сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. Б. ЯФІМАВА, кандыдат філалагічных навук. г. Мінск. Пачатковая школа 10/2000

Карусель, карусель - Восені карусель!

Ранішнік "Свята восені"

Па сцэнарыю, які прапануецца вашай увазе, можна правесці ранішнік “Свята восені”, гульню-падарожжа ў восень і да т. п.
Для афармлення залы, вырабу касцюмаў выкарыстоўваюцца рознакаляровая восеньская лістота, кветкі, гронкі рабіны, з якіх можна зрабіць каралі. 3 лістоў клёна можна зрабіць прыгожыя кароны і камізэлькі. Лісце папярэдне трэба падрыхтаваць: падсушыць пад гнётам, каб яно захавала колер і форму, не курчылася. Касцюм для Восені можа выглядаць так: доўгая сукенка, накідка, упрыгожаная лістамі, ягадамі, кветкамі, грыбамі, выразанымі з паперы. Дарэчы, пры афармленні залы не трэба забываць пра падлогу, на ёй павінна быць шмат лістоў розных дрэў.
Настаўнік. Сённяшняе свята прысвечана восені. Кожная пара года мае сваю прывабнасць; восень жа надзелена чароўнай прыгажосцю. Гэта любімая пара года многіх паэтаў, мастакоў. Любіць восень і вядомая беларуская паэтэса Ніна Галіноўская, вершы якой сёння будуць гучаць на нашым свяце. ‘Так чамусьці сталася, — успамінае яна, — што з ранняга дзяцінства восень выклікала ў мяне асаблівы настрой зачараванасці. Хвалявалі перамены, што адбываліся ўвосень. Гэта як казка: зялёны колер дрэў, кустоў і раптам першыя жоўтыя лісточкі, а потым — мора жоўтых лістоў! Калі яны падалі і, падхопленыя ветрам, кружыліся, я, дзяўчынка, таксама кружылася разам з імі, нібы ў чароўнай каруселі. Здавалася, нават музыку восені чую...”.
А вы спрабавалі калі-небудзь пакружыцца разам з восеньскай лістотай? Паспрабуйце! А зараз запрашаем вас у казку, на восеньскую карусель. Свята наша, дарэчы, называецца “Карусель, карусель — восені карусель!".

(Пад музыку на сцэну выбягаюць дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак.)

Вучань. Праляцела лета з птушкамі на поўдзень!
Усе разам. Праляцела лета з птушкамі на поўдзень!
Вучаніца. А колькі лісточкаў навокал! (Дзеці ходзяць па сцэне і набіраюць букеты асенніх лістоў.)
Вучань (разглядваючы лісток). Глядзіце, які лісток! Як далонька! (Прымервае лісток да сваёй далонькі.)
Вучаніца. Ой, і сапраўды, як далонька! Гэта лісток клёна, ён прыгажэйшы з усіх восеньскіх лістоў!
Вучань. Вельмі прыгожы. Але ж і лісты дуба прыгожыя. Глядзіце! (Падымае і працягвае дзецям галінку дуба з лісточкамі.)
Вучаніца. Так. Лісты дуба таксама вельмі прыгожыя.
Вучань (паказваючы на сцяну ці кулісы, распісаныя бярозкамі ў асеннім уборы.) У кожнага лісточка свая прыгажосць, адметная форма, афарбоўка. Паглядзіце, якія прыгожыя лісточкі бярозы, а самі дрэвы як дзяўчаткі, не нацешацца сваім залатым адзеннем. I ў кожным жоўтым лісточку нібы кропелька сонейка. Прыгожа!
Вучаніца.
Нібы церам жоўты скверык,
Гэй ты, церам-церамок!
Усе разам.
Адчыні свае нам дзверы,
Адамкні хутчэй замок!
Вучань.
Ціха шчоўкнуў лісцік-ключык:
Пад нагамі — дыванок,
Жоўты, пышны і пявучы.
Усе разам.
Чый ты, церам-церамок?

(Выходзіць Восень.)

Восень.
Вас вітае Восень.
Вельмі рада я гасцям.
Вецер казкі мне прыносіць,
Раскажу іх, дзеці, вам...
Толькі...
Дзе схавалася казка?
На елцы яна ці сасне?
Напэўна, восеньскі ветрык
Хавае яе ад мяне...
I доўга я казку шукаю —
Нідзе непаседы няма.
Усе разам. Зараз яе пашукаем —
Адклікнецца, можа, яна?
Дзе ты, казка?
Адзавіся!
Ау-у! Ау-у!
Восень. Не адклікаецца казка? Давайце ўважліва паглядзім па баках, можа, убачым яе самі? (Усе глядзяць уверх, вакол сябе.)
Вучні. Ведаем! Ведаем! Гэта сама Восень! Гэта і лісты, якія пад нагамі так прыемна шапацяць, і гронкі рабін, і вось гэтыя апошнія восеньскія кветкі. Усё гэта — казка, музыка восені!

