сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. С. БАРДЗІЛОЎСКАЯ, настаўніца СШ № 36 г. Магілёва, настаўнік-метадыст. Пачатковая школа Кастрычнік 1992 г.

Запрашаем на вячоркі

Дзеючыя асобы:
Гаспадар, Гаспадыня, Дзед, Каза, Бульбінка, Жытнёвы Каласок, госці.

Гаспадыня:
Добры дзень, госцейкі дарагія!
Гаспадар:
Падыходзьце бліжэй да нас,
Запрашаем у госці ўсіх вас!
Гаспадыня:
Трэба, трэба гасцям дагадзіць
І на лавы ўсіх пасадзіць!
Гаспадар:
Калі ласка, госцейкі, сядайце ды вакол сябе паглядайце!
Гаспадыня:
А наша беларуская хата заселена дужа багата!
Гаспадар:
Лялькамі простымі і знакамітымі!
Гаспадыня:
Убрана кветкамі размаітымі.
Гаспадар:
Зоркамі саламянымі.
Гаспадыня:
Пеўнікамі маляванымі.
Гаспадар і Гаспадыня (разам):
А вас, госцейкі, мы чакалі, Свята без вас не пачыналі!

(Гаспадар і Гаспадыня выконваюць песню «Чаму ж мне не пець».)

Гаспадар:
Я паслухаў, як гамоняць
Краскі і звяры —
Лясныя жыхары.
Жарты, небыліцы, казкі,
Калі ласка, вам, сябры!

(Дзед пачынае першую прыпеўку, яму дапамагаюць госці.)

Дзед:
Белабокая сарока
Недзе лётала далёка.
Плёткі на хвасце насіла,
Паказаць вам іх прасіла.
I госць:
У канцэрце ўчора ў парку
На гітары грала галка.
Струны ўсе парваліся —
Дружна ўсе смяяліся.
II госць:
А ў дуброве, ля ракі,
Яму вырылі дзікі,
На ваўкоў яе капалі,
Самі ў яму і папалі.
III госць:
Прыйшла качка
Ў хату з рэчкі,
Напаліла хутка печку.
Качар, добры хлебапёк
Шэсць буханак хлеба спёк
IV госць:
Падмялі падлогу мышы,
Кот прынёс яловых шышак,
Стаў іх есці ды хваліць,
Мышак шэранькіх карміць.
V госць:
Бык зрабіў сабе гняздзечка
I адразу знёс яечка.
Сеў і вывеў ён шчаня.
Качар кажа: “Качаня!”
“Качаня, — сказала качка. —
Толькі вые, як сабачка”.
Гаспадыня:
Вось і ўсе тут небылічкі,
Гэткія смехатулічкі.
Гаспадар:Наспяваліся, насмяяліся — не грэх і патанцаваць!

(Харэаграфічная кампазіцыя «Беларуская танцавальная».)

Гаспадыня:Адпачніце, госцейкі, і адгадайце загадкі:
1. Адгадайце, што за лекар
У лясах жыве спрадвеку.
Лечыць летам і зімой
Дрэвы дзюбаю сваёй. (Дзяцел.)

2. Пасярод дарожкі
Белую панчошку
Нацягнуў на ножку.
Калі гэткі зух-зух,
Памары нам мух, мух. (Мухамор.)

3. Ён прысмакаў зеў нямала,
А калі харчоў не стала,
Лапу смокчучы, заснуў,
Ледзьве не праспаў вясну. (Мядзведзь.)

4. Вось загадка вам мая:
Пару коней маю я.
Раніцай як зацугляю —
Цэлы дзень іх паганяю.
А калі кладуся спаць —
Ля парога стаўлю коней.
I яны ўсю ноч спакойна
Аж да раніцы стаяць. (Чаравікі.)

5. Раскажу я вам пра нешта,
3 ім вы дома жывяце!
У яго ў носе рэшата
I лазня ў жываце.
На галоўцы гузік мае,
Знімеш шапку — парай чхне,
А рука — адна, крывая,
Ды і тая — на спіне. (Чайнік.)

6. Узышоў на горку,
Адчыніў каморку,
Выпусціў сабачак,
Пэўна, больш за дзвесце.
Ды такіх сярдзітых,
Што маглі б заесці:
Ні ад іх адбіцца,
Ні абараніцца,
Ні ім хлеба кінуць,
Каб як адкупіцца.
Добра, што прынесці
Дыму здагадаўся —
Накурыў, надыміў,
Дык уратаваўся. (Пчолы.)

7. Тапілі яго, сушылі,
Дубасілі ды рвалі,
Круцілі ды ткалі
Ды на стол паклалі. (Лён.)

(Інсцэніроўку песні «Ох, і сеяла Ульяніца лянок» працягваюць інсцэніраваныя дыялогі.)
1. — Пайду ў лес.
— I я разам.
— Зрэжу дрэва.
— I я разам.
— Высеку з яго карыта.
— I я разам.
— Будуць з яго куры ваду піць.
— I я разам.
— Піць з курамі?

2. — Колькі гадзін у сутках?
— Дваццаць дзве!
— Няўжо? Да гэтага часу было дваццаць чатыры гадзіны.
— А нам настаўніца казала, што дзень стаў на дзве гадзіны карацейшы.

