сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. В. ЖУКОВІЧ, дырэктар сярэдняй школы № 1 г. Бярозы. Беларуская мова і літаратура 6/2008

Дзіцячыя вячоркі

Сцэнар тэатралізаваных дзіцячых вячорак

Сцэнар тэатралізаваных дзіцячых вячорак падрыхтаваны спецыяльна для школьнага драматычнага гуртка. Такія аб'яднанні дзейнічаюць практычна ў кожнай агульнаадукацыйнай установе.
На стварэнне гэтай п'есы-аднаактоўкі натхніла нас у першую чаргу актуальная сёння ідэя — выхаванне ў сучасных падлеткаў нацыянальнай самасвядомасці на аснове беларускага фальклору.
Нам хацелася праз дзеі на школьнай сцэне нязмушана паказаць юным грамадзянам працэс пераемнасці і беражлівыя адносіны былых пакаленняў да сваёй нацыянальнай духоўнай спадчыны; зацікавіць гісторыяй і побытам жыцця дзяцей сярэдзіны XX стагоддзя; пазнаёміць юных гледачоў з разнастайнымі жанрамі дзіцячага фальклору, якія звычайна застаюцца па-за межамі вучэбных прадметных праграм, — з дражнілкамі, лічылкамі, прымхліцамі, гульнямі, танцамі, паданнямі, жартамі (анекдотамі), песнямі, а таксама з прызначэннем, відамі і сімволікай нацыянальнага ручніка, тапанімікай роднага паселішча.
Кіравала намі яшчэ і аматарская прыхільнасць да тэатра, прыдаўся асабісты вопыт кіраўніцтва драматычным гуртком. Гэтай працай хацелася папоўніць пакуль што нешматлікую скарбніцу беларускамоўнай дзіцячай драматургіі.
Спадзяёмся, што нашы «Дзіцячыя вячоркі» спадабаюцца юным артыстам, калегам-педагогам і ўвойдуць у рэпертуары школьных драматычных тэатраў ці студый.

Дзейныя асобы:
Бабуля Алена, сталая рухавая жанчына 60—70-ці гадоў, гаспадыня хаты.
Кацярынка і Васілёк, яе ўнукі, сястра і брат, абоім па. 9—12 гадоў.
Чатыры-пяць дзяўчынак і столькі ж хлапчукоў, равеснікі Кацярынкі і Васілька.
Дзядзька Мікола, цётка Ганна і пяць-сем дарослых удзельнікаў фальклорнай групы - бацькоў вышэйназваных дзяцей.

Каб стварыць святочны настрой і падрыхтаваць гледачоў дзіцячых вячорак да актыўнага ўспрыняцця, рэжысёру-пастаноўшчыку варта добра прадумаць афармленне сцэны. Яе патрэбна ператварыць у інтэр’ер беларускай вясковай сялянскай хаты 50—60-х гадоў XX стагоддзя. Вядома, выгляд яе ў кожнай мясцовасці быў розны і адметны. Для дадзенай пастаноўкі прапануем наступны.
Справа ад гледачоў, у глыбіні сцэны, пажадана паставіць драўляны стол, які можна накрыць прыгожа вышытым абрусам і абставіць розным гліняным і драўляным посудам, вазонамі. На краі стала, на ручніку, ляжыць круглы бохан хлеба.
Над сталом, на невялікай вышыні, у куце, пажадана прымацаваць абраз, упрыгожаны ручніком-набожнікам. Насупраць абраза — лампадка. Трошкі лявей ад покуці, на сцяне, трэба змясціць прыгожы саматканы дыван.
Пасля яго, праз невялікі прамежак, пажадана прымацаваць намаляваную на ватмане ў натуральную велічыню печ, аздобленую дзе-нідзе васілёчкамі. Ля печы — вілачнікі, драўляная лапата, качарга, некалькі чыгункоў, ступа і іншыя прадметы побыту таго часу.
Уздоўж сцяны можна размясціць шырокую і доўгую лаву, пакрытую тканымі налаўнікамі. Такія ж лавы і ўслончыкі трэба паставіць у форме незавершанай літары «л» (/ \) на авансцэне, злева і справа ад гледачоў. Справа, перад заслонай, трэба паставіць адкрыты куфар.
На падлозе разасланы адзін-два ходнікі (палавікі).
У цэнтры сцэны, на спрыяльнай вышыні, можна павесіць запаленую лямпу-газовачку.
Дэкаратар можа ўпрыгожыць заслону на свой густ разнастайнымі сурвэткамі і ручнікамі.

