сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. У. АЛІХВЕР, настаўніца Гуцкай сярэдняй школы Пастаўскага раёна. Беларуская мова і літаратура 1/2011

Конкурс «Фэст»

(фальклор, этнаграфія, спадчына, традыцыі) для вучняў VII—X класаў

Мэты: пашырыць веды школьнікаў пра свой родны кран, беларускую культуру, вусную народную творчасць, абрады і народныя традыцыі, паказаць узаемасувязь культуры і быту; развіваць вобразнае і лагічнае мысленне; выхоўваць патрыятычныя пачуцці, абуджаць цікавасць да вывучэння краязнаўчага матэрыялу.
Абсталяванне: плакаты-эпіграфы, матэрыял для правядзення бліц-конісурсаў, выстава кніг і альбомаў, лато.

Ход мерапрыемства


I. Арганізацыйны момант.
II. Паведамленне мэты мерапрыемства.

Уступнае слова настаўніка.
Настаўнік. Дарагія сябры! Сёння ў нас незвычайнае мерапрыемства. Мы праводзім фэст. А што азначае гэтае слова? (Адказы вучняў.)
Так, фэст — гэта свята, на якое збіраюцца людзі з пэўнай нагоды. Я спадзяюся, што на наш фэст, на наша свята трапілі таксама невыпадковыя людзі, а сабраліся ў гэтай зале толькі тыя, хто сапраўды любіць нашу родную мову, хто шануе памяць продкаў, хто цікавіцца, як яны жылі, якія традыцыі мелі. Хай жа святочны настрой захаваецца ў вас на працягу ўсяго мерапрыемства.
III. Знаёмства з умовамі конкурсу.
Удзел у конкурсе прымаюць дзве каманды. Прапануецца наступная тэматыка конкурсных заданняў:
Ф — фальклор (загадкі, прыказкі, казкі);
Э — этнаграфія (прадметы побыту, адзенне, абутак, прылады працы і г. д.);
С — спадчына (легенды пра ўзнікненне гарадоў, пра міфічных істот);
Т — традыцыі нашага народа.
Удзельнікі выбіраюць тэму і нумар пытання. Калі адна каманда дае памылковы адказ, спрабуе сілы другая каманда. У бліц-конкурсах прымаюць удзел абедзве каманды.
IV. Правядзенне конкурсу.
V. Падвядзенне вынікаў конкурсу.
VI. Заключнае слова настаўніка.

Настаўнік. Зрэж дрэва — і лісточкі скурчацца, счарнеюць, ссохнуць. Сарві кветку — яна завяне і страціць сваю прыгажосць. Так і чалавек: забудзе сваіх продкаў, не будзе памятаць пра традыцыі, культуру — асуджаны на духоўную беднасць, шэрасць і аднастайнасць. Будзьце ж заўсёды памятлівымі, цікаўнымі, жывымі, удзячнымі сваім продкам.
Тэматыка конкурсных заданняў

(капітан каманды выбірае тэму і нумар пытання)

ФАЛЬКЛОР
Цудоўны скарб у творчасці народнай
Для нас сабраны мудрымі дзядамі.
Яго адкінуць — значыць без пашаны
Паставіцца да продкаў працавітых.
Уладзімір Дубоўка

ЭТНАГРАФІЯ
Сплывае ўдаль, што маем...
А былое нібы набліжаецца да нас.
Пылінку праху раздзьмувае час —
I з мёртвага ўспыхвае жывое.
Мікола Арочка

СПАДЧЫНА
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай...
Янка Купала

ТРАДЫЦЫI
Валадар я нязлічаных скарбаў...
Мне з табою, мой скарб,
На планеце не цесна:
Я з табой —
I вялікі, і знатны, і дужы.
Я хачу
Пасяліць цябе ў сэрцах нашчадкаў,
Каб ніколі мяне папракнуць не змаглі...
Ніл Гілевіч

