сцэнарыі святаў на беларускай мове

ПРАКАПУК Ю.П., загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

“І свеціцца зорнае слова Максіма”

Сцэнарый гадзіны літаратурнага партрэта, прысвечанага 125-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча

Вечна светлы i вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся – і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
У. Караткевіч “Багдановічу”
Вядучы 1: 9 снежня 1891 года ў старажытным Мінску нарадзіўся чалавек незвычайнага таленту і незвычайнага лёсу. Таленту яму было дадзена ад прыроды столькі, што ён мог бы высякаць ім чароўны агонь паэзіі і доўгія дзесяцігоддзі.
Аднак, яму было наканавана кароткае зямное жыццё і вечнасць у мастацкім слове.
Вядучы 2: Ёсць у гісторыі амаль кожнай нацыянальнай паэзіі і многія вялікія імёны, жыццё якіх як легенда, а імёны як сімвалы таленавітасці, шчырасці, самаахвярнасці.
У рускага народа – гэта Міхаіл Лермантаў і Сяргей Ясенін, у літоўцаў – Юлюс Яноніс, у балгар – Хрыста Боцеў, у венграў – Шандор Петэфі. У нас, у беларусаў – Максім Багдановіч.
Вядучы 1:
Беларусь, твой народ дачакаеццца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Колькі ў хмарках залётных агня!..
Вядучы 2: Паэт-дэмакрат, паэт-патрыёт М. Багдановіч застаўся у беларускай паэзіі і зоркай першай велічыні. Яго класічныю спадчыну мы сёння ўздымаем упораўні з векапомнай творчасцю заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Я.Купалы і Я.Коласа.
Вядучы 1: У 1915 годзе Багдановіч піша невялікі лірычны верш “ Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”, на першы погляд інтымны, а на самай справе глыбокага філасофскага зместу. І гучыць так, быццам напісаны сёння…
Паслухайце, калі ласка.

Відэа “ Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”.

Вядучы 2: Бацька Максіма – Адам Багдановіч паходзіў з прыгоннай дворні мястэчка Халопенічы на Віцебшчыне, але дзякуючы фенаменальным здольнасцям і вялікай жыццёвай энергіі сам здолеў пракласці сабе дарогу ў жыцці.
Маці – Марыя з дому Мякотаў – таксама была адукаваная, высокай культуры жанчына. Да замужжа яна выхоўвалася ў сям’і мінскага губернатара, вучылася ў настаўніцкай школе ў Пецярбурзе.
Вядучы 1: Займеўшы настаўніцкую адукацыю, Максім Багдановіч захапіўся збіраннем і вывучэннем беларускага фальклору, этнаграфіі і зрабіў немалы ўнёсак у нашу навуку.
У 1896 годзе сям’ю Багдановічаў напаткала вялікае гора: пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці Марыя Багдановіч захварэла на сухоты і памерла.
Адам Ягоравіч цяжка пераносіў смерць жонкі. Калі толькі надарылася магчымасць, ён у канцы 1896 года пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Тут прайшло маленства юнага Максіма, а потым – юнацтва. Адсюль – з далёкіх волжскіх берагоў – ён падаў і свой чысты і звонкі голас яшчэ як нікому не вядомы паэт з выразна акрэсленым нацыянальным складам мыслення і бачання і з характэрным беларускім прозвішчам: Максім Багдановіч.

Чытальнік:
Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
“Здароў, будзь зямляча!” Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
“Успамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане”.

Вядучы 2: Максім Багдановіч – мастак слова шырокага паэтычнага дыяпазону. Яго паэзія вызначаецца тэматычнай разнастайнасцю, філасафічнасцю зместу, глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека.
У беларускай газеце “Наша ніва” у 1909 годзе убачылі свет два вершы паэта – “Над возерам” і “Вадзянік”.
Паслухайце, калі ласка верш “Вадзянік”.
Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай
І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.
Твар травой аблутана, бытцам павуцінай,
Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.
Над вадой ля берага ціха сьпіць асока,
Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць,
Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, –
І усё навокала сном адвечным сьпіць.