З’ява I

Ранняя вясна. Вечар. Зацемненая сцэна і глядзельная зала. Ціха гучыць фанаграма беларускай народнай мелодыі. Адкрываецца заслона. Трохі тлее агонь у лампадцы і лямпе. Тэатральны пражэктар асвятляе па цэнтры Кацярынку і яшчэ трох дзяўчынак-сябровак, апранутых у дзіцячыя мясцовыя нацыянальныя строі. Дзеці па парах трымаюць па краях адзін доўгі белы ручнік, які па канцах вышыты чорнымі і чырвонымі крыжыкамі. Дзяўчынкі дужа зацікаўлены ўзорам і вышывальнымі рухамі спрабуюць яго паўтарыць. У глыбіні сцэны ціха з’яўляецца бабуля Алена. Яна падыходзіць да дзяцей і становіцца ля сярэдзіны ручніка. Музыка сціхае.

Бабуля. I чым гэта вы, мае дзеткі, тут заняты? I хто ж гэта вам дазволіў адкрываць мой куфар? (Паказвае на яго.)
Кацярынка. Ой, выбачай, бабулечка! Я вырашыла паказаць сваім сяброўкам твой прыгожы вясельны куфар і ручнік.
Бабуля (задаволена). Ой, так, мае дзеткі! Гэта сапраўды мой вясельны ручнічок, падножнікам называецца. Калі я была яшчэ маладая (цяжка ўздыхае) і выходзіла замуж за вашага дзеда Васіля, то ў час вянчання ў царкве мы з ім стаялі на гэтым белым і даўгім ручніку. Перад Богам і людзьмі кляліся навечна адно аднаму ў вернасці і каханні.

У час аповеду бабулі справа з-за заслоны з’яўляецца Васілёк, які трымае на плячы ручнік-уціральнік і выцірае аб яго рукі.

Васілёк (падышоўшы). Бабуля, а чаму ён такі доўгі і белы?
Бабуля. Доўгі і белы чаму? Відаць, таму ён доўгі, мае дзеткі, каб я з вашым дзедам шмат гадоў, аж да самае смерці, у пары жыла. А белы? (3адумаўшыся.) Напэўна, каб мы былі сумленнымі, давяралі адно аднаму, былі чыстымі ў думках і справах сваіх.
Кацярынка. Бабулечка, а што гэта за дзіўныя ўзоры на ім: чырвоныя і чорныя крыжыкі па канцах?
Бабуля (задуменна). Так, і сапраўды: цікавыя і загадкавыя вышыўкі на ім. Чорныя крыжыкі — гэта, відаць, наша зямля, глеба, куды кідаюць зерне ў час сяўбы. А чырвоныя — гэта, няйнакш, зярняткі і сонца, што даюць цяпло і жыццё ўсяму жывому. (Праз невялікую паўзу.) А можа, мае дзеткі, гэта яшчэ і радасць, і сум. Не заўсёды ж у людзей вяселле бывае, прыходзіць і бяда. (Рэзка пасля невялікай паўзы.) А што гэта вы апанавалі мяне ўсякімі-ўсялякімі пытаннямі? Давайце лепш, мае дарагія, я вас навучу танцу маёй маладосці, падэспань называецца.

Усе ўдзельнікі становяцца па парах. Бабуля Алена бярэ за руку Васілька і прапануе паўтараць за ёю ўсе рухі. Гучыць музыка падэспаня. Танец выконваецца поўнасцю. Пад канец яго за дзвярыма становіцца чуваць смех дзяўчынак і тупанне ног.

З’ява II

Злева ад гледачоў уваходзяць у хату тры-чатыры дзяўчынкі, таксама апранутыя па-святочнаму.

Дзяўчынкі. Добры вечар у хату!
Бабуля і Кацярынка. Добры вечар, дзяўчаткі! Заходзьце, калі ласка, сядайце.

Госці скідаюць верхняе адзенне і кладуць яго на лаву ці скрыню пры ўваходзе.