ФАЛЬКЛОР
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25

ЭТНАГРАФІЯ
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25

СПАДЧЫНА
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

ТРАДЫЦЫI
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25
Фальклор
1. Складзі прыказку з пары слоў: улез — не магу. (Улез у дугу — не кажы «не магу».)
2. Адгадай казку, з якой узяты наступныя словы:
— Я заплаціў за вала гаспадару і еў, як свайго. А ты як сядзеш за стол, дык страх адразу на шыю скок і душыць! Праз гэта яна і худзее... (Ад крадзенага не пасыцееш.)
3. Загадка: Стаю на страсе, за ўсе трубы вышэй. (Антэна.)
4. Загадка: Круглае, гарбатае, вакол — махнатае, прыйдзе бяда — пацячэ вада. (Вока.)
5. Прыказка: катацца — любі. (Любіш катацца — любі і саначкі вазіць.)
6. Бліц-конкурс. Якая каманда за адну хвіліну на аркушы паперы запіша больш казак, у назве каторых ёсць слова «залаты...»? («Залатая яблынька», «Залаты птах», «Каток — залаты лабок», «Ох і залатая табакерка».)
7. Загадка: Адбавім — большая будзе, прыбавім — меншая будзе. (Яма.)
8. Прыказка: дрэва — бацька. (Якое дрэва, такі клін, які бацька, такі сын.)
9. 3 якой народнай казкі наступныя словы:
— Занясу я гэтую гуску пану. Можа, ён за яе дасць крыху жыта. А там лебяда вырасце — як-небудзь і перакідаемся да новага хлеба... («Як мужык гусей дзяліў».)
10. Загадка: Чорная макушка, жоўтая апушка. (Сланечнік.)
11. Загадка: Пятак мае, ды нічога не купіць. (Свіння.)
12. Прыказка: язык — Кіеў. (Язык да Кіева давядзе.)
13. Бліц-конкурс. Якая каманда за 2 хвіліны падбярэ больш народных прыказак, у каторых ужыта слова хто? (Хто дбае, той і мае. Хто каго любіць, той таго і чубіць. Хто не працуе, той не есць. Хто пытае, той не блудзіць. Хто шукае, той знаходзіць. Хто цярплівы, той шчаслівы. Хто не бачыў новага, той і старому рад. Хто мажа, той і едзе...)
14. Прыказка: дым — агонь. (Дыму без агню не бывае.)
15. Загадка: Не вада, але не суша, на лодцы не пераплывеш, нагамі не пяройдзеш. (Балота.)
16. Загадка: Чым больш мяне топчуць, тым лепшая я. (Сцежка.)
17. Прыказка: вуглы — пірагі. (Хата слаўна не вугламі, а пірагамі.)
18. Назавіце казку, у якой дзейнічаюць наступныя героі: баран, чалавек, гусі, воўк. («Лёгкі хлеб».)
19. Бліц-конкурс. Адгадайце 5 загадак (удзельнічаюць абедзве каманды).
1) Што з зямлі не падымеш? (Цень.)
2) Ты закрычаў — яно маўчала, ты замаўчаў — яно закрычала. (Рэха.)
3) Кіну не палку, заб'ю не галку, абшчыпаю не пер'е, з'ем не мяса. (Рыба.)
4) Ногі маю, але не хаджу, спінку маю, ды не ляжу. (Крэсла.)
5) Два брушкі, чатыры вушкі. (Падушка.)

20. Прыказка: ранняя — вочкі. (Ранняя пташка дзюбку цярэбіць, а позняя — вочкі.)
21. Прыказка: адзін — сем. (Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж.)
22. Загадка: Не сеюць нас, не садзяць — мы самі расцём. (Валасы.)
23. Загадка: Адзін уваход — тры выхады. ( Кашуля.)
24. Назавіце казку, у якой дзейнічаюць наступныя героі: рыбка, сірацінка Янка, дзядок,
каток, мышка, кароль, каралеўна. («Ох і залатая табакерка».)
25. Бліц-конкурс «Галерэя казак» (прымаюць удзел абедзве каманды, вядучы пачынае назву казкі, а ўдзельнікі заканчваюць).
Як Сцёпка... (з панам гаварыў); Бацькаў... (дар); Як курачка... (пеўніка ратавала); Прагны... (багацей); Як кот... (звяроў напалохаў); Ганарыстая... (варона); Ліса і... (цецярук); Не кажы... («гоп», пакуль не пераскочыш); Сынок... (з кулачок); Баран... (бок абадран).

