сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна МЕЗЕНЦАВА, музычны кіраўнік ДЦРД № 1 Першамайскага раёна г.Віцебска. Пралеска сакавік 2010 г.

"Словы родныя люблю я..."

Свята беларускай культуры для дзяцей групы "Фантазёры"

Свята пачынаецца з песні (напрыклад, «Чароўная мая краіна», сл. І муз.Л. Савіцкай), якую выконваюць музычныя кіраўнікі, дзеці ўваходзяць у залу.

Дзяўчынка.
Я — дзяўчынка-беларуска
3 васільковымі вачыма,
Хоць малая,
Але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
Словы родныя люблю я,
Вершаў ведаю багата.
Гукі мовы беларускай
Пахнуць верасам і мятай.
Леанід Пранчак


Дзеці спяваюць пачатак «Гімна Рэспублікі Беларусь» (тэкст М. Клімковіча і У. Карызны, муз. Н. Сакалоўскага).

1-шы вядучы. Мы, беларусы, вельмі ганарымся тым, што жывём у такой цудоўнай краіне. Кожны павінен ведаць культуру і традыцыі сваёй Бацькаўшчыны. Таму мы вырашылі наладзіць сёння свята, якое назвалі «Мой родны кут, як ты мне мілы!».
2-гі вядучы. А найлепшым чынам спасцігнуць культуру і традыцыі беларусаў можна праз абрады і святы нашых дзядоў. I сёння мы паспрабуем паказаць некаторыя каляндарна-абрадавыя дзеі, якія ўваходзяць у гадавое кола.
1-шы вядучы. Для беларусаў год у старадаўні час пачынаўся з вясны, калі абуджаецца зямля і ажывае навакольная прастора.

Дзяўчынка.
Гаманкі ручаёк, ты —
вясны пачатак.
Карагод, карагод —
спадарожнік свята.
Гаспадыняй вясна
стане ў нашым краі,
У дарозе яна, хутка завітае.
Станем мы ў карагод
з добрай весялосцю
I сустрэнем прыход
маладзенькай госці.
Васіль Жуковіч


Ладзіцца карагод «Як над гаем» (фанаграма, выконвае ансамбль “Камерата”).

2-гі вядучы. 3 ранняй вясны да позняй восені працавалі нашы продкі у полі. Яны аддавалі свае сілы і душу зямлі, якая ў сваю чаргу дзякавала ім багатым ураджаем.
Дзяўчынка.
Куды ні глянь — лясы шумяць,
Цвіце за полем гай,
А поле — вокам не абняць.
I гэта ўсё — мой край.
Пшаніца, жыта на палях,
Усюды ўраджай,
Стагі, як горы на лугах.
I гэта ўсё — мой край.
Жыве, працуе мой народ
Ці ў снежань,ці ў май,
I харашэе з году ў год
Мой родны, вольны край.
Куды ні глянь — лясы шумяць,
За полем рэчка, гай.
I ў сэрцы песні не стрымаць
Пра мой любімы край.
Адам Русак


Сюжэтная кампазіцыя «Дажынкі».

1-шы вядучы. Скончылася восень, цяжкія працоўныя дні адышлі, можна і адпачыць. Дбайны мужык да вясны рыхтуецца, баба кудзелю прадзе, а хлопцы з дзеўкамі па-моладзеву забаўляюцца, адзін перад другім выхваляюцца.
Інсцэніраванне беларускай народнай песні “Чыкі-брыкі”.
2-гі вядучы. Хлопцы сябе паказалі, цяпер чарга за дзяўчатамі.

Прыпеўкі.
Гэй, дзяўчыначкі-сяброўкі,
Светла-русыя галоўкі!
Заспяваем зараз, дзеўкі,
Пра хлапцоў сваіх прыпеўкі.
Грышка, Грышка, як жывеш?
Можа песеньку спяеш?
А ён кажа: «Не хачу,
Лепей я парагачу».
Мы сустрэліся з табой,
Размаўлялі над ракой.
Ну, Цімошачка, бывай!
А ён кажа: «Пачакай!»
Пачынаю я плясаць,
Дайце кола шырэй.
Не адна іду плясаць,
Нас ідзе чатыры.
1-шы вядучы. А цяпер весяліся, на «Весялуху» станавіся!

Выконваецца танец «Весялуха».


2-гі вядучы. За восенню надыходзіў час зімовых святаў. А якое было галоўнае зімовае свята? Так, гэта Каляды. Чую, музыка гучыць, гэта да нас калядоўшчыкі ідуць!

Пад фанаграму каляднай песні выходзяць дзеці-калядоўшчыкі. («Калядачкі»,муз. Я. Жабко (зб. «Весё­лый каблучок», Мінск Беларусь, 2003.)

Звязданоша. Добры дзень таму, хто у гэтым даму! Мы да вас прыйшлі, казу прывялі!
Каза. Хачу з вамі пагуляць, свой спрыт паказаць.


Інсцэніруецца беларуская народная песня «Ты, каза, нам раскажы»,
Напрыканцы каза падае на падлогу,

1-шы вядучы.
Ой, а што гэта з казой здарылася?
2-гі вядучы.
Мабыць, трэба яе пачаставаць?
Так, калядоўшчыкі?
1-шы калядоўшчык.
Каб каза устала на ножанькі — дайце ёй два пірожанькі.
2-гі калядоўшчык.
А на хвасточак — сала шматочак.
3-ці калядоўшчык.
А на насок — гарачы блінок.
4-ты калядоўшчык.
А на спінку — белую халсцінку.

Дзеці частуюць казу, тады яна ўстае.

Звязданоша.
Дзякуй вам, гаспадары!
А яшчэ на развітанне
пажадаць мы вам хацелі,
Каб ад нашага спаткання
крышку вы памаладзелі.
Механоша.
Каб не ведалі вы злосці,
Каб жылі ў весялосці.
Вушы каб у вас не вялі,
Каб вы добра ўсе гулялі!
2-гі вядучы.
Ну, гуляць дык гуляць!
Выходзь «Лявоніху» скакаць!

Выконваецца танец «Лявоніха».
Адна група танцуе, другое іграе на музычных інструментах. Напрыканцы танца ў кола выходзіць вядучая, выносіць каравай, з ім абыходзіць залу.

Хлопцы.
Я — беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я — беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма!
Я — беларус, і хоць сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
Я родам з племя непакорных
I прад бядой не задрыжу.
Ніл Гілевіч

Выконваецца беларускі танец (на выбар музычнага кіраўніку).



Яшчэ на гэту тэму:

«Мяне беларусь збеларушвае, чаруючы моваю шчыраю...»     3 Родным словам круглы год