Наталька. Прабачце, калі ласка, бабуля Алена, што парушылі Ваш пакой, але мы прыйшлі да вас на вячоркі.
Алеся. Нядаўна нашы бацькі пайшлі да цёткі Агаткі. Ну, а мы, каб не сумаваць ды і вас павесяліць, таксама ціхенька падаліся за дзедам следам.
Бабуля. Сядайце, мае харошыя, уладкоўвайцеся! Толькі дужа не шуміце і не тузайцеся. А я пайду на кароўку зірну, ацяліцца вось-вось павінна.

Выходзіць. Дзяўчынкі з невялікім штурханнем і шумам сядаюць на лаўкі. Невялікая нямая паўза.

Светка. Ох, заўтра і вецер будзе!
Васілёк. А ты адкуль гэта ведаеш, такая разу-у-у-мна-а-я?! (Працяжна.)
Светка. Як жа ж адкуль? Ды прыкмета ёсць народная: калі вераб’і пералятаюць з месца на месца — чакай моцнага ветру. Ды й нашы гусі х куры пахавалі галовы ў пер’е і стаяць на адной назе — таксама на холад. А яшчэ я нядаўна чула ад майго дзядулі, што гэтая вясна наогул будзе сухая, бо мышы зрабілі гнёзды ў нашай саломе нізка (паказвае), пры самай зямлі. I яшчэ дзед казаў, што год гэты мокрым будзе, бо вольха распусцілася раней бярозы. Вось як! (Непрыязна, з выклікам зірнула на Васілька.)
Васілёк. Ну ты і вучоная, Светка-катлетка, доўгая шкарпэтка! (Нахабна крывіцца пры дражнілцы.)
Светка. Што?! Зноў ты... (Устае і, узяўшы рукі ўбокі, ідзе ў наступ да Васілька.)

Васька-кабаська,
Куцы парасёнак:
Ножкі гнуцца,
Кішкі валакуцца.
Семдзесят парасят,
Толькі ножкі вісяць.

Светка паказвае язык.

Васілёк. А ты! А ты... (Не ведае, што і сказаць.)
Светка (не чакаючы, перабівае). Васька! Курачка зняслася. Яечка ляжыць, а Васька не бяжыць.

Зноў крывіцца.

Васілёк. (чуць не плача). А ты! А ты...
Кацярынка (прыпыняе і даволі сур’ёзна). Годзе, блазнота! Сядайце па месцах. Зачалі сварку, як Юлька Каюкова. Лепш паслухайце, якую я вам гісторыю раскажу, што з нашай бабуляй Аленай некалі ў дзяцінстве адбылася. Хочаце ці не?

Дзеці ўсе зацікаўлена згаджаюцца.

Была наша бабулька яшчэ малой, як мы з вамі. Пайшла яна аднойчы на могілкі. А за ёю нейкі кот увязаўся. Вялікі, як сабака, чорны з белай шыйкай. Яна на яго замахнулася. А ён скрывіў галаву ды: «Мяў! Мяў! Мяў!» Тры разы мяўкнуў. Спалохалася мая бабулька, дастала крыжык і перахрысціла яго. I дзе ён толькі падзеўся.

Спалохана ўсе загулі.

А вось яшчэ паслухайце. Аднойчы прала наша бабуля кудзелю ў хаце з дзяўчатамі. Папрыходзілі да іх нейкія хлопцы. Прыгожыя. На вопратках гузікі блішчастыя. Селі каля дзяўчат і не даюць ім прасці. Усё завуць іх: «Пойдзем, дзеўкі, пойдзем на вуліцу». У нашай бабулі верацяно на падлогу звалілася. Яна нагнулася, каб падняць яго, аж бачыць: у іх замест ног лапы. Паказала яна гэта дзеўкам. А хлопцы ўсё клічуць іх на вуліцу. А яны не ідуць. Тады хлопцы як свіснуць! Яблыкі ўсе пападалі, салома са стрэх павылазіла. Вось што было.

Са страхам зноў усе загаманілі.

Алеся (пасля невялікай паўзы). А хочаце, я вам таксама раскажу, як лён дзяўчыну выратаваў?

Усе згаджаюцца.

