйце!
Калі што кепска, то даруйце!


Яшчэ на гэту тэму:

Хто хоча стаць дзесяцібальнікам?     Шчаслівы выпадак