сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга ПЕКНАЯ, выхавальнік ДУА «Яслі-сад № 11 г.Вілейкі» Пралеска 07/2012

Чароўная кніга

Літаратурная гасцёўня для дзяцей старэйшай групы з удзелам бацькоў

Праграмны змест: удакладніць і пашырыць веды дзяцей аб творчасці Максіма Танка; садзейнічаць развіццю іх цікавасці да твораў пісьменніка, стымуляваць жаданне ведаць вершы паэта на памяць і выразна іх расказваць; працаваць над фарміраваннем навыкаў маўленчай дзейнасці на беларускай мове, пашыраць і замацоўваць беларускі слоўнік; выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы; далучаць да мастацкай спадчыны беларускага народа.
Абсталяванне: самаробная кніга вялікіх памераў; зборнікі твораў Максіма Танка; ілюстрацыі да яго твораў, партрэт народнага паэта; лялькі, сняжынкі для гульні.
Падрыхтоўчая работа: завучванне вершаў Максіма Танка «Сняжынкі», «Хлеб», «Бай», «Жук і слімак», «Галінка і верабей»; інсцэніроўка вершаў.

Ход заняткаў

Выхавальнік (В.). Паважаныя госці! Мы рады вітаць вас у нашай літаратурнай гасцёўні. Як вядома, 2012 год аб’яўлены Годам кнігі. Што ж гэта за цуд такі — Кніга?

Кніга — гэта бясконцая крыніца ведаў, выток чалавечай мудрасці, скарбонка вопыту чалавецтва. Кніга — гэта сапраўдны цуд: вы знаходзіцеся дома, а можаце даведацца шмат цікавага пра далёкія краіны, мінулае і сучаснасць. Кнігі — нашы сябры. Яны суправаджаюць нас з самага дзяцінства на працягу ўсяго жыцця. Пра ўсё на свеце можна даведацца з кнігі.

Сёння да нас у госці прыйшла кніга — кніга незвычайная, самаробная. Яна запрашае нас здзейсніць літаратурнае падарожжа па творчасці аднаго з вядомых беларускіх паэтаў. Напэўна, вам цікава, творы якога мастака слова размешчаны на старонках нашай кнігі. Паспрабуйце здагадацца аб гэтым па партрэце, які змешчаны на вокладцы. Хто гэта? (Адказы дзяцей.)

Так, гэта Максім Танк, выдатны беларускі паэт, таленавіты перакладчык, аўтар твораў для дзяцей. У гэтым годзе яму споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння.

Максім Танк — гэта псеўданім. Ягонае сапраўднае імя — Яўген Іванавіч Скурко. Ён нарадзіўся 100 гадоў таму ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся спачатку ў рускай гімназіі ў нашым горадзе — Вілейцы, а пасля ў беларускай гімназіі ў Радашковічах. Ён напісаў шмат вершаў, якія ўвайшлі ў зборнікі «Каб ведалі», «След бліскавіцы», «Глыток вады», «Дарога, закалыханая жытам», і многа іншых. (Дэманструюцца зборнікі вершаў.)

Вельмі цудоўныя творы пісаў Максім Танк для дзяцей. 3 самымі цікавымі з іх мы і пазнаёмім сёння нашых гасцей. Адгортваем першую старонку. (Разгортваецца самаробная кніга.)
Які ж верш надрукаваны на старонцы? Паспрабуйце здагадацца па ілюстрацыі. Хто намаляваны? Як рускае слова «улитка» будзе гучаць на беларускай мове? Вымавіце «слімак», услухайцеся ў яго гучанне. Верш, які мы зараз паслухаем і паглядзім, так і называецца — «Жук і слімак».

Інсцэніроўка верша «Жук і слі- мак» у выкананні дзяцей групы.

В. Пра што верш? Ці спадабаўся ён вам? Чаму вучыць гэты верш?
Гутарка па змесце верша.
В. Адгортваем другую старонку. Хто намаляваны? (Птушкі.) Уявіце, што вы таксама птушачкі, птушачкі-пяюшачкі.

Рухомая гульня-тэатралізацыя «Ой, ляталі птушачкі».

В. Як называюцца птушкі, намаляваныя на старонцы? (Вераб’і.) I зараз мы паслухаем вершаваную казку, якая называецца «Галінка і верабей».
Верш чытаецца падрыхтаванымі дзецьмі.
В. Якія пачуцці выклікае ў вас гэтая казка? (Адказы дзяцей.)
А цяпер перагорнем наступную старонку нашай кнігі.
Хто намаляваны на гэтай старонцы? (Матуля, якая ўкладвае спаць сына.) А ці памятаеце вы, як называецца казка — калыханка, аўтарам якой з’яўляецца Максім Танк? Казка называецца «Ехаў казачнік Бай».
Выхавальнік чытае казку.
В. Якім вы ўяўляеце Бая? А што ў сваіх снах бачыце вы? А цяпер мы папросім нашых матуль праспяваць разам з дзецьмі калыханку.
Бацькі спяваюць калыханку.
В. Наступная старонка — чацвёртая.
Паглядзіце, калі ласка, на гэтую старонку. У якой пары года мы апынуліся? Чаму вы так думаеце? Прапаную хуценька апрануцца, каб не замерзнуць (Імітацыя апранання.) Зараз мы паглядзім, як дзве дзяўчынкі, дзве Ірынкі, гуляюць у сняжынкі.

Інсцэніроўка верша «Сняжынкі».

В. Які цудоўны верш! Давайце і мы пагрэемся і пагуляем у сняжынкі.

Рухомая гульня «Злаві сняжынку».

В. Працягваем гартаць старонкі далей. А каб здагадацца, пра што нам раскажа наступная старонка, трэба адгадаць загадку:
Ён і чорны, ён і белы,
А бывае — падгарэлы.
(Адказы дзяцей.)
Так, гэта — хлеб! Хлеб — наша багацце. Каб у вас кожны дзень быў на стале хлеб, патрабуецца няпростая праца вялікага мноства людзей.
Нездарма кажуць: «Хлеб — усяму галава». А вось адзін дзівак гэтага не ведаў, адносіўся да хлеба без павагі. Што ў выніку атрымалася, вы даведаецеся з верша «Хлеб».

Інсцэніроўка верша «Хлеб».

В. Вось і перагорнута апошняя старонка нашай чароўнай кнігі. Давайце яшчэ раз успомнім імя аўтара тых твораў, якія мы сёння пачулі. Пра што нам расказалі яго цудоўныя творы? На якой мове яны гучалі? (Адказы дзяцей.)

Падзякуем нашай госці Кнізе за свята, за тое, што яна адкрыла для нас чароўны свет мастацкай літаратуры, далучыла да літаратурнай спадчыны народнага паэта Беларусі М. Танка. На памяць аб сустрэчы ў нас застануцца ягоныя кнігі, якія мы будзем разам чытаць. Яны — яшчэ адзін падарунак незвычайнай Кнізе, свята якой мы ў гэтым годзе адзначаем.