Вядучы 1: Побач з узорамі пейзажнай лірыкі, звязаннымі з народнай міфалогіяй, у творчасці Багдановіча ёсць нямала пранікнёных радкоў аб велічы і харастве прыроды, напісанных у строга рэалістычнай манеры. Яго вершы аб прыродзе здзіўляюць сваёй маляўнічасцю, тонкасцю і дакладнасцю у перадачы абрысаў і ліній, фарбаў і гукаў.
Прыгадаем верш “Возера”.
Стаяў калiсь тут бор стары,
I жыў лясун у тым бары.
Зрубалi бор - лясун загiнуў,
Во сьлед яго ад той пары:
Сваё люстэрка ён пакiнуў.
Як у нязнаны свет акно,
Ляжыць, халоднае, яно,
Жыццё сабою адбiвае
I ўсё, што зьгiнула даўно,
У цёмнай глыбiнi хавае.
Вядучы 2: У чэрвені 1911 Максім Багдановіч заканчвае гімназію ў Ніжнім Ноўгарадзе і пад націскам бацькі паступае ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй.
На канікулы ж едзе на Беларусь, куды яго запрасіла рэдакцыя “Нашай Нівы”.
Вядучы 1: Максім жыве ў рэдакцыі “Нашай Нівы”, захапляецца калекцыяй старажытнасцяў, сабраных Іванам Луцкевічам, яго ўражвае старая Вільня. Потым паэт едзе адпачываць да дзядзькі Луцкевічаў Вацлава Лычкоўскага, які меў фальварак каля вёскі Ракуцёўшчына, на Маладзечаншчыне.
Там Максім Багдановіч напісаў выдатны цыкл вершаў – “Старая Беларусь”, які з’явіўся адным з вышэйшых дасягненняў паэта. У яго ўвайшлі такія вершы, як “Летапіс”, “Перапісчык”, “Безнадзейнасць” і іншыя. Арыгінальны шэдэўр у названым цыкле – “Слуцкія ткачыхі”. Верш раскрывае адну з старонак феадальнага мінулага Беларусі. Ва ўсёй Еўропе былі вядомыя золататканыя слуцкія паясы, ствараемыя ў 18 ст. беларускімі прыгоннымі сялянамі на радзівілаўскай фабрыцы ў Слуцку.
Уладзімір Мулявін словы гэтага верша паклаў на музыку. Давайце паслухаем, што атрымалася.

Відэа “Слуцкія паясы” у выкананні Г. Калдуна.

Вядучы 2: Значнае месца ў творчасці паэта займае інтымная лірыка. Каханне — пачуццё бязмернай павагі да жанчыны, выражэнне гуманнасці і высакароднасці чалавека, крыніца яго лепшых імкненняў. У творах М. Багдановіча гэта пачуццё сагрэтае асаблівай цеплынёй, шчырасцю. Сапраўдным паэтычным шэдэўрам інтымнай лірыкі з'яўляецца раманс "Зорка Венера". Ён кранае глыбокай задушэўнасцю, душэўнай чысцінёй, праўдзівасцю выказаных пачуццяў. Лірычны герой твора (юнак) засмучаны тым, што павінен расстацца з любай дзяўчынай. Ён абяцае, што ў далёкім краі, куды едзе, усё сваё жыццё будзе помніць каханую.

Чытальнік:
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прынясла.
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное i зорку шукаў.
Цiхiм каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...