У адным сяле жыла прыгожая дзяўчына, і хацела яна выйсці замуж за багатага, але ніхто не сватаўся да беднай. I вось аднойчы да гэтай дзяўчыны прыехаў багаты малады пан на вараных конях. Ён быў прыгожа апрануты: увесь у золаце. I гаворыць: «Што, спадабаўся я табе, Алеся?» Дзяўчына пачырванела і кіўнула галавой. I насыпаў ёй госць золата поўны куфар, а дзяўчына не бачыла, што гэта не золата, а вуголле. Тады яны селі на коней і паехалі да яго ў палац. Коні ляцелі, як бы ў іх сядзела нячыстая сіла. I толькі цяпер дзяўчына ўбачыла пад сурдутам у маладога пана хвост. I здагадалася яна, што гэта не пан, а чорт.

Дзве-тры дзяўчынкі войкнулі.

Тады выскачыла яна з карэты і схавалася ў лёне. А чорт і кажа: «Лён, лён, аддай дзяўчыну». А лён падумаў, падумаў, стала шкада яму гэтай дзяўчыны, ён і гаворыць, што аддасць яе пасля таго, як раскажа пра ўсё сваё жыццё. I стаў лён расказваць, як яго рвалі і састаўлялі ў кучкі. Потым — як вазілі яго на ток і абівалі, як яго пасля часалі і мялі, як з яго кужалю пралі ніткі, як ткалі, як палотны адбельвалі, як вопратку з палотнаў шылі, а цяпер носяць яе мужыкі бедныя.
I пакуль лён расказваў сваю гісторыю, ужо заспявалі трэція пеўні — і чорт знік. Пасля таго выпадку дзяўчына больш не шукала багатага пана, каб выйсці замуж. Вось як было.

Усе з палёгкаю ўздыхнулі.

Наталька. А паслухайце, дзяўчаткі, што нядаўна ў Зарэччы было. Хочаце ці не?

Усе згаджаюцца.

Хадзілі дзеці гуляць на горку, а малая дзяўчынка ўвесь час адна гуляе. I вось пытаюць у яе людзі:
— 3 кім ты гуляеш?
А яна і адказвае:
— 3 дзедам. У яго сівая бародка, ён гуляе са мною, кветкі збірае, цукеркі мне дае...
I вось аднаго разу прыйшла гэтая дзяўчынка дадому і кажа маці:
— Апрані мяне чыста, бо я памру.
Маці ў слёзы. А праз некалькі дзён і праўда гэтае дзіця памерла.
Дык вось людзі кажуць, што гэта не дзядок быў, а чорт.

З’ява III

Пры слове «чорт» за кулісамі нечакана чуецца тупанне ног і звон перакінутых вёдзер. Усе дзяўчынкі з віскам і шумам хаваюцца: хто — над стол, хто — пад лавы, а некаторыя туляцца да Кацярынкі. У хату ўваходзяць тры-чатыры хлопчыкі.
Усе яны разам. Добры вечар у хату! Васілёк, Добры вечар, хлопцы! А ў дзяўчат ужо і дух заняло: ні жывыя ні мёртвыя. Эй, вылазьце. Палахліўкі! (Нагінаецца і глядзіць пад стол. Нагінаюцца і смяюцца хлопцы.) Гэта ж Андрэй-верабей з хлопцамі прыйшоў.

Дзяўчынкі незадаволена вылазяць са сваіх схованак, асобныя з іх штурхаюць хлапцоў у спіны, плечы. Усе сядаюць на лавы.

Кацярынка. А мы тут, хлопчыкі, розныя страхі (прымхліцы) расказваем. Праз тое і напалохаліся. Сэрца і цяпер яшчэ не супакоілася.
Андрэй. Што тут вашы страхі! А я з Міхасём нядаўна чуць не пабіўся.
Дзяўчынкі. I чаго ж гэта?
Андрэй. Ды спрачаліся, адкуль назва нашага мястэчка пайшла — Бяроза-Картузская*.
Дзяўчынкі ўсе разам. Ну і адкуль?
Андрэй. Дык вось мой дзед Ян такое паданне расказаў.

На фоне ціхай музыкі цымбалаў апавядае.