(Пад музыку выходзяць на сцэну выканаўцы “Восеньскага вальса”. У руцэ кожнага з іх галінка клёна. Яны танцавальным крокам ідуць па крузе, падымаючы і апускаючы рукі. Набліжаюцца да цэнтра круга, узнімаюць рукі з лісточкамі, потым зноў утвараюць круг. Затым дзеці адзін за адным падыходзяць да Восені, кланяюцца ёй, аддаюць свае лісточкі і пакідаюць сцэну.)

Восень. Дзякуй за “Восеньскі вальс”. Мне вельмі прыемна за такі падарунак. А я вам раскажу верш-загадку, паспрабуйце яе адгадаць.
Едзе, едзе лісця воз
Паміж клёнаў і бяроз.
Лісце жоўтае на возе,
Гэй, не стойце на дарозе!
Воз клубочкам пакаціўся —
Ліст ніводзін не зваліўся.
Падчапіў ён новыя
Два лісты кляновыя.
Едзе, едзе дзіўны воз
Паміж клёнаў і бяроз.
Што ж гэта за воз, які клубочкам коціцца, лісточкі на сябе чапляе?
Дзеці. Гэта вожык!
Восень. Правільна, вожык. Малайцы, адразу адгадалі. А ці ведаеце вы, што такое карусель?
Дзеці. Ведаем, ведаем, нават каталіся.
Вучань. Гэта такое вялізнае кола, на ім коні, вярблюды, зайцы, мішкі, толькі не сапраўдныя, а цацачныя. Усе яны кружацца разам з колам. Дзеці, што сядзяць на гэтых жывёлах, таксама кружацца.
Восень. Цікавая карусель, але я хацела ў вас спытацца не пра гэту, а пра іншую, восеньскую карусель.
Вучаніца. Вось пра гэтую?
Вецер яблыкі трасе,
Кружыць лісце карусель,
Восені карусель,
Жоўтую карусель.
Сад пусцее пакрысе:
Сыпле лісце карусель,
Восені карусель,
Жоўтую карусель.
Адшумела карусель,
I пад дрэвамі пасцель.
Жоўтая тут пасцель,
Восені тут пасцель.
Восень. Што ж, запрашаю вас на восеньскую карусель. Давайце разам весела закружымся!
(Падкідае ўгару лісты, што былі ў яе руцэ. Потым дзеці, якія ўзяліся за рукі і сталі ў круг, разам з Восенню ходзяць па крузе і спяваюць.)

Закружыла карусель,
Карусель, карусель,
Жоўтая карусель,
Восені карусель.
Карусель, карусель,
Восені карусель.
Адшумела Карусель,
Карусель, карусель.
Жоўтая карусель,
Восені карусель.
Карусель, карусель,
Жоўтая карусель.

(Кружачыся, дзеці пакідаюць сцэну, застаюцца Восень і вучань.)

Вучань. А скажы, Восень, дзе навучылася ты так прыгожа фарбаваць кожны лісточак у розныя колеры і адценні?
Восень. А пра гэта добра расказваецца ў вершы Ніны Галіноўскай “Фарбы восені”. Паслухайце яго.
(Выходзяць чацвёра вучняў і чытаюць верш.)
То загамоніць лес тужліва,
То стане ціха і маўкліва.
Працуе тут мастачка-восень.
А вецер фарбы ёй падносіць.
Адзін мазок, другі і трэці —
I жоўты ліст гайдае вецер.
Дабавіць фарбы бурачковай —
I ліст трапечацца барвовы.
Працуе восень пэндзлем тонкім,
Абходзіць елкі і сасонкі:
Як дакранецца да іх толькі —
Балюча колюцца іголкі.
Бярозак тонкія галінкі
Скідаюць жоўтыя хусцінкі,
I кружыць, гушкае іх вецер...
Сумуе лес па звонкім леце.
Восень. Добра ў вершы пра ўсё сказана: і пра фарбы, і пра пэндзаль, і пра вецер, пра тое, што елкі і сасонкі фарбаваць не варта. Тут восені клопату няма: яны заўсёды зялёныя. I пра жоўтыя хусцінкі бяроз слаўна сказана. А вось сумаваць лесу па звонкім леце не трэба: усяму свой час Вясной лес зноў зазелянее, памаладзее, а там і лета настане. А зараз я, Восень, гаспадыня ўсяго. Маё панаванне. Вунь як аздобіла я золатам і барвай лес, лугі і ўсе нашы родныя беларускія абшары! Але багата я не толькі гэтым, шмат яшчэ багацця маю. Хто ведае, чым восень багатая?
Дзеці.
Журавінамі, брусніцамі!
Яблыкамі, слівамі!
Грушамі, грыбамі.
Восень. Дарэчы, можа, хто ведае вершы пра грыбы?
(Выходзяць трое дзяцей.)
У бары баравік
Доўга жыць не прывык.
Прыбягай да зары,
Баравік забяры.

Хто сарваў мой грыбок?
Пышнахвосты звярок.
Мне ён хвосцікам махнуў
I на дрэва сігануў.

