сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна КУКСА, выхавацель дзіцячага сада № 66 г. Брэста. Часопіс Пралеска № 12

Цацак тысячу на ёлку нам развесіў чараўнік...

Сцэнарый навагодняга ранішніка для старэйшай групы дзіцячага сада

Зала ўпрыгожана па-навагодняму. Гара, за якой схавана калядная зорка, канькі. Пад ёлкай, упрыгожанай агнямі, сядзіць хлопчык — Новы год. За дзвярыма чуюцца галасы.

Новы год. Чую галасы недзе па-за агародамі...
А-а! Гэта ідуць маразы з белымі бародамі.

У залу ўваходзяць Дзед Мароз і тры браты-маразы: Снежань, Студзень, Люты, а з імі Снягурка, Мяцеліца, Завея, Завіруха, Сняжынкі, баба-Снегавуха, вядучая, дзеці ў святочных касцюмах.

Вядучая. Эге! Ды мы спазніліся. Ёлка ўжо тут, стройная, прыгожая, пахучая, прыбраная ды агністая. Хто тут пастараўся, Дзед Мароз?
Дзед Мароз. Не ведаю. У маім жыцці такога яшчэ не было, каб я прыйшоў, а ёлка ўжо прыбраная была. Ды тут і госці, мае віншаванне. Здароўя вам жадаю, радасці і шчасця.
Снягурка. Цацак тысячу на ёлку нам развесіў чараўнік.
Новы год. Заіскрыліся іголкі ў дзіўным казачным агні!
Гэта я — ваш Новы год!
Запалю агні на ёлцы я ў гэты светлы час
I чакаю ў госці вас!
Дзед Мароз. Ах, унучак! Дзякуй табе за падарунак. Новы год! Тут дзеці ўпрыгожанні прынеслі на ёлку.
Вядучая. Стаўце ёлачкі сюды, зробім прыгожы лес, каб звярам таксама весела было на свяце. А званочкі вешайце на ёлку.
Дзеці ўпрыгожваюць ёлку, ставяць дэкарацыі.

Снягурка.
Які сяголета шчаслівы
I незвычайны Новы год!
Які багаты і ўрадлівы
На песні, танцы, карагод!
Дзед Мароз. Станавіцеся ў карагод. Госцейкі таксама. Гэты карагод усе ведаюць: "У цёмным лесе ёлачка".
Выконваецца карагод.

Вядучая. Дзед Мароз, з кім ты прыйшоў на свята?
Дзед Мароз. О, я сёння прыйшоў з    усёю    сваёю    раднёю.    Зараз пазнаёмлю.  Ці  чулі  вы  што пра снягі?
Дзеці. Чулі!

1-е дзіця. Спачатку валіць на шляхі то мокры снег, то снег сухі!
2-е дзіця. Адзін завецца Халепа!
3-е дзіця. Другі завецца Шалепа!
4-е дзіця.
Ідуць на гразь і робяць гразь,
Ну, проста з хаты не вылазь!
5-е дзіця.
Калі мароз Падзімак прыйшоў да нас прыгожы,
I стала бела на зямлі — ляціць, ляціць Пароша!
6-е дзіця.
Вялікі мае кошык вясёлы снег Пароша!
Засыпле кожнае сцябло, каб цёпла спаць яму было
Да самага прадвесня, да жаўруковай песні.
7-е дзіця.
А працавіты гэты снег!
Пабеліць сад, абсыпле двор.
I санкі выцягне з-пад стрэх —
Пара пачаць катанне з гор!
Дзеці імітуюць хадзьбу на лыжах. Затым Дзед Мароз запрашае ўсіх у карагод “Вакол прыбранай ёлачкі”.

