сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. ЯНУШЭВІЧ. Пачатковая школа, Верасень 2003

"Я хачу, каб жыла ты заўсёды!"

Літаратурна-музычная кампазіцыя да Дня маці

У святочным календары многіх краін свету Дзень маці лічыцца адной з важнейшых дат. Мы прызвычаіліся віншаваць матуль у Міжнародны жаночы дзень. Але, пагадзіцеся, свята 8 Сакавіка мае зусім іншы сэнс. Улічваючы гэта, Беларускі саюз жанчын выступіў у 1995 г. з прапановай аб святкаванні Дня маці на Беларусі. Прапанова была падтрымана, і свята набыло афіцыйны статус.
Прыпадае Дзень маці на 14 кастрычніка — дзень Пакрова прасвятой Багародзіцы. Традыцыі святкавання Дня маці пакуль небагатыя. Аднак, спадзяёмся, у хуткім часе гэтае свята ўвойдзе ў шэраг самых любімых і чаканых. Прапануем увазе нашых чытачоў літаратурна-музычную кампазіцыю.

(Зала святочна ўпрыгожана. Запрошаныя на ранішнік матулі рассаджваюцца на ганаровыя месцы. На сцэну выходзяць усе вучні класа.)

1-ы вучань.
Спіць у мамы на руках сынок.
Залюляны мараю салодкай,
Нібы склаўшы крыльцы матылёк
Спіць пад ласкай сонца на пялёстках.
2-і вучань.
На руках у мамы хлопчык спіць.
А на ганку летні ветрык лёгкі
Ходзіць, хоча брамку адчыніць
У нязнаны свет, у свет шырокі.
3-і вучань.
Хлопчык спіць у мамы на руках...
Можа, сніць сябе дарослым надта
У прыгожай форме марака
Ці ў бліскучым шлеме касманаўта.
4-ы вучань.
Пройдзе час — і стане явай сон:
Выйдзе ў мора, узляціць пад хмары,
Працай рук нястомных будзе ён
Маладзіць вясновыя абшары.
5-ы вучань.
А пакуль — маленечкі сынок
На руках у мамы спіць салодка,
I жывы трапеча матылёк
Над ягонай ільняной галоўкай.

(Вучні спяваюць "Калыханку" на словы Г. Бураўкіна.)
1. Доўгі дзень, цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень, сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Збеглі зайкі ўсе ў лясы.
Змоўклі птушак галасы.
I буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.

Прыпеў:
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.

2. Пакрысе на расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі.
Гулі ўсе, казкі ўсе
Пахаваны пад падушкі.
Спяць і мышкі, і стрыжы,
Спяць машыны ў гаражы.
Ты таксама каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.
Прыпеў.

6-ы вучань.
Першы голас, які я пачула на свеце,
Быў голасам маці.
Калыханку пад месяцам і на дасвецці
Спявала мне маці.
7-ы вучань.
Гэта — першая песня
I першае слова
Зямлі маёй весняй.
Гэта — ціхая ласка
I міру ахова.
Усе вучні (разам).
Дзякуй, маці, за песню!

(Вучні выконваюць песню "Самая лепшая", муз. У. Галя, сл. У. Карызны. Гл. дадатак.)

8-ы вучань.
Бяру я руку маёй маці
I ласкава сціскаю ў сваіх руках.
Так лампаду бяруць, каб у хаце
Уначы пасвятлела па ўсіх кутках.
9-ы вучань.
I маці ў здзіўленні заўсёдным
Уважна ўглядаецца ў вочы мае:
"Ты, пэўна, сынок мой, галодны?"
Ніколі адвагі ў мяне не стае —
Сказаць, як люблю яе моцна!..
10-ы вучань.
Рукі цёплай пяшчоты,
Турботы і працы —
Ад ляноты лячылі.
Аніякай работы ў жыцці не цурацца
I мяне навучылі.

(Вучні інсцэніруюць байку Э. Валасевіча "Сама". Выходзяць Аўтар, Вавёрачка, Мама.)

Аўтар.
Вавёрачка арэшак ухапіла
I так і сяк яго на зуб бярэ,
Але ці не хапае сілы,
Ці дужа цвёрды той арэх,
Ды ён не паддаецца.
Матуля весела смяецца.
Мама.
Давай сюды!
Малая ты яшчэ, дапамагу,
Бо кволенькія зубкі...
Аўтар.
Вавёрачка надзьмула губкі.
Вавёрачка.
Не дам! Сама я раскусіць змагу!
Аўтар.
I што б вы думалі? Хапіла сілы.
Хоць не адразу — ды сама
Арэшак раскусіла!
Усе (разам).
Без цяжкасцей і перамог няма!

(Вучні выконваюць песню "Матуліны рукі", муз. У. Галя, сл. В. Вярбы. Гл. дадатак.)

11-ы вучань.
Калі б магла вясёлку з неба зняць,
Я падарыла б маме.
Каб з хмарак я магла дыван саткаць,
Я падарыла б маме!
12-ы вучань.
Пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк
Я падарыла б маме.
I ласку, і цяпло на доўгі век
Я падарыла б маме!
13-ы вучань.
Святло бяроз і песеньку малой
Сініцы сінякрылай —
Хачу паднесці ўсё, што мне самой
Матуля падарыла.

(Дзеці ўручаюць матулям зробленыя сваімі рукамі падарункі і віншуюць іх са святам.)

14-ы вучань.
Запаветныя, родныя фарбы і гукі —
Усё застаецца.
Дзякуй, мама, за рукі,
Бяссонныя рукі,
За адданае сэрца!
15-ы вучань.
Не пакрыўджу цябе,
3 тваіх сцежак не збочу,
Засланю ад нягоды.
Усе вучні (разам).
Я хачу, каб свяціліся радасцю вочы
I жыла ты заўсёды!

У сцэнарыі выкарыстаны вершы Э. Агняцвет, М. Карыма, X. Жычкі.

Дадатак

САМАЯ ЛЕПШАЯ

Верш У. Карызны
Музыка У. Галя

Весняй зараначкай свеціць,
Лашчыць, як звон ручая,
Самая лепшая ў свеце
Мама мая.
Самая лепшая } 2 р.
Мама мая.

Сонца парой залатою
Будзіць у росных гаях,
Жаўранкаў просіць
Спяваць над зямлёю
Мама мая.
Жаўранкаў просіць } 2 р.
Спяваць над зямлёй.

3 ёй весялейшыя песні,
Радасць мілей удвая.
Самая, самая лепшая ў свеце
Мама мая.
Самая лепшая } 2 р.
Мама мая.

ноты песні


МАТУЛІНЫ РУКІ

Верш В. Вярбы
Музыка У. Галя

3 маленства яны нас да сэрца гарнулі,
Пяшчотныя, добрыя рукі матулі,
Што зранку працуюць няспынна і лоўка,
Дачушку накормяць, прычэшуць галоўку.

Матуліны рукі нас песцяць, галубяць,
Так шчыра, як маці, ніхто нас не любіць.
Матуліны рукі — адзіныя ў свеце.
Шануйце, любіце заўсёды іх, дзеці.
Ноты песні



Яшчэ на гэту тэму:

Любоў да маці свет трымае     «Перад табою, мама, я нізка галаву схіляю»