Верасок, верасок!
Не хавай мой грыбок!
Назбіраю грыбоў,
Занясу іх дамоў.
Рады бабка і дзед:
Будзе смачны абед!
Восень. Ну што ж, калі ласка, сябры, у лясок па грыбы!
А ці ведаеце вы назвы позніх грыбоў?
Дзеці. Зялёнкі, падзялёнкі, радоўкі, апенькі, сыраежкі.
Восень. Малайцы! Усё ведаеце, заслужылі ўзнагароду. Дык пайду па яе, а вы мяне пачакайце. Добра?
Дзеці. Пачакаем! Пачакаем!
Вучань. Гляньце! Вунь там зайчык-шарачок! Што ж ён там робіць? Давайце паклічам яго да нас.
Вучаніца. I праўда, спытаемся, што ён робіць. Мы ж зараз у казцы, а ў казках і птушкі, і рыбы, і звяры, і нават расліны размаўляюць.
Усе разам. Добры дзень, зайчык-шарачок! Ідзі да нас.
Зайчык (выбягаючы на сцэну). Дзень добры! Вельмі прыемна, што вы так ветліва павіталіся са мной, а то я ўжо ўцякаць сабраўся. Уцёк бы — і ўся справа сапсавалася б.
Вучань. Якая справа?
Зайчык. Ды вось... майструю.
Вучаніца. Што ж ты майструеш, шарачок?
Зайчык. Я з кары раблю бачок.
Вучань. А чаму агонь гарыць?
Зайчык. Буду фарбу я варыць,
Вучаніца. Фарбу? Значыць, ты мастак? Намалюй партрэт, шарак!
Зайчык.
Не малюю я партрэты —
Не мастак я!
Проста — гэта ж
Хутка ўжо зіма
А футра белага няма..
Пабялю сваё ў рамонках,
Прасушу яго ў сасонках
I на белым снезе ўзімку
Буду я, як невідзімка.
Вучаніца. Гэта ж трэба прыдумаць такое: сваё шэрае футра адбяліць у рамонках! Здагадлівы ты, зайчык-шарачок.
Зайчык. Быў зайчык-шарачок, буду зайчык-белячок.
Вучань. Ніводная, нават самая хітрая лісіца, не ўгледзіць цябе на снезе.
Зайчык. Не ўгледзіць! Пайду канчаць сваю справу. Бывайце, сябры! (Пакідае сцэну.)
Дзеці. Бывай, зайчык, бывай!

(Выходзіць Восень, цягне за сабой вазок.)

Восень. А вось і я, як і абяцала.
Вучаніца. Шырэй дзверы адчыняйце, Восень песняю вітайце!

(На сцэну выходзяць усе ўдзельнікі свята, спяваюць песню “Залатая восень" У. Галя на словы А. Дзеружынскага.)

Залатая восень
Ходзіць па гаях.
Золатам прыбраны
Кроны на дубах.

Пажаўцела лісце
Трапяткіх асін.
Чырванню палаюць
Гронкі арабін.

Полымем барвовым
Разгарэўся клён,
За раку на сосны
Паглядае ён.

Вельмі ён зайздросціць,
Бо зялёны ўбор
Нават і зімою
Не мяняе бор.

Ноты песні Залатая восень

Восень. Дзякуй вам за песню.
Бачыце, вазок стаіць, Залацяцца дзверы… А які ў вазку багаж?
Дзеці (імкнуцца да вазка).
Зараз мы праверым!
Восень (жэстам спыняе іх).
Усё скажу я вам сама,
Часу мала страчу:
Будзе доўгая зіма,
Вам прывезла харчу...
Дзеці.
Што прывезла нам, скажы!
Восень.
Я прывезла вам мукі.
Дзеці.
Будуць булкі, праснакі,
Пірагі і кулічы!
Вучань.
Што яшчэ тут, пакажы?
Восень.
Капуста, яблыкі, гуркі,
Морква, бульба, буракі!
Вучаніца.
Што яшчэ, спытаць дазволь?
Восень.
Гарбузы, часнок, фасоль,
Многа бобу і гароху
I сяго-таго патроху...
Дзеці.
Шчыры дзякуй наш прымі,
Восень-працаўніца!
Мы павінны да зямлі
Табе пакланіцца.
(Усе кланяюцца Восені.)
Вучань.
Дзякуй, Восень, за жоўтую казку,
За дары і за шчырую ласку!
Дзеці.
Дзякуй, Восень,
За ласку і казку!
Вучаніца.
Слаўна, Восень, нам заўжды з табою,
Хоць бываеш ты добрай і злою:
То нас сонейкам лашчыш з пяшчотай,
То халодзіш дажджамі і слотай.
Дзеці.
Мы сябруем, Восень, з табою!

(Восень пакідае сцэну, дзеці махаюць ёй услед рукамі.)

Настаўніца. Засталося яшчэ раз нагадаць вам, дзеці, што на сённяшнім свяце гучалі вершы вядомай беларускай паэтэсы, якая вельмі любіць вас, усіх дзетак, Ніны Васільеўны Галіноўскай. На гэтым свята, прысвечанае восені, заканчваецца.

Яшчэ на гэту тэму:

У госці да восені     Дары восені