Некалькі стагоддзяў таму назад вандраваў па свеце сляпы сівавалосы старац з хлопчыкам-павадыром. Старац дужа хацеў бачыць. І дзе толькі яны ні былі, якіх толькі сродкаў ні паспыталі, колькі лекараў і чараўнікоў ні наведалі, а вылечыцца не маглі.
I вось аднойчы прачуў старац ад добрых людзей, што ёсць такое месца, дзе б’юць з-пад зямлі крыніцы жывой вады, якія вылечваюць любыя хваробы. Доўга ці коратка шукалі гэты выток, але аднойчы хлопчык прывёў старца ў скрозь пранізаны сонечным святлом бярозавы гай, дзе струменіўся ручай з крыштальна чыстай вадой. Калі яны падышлі да звінячага вытоку, то знайшлі светлыя крынічкі. Спачатку стомленыя вандроўнікі папілі з берасцянога карца чыстай вадзіцы, а потым старац з глыбокай пашанай зачэрпнуў вады ў прыгаршчы і плюхнуў сабе ў вочы. I цуд! Перад ім адкрыўся навакольны свет ва ўсёй сваёй раскошы!
На памяць аб гэтым казачным вылечванні старац (а ён быў багатым чалавекам) сярод бярозавага гаю пабудаваў манастыр, які і паклаў пачатак Бярозе. А пазней пасяліліся ў манастыры манахі ордэна картузіянцаў.
Вось таму і называлася наша мястэчка Бярозай-Картузскай.

Некаторыя з дзяўчынак пагаджаюцца. Міхась устае і, рэзка ўхапіўшы за плячо, прымушае Андрэя сесці.

Міхась. Сядай! Сам ты манастыр картузскі! Вось лепш паслухайце, што гаворыцца пра паходжанне нашага мястэчка ў адным вершы. (Чытае таксама на фоне музыкі.)

На рэчцы, дзе ціха шумяць вербалозы,
Стаіць гарадок невялікі Бяроза.
Аб бераг плюскочуць злянелыя хвалі.
Чаму паэтычна так горад назвалі?
Мінаюць гады, праплываюць стагоддзі,
А слова жывое вандруе ў народзе.
— Аднойчы паходам, —
легенда гавора, —
Тут з войскам ішоў палкаводзец Сувораў.
Стаміліся крочыць салдаты палямі,
Зрабілі прывал на зялёнай паляне.
Сувораў суніцы збірае па лесе,
А пыльны картуз на бярозу павесіў.
Ці доўга, ці не на цяністым прывале
Салдаты з Суворавым адпачывалі,
Затым падаліся далей па дарозе.
Застаўся вісець той картуз на бярозе.
3 тых пор каля ціхае Ясельды-рэчкі
Бярозай-Картузскай назвалі мястэчка.

Міхась. А ты (да Андрэя) пра манастыр картузаў!

Усе дзеці ціха абмяркоўваюць пачутае.

Васілёк. Чаго ты, Міхась, прычапіўся да Андрэя з манастыром? Я таксама чуў, што назва нашага гарадка хутчэй за ўсё звязана з каталіцкім манаскім ордэнам картузіянцаў, ці картузаў, якія, здаецца, у 1648 годзе пачалі будаваць у Бярозе манастыр. Ды ён захаваўся да нашага часу. Будавалі манастыр больш за сорак гадоў. А кіравалі будаўніцтвам італьянскія дойліды. Вось як.

Усе прысутныя пагаджаюцца з думкаю Васілька.

Міхась. Можа, яно і так, а можа, і не!
Кацярынка. Сапраўды, цікавая загадка паходжання нашага мястэчка.
Алёна. А давайце я вам яшчэ адну загадку загадаю, якую мне сёння мой бацька загадаў. Хочаце ці не?

Усе згаджаюцца. Алёна звяртаецца і да гледачоў у залу.

Ну, дык уважліва слухайце: па саломе ідзе — не шастае, па вадзе ідзе — не плюхае. (Сонца і цень.)

Усе дзеці ўразнабой даюць розныя адказы: правільныя і памылковыя. Адгадваць даецца мажлівасць і гледачам.

А паслухайце тады яшчэ адну: пакуль бацька нарадзіўся, сын па свеце нахадзіўся. (Агонь і дым.)

Зноў усе прысутныя спрабуюць адгадаць загадку.

