сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена БУЛАНДА. Роднае слова 10/2002

Сялянская працаў прыказках, прымаўках i загадках

Пазакласнае мерапрыемства для вучняў V - VI класаў

Мэты: выхоўваць у вучняў працавітасць, грамадскія пачуцці, далучаць іх да спадчыны нацыянальнай культуры; развіваць цікаўнасць вучняў да вуснай народнай творчасці; абагульніць веды пра жанры вуснай народнай творчасці: прыказкі, прымаўкі, загадкі; прааналізаваць адлюстраванне ў іх сялянскай працы, паказаць мудрасць і паэтычнае хараство фальклору.
Абсталяванне: прыказкі і прымаўкі, напісаныя на асобных лістках, карткі да гульняў, сюжэтныя малюнкі-загадкі, малюнкі з выявамі прылад працы плакаты з прыказкамі, магнітафонныя запісы песняў.
Частка I
Вучань.
О Беларусь, мая калыска,
Жыццё маё, прытулак мой!
3 гарачаю любоўю нізка
Схіляюся перад табой.
Зямны паклон табе, радзіма,
Тваім палям, тваім лясам,
Тваім заводам з белым дымам,
Тваім гасцінцам і шляхам.
На спелых нівах ураджайных,
Ад краю ў край, ва ўсе канцы,
Махаюць крыламі камбайны,
Спяваюць жнеі і касцы.
Уся убрана ты квяціста,
Пад колер слуцкіх паясоў,
У строі нівы залацістай,
У шаты грэчак і аўсоў.
Пятро Глебка. Беларусь.
Вядучы. Сапраўды, Беларусь ва ўсе часы славілася працавітымі людзьмі. Эпіграфам да нашай гульні ўзяты словы: “Цішыні няма на свеце, вельмі шмат на свеце працы!”.
А зараз адгадайце слова, прапушчанае ў запісе на дошцы: “Чалавек без ..., што птушка без крылаў”. (Працы.)
Мы пагаворым пра тое, як сялянская праца адлюстравана ў прыказках, прымаўках і загадках — жанрах вуснай народнай творчасці — гэтага чароўнага і мудрага скарбу, які вучыць нас дабру, справядлівасці, сяброўству, працавітасці, самаадданай любові да роднай краіны.

У памяшканне “залятае” Певень.

Певень. Ку-ка-рэ-ку! Хто рана ўстае, таму Бог дае! Добры дзень, дарослыя! Вы ўжо працуеце! I мае гаспадары ўжо на нагах.

Заходзяць дзед Тамаш і бабка Васіліна.

Дзед Тамаш. Вось і Певень праспяваў, час і за работу брацца! Прывітанне ўсім!
Бабка Васіліна. Прывітанне. (Чытае эпіграф і прыказку на дошцы.) А што гэта тут? Куды мы трапілі?
Вядучы. Усе на Беларусі працуюць, працуем і мы з дзецьмі — вучымся, а сёння хочам пацікавіцца, як у прыказках, прымаўках і загадках адлюстравана сялянская праца.
Дзед Тамаш. А што гэта такое: прыказкі, прымаўкі, загадкі?
1-ы вучань. Прыказка — гэта кароткі, устойлівы выраз, рытмічна і граматычна арганізаваны, які ў завершанай, сціслай, вобразна-паэтычнай форме абагульняе з’явы жыцця, ацэньвае іх, павучае і дае практычныя парады.
2-і вучань. Прымаўка — таксама ўстойлівае выслоўе, якое вобразна, эмацыйна характарызуе тую ці іншую падзею ці асобу, але толькі ў канкрэтным выпадку, без абагульненняў і высноваў.
Бабка Васіліна. А пры чым тут праца?
Вядучы. Тэматыка прыказак і прымавак разнастайная: пра Радзіму, пра сяброўства, пра якасці чалавека. А сяляне — дбайныя гаспадары. Таму і склаў народ прыказкі і прымаўкі пра сваю працу, у якіх ухваляецца цягавітасць, а высмейваецца лянота.
Дзед Тамаш. А дзеці ведаюць такія прыказкі і прымаўкі?
Вучні. Ведаем.

Гульня “Складзі прыказку”

Умовы: вучням прапануюцца асобныя словы (на картках), з іх за пэўны час трэба скласці прыказку і растлумачыць яе навучальны змест.
1. Без працы няма чаго хлеба шукаці.
2. Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы.
3. Ваўка ногі кормяць.
Вядучы. Сяляне ведаюць, што і калі трэба рабіць, падпарадкоўваюць сваю працу кожнай пары года, часу сутак або пэўнаму святу. Але сустракаюцца людзі, якія больш працуюць языком, чым рукамі. Пра такіх народ склаў прыказкі і прымаўкі.