Вядучая.
I голыя ліпы, і гулкія дахі
За ноч апранулі сівыя папахі.
Замоўкла усё і прыціхлі адразу,
Нібыта і крокі, і словы, і сказы,
Захутаны ў белую пухкую вату.
I золак паволі плыве сіняваты.
На вуліцах ціха і светла, і свежа.
У шыбу галінкаю стукае Снежань.
Дзіця. Дзед Мароз, а хто такі Снежань?
Дзед Мароз. Снежань — мой старэйшы сынок.
Снежань.
Я — Снежань снежны! Тут я, тут!
Гурбы белыя наўкола!
Пабяліў я кожны кут, кожны куст, узвышшы, долы!
Дзед Мароз. Ёсць у мяне яшчэ адзін сынок, Студзень яго завуць.
Студзень.
Я — Студзень! Ёлку вам прынёс!
Падарункаў поўны мех!
Я сказаў, каб Дзед Мароз,
Не спазніўшыся, прыбег!
Дзед Мароз. I трэці мой сынок — Люты. Дзе ты, Люты?
(3-за гары, з канькамі за плячамі, з’яўляецца Люты.)
Люты. 3-за гары прыйшоў я — Люты!
Цераз поле нацянькі.
Я пытаю: — Вы абуты?
Дзеці. Так! Абуты!
Люты. А ці ёсць у вас канькі?
Дзеці. Няма!
Люты. Дык станавіцеся ў карагод, я вам прынёс канькі!
(Пад музыку вальса дзеці выконваюць рухі канькабежцаў, затым Дзед Мароз запрашае ў карагод "Уся агнямі зіхаціць".
Пасля карагоду выконваецца віхурыстая мелодыя, Снягурка са сваёю раднёю хаваецца за ёлачкі, за снежную гару. Дзед Мароз азіраецца, становіцца сумны і мосціцца пад ёлку.)

Вядучая. Дзед Мароз, ты што засумаваў? Ранішнік толькі пачаўся, а ты ўжо натаміўся?
Дзед Мароз. Гляджу я, дзе мая радня ўся? Толькі мае сыны каля мяне. Я не натаміўся, сумна мне. Адгадайце, пра каго я зараз думаю: "Усюды мне адкрыты шлях — і на дварах, і на палях. Сляды чужыя замятаю, ды і свае не пакідаю".
Дзеці. Завея, завіруха, мяцеліца!
Вядучая. Дзеці, давайце пагукаем Дзедаву радню, каб яму халадней стала.
(Дзеці гукаюць: Снягурка-а! Мяцеліца! Завіруха! Сняжынкі! Хадзіце да нас!
Выбягаюць Сняжынкі, пад ёлку на стульчык садзіцца зайчык. Драматызацыя верша "Сняжынкі".)

1-я Сняжынка. Мяне завуць Ярынка!
2-я Сняжынка. I мяне завуць Ярынка!
Разам. Мы ловім белыя сняжынкі!
1-я Сняжынка. Мая сняжынка!
2-я Сняжынка. Мая сняжынка!
Разам. Мая! Мая! Мая!
1-я Сняжынка. Давай да зайчыка сходзім і запытаем, чыя сняжынка.
2-я Сняжынка. Давай!
(Падыходзяць да зайчыка і пытаюць, чые гэта сняжынкі.)
Зайчык. Ну, пакажыце! Хутчэй далонькі свае раскрыйце!
(Сняжынкі раскрываюць далонькі і ўсе разам: — Ах! Куды падзеліся сняжынкі?)
Зайчык. Ха-ха-ха! Расталі!
У нашых Сняжынак сяброўкі ёсць — Завея, Завіруха і Мяцеліца. Калі агорне цётак злосць, закруцяцца, узвеюцца. Параспускаюць косы пад самыя нябёсы!
(Выбягаюць Завея, Мяцеліца і Завіруха.)

Завея. На тракце зробім вал!
Мяцеліца. Каб самазвал забуксаваў!
Завіруха. На сцежку вывернем сумёт!
Мяцеліца. Каб не прабіўся пешаход!
Разам. Дамы па   вокны замяцём!
I ў сенцы снегу нанясём!
Дзед Мароз. Вось мая сябрына!
Вось мая радня!
Танцуем зараз танец —
"Завіруха ты мая!".
(Танец выконваюць Дзедава і Снягурчына радня.)