Насцечка. А вось мая загадка: вырас лес белы ўвесь: ні зайсці ў яго, ні ўехаць. (Малюнкі марозу на вокнах, ці ласіцы.) I яшчэ загадаю адну: білі мяне, білі, калацілі, ва ўсе чыны ўзводзілі, з каралём на трон пасадзілі. (Лён.)

Усе акцёры і гледачы прапануюць разгадкі.

Юрась. А маёй загадкі, напэўна, ніхто не адгадае (звяртаецца толькі да гледачоў). Праверым, наколькі вы тут разумныя і кемлівыя. Першая: што не мае даўжыні, глыбіні, шырыні, вышыні, а мераць яго можна? (Час.)
Другая: на якое пытанне нельга адказаць «так»? (Вы спіце?)
Трэцяя: а на якое пытанне нельга адказаць «не»? (Вы жывыя?)

Амаль ніхто не адгадаў загадак Юрася. Усе здаюцца.

Кацярынка. Ой, Юрасік, досыць табе загадваць. Давайце лепш у што-небудзь пагуляем.
Усе (згаджаюцца з гэтай прапановаю і ўскокваюць з лаў). Давайце! Давайце! Толькі ў што?
Кацярынка. Ну, хоць бы ў князя-князевіча! Хто жадае быць князем? (Дзеці наперабой хочуць быць князем.) Каб мы тут не пасварыліся і не пабіліся, давайце лепш палічымся. Станавіцеся ў круг.

Кацілася торба
3 высокага торба.
А ў той торбе
Хлеб, пшаніца.
3 кім жадаеш
Ты дзяліцца?

На фоне музыкі цымбалаў пачынаецца гульня. Выбіраецца князь. Ён сядае і чакае дзетак. Яны, адышоўшы ўбок, згаворваюцца ягады збіраць, ці чытаць, ці пісаць і інш. Тады дзеці ідуць да князя і кажуць:

Дзеці. Добры дзень, князь-князевіч!
Князь. Добры дзень, мілыя дзеткі! Дзе вы былі? Што рабілі?
Дзеці. У лесе!

Дзеці з дапамогай рухаў паказваць, што яны згаварыліся рабіць, а князь павінен адгадаць. Калі адгадае, дзеці ад яго ўцякаюць, а ён ловіць іх. Каго зловіць, той робіцца князем, а ранейшы князь ідзе да дзяцей.
Гульня паўтараецца спачатку.
На сцэне паказваюцца тры-чатыры фігуры.

Кацярынка. Ох, нешта сумна стала. Давайце ў што весялейшае пагуляем.

Дзеці прапануюць гуляць у Панаса.

Паўлік. А каб мы не пабіліся з-за таго, хто будзе Панасам, то прапаную на вілачніку вырашыць.

Ідзе да печы, бярэ вілачнік. Усе дзеці па чарзе хапаюць за дрэўка адной рукой, а затым другой. Таму, хто возьме верх палкі, завязваюць вочы. Дзеці пасля слоў «Панас, Панас, лаві нас, а не мышэй!» разбягаюцца, а «сляпому» даводзіцца лавіць іх па ўсёй хаце. Першы, каго зловяць, замяняе «сляпога» і сам пачынае лавіць, а былы становіцца ў шэраг тых, хто хаваецца. На сцэне паказваюцца тры-чатыры фігуры гульні.

Кацярынка. Ой, годзе! А то ўсе ходнікі парасцягвалі, Прыйдзе бабуля, то ўжо дасць мне! (Папраўляе ходнікі.) А вось і яна.

У хату заходзіць бабуля Алена.

З’ява IV

Бабуля Алена. Ну, як вы тут, мае дзеткі, не сумуеце? А нядаўна я на лузе бусла сустрэла. Значыць, ужо і яны прыляцелі. А ці ведаеце вы, чаму бусел жаб і вужоў збірае? (Усе артысты жадаюць паслухаць.) Ну дык слухайце!
Калі Бог зрабіў жабаў, яшчырыцаў і вужоў, то злажыў іх у мяшок і даў яго трымаць бацяну, сказаўшы, каб ён туды не глядзеў.
Бацяна ўзяла цікавасць, і ён расхіліў мяшок, каб паглядзець, што там ёсць. Калі гэта ён расхіліў мяшок, так усе яшчырыцы, жабы і павыскаквалі. Прыйшоў Гасподзь і ўбачыў, што бацян павыпушчаў усіх з меху, то ўзяў дубца і зачаў бацяна гасіць па заду. Ад гэтага ў бацяна зад і чорны. I сказаў яму Гасподзь:
— Усё жыццё хадзіць табе па балоце і збіраць тых жаб, што павыпушчаў. Вось як было.

