сцэнарыі святаў на беларускай мове

Яніна КАРПУК, выхавальнік дзіцячага сада. Пралеска 11-1998

Люблю свой край

Комплексны занятак на тэму «Экалогія і я» ў рознаўзроставай групе

Мэта: выхоўваць у дзяцей пачуццё блізкасці, еднасці з прыродай, радасці ад зносін з жывёламі і раслінамі.

Ход занятку

У групавы пакой са сваёй песенькай заходзіць Дзед Барадзед (тата аднаго з выхаванцаў). Дзеці падхопліваюць знаёмы матыў.
Дзед Барадзед (Дз.Б.). Маё шанаванне, даражэнькія! А колькі ж вас тут сабралася—і дарослых і дзяцей!
Вядучая (В.). Дзед Барадзед, у добрую хвіліну ты да нас трапіў, а мог бы і не застаць. Справа ў тым, што мы ўсе—і дзеці і іх бацькі—сабраліся на мастацкую выстаўку.
Дз.Б. Выдатна, я таксама нешта разумею ў мастацтве.
В. Ну, калі так, то сядай з намі ў цягнік. I калі ты вялікі знаўца мастацтва, то ўбачыш там шмат карыснага для сябе. Справа ў тым, што ўсе прыпынкі маршруту аздоблены малюнкамі нашых дзяцей, зробленымі сумесна з бацькамі. Ты ўбачыш, якія гэта змястоўныя, прыгожыя работы. А разабрацца ў іх дапамогуць самі дзеці.

(Гучыць песня «Мой родны кут» у выкананні выхавальнікаў і бацькоў.)

В.
Лепей за ўсё мне на свеце мясціна
Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос.
Бэз пад акном, і на полі каліна,
Ціхае сонца, блакіты нябёс.
Колькі мне маці тут песень спявала,
Колькі радзілася ў сэрцы тут мар,
Колькі тут ласкі жыццё даравала,
Позіркам шчасця мне гледзячы ў твар!

Сапраўды, дзеці, радзімаю мы завём тое месца, дзе нарадзіліся, раслі, вучыліся рабіць першыя крокі, вымаўляць першыя словы. Нас заўсёды вабяць да сябе тонкія, кучаравыя бярозкі, прыгожыя бялюткія рамонкі. Менавіта гэтую тэму паклалі ў аснову сваіх работ нашы выхаванцы са сваімі бацькамі.
Дарэчы, першы прыпынак—«Зялёны гай». Дзеткі, чые малюнкі ўпрыгожваюць гэты прыпынак, выйдзіце з цягнічка і раскажыце, што вы на іх намалявалі.
Першая дзяўчынка. Табе, Дзед Барадзед, загадкі загадваем:
Адна я ў лесе з белаю карой,
Паю вас сокам веснавой парой. (Бярозка)

Другая дзяўчынка.
Заўсёды летам і зімой
Мае іголачкі са мной.
Галінак у мяне багата.
Зімой прыходжу я на свята. (Яліначка)

Дз.Б. (адгадвае загадкі і звяртаецца да дзяцей). Як добра змест вашых загадак адпавядае зместу малюнкаў. Цікава, а хто ж намаляваў вось гэтую прыгажосць?
Трэцяя дзяўчынка.
Белыя бярозы беларускія
Люба так аздобілі наш край.
Мы ідзём лясной сцяжынкай вузкаю,
Закаханыя ў зялёны гай.
А над намі ціха шэпча голлейка,
Вецер лашчыць, трэпле валасы.
Ты свяці, свяці пяшчотна, сонейка,
Сагравай бярозкі, верасы.

Дз.Б. Вось якая ты малайчына, відаць, па-сапраўднаму любіш свой родны куточак.
(Дзеці сярэдняй групы выконваюць песню «На дубочку».).
В. Ведаеш, Дзед Барадзед, дзеці не толькі ў малюнку дэманструюць любоў да родных мясцін. Іх любоў праяўляецца ў беражлівых адносінах да птушак, раслін, іншых жывых істот пры кожным спатканні з прыродай. Іх дбайнымі ручкамі дагледжаны не адзін мурашнік. 3 самага маленства яны далучаюцца да прыроды толькі з добрымі намерамі.

(Гучыць песня ў выкананні малодшай групы «Я вясну гукаю».)

В. Увага: прыпынак «Кветкі». Загадкі бацькам.
Першая дзяўчынка.
Стаяць каля сцежкі Юлькі,
На іх белыя кашулькі.
Сэрцы ў іх залатыя.
Адгадайце: хто такія? (Рамонкі)

Другая дзяўчынка.
На палянцы пасля цёплай ночкі
Глядзяць блакітныя вочкі. (Пралескі)

В. А зараз—вершы.
Першы хлопчык.
Пацеркі лецейка—кветкі-усмешачкі
Дзіўнай вясёлкаю ў траўцы гараць.
Вабяць пахучыя, вабяць прыгожыя,
Клічуць на вуліцу нас пагуляць.

Другі хлопчык.
Адуванчык-дзьмухавец
Пад дажджом абвіс, размок.
Жоўты быў, а як падсох—
Сам сябе пазнаць не змог.

В. Добра, дзеці, вы вельмі спраўна абаранялі гонар сваіх малюнкаў. Наступны наш прыпынак — «Сонейка — дожджык».
На гэтым прыпынку мы пагутарым пра розныя з’явы прыроды.
У выкананні нашых малышоў прагучыць песня «Свяці, свяці, сонейка».
Трэці хлопчык.
Цэлы дзень у нас дажджыла,
Гром злаваўся цэлы дзень.
Потым сонца засвяціла,—
Знік пярун, як ночы цень.

Трэцяя дзяўчынка.
А раса блішчыць бясконца.
Ўсё жывое ажыло.
Дзякуй, сонца, дзякуй, сонца,
За гаючае цяпло.

В. А на гэтай палянцы вельмі добра было б пагуляць у рухомую гульню. Называецца яна «Грушка».
Маці першай дзяўчынкі. Малайцы, дзеці. А зараз вам загадкі ад нас, бацькоў.
Маці другой дзяўчынкі.
Маленькае, залаценькае,
Усё поле асвеціць. (Сонца)

Маці першага хлопчыка.
Распластала птушка крылы,
Ажно сонца засланіла. (Хмара)

Тата другога хлопчыка.
Хоць зубоў не мае,
А за твар кусае. (Мароз)

Тата трэцяга хлопчыка.
Ляцяць птушкі без крыл,
А садзяцца без ног. (Сняжынкі)

Маці трэцяй дзяўчынкі.
Ляціць, а не птушка,
Вые, а не звер. (Вецер)

(Гучыць песня «У природы нет плохой погоды».)

В. Ну вось, дзеці, і апошні наш прыпынак—«Браты мае меншыя». Ён, дарэчы, самы адказны.
Справа ў тым, што мы павінны падрыхтаваць падарункі нашым сябрам.
А дапамогуць нам у гэтым вашы мамы і таты.
Рыхтаваць падарункі будзем з цудоўнага прыроднага матэрыялу—гліны.

(Пад мелодыю «Люблю наш край, старонку гэту» бацькі і дзеці рыхтуюць падарункі для птушак і звяроў.)

В. Паважаны Дзед Барадзед! А цяпер справа за табой. Гэтыя падарункі мы ўручаем табе. Ты павінен іх занесці нашым сябрам.


Яшчэ на гэту тэму:

Прырода - наш дом     Шчаслівы выпадак