Этнаграфія
1. Жаночыя чаравікі, высокія, да паўлыткі, спераду шнураваліся. (Шнуроўкі.)
2. Абшыўка дошкамі драўляных пабудоў. ( Шалёўка.)
3. Даччын муж. (Зяць.)
4. Узорысты тканы, вязаны, плецены, гафтаваны, вышыты выраб з лёну, бавоўны, шоўку для ўпрыгожвання жылога інтэр’еру. Мае разнастайную форму: прамавугольнік, квадрат, круг, многавугольнік, эліпс і інш. (Сурвэтка.)
5. Абутак, плецены з лыка. (Лапці.)
6. Спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай разца, нажа. (Разьба.)
7. Сынава жонка ў адносінах да яго бацькоў. ( Нявестка.)
8. Дробнае ўпрыгожанне ў выглядзе нанізаных на нітку шарыкаў ці дробных прадметаў іншай формы, якое надзяваецца на шыю. (Пацеркі.)
9. Мужавы бацькі. (Свёкар і свякроў.)
10. Валакно, якое падрыхтавалі для прадзіва. (Кудзеля.)
11. Прылада для прадзення воўны ў хатніх умовах. (Калаўрот.)
12. Абутак з драўлянай падэшвай, які насілі вясной і ўвосень. (Дзеравяшкі.)
13. Ажурна-сеткавы выраб для аздобы бялізны, сурвэтак, абрусаў. (Карункі.)
14. Жончыны бацькі. (Цесць і цешча.)
15. Збіранне гатовых дароў прыроды. (Збіральніцтва.)
16. Жончына сястра. (Швагерка.)
17. Прылада для памолу зерня, ручны млын. (Жорны.)
18. Тоўстая доўгая палка з круглымі канцамі, якой што-небудзь таўкуць. (Таўкач.)
19. Даўнейшая назва шклозаводаў. (Гута.)
20. Братава жонка. (Братавая.)
21. Прастора паміж верхам столі і схіламі страхі. (Гара, гарышча.)
22. Бацькі мужа і жонкі ў адносінах паміж сабой. (Сваты.)
23. Кавальская печ для награвання металу. (Горан.)
24. Рамеснік, майстар, які вырабляе посуд з гліны. (Ганчар.)
25. Пчаляры, якія трымалі лясных пчол, (Бортнікі.)
Спадчына
1. Жылі-былі брат Якуб і сястра Яніна. Брат быў бедны, а сястра — багатая. Аднойчы пайшоў Якуб да Яніны, каб хоць кавалкам хлеба дапамагла. Сястра скупая была, сказала, што ключы ад клеці згубіла. I пачала яна нібы шукаць ключы, а брат чакаў-чакаў пад акном, не дачакаўся, пайшоў па дарозе ды паваліўся і памёр. Сястра ж ператварылася ў птушку і пачала лётаць па свеце і шукаць пакрыўджанага брата...
У якую птушку ператварылася сквапная сястра і як кліча свайго брата? (У зязюлю; «Якуб, Якуб! Ку-ку! Ку-ку!».)

2. Iстоты гэтыя незвычайныя. Зловяць яны якога маладога хлопца і давай яго казытаць. Казычуць і рагочуць самі. Толькі рэха разносіцца. А вось калі людзі іх зловяць, то яны плакаць пачынаюць. Слёзы ракой льюцца, пакуль людзі не зжаляцца і не адпусцяць.
Пра якіх істот ідзе размова? (Пра русалак.)