Гульня “Падбярыце па тэме”

Вучні атрымліваюць запісаныя на асобных лістках прыказкі і прымаўкі. Задача — прачытаць, падумаць над зместам, сэнсам. Падысці да дзеда Тамаша тым вучням, да якіх трапілі прыказкі і прымаўкі пра суадносіны працы сялян з пэўным часам, а да бабкі Васіліны — тым, у якіх апынуліся прыказкі і прымаўкі, складзеныя
пра балбатуноў, што працуюць не рукамі, а языком.
1. Хто рана ўстае, той многа зробіць.
Калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся.
Вясной на дзень раней пасееш, а восенню на тыдзень раней збярэш.
Ладзь калёсы зімой, а сані летам.
2. Тады слова — серабро, калі справа — золата.
І шыла, і мыла, і ткала, і прала — і ўсё языком.
Не таму слава, хто на язык лёгкі, а таму — хто ў справе стойкі.
Слоў мяшок, а спраў на вяршок.
Певень. Дзеці, я яшчэ падрыхтаваў для прыказкі і прымаўкі.
Вядучы (бярэ іх у Пеўня). Ой, ты ж канцы пагубляў. Давайце, дзеці, калі ласка, дапаможам знайсці іх.

Гульня “Закончы прыказку”

Пачатак прыказкі зачытваецца, а канец трэба знайсці сярод слоў, прапанаваных на лістках перы. Вучні зачытваюць прыказку цалкам і тлумачаць яе сэнс.
1. Сёння зробіш — заўтра як ... (знойдзеш).
2. Не адкладвай на заўтра тое, што паспееш … (зрабіць сёння).
3. Летні дзень ... (год корміць).
4. Паміраць збіраешся, а жыта ... (сей).
5. Хто з маладосці працуе, той на старасці … (не шкадуе, не сумуе).
Дзед Тамаш. Пакуль вы, дзеці, Пеўню дапамагалі, мы з бабуляй падрыхтавалі адно заданні. Паспрабуйце прачытаць, якую прыказку “зашыфравалі” на плакаце: “акевалач ьцібьнаг ацарп яакяін”. (Ніякая праца не ганьбіць чалавека)
Певень. Ку-ка-рэ-ку! Дзеці шмат працавалі, мноства прыказак назвалі! А хто добра працуе таму трэба і адпачыць.

Музычная паўза. (Інсцэніроўка беларускай народнай песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок". Адна дзяўчына выконвае песню, а другая ў танцы паслядоўна ілюструе кожны куплет.)

Частка II
У клас уваходзяць Янка і Аленка.

Янка і Аленка. Прывітанне! Што за свята ў вас?
Вучні. Мы разглядаем, як у прыказках, прымаўках і загадках адлюстроўваецца праца людзей.
Бабка Васіліна. Вучні вельмі добра ведаюць прыказкі і прымаўкі, умеюць аналізаваць іх.
Янка. А мы з Аленкай больш загадкі любім
Аленка. Дзеці, а вы ведаеце, што такое загадка?
Вучань. Загадка — гэта жанр вуснай народнай творчасці, вобразнае апісанне прадмета або з’явы, што трэба адгадаць.
Вядучы. Загадкі таксама разнастайныя паводле тэматыкі. Есць загадкі і пра сялянскую працу і прылады для яе.

Гульня “Адгадайце”

Вядучы называе загадку, а дзеці адгадваюць.
1. Адкіну палена, адкіну другое і скіну крывое — выведу жывое. (Распрагаць каня.)
2. Як ляжыць, то меншая за ката, а як устане, то большая за каня. (Дуга.)
3. Чатыры колы летам бягуць, дзве дубовыя ??аненкі зімой слізгаюць, а іх гаспадар — адзін і ўзімку, і ўлетку. (Калёсы, сані, конь.)
4. Прыехалі камісары, гаспадароў павязалі, а ?ата праз акно пайшла (Рыбакі, рыба, вада, сетка.)
5. Стальны пёс у зямлю ўрос. (Барана.)
6. Бацька — з сажань, маці — з локаць, а дзеці — па пальцу, або: Адна матка дванаццаць сыноў мае і на ўсіх націскае. (Граблі.)
7. Сівая карова праз дарогу пройдзе, а белая асядзе. (Сыроватка, цадзілка, тварог.)
8. Калода — калодзішча, балота — балоцішча, воўк утапіўся, два зайцы цягнуць. (Калодзеж, вядро, рукі.)
9. Маці — таўстуля, дачка — красуля, а сын- ?ерабор паляцеў на двор. (Печ, полымя, дым.)
10. Вылецела сава з астрава, кіў хвастом — дый зноў у востраў. (Патэльню дастаюць з печы.)
11. Цыган цыганку за грыву павалок. (Чапяла патэльня.)

