сцэнарыі святаў на беларускай мове

Лера РУБАШНАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Роднае слова 2013/10

Вячоркі ў Паўлінкі

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства паводле п'есы

Дзейныя асобы: Паўлінка, 18 гадоў; Сцяпан, яе бацька; Альжбета, яе маці; Цярэшка, бабыль, 50 гадоў; Кузьма, вясковы хлопец, 22 гады; Дзям’ян, вясковы хлопец, 23 гады; Грышка, вясковы хлопец, 25 гадоў; Адольф Быкоўскі, 28 гадоў; хлопцы, дзяўчаты, музыкі.
Карціна 1
На сцэне з’яўляецца Цярэшка, варожыць на кветцы.
Цярэшка. Кахае, не кахае. Кахае - зноў не кахае...
Нечакана з’яўляюцца Кузьма і Дзям’ян.
Кузьма і Дзям’ян (разам). Здароў, сусед!
Цярэшка. Цьфу! Каб на вас... гэта думаць, так напужаць!
Кузьма. А ты куды, Цярэшка, так расфуфырыўся?
Цярэшка. Як гэта куды?! На вячоркі. Сёння дзяўчаты ў хаце Паўлінкі збіраюцца.
Кузьма. А мы ў запеччы схаваемся.
Дзям’ян. Ды дзяўчат пужаць будзем...
Цярэшка. Вось пацеха будзе!..
Цярэшка, Кузьма, Дзям’ян знікаюць.
Карціна 2
Пакой у сялянскай хаце. Паўлінка прыбірае ў хаце.
Паўлінка. Трэба спяшацца: хутка дзяўчаты і хлопцы на вячоркі прыйдуць.
Уваходзіць Альжбета, за ёй Сцяпан з кошыкамі.
Альжбета (да Сцяпана). Сцяпан, а Сцяпан! Ну, што ты за чалавек?! Занясі кошыкі ў сенцы!
(Сцяпан з кошыкамі выходзіць.) Іншы раз, здаецца, сама гэтую работу зрабіла б. Але як падумаю, для чаго ж тады мужык у хаце?! I рукі апускаюцца... Хай робіць! Эх, і доля ты жаночая! Ці ж гэта лёгка ўсё жыццё мужыком кіраваць?!
Паўлінка. А замуж усё роўна хочацца!..
Нечакана ў дзвярах паказваюцца дзяўчаты. За імі цішком уваходзяць Кузьма, Дзям’ян і Цярэшка, хаваюцца ў запеччы.
Дзяўчаты (цярэбячы рагі хусцінак). Яшчэ як хочацца!..
Кузьма і Дзям’ян (з запечча да залы). Ды хто іх возьме?!
Цярэшка (дадае).Апрача мяне...
Альжбета. Замуж выйсці - не напасць, абы замужам не прапасць.
Кузьма і Дзям’ян (з запечча да залы). Цыбуля горкая, ды ядуць.
Цярэшка (дадае). Замужам брыдка, ды ідуць.
Альжбета. Ведама ж, за добрым мужам і варона жонка, а за благім - і княгіня загіне.
Дзям’ян і Кузьма (з запечча да залы). Смачны жабе арэх...
Цярэшка (дадае). Ды зубоў чорт не даў.
Паўлінка. А давайце, дзяўчаткі, на шчасце паварожым.
Кузьма і Дзям’ян (з запечча да залы). Дождж ідзе - грыбы