3. Даўным-даўно жылі працавітыя людзі. Лавілі рыбу, ставілі капканы на звяроў, збіралі ягады ды грыбы, капалі карэнне. А яшчэ некаторыя людзі шукалі ў лесе ў дуплах пчол і запасаліся мёдам. Знойдзе нехта дрэва з дуплом — абвяжа ствол. Іншыя людзі ўжо ведалі, што гэта дрэва мае гаспадара.
Але жыў сярод працаўнікоў шчырых і адзін гультай. Пайшоў ён аднойчы ў лес, цягаўся-цягаўся без толку, а есці хочацца! Бачыць — дрэвы стаяць абвязаныя, а ў дрэвах — дуплы. Зазірнуў у адно дупло — там мёд. Паласаваўся гультай. Яшчэ мядку захацелася. ! пачаў дупло за дуплом выдзіраць. Раззлаваўся Бог на гультая і рашыў пакараць.
Якім чынам? (Ператварыў у мядзведзя.)

4. Пра каго склаў свой верш Максім Багдановіч?
У цёмным небе — хараводы
Сіняватых зорак,
Ў цёмным небе свеціць месяц
Залатым сярпом...
Мы выходзім з цесных, душных
Падзямельных норак,
На зімовы цёплы вырай
Цягнемся-паўзём.

Ў полі, ў лесе нам усюды
Праляглі дарожкі!
Йстужкай рушымся між пушчы,
На сам перад — я.
Зіхацяць маёй кароны
Залатыя рожкі,
Цёмным блескам адлівае
Ўся луска мая.

Нам не трэба ні ад чога
Ноччу абароны:
А спаткаем чалавека, —
Порт рассцеле ён;
Залаты ражок яму
Я ўраню з кароны,
I па белай палатніне
Дальш мы папаўзём.
(Пра Змяінага цара.)

5. Развялося на зямлі шмат змей і жаб. Адзін чараўнік сабраў гадаўё паўзучае ды істот скакучых у адзін мех і загадаў слугу вынесці і выкінуць у бяздонне.
Слуга быў чалавекам вельмі цікаўным. Рашыў ён паглядзець, што ў мяшку, развязаў вяроўку, а гадаўё адтуль і палезла, і папаўзло, і распаўсюдзілася зноў па ўсёй зямлі. Даведаўся чараўнік, што нарабіў цікаўны слуга, і ператварыў таго у...
У каго ператварыў чараўнік свайго слугу? (У бусла, а яшчэ загадаў усё жыццё збіраць змей ды жаб.)

6. Было гэта ў той час, калі князі ваявалі паміж сабой за ўладу. Але ваявалі між сабой не ўсе, многія яшчэ трымаліся старых звычаяў і былі дружныя.
Напалі на суседняе Навагрудскае княства ворагі, і адзін князь, які валодаў горадам Свіцязь, рушыў на дапамогу другому. У родным жа горадзе засталася прыгажуня-дачка. I трэба ж было такому здарыцца, што іншыя ворагі напалі на гэты горад, а абараняцца лічы няма каму. I стала тады прыгажуня-князёўна маліцца, літасці прасіць у Бога. Пашкадаваў Бог няшчасных і ператварыў горад у...
У што ператварыўся горад? Што сталася з гараджанамі? (У возера Свіцязь, людзей — у кветкі.)

7. Ля шляху пасяліўся асілак і пабудаваў вялікі каменны млын на сем колаў. Звалі яго Менеск. Пачаў асілак малоць муку не толькі з зерня, а і з камення. Чуткі пра яго сілу і храбрасць разнесліся па ўсёй ваколіцы. Людзі адусюль цягнуліся ў гэтыя мясціны, бо ведалі: асілак не дасць іх у крыўду. У хуткім часе людзей пасялілася столькі, што на гэтым месцы ўзнік вялікі горад.
Аб якім горадзе расказвае легенда? (Аб Мінску.)