3. Чапяла з хаты ўцякла, раскрычалася,
Чапяла да чаплі чаплялася:
— Чаму, чапля, ногі доўгія маеш?
— Чаму, чапля, па балоце блукаеш?
Але чапля смяяцца пачала:
— Чапу, ляпу, чапу, ляпу,
Пешаходаў не чапай, чапяла.

4. — Пятрусь, ты рукі памыў?
— Памыў, мама, нават з мылам!
— А твар?
— Не!
— Ідзі памый!
— Не пайду!
— Чаму?
— Хітрая ты, мамачка, хочаш, каб я зноў рукі запэцкаў?

(Танец «Сеў камарык на дубочак».)

Гаспадар: Я гуляў адзін ля горкі і збіраў скорагаворкі. Ці не лепшая — першая?
Рагатун Рыгорка родам
3 Рагачова горада.
Як захоча — зарагоча
Рагатлівым рогатом.
Гаспадар: Не благая, следам бяжыць другая.
На гародзе рос гарох,
А за рэчкай — грэчка,
Ох, ох, ох ды ох, ох, ох
Наш стары казёл Цімох
На гародзе рваў гарох,
Грэчку рваў за рэчкай.
Гаспадар:Як да рэчкі дайшоў — раптам трэцюю знайшоў.
Звала па маліну
Марына Галіну,
Галіна Марыну
Звала па каліну.
Гаспадар: Вось табе, Рыгорка, Чацвёртая скорагаворка:
Спрытна кроп
Палоў Пракоп:
Лёг пад кропам — і захроп.
Гаспадар:А зараз бяромся за справу, паглядзім прадстаўленне на славу.
Каза:
Людзі добрыя, вітаю,
Я ў вас вось што запытаю:
Вы скажыце, госці, мне,
Ці вам добра тут, ці не?
Ну, тады чаго чакаеце?
Чаму артыстаў не вітаеце?
Малайцы! Музыка, грай,
Прадстаўленне адкрывай!

(Музыка грае на скрыпцы «Бульбу». Выходзяць Жытнёвы Каласок і Каза з бубнам.)

Жытнёвы Каласок:
Добры дзень, шаноўны люд!
Каласок Жытнёвы тут як тут і
Бачу народу багата,
Пэўна ж, тут нейкае свята!
А убор мой зрэбны, не новы,
А хлеб мой — просты, жытнёвы.

(Хлеб-соль на ручніку Жытнёвы Каласок аддае Гаспадыні. Каза весела б’е ў бубен.)

Каза:
Дых без хлеба ж і хата не хата,
I свята не свята,
I поле не поле,
I доля не доля!
Жытнёвы Каласок:
Дзеці, ці ўсе вы як трэба
Ставіцеся да хлеба?
Акрайчыкамі ў футбол не гуляеце?
Лустачак не выкідаеце?
Каза:
Што ты! Ды гэтыя дзеці
Лепшыя ў цэлым свеце!
Жытнёвы Каласок:
Ну, я спытаў для парадку,
А хто адгадае загадку:
Што ў нашым краі,
Як і мяне, паважаюць,
Хлебам другім называюць?
Правільна! Гэта бульба!
Гэта бульбінка-беларусачка,
Пекная паненачка,
Шэрая сукеначка,
Зялёная хустачка!
(Выходзіць Бульбінка.)

Бульбінка:
Дзень добры, мае харошыя!
А якія ж вы ўсе прыгожыя!
А я такая простая, зрэбная,
Нікому тут не патрэбная!
Жытнёвы Каласок:
Ты, сястрыца, кінь журыцца!
Дарагія слухачы!
Трэба тут дапамагчы!
Хай той запляскае ў ладкі,
Хто любіць з бульбы аладкі,
За ім па парадку —
Хто любіць зразы і бабку,
Хто клёцкі, бульбяную кашу, салянікі,
А потым — хто любіць дранікі.
Дзякуй хлопчыкам і дзяўчынкам,
Усе вы сапраўды малайчынкі!

(Гучыць песня «Бульба». Каза, што сядзела маркотная, плача.)

Жытнёвы Каласок:
Што ты, Каза, зажурылася?
Раней ты жыла, весялілася,
А зараз у бубен не б’еш, не скачаш,
А зараз ты горка плачаш.
Каза:
Ой, як горка, ой, як горка!
Ох, як сэрданька баліць,
Во ні Таня, ні Алеша
Малака не хочуць піць!
Налілі Сцяпанку — ён адсунуў шклянку.
I малая Юлечка не запіла з кубачка!
Жытнёвы Каласок:
Не журыся, Каза!
Я адзначу Слаўку,
Ён, як п’е малако,
Дык просіць дабаўку!
Наогул, тутэйшыя дзеці
Любяць малако больш за ўсё на свеце!
Болей, чым марожанае і пепсі-колу!
Каза:
Дзякуй, дзякуй за добрым словы.
Трэба нам ужо у дарогу:
Дзякуй, госцейкі, за дапамогу!
Жытнёвы Каласок:
I шкада, а ўсе ж — бывайце!
Бульбінка:
Толькі нас не забывайце!
Каза:
Дружна жывіце, хутка расціце!
Жытнёвы Каласок:
Край свой любіце!
Бульбінка:
Не таму любіце, што ён за ўсіх цяплейшы
Ці прыгажэйшы,
А таму любіце, што ён мілейшы,
За ўсе даражэйшы!



Яшчэ на гэту тэму:

Беларускія вячоркі     Едзем на вячоркі