Гульня “Падбяры малюнак”

Аленка і Янка раздаюць вучням карткі з намаляванымі прыладамі працы. Пасля зачытваюць загадкі. Калі адгадка адпавядае малюнку прылады жаночай працы, вучань падыходзіць да Аленкі (I). Калі мужчынскай — да Янкі (II).
І.1. Сам драўляны, а галава жалезная. (Малаток.)
2. Дровы нарыхтоўвае працаўніца дбайная, галава сталёвая, тулава — драўлянае. (Сякера.)
3. Есці век яна не просіць, хоць зубоў і многа мае, як працуе — сыпле проса, весела спявае. (Піла.)
4. Ручка ёсць, а не граблі, зямлю рые, а не барана. (Рыдлёўка.)
II. 1. Маленькі, гарбаценькі, усё поле абскача. (Серп.)
2. Ходзіць, скача па пакоі дзед з доўгаю барадою; як няма чаго рабіць, у куце тады стаіць. (Венік.)
3. Носік сталёвы, а хвосцік ільняны. (Іголка з ніткаю.)

Гульня “Убачыш адгадку”

Вядучы называе загадкі, а вучням трэба знайсці адгадку сярод малюнкаў, прымацаваных да дошкі (не толькі назваць адгадку, але і паказаць усім).
1. Новая пасудзіна, а ўся на дзірках. (Сіта.)
2. Пад ліпавымі кусточкамі, па шырокім полі з яе мяцеліца мяце. (Чалавек сее зерне праз сіта.)
3. Лес сякуць, лес вяне, на тым месцы горад стане. (Сенакос.)
4. Стаіць сава на купіне, крыламі махае, а ляцець не можа, трасецца, калоціцца, аб усім свеце клапоціцца. (Млын.)
5. Два зайцы рэжуцца, белая кроў сыплецца. (Жорны.)
6. Маленькім і гарбаценькім поле абскакала, тысячу брацікаў звязала, адным поясам падвязала, і залатыя горы выраслі ў полі ў летнюю пару. (Жняя, серп, снапы.)
7. Лезу, лезу па сінім жалезе, адчыню камору — там злыя сабакі. Вакол завіруха, а ў сярэдзіне — вяселле. (Пчаляр і пчолы ў вуллі.)
8. Зубаты, гарбаты, дзве свінкі за віхор валачэ. (Чалавек нясе вёдры з вадой на каромысле.)
9. Журавы ляцяць, а слёзы капаюць. (Вёдры і вада, што выліваецца.)
10. Цвёрды Мартын у нашага дзеда далёка плюе, а дзядуля здабычу дамоў нясе. (Стрэльба, паляўнічы.)
11. Еду не дарогаю, паганяю не пугаю, азіраюся назад — следу не відаць. (Чалавек на лодцы.)
12. Пані ўвойдзе ў сад, ды не выйдзе назад. (Рыба ў нераце.)
13. Кланяецца чалавек чорнаму барану, а стаіць баран — на ім сто ран. (Калода, на якой сякуць дровы.)
14. Рагаты, ды не бык, яду бярэ, а не сыты, людзям падае, а сам у кут ідзе. Сеў у вазок і паехаў у аганёк. (Чапяла і чыгун.)

Музычная паўза. (Інсцэніроўка народнай песні “Касіў Ясь канюшыну”.)

Певень. Ку-ка-рэ-ку! Пара! Пара!
Бабка Васіліна. Так, нам ужо трэба ісці. Дзякуй, дзеці, да пабачэння!
Дзед Тамаш (вешае на дошку плакат і разам з дзецьмі зачытвае напісаны на ім тэкст). Хто працуе, той ніколі не сумуе! Да пабачэння!
Аленка. Ну што ж, і нам трэба збірацца. Паслухалі мы прыказкі, прымаўкі, загадкі пра сялянскую працу, час і самім за справу брацца.
Янка (вешае на дошку плакат, разам з усімі чытае напісаныя на ім радкі).
Будзеш добра працаваць —
Будуць людзі паважаць.

Госці і Певень выходзяць.

Вядучы. Пра што мы размаўлялі, пра што даведаліся?
1-ы вучань. Пра розныя жанры вуснай на- роднай творчасці.
2-і вучань. Як народ адлюстраваў сялянскую працу ў фальклоры.
3-і вучань. Не толькі слухалі, чыталі прыказкі, прымаўкі, загадкі, але і ўбачылі на малюнках, уявілі сабе сялянскую працу, яе прылады.
4-ы вучань. Зразумелі, што працавітасць — лепшая якасць кожнага чалавека.
5-ы вучань. Адчулі мудрасць, павучальны змест, паэтычнае хараство вуснай народнай творчасці.
Вядучы. Назавіце прыказкі, прымаўкі і загадкі, якія вам запомніліся. Прапануйце свае. (Адказы вучняў.)
Вядучы. А што спадабалася вам больш за ўсё? Які ў вас быў настрой? (Адказы вучняў.)
Вядучы. Малайцы, дзеці! Шмат ведаеце, шмат чаго ўмееце! Не забывайцеся, што народная творчасць — наш найкаштоўнейшы скарб.