Дзед Мароз. Што вы можаце сказаць пра мяне?
Дзіця. Блукае па нізінах малы Мароз — Падзімак.
Ён вельмі мяккі, на бягу амаль не шчыпле за нагу.
Кладзе румянец на шчаку і мае цёплую руку:
Цярушыць нам парошу. Падзімачак — харошы!
Дзед Мароз. Пра мароза, ды не пра мяне.
Дзіця. У снежні, трактам кругавым прыходзіць майстар снегавы.
Адчыніць кузню ён сваю і без кавадла, без агню,
Што хочаш зробіць на паказ: закоўвае азёры ў сталь,
I лёдам скутая рака не гоніць хваль, не льецца ўдаль.
На тое ён — мароз Каваль!
Дзед Мароз. Так! I я закоўваю азёры ў сталь, і кузня ў мяне ёсць, толькі і гэта не пра мяне. Ну, ды што тут, аднойчы накаваў я сярпочкаў ды малаточкаў і панёс прадаваць. А там купіў сабе нажніцы, таўкач і веласіпед. Хто ведае, што можна рабіць гэтымі прадметамі?
(Праводзіцца гульня "Кірмаш". Вядучая прапаноўвае пагуляць у гульню "Масточкі".)

Дзед Мароз. Адпачыць хачу ды паслухаць яшчэ пра марозаў.
Дзіця. Прыехаў студзеньскі мароз, які завуць — Чырвоны нос!
Вось гэты злосны не на жарт!
Ён то за вушы, то за твар хапае ледзяною
Даўжэзнаю рукою!
Дзіця. Затым прыбудзе Сіні нос! Халодны лютаўскі мароз!
Ён ходзіць з кіем ля бяроз і замарозіць можа!
Шануйся, падарожны!
(Праводзіцца гульня "Даганю".)


Дзіця. I ёсць яшчэ стары Мароз. Ён сівым інеем аброс.
Ён вельмі важны мае пост: ён над марозамі мароз!
Ён падарункі носіць нам і хоць халаднаваты сам,
А з выгляду румяны дзед. I любіць дзед той цэлы свет!
Дзед Мароз. Нашто імя я го казаць? Вы так павінны адгадаць!
Дзеці. Дзед Мароз! Навагодні! Чароўны!
Дзед Мароз. Адгадалі-і! Замарожу-у!
(Праводзіцца гульня "Замарожу". Пасля гульні ўсе садзяцца на падлогу.)
Дзіця. Дзед Мароз, а як жывецца птушкам зімою, калі ты гаспадарыш на зямлі са сваёй раднёй?
Дзед Мароз. Некаторыя птушкі паляцелі ў вырай. Астатнія тут зімуюць, добрыя дзеці кормяць іх крупамі, салам, а верабейчыку ўсяляк прыходзіцца, вось паслухайце песню, якая так і называецца "Верабейчык".
(Выконваецца песня на словы К. Камейшы "Верабейчык".)

Дзіця. У, Дзед Мароз, не такі ты ўжо і добры.
Вядучая. Можа, ты чараўнік, Дзед Мароз?
Дзед Мароз. Так, я і чараўнік. Вось паглядзіце, у мяне ў руках зараз галінка з зялёнымі лісточкамі, а зараз будзе з жоўтымі.
(Дастае з кішэні галінку з жоўтымі лісточкамі, а дзеці выконваюць песню "Сядзіць камар на дубочку".)
Студзень. Я вось тут бачыў нейкую незвычайную ганарыстую варону. Паслухайце, што я вам раскажу пра яе.
(Драматызацыя казкі "Ганарыстая варона".)
Дзед Мароз. Што гэта я за пярынкі знайшоў?
Вядучая. Гэта курачка згубіла, ад лісічкі, мабыць, уцякала. Паслухай, што з ёю адбылося.
(Песня-драматызацыя "Курачка і лісічка".)