Вядучы 1: Хто тая, якая натхняла паэта на самыя выдатныя ў беларускай паэзіі лірычныя радкі?
Аказваецца, такая «дзяўчына» была не адна. І кожны раз Максім ўлюбляўся, потым пакутаваў, расчароўваўся, шукаў новае каханне.
Бацька Максіма ў лісце да першай жонкі Горкага пісаў, што «мае сыны, у адрозненне ад іх бацюшкі, не маюць ніякай цікавасці да процілеглага полу». Але сама паэзія Багдановіча кажа пра тое, што каханне ў яго было, не заўсёды шчаслівым.
Вядучы 2: Першай каханай, якой паэт прысвяціў нямала вершаў, стала Ганна Какуева - родная сястра яго гімназічных сяброў. Яна вучылася ў кансерваторыі ў Санкт-Пецярбургу і прыязджала ў Яраслаўль, дзе жылі Багдановічы, толькі на лета. Лічыцца, што "Зорку Венеру» Максім прысвяціў менавіта Ганне, а радкі "Але расстацца нам час наступае, пэўна, ўжо доля такая ў нас ... » якраз пра гэтыя кароткія летнія сустрэчы.
Вядучы 1: Нажаль, але пачуцці Максіма дзяўчына не падзяліла і выйшла замуж за яго гімназічнага сябра Івана Лілеева. Іх сын і цяпер жыве ў Пецярбургу, даўно сябруе з музеем Багдановіча, якому падарыў нямала рэчаў сваёй маці. Лёс Ганны склалася няпроста, яна перажыла сталінскія рэпрэсіі, спасылкі. Але захавала «Вянок», які Максім падпісаў, праўда, не ёй, а Івану.
Ганне паэт збіраўся прысвяціць асобны зборнік вершаў, які ён назваў «Палын-трава» - пра сваі горкія, пакінутыя без адказу, пачуцці.
Але Максім Багдановіч быў захопленай, рамантычнай натурай, якая, мяркуючы па ўсім, не магла жыць без крыніцы натхнення.
Вядучы 2: Пасля няшчаснага кахання да Ганны Какуевай Максім захапіўся сваёй стрыечнай сястрой Ганнай Гапановіч. Але ў сям'і яго ўспрымалі як дзівака, апантанага сваёй “беларусікай”.
Гапановіч жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе, Максім да іх часта прыязджаў з Яраслаўля, падпісаў свой зборнік “Сестрице Нюте от любящего ее автора”. А Нюта, якая дарэчы выяўляла выдатныя матэматычныя здольнасці, зьедліва заўважыла, атрымліваючы падарунак: “Как же я прочитаю твои стихи, если белорусского не знаю?”. І Максім перавёў свой "Вянок" на рускую мову, перапісаў яго ад рукі ў сшытак, які падпісаў "Зеленя". А эпіграфам напісаў:
Переводы стихов - словно женщины,
Если красивы, то неверны.
А если верны, то некрасивы.
Вядучы 1: На лячэнні ў Крыме 18-гадовы Максім сустрэў яшчэ адну дзяўчыну, якую сам паэт уяўляў як асобу містычнага склада розуму - М.А.Кітіцыну. Маладыя людзі пасля вяртання з Крыма перапісваліся дастаткова доўга, а Максім прысвяціў дзяўчыне адзіны верш "Цемень":
"Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок.
Над зямлёю - імгла, у душы маёй змрок ... »
Але самыя моцныя любоўныя перажыванні Максіма звязаны з Клавай Салтыковай, калі ён лячыўся ў Старым Крыме ў 1915 годзе. Клава таксама лячылася ад сухотаў. Клава па нацыянальнасці армянка, а Салтыкова стала, калі выйшла замуж. Аб тых адносінах засталіся рукапісы, якія да гэтага часу цалкам не расшыфраваныя. У іх дастаткова адрывістыя запісы. Яны поўныя перажыванняў, страсці. Максім, вядома, разумеў амаральнасць гэтых адносін, бо Клава была замужам. Ён спрабаваў парваць з Клавай. Але яго цалкам захапіў агонь пачуццяў.
Вядучы 2: Яго яраслаўскія сябры ў сваіх успамінах прызнаваліся, што гэтая любоў прынесла яму больш душэўных пакут, чым ўзнёслых пачуццяў. І нават падарвала яго і без гэтага слабое здароўе. Цікава, што вершы, якія Максім прысвяціў Клаве Салтыковай, ён напісаў па-руску:
Забудется многое, Клава,
Но буду я помнить всегда,
Как в сердце шипела отрава
Любви и тоски, и стыда.
Вядучы 1: Ад душэўных пакут Максім ратаваўся перапіскай, якую ён вёў з многімі беларусамі з Вільні, Мінска. Так, па перапісцы ён знаёміцца з Вандай Лявіцкай, дачкой пісьменніка Ядвігіна Ш. У сваіх лістах Максім і Ванда не хавалі ўзніклі пачуццяў.
Іх перапіска варта таго, каб стаць асновай рамана. Максім ехаў ў 1916 годзе ў прыфрантавой Мінск за тысячу вёрстаў не на радзіму, а да Ванды. Ванда яго чакала, як каханага чалавека. Але, на жаль, Максім, калі пазнаёміўся з дзяўчынай, зразумеў, што памыляўся ў сваіх пачуццях, што «сэрца яго не трапеча». І вельмі перажываў з-за таго, што робіць балюча Вандзе.
Вядучы 2: Ванда пасля смерці Багдановіча выйшла замуж за пісьменніка Язэпа Лёсіка, пайшла за ім у ссылку, калі ў Беларусі ў 30-х гадах пачаліся рэпрэсіі. Хросным іх дзяцей быў Янка Купала. У Мінск вярнулася толькі ў 1959 годзе.
У Мінску Максім пражыў менш чым паўгода. Прыехаў у канцы восені, а ў лютым сябры, занепакоеныя яго здароўем, сабралі грошы і адправілі яго ў Крым. Але гэтая паездка яго не выратавала. Максім пражыў у Ялце два месяцы, слабеў з кожным днём усё больш і больш. Неверагодна, але ў гэты час яго бацька быў зусім побач - у Сімферопалі.
Вядучы 1: Змітрок Бядуля, які жыў з М.Багдановічам у адным доме, успамінаў, што на градусніку, які Максім забываў збіваць, кожны дзень бачыў 38 з дзясятымі градусаў. Максім забываў есці, прымаць лекі, зімой хадзіў у лёгкім паліто. Пры гэтым шмат працаваў.
Памёр Максім Багдановіч 25 траўня 1917 года. Яму было ўсяго 25. Становіцца не па сабе, калі разумееш, што ў свае апошнія імгненні 25-гадовы малады чалавек быў абсалютна адзін, побач ні блізкіх, ні родных, ні сяброў. Кватэрная гаспадыня знайшла яго раніцай. Хавалі яго чужыя людзі, запісаўшы ў метрычнай кнізе сабора Аляксандра Неўскага ў Ялце, што памёр «селянін Максім Багдановіч».
Вядучы 2: Бацька на адпяванне не паспеў, даў кватэрнай гаспадыні грошы, каб яна пасадзіла на магіле сына куст ружаў і кіпарыс, папрасіў сваіх ялцінскіх знаёмых, каб яны сачылі за магілай. У 1924 годзе беларускія пісьменнікі, якія прыехалі ў Ялту на магілу Багдановіча, знайсці яе ўжо не змаглі.
Яго маці памерла ад сухотаў у 27, старэйшы брат у 18 гадоў. Магчыма, Максім разумеў, што век яго нядоўгі, таму і не займаўся сабой.
У бацькі Максіма таксама былі сухоты. Адам Ягоравіч ўсё жыццё быў носьбітам, і ў любую хвіліну хвароба магла развіцца ў вострую форму. Але ён вельмі ўважліва ставіўся да сябе і свайму здароўю, правільна харчаваўся. І дажыў Багдановіч-старэйшы да 70 гадоў.
Вядучы 1: У свой час Уладзімір Караткевіч напісаў верш, які гранічна, дакладна і сутнасна раскрыў усю непаўторную веліч геніяльнага Максіма Багдановіча.