8. Жыў у адной мясціне асілак Брас. Пакахаў ён прыгажуню Друю. Але паклалі на яе вока яшчэ два хлопцы — Сноў і Снуд, ды дзяўчына на іх і ўвагі не звяртала. Вырашылі тады Сноў і Снуд забіць Браса. Падцікавалі асілка цёмнай ноччу і апусцілі яму на галаву сякеру. А каб ніхто не даведаўся пра страшнае злачынства, закапалі Браса ў зямлю. Друя доўга шукала на гэтым свеце свайго каханага, але так і не знайшла. Зразумела дзяўчына, што няма Браса жывога, і кінулася ў абдымкі рачных хваляў. Легендарныя ж імёны ўвайшлі ў геаграфічныя назвы.
Пра якія назвы ідзе размова? (Горад Браслаў, п. Друя, р. Друйка.)

9. Даўным-даўно напалі ворагі на адзін горад і ператварылі яго ў руіны. Але прайшоў час, і зноў на гэтым нясвежым месцы пасяліліся людзі.
Якую назву атрымаў новы горад? (Нясвіж.)

10. Бліц-конкурс «Адгадайце імёны язычніцкіх багоў».
Бог зімы. (Зюзя.)
Бог агню. (Жыжаль, Зніч.)
Бог грому і маланкі. (Пярун.)
Бог дабрабыту і мудрасці, апякун жывёлагадоўлі. (Вялес, Велес.)
Бог урадлівасці і кахання. (Ярыла, Яр.)
Бог Сонца. (Дажбог.)
Багіня веснавога абуджэння і кахання. (Лада, Лёля, Ляля.)
Традыцыі
1. Бліц-конкурс. Размяркуйце святы па парадку ў адпаведнасці з беларускім народным календаром (пачынаючы ад Каляд):
Вербніца, Тройца, Вялікдзень, Купалле, Радаўніца, Каляды, Масленіца, Спас, Дзяды.
Адказ. Каляды, Масленіца, Вербніца, Вялікдзень, Радаўніца, Тройца, Купалле, Спас, Дзяды.
2. Назавіце сімвалічныя лічбы ў культуралагічным плане. (7 — сям’я, сем дзён тыдня; 7 — Раство, Дабравешчанне, дзень нараджэння Івана Хрысціцеля (Яна); Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж; Сямёра аднаго не чакаюць; сем колераў вясёлкі, сем нот, цудаў свету, стварэнне свету; 3 — у казках.)
3. Назавіце дні тыдня, якія адпавядаюць наступным характарыстыкам: святая, цяжкі, радзіцельская (бацькоўская), чысты. (Нядзеля, панядзелак, субота, чацвер.)
4. Бліц-конкурс. Якая каманда прывядзе больш прыкладаў, каб даказаць, што ручнік — адвечны спадарожнік чалавека ў жыцці. (Бабка-павітуха прымала дзіця, на вяселлі — у сватоў, апускалі труну ў магілу, у чырвоным куце, ручнік-уціральнік, на крыжы, хлеб-соль.)
5. Сатанінскай камбінацыяй лічыцца лік 666. Як зрабіць з гэтай камбінацыі лік самы моцны? (Перавярнуць наадварот — 999.)
6. У якім месяцы не спраўлялі вяселлі нашы продкі? (У маі, каб не маяцца.)
7. Які дзень тыдня ўтварыўся ад старажытнаяўрэйскага «шабаш»? (Субота.)
8. Бліц-конкурс. Размяркуйце словы адпаведна структуры нашага роду (у парадку ўзрастання): муж, продкі, праўнукі, жонка, дзеці, дзяды, унукі, бацькі, нашчадкі. (Продкі, дзяды, бацькі, муж, жонка, дзеці, унукі, праўнукі, нашчадкі.)
9. 3 якім сямейна-абрадавым святам звязаны гэтыя прыказкі? Дапоўніце іх словамі, якія адсутнічаюць.
...(жонка) не лапаць, з нагі не скінеш, ...(з мілым) рай і ў шалашы, ...(добрая жонка) — дома рай, ...(злая) — хоць з хаты ўцякай; вазьмі ... (у жонкі) хоць татарку, абы вяла гаспадарку.
10. Бліц-конкурс. Дапоўніце пажаданні маладым на вяселлі.
Я дару нітак клубочак...
(Каб быў першы сыночак.)
Дару цябе дугою...
(Каб не бегаў за другою.)
Колькі ў вашай хаце куточкаў...
(Каб столькі было сыночкаў.)
Дарую меднымі...
(Каб не былі беднымі.)