Вядучая. Дзед Мароз, хочаш паскакаць? Паслухай, як аркестр выконвае "Трасуху".)
Дзед Мароз і ўсе яго сябры скачуць, садзяцца на падлогу. Гасне вялікае святло, гарыць толькі ёлка і маленькая лямпа ў хаце. Дзеці пытаюцца, што там за хатка і хто ў ёй жыве.
Вядучая. Жывуць у тон хаце не мядзведзь і не воўк, а звычайныя працавітыя людзі. Даўным-даўно, калі людзі ткалі самі сабе тканіну, посцілкі, абрусы, ручнікі ды іншыя прыгожыя рэчы, зімою, калі наступалі марозы, перад Новым годам пачыналіся Калядкі. Што гэта такое? Людзі пераапраналіся у цыганоў, надзявалі розныя маскі: казы, мядзведзя, жорава, пеўня, рабілі прыгожую калядную зорку і ішлі калядаваць. Песнямі славілі -гаспадара і гаспадыню, іх дзяцей, жадалі дабра, багатага ўраджаю, а гаспадары частавалі каляднікаў рознымі прысмакамі.
Дзед Мароз. Добра было б і нам пакалядаваць, але ж няма ні масак, ні зоркі, ні песень мы не ведаем...
Студзень. Ёсць у мяне торба, а ў торбе — маскі.
(Раздае маскі.)
Люты. А там, за гарою, мне ліска сказала, што ёсць калядная зорка.
(Люты прыносіць з-за гары зорку.)
Вядучая. А вось і цыган з цыганкаю сядзяць! Просім да нас!
(Падыходзяць цыган з цыганкаю.)
Цыган. Ды мне кабыла яшчэ трэба, я пайду за кабылай!
Дзіця. А мы і песню ведаем "Го-го-го, каза!".
Вядучая. Правільна! Тады я вам падкажу, як трэба прасіць дазволу ў гаспадароў калядаваць. "Добры вечар вам! Ці рады вы нам? Калі рады, то і мы вам да парады, спяваць вам ці не спяваць?".
(Усе падыходзяць да хаты, просяць дазволу калядаваць.)
Гаспадары. Спявайце, спявайце! А мы вас пачастуем куццёю.
Цыган. Што гэта з казою, што не падняць і лазою? Відаць, кепска спявалі? А ну, калядную!
(Выконваюць "Го-го-го, каза!". Каза таксама скача.)

Цыган. Давай, павадыр, мяняцца:" я табе — кабылу, а ты мне — казу! Я цыган багаты! У мяне ў адной кішэні вош на аркане, а ў другой — блыха на цапе! Будзеш мяняцца ці не?
Павадыр. Мая каза не мяняецца.
Цыган. Тады купі кабылу. Не кабыла — агонь! Бяжыць — зямля дрыжыць! Арэ! Косіць! А есці не просіць!
Павадыр. Хіба гэта кабыла? Хвост ды грыва! А ну, давайце паспрабуем на ёй пакатацца.
(Садзяць на яе хлопчыка, "кабыла"   падае. Цыган   пачынае тузаць  "кабылу", але  тая  толькі нагамі дрыгае.)
Цыган. Бяжыце, гаспадынька, у каморачку! Набярыце мядку на талерачку! Нашай кабыле многа не трэба: сем печ-перапеч, бочка пшаніцы, рэшата аўсу, а наверх — сала ды каўбасу!

(Гаспадыня частуе каляднікаў прысмакамі, тыя кладуць пачастункі ў торбу і раптам заўважаюць, што прапаў Дзед Мароз, дзеці пачынаюць гукаць яго.)
1-е дзіця. Дзе ты, добры Дзед Мароз?
2-е дзіця. Можа, ў лесе ты замёрз?
3-е дзіця. Можа, снег цябе занёс?
4-е дзіця. Ці вавёрка спрытнай лапкай у цябе забрала шапку?
5-е дзіця. Ці лісічка мех праела?
6-е дзіця. Ці ў мяшэчку апусцела?
Усе. Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Пакажы хаця б нам нос!
Дзед Мароз прыходзіць з мехам падарункаў. Усе смяюцца, садзяць Дзеда Мароза на “кабылу” і вывозяць з залы.
Вядучая. Ад прысмакаў "кабыла" стала такая дужая, што Дзеда Мароза павезла.
Пад вясёлую музыку ўсе пакідаюць залу.


Яшчэ на гэту тэму:

Навагодні вечар зорны     Новы год