Чытальнік:
Сцюжны час, бязмежна – суровы
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
Ты прыйшоў
І гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
“Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і у вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь!
Ты ўстаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
І не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю,загінуў “за другі”
За мяне, за вас і за ўсіх.
І застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечны светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.

Вядучы 2: Сёння мы ўжо не баімся даваць яму найвышэйшую адзнаку, не баімся ставіць яго імя побач з імёнамі вядомых еўрапейскіх пісьменнікаў. Створанае ім выпрабавана часам і не толькі не паблякла, а, наадварот, ячшэ ярчэй зазіхацела, здзіўляючы сваім хараством увесь свет.
Вядучы 1: На вершы Максіма Багдановіча запісваліся музычныя творы.Некаторыя з іх сталі народнымі песнямі (“Лявоніха”, “Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”).
Знакаміты вакальнаінструментальны ансабль “Песняры” неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму “Вянок”, поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок.
Аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча зняты кіна-відэафільмы.
Яго лёсу прысвечана поп-опера Ігара Паліводы “Максім” і аперэта Юрыя Семянякі на лібрэта Алеся Бачылы “Зорка Венера”.
Максіму Багдановічу прысвечаны шматлікія літаратурныя творы. У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЭСКА “Годовщины выдающихся лиц и событий”.