Усе дзеці загаманілі са здзіўленнем.

Васілёк. А хочаце паслухаць анекдот, які мне сёння мой бацька расказаў? (Усе зноў зацікавіліся.) Ну дык слухайце!
Школьны інспектар, едучы праз вёску, запытаў хлопчыка, дзе дарога ў школу.
Той дарогу паказаў.
На другі дзень інспектар у школе спытаў у яго, выклікаўшы да карты, якая дарога вядзе ў Варшаву.
Хлапец доўга пазіраў на карту, нарэшце сказаў:
— Вы не ведаеце дарогі ў школу, а хочаце, каб я ведаў дарогу ў Варшаву. (Усе дзеці смяюцца.)
Андрэй (пасля невялікай паўзы). Я так-сама некалькі анекдотаў раскажу.
— А што, Янук, ці спадабалася табе твая новая настаўніца? — пытае маці ў сына.
— Ды яна, мамачка, нічога сабе, і не старая. Але, мусіць, мала вучылася, бо ўсё ў мяне пытаецца. (Зноў усе смяюцца.)
Аднойчы прыйшоў Стасік са школы раней тэрміну.
— Што, зноў правініўся? — пытае маці.
— Настаўніца сама вінавата. Яна сказала «Паводзьце сябе як дома». Я так і паводзіў сябе. I яна адправіла мяне дамоў. (Чуецца смех.)
Міхась (працягвае). Настаўнік пытае ў вучня, які правінаваціўся:
— Ты чаму прыйшоў у школу адзін? Я ж казаў табе без бацькоў не прыходзіць.
— Я не маленькі, — адказаў вучань, — і без бацькоў дарогу ведаю. (Усе смяюцца.)
Кацярынка. Дзяўчаткі, можа, давайце паспяваем?

Дзяўчынкі згаджаюцца. У выкананні дзяцей тут могуць прагучаць дзве-тры народныя песні. Напрыклад, «Купалінка», «Сядзіць камар на дубочку», «Мікіта» або «Зайграй жа мне, дударочку» і інш. Пажадана, каб спявалі на вячорках і мясцовыя песні.

З’ява V

Пад канец невялікага песеннага канцэрта за кулісамі чуваць галасы і тупанне. Першым заходзіць з рэменем у руках дзядзька Мікола, потым астатнія, хто з дубцом, хто з ручніком.

Дзядзька Мікола. А вось яны дзе! Мы з маці з ног збіліся, шукаючы гэтага бэйбаса, гэтага вісуса! А ён у цёткі Алены прападае. (Хапае за вуха Андрэйку і цягне яго бліжэй да гледачоў, хоча сцебануць паскам, але той ухіляецца.)
Цётка Ганна (бярэ за падол спаднічкі сваёй дачкі Насцечкі і таксама хоча пакараць дубцом). Я ж цябе, мая галубка, аб чым прасіла? Каб Мікітку паглядзела. А яна — вы бачыце?! — зноў да Кацярынкі збегла, як тая козачка ў агарод. Ну, і дам! Ну, і атрымаеш ты ў мяне!
Бабуля Алена. Ну, і чаго вы тут разышліся, раскрычаліся? Ці даўно самі такія былі? Лепш павучыце гэтую блазноту словам добрым, песням ці танцам нашым.
Кацярынка. I праўда, дзядзька Мікола і цётка Ганна! Можа, вы нам таксама што- небудзь праспявалі б? Я чула, што вы такія прыгожыя галасы маеце. У нашай ваколіцы вы — найлепшыя спевакі!

Усе дзеці просяць. Пасля невялікага вагання бацькі згаджаюцца і даюць прысутным невялікі канцэрт з чытаннем баек, спяваннем мясцовых песень і прадстаўленнем танцаў.
На заканчэнне дарослыя разам з дзецьмі спяваюць песню-пажаданне.

Яшчэ на гэту тэму:

Вячоркі ў Паўлінкі     Запрашаем на вячоркі