11. Чаму забараняецца заліваць агонь вадой, пляваць на яго, датыкацца нажом, пераступаць праз агонь? (Непрыхаваная дваістасць агню: тварэнне д’ябла, але Адам, прагнаны з раю, сагрэўся і захаваў яго для людзей; Бог запаліў перуном дрэва і дастаў нячысціка- спакушальніка; сагравае — знішчае.)
12. Чаму нанач трэба закрываць калодзежы і посуд з вадой? (Будуць купацца чэрці.)
13. Назавіце дрэвы, якія сімвалізуюць мужчынскі і жаночы пачатак. (Дуб і бяроза.)
14. Што ў хаце лічыцца формай прыручэння агню? (Печ.)
15. Які сімвал шчасця можна знайсці на дарозе? (Падкову.)
16. Хто з’яўляецца гаспадаром-ахоўнікам хаты і двара? (Дамавік.)
17. Чаму зімовы абрад калядавання называюць «жартоўным карнавалам», «гульнёй»? (Пераапрананні ў «казу», «мядзведзя», «каня», цыганку.)
18. У якіх песнях і чаму кожная музычная фраза завяршаецца выклічнікамі «гу», «угу», «у»? (У вяснянках, эфект рэха.)
19. Бліц-конкурс. Якія народныя танцы зашыфраваны ніжэй?
П -- -- -- -- -- -- НЬ
К -- -- -- -- -- К
К -- -- -- -- -- -- К
П -- -- -- -- А
Л -- -- -- -- -- -- А
(Падэспань, казачок, крыжачок, полька, лявоніха.)

20. Якая традыцыя існавала пры выбары масці кароў? (Колер валасоў у гаспадара.)
21. Дзень гультаёў, злодзеяў і п’яніц. (Пятніца.)
22. Да якога летняга свята не ядуць яблыкаў? (Да Спаса.)
23. Навошта ў час Масленіцы закопвалі ў зямлю гаршчок з кашай? (Ахвяра зямлі.)
24. Дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ўе. На якое свята? (На Дабравешчанне — 7 красавіка.)
25. Назавіце два колеры, якія асабліва паважаюць беларусы. (Белы і чырвоны.)

Спіс літаратуры


Аляхновіч, А. М. Фальклор у выхаванні школьнікаў / А. М. Аляхновіч. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2008. — 200 с.
Беларускія казкі / рэд.- уклад. А. С. Бржазоўскі. — Мінск : Парадокс, 2006. — 399 с.
Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / склад. Ф. Янкоўскі. — Мінск : Беларус. навука, 2004. — 494 с.
Бельскі, А I. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 6-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. I. Бельскі, Л. К. Цітова. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2010. — 320 с.
Дрэва кахання : легенды, паданні, сказы / склад. А. I. Гурскі. — Мінск : Юнацтва, 1993. — 222 с. — (Шк. б-ка).
Загадкі / склад. М. Я. Грынблат, А. I. Гурскі. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мінск : Беларус. навука, 2004. — 363 с.
Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры / Я. Крук. — 2-е выд. — Мінск : Беларусь, 2003. — 350 с.
Ленсу, Я. Ю. Таямніца беларускай хаты / Я. Ю. Ленсу. — Мінск : Беларусь, 2007. — 167 с.
Лепешаў, I. Я. Слоўнік беларускіх прыказак / I. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. — Мінск : ГА «Беларус. асацыяцыя “Конкурс”», 2006. — 544 с.
Сахута, Я. М. Фарбы роднай зямлі: нарысы пра народнае мастацтва Беларусі / Я. М. Сахута. — Мінск : Нар. асвета, 1985. — 191 с.
Этнаграфія Беларусі : энцыкл. / рэдкал. : I. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелСЭ, 1989. — 575 с.