Вядучы 2: Беларускаму паэту ўстаноўлены помнікі:
у Мінску ў скверы на плошчы П. Камуны, перад тэатрам оперы і балету, недалёка ад месца, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся і жыў паэт. Адкрыты 9 снежня 1981 г. у дзень 90-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча. Аўтары помніка скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў, Л. Маскалевіч. Бронзавая статуя паэта вышынёй 4,6 м. усталявана на пастаменце з чырвонага граніту. Паэт намаляваны са скрыжаванымі на грудзі рукамі, у правай руцэ букет васількоў - кветак, апетых у яго паэзіі.
Помнік паэту ў Яраслаўлі.
Чырвоная (Сямёнаўская) плошча. Сквер каля ўваходу ў галоўны корпус Дзямідаўскага ўніверсітэта. Бронза, усталяваны ў 1994 годзе, скульптар Вакар С.
Помнік на магіле М. Багдановіча ў Ялце.
Да дзесяцігоддзя з дня смерці паэта на яго магіле ў г. Ялта сіламі гараджан быў усталяваны абеліск з шэрага і светла-карычневага вапняку. Крыху пазней быў усталяваны новы манумент, у падножжа помніка - кветкі, вянкі, нацыянальная сімволіка Беларусі. На шэрым надмагіллі — імя, дата смерці і страфа з яго санета «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі» пра нязгаслую сілу, якая рвецца да святла і сонцу. У 12 кіламетрах ад Ялты, у Місхоры, на тэрыторыі санаторыя «Беларусь» збудаваны помнік - бюст выбітнага беларускага паэта.
Вядучы 1: Максім Багдановіч быў надзелены шматгранным талентам, які дазволіў паспяхова праявіцца як паэту і празаіку, перакладчыку і крытыку, публіцысту і гісторыку. Яго поўнае неаслабнага гарэння жыццё было і ёсць ўзорам высокага служэння роднай літаратуры, роднаму народу. Яно нагадвае прыклад незгасальнай любові і веры да сваёй Радзімы, сваёй Беларусі.
Паважаныя сябры, наша мерапрыемства падыходзіць да завяршэння.
Мы дзякуем вам за ўвагу!
Да новых сустрэч!

Літаратурная віктарына

“А СЭРЦА ІМКНЕЦЦА ДА БАЦЬКАВАГА КРАЮ”
1. У якіх беларускіх гарадах жыла сям'я Багдановічаў? (Мінск, Гародня).
2. Як вы лічыце, якія кветкі больш любіў Багдановіч і якія б маглі сімвалізаваць яго творчасць? (Васількі).
3. У апошнія дні свайго жыцця Максім Багдановіч займаўся дзейнасцю, якая мела дачыненне да дзяцей. Над чым працаваў паэту гэты час? (Над стварэннем беларускага буквара).
4. У якіх рускіх гарадах жыла сям'я Багдановічаў? (Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль).
5. Як пачынаецца адзін з найвядомейшых яго вершаў, які мае назву «Раманс»? («Зорка Венера ўзыйшла над зямлёю...»).
6. Як вы лічыце, які час быў любімым часам сутак Багдановіча? (Адвячорак).
7. Дзе памёр Багдановіч і дзе ён пахаваны? (У Ялце).
8. Як называецца паэма-казка Максіма Багдановіча? («Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык»).
9. Якое дачыненне да паэта мае чалавек, прозвішча якога - Вакар? (Гэта скульптар, аўтар помніка Максіму Багдановічу).
10. Дзе знаходзіцца помнік Максіму Багдановічу? (У парку каля Тэатра оперы і балета, г.Мінск).
11. Імя Максім асацыіруецца ў беларускай літаратуры перш за ўсё з прозвішчам Багдановіч. Але значнае месца ў ёй займаюць і іншыя пісьменнікі, якія насілі і носяць гэтае імя. Назавіце іх (Гарэцкі, Лужанін, Танк).
12. Хто з беларускіх паэтаў мае сходны з Багдановічам трагічны лёс? (Паўлюк Трус).
13. Як ушанавана памяць аб М.Багдановічу ў нашым горадзе? (Ёсць цудоўны музей, вуліца, шыльда на доме, дзе ён жыў).
14. 3 якім выдатным рускім пісьменнікам Багдановіч меў сваяцкія адносіны? (З М. Горкім).
15. Пры жыцці паэта выйшаў толькі адзін зборнік вершаў. Як ён называецца? («Вянок»).
16. Як называецца вершаванае апавяданне, на словы якога была напісана музыка, і выконвалася «Песнярамі»? («Вераніка»).
17. У Багдановіча ёсць верш, які мае такую ж назву, як вядомы беларускі танец? ("Лявоніха").


Яшчэ на гэту тэму:

Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі     "Светлы след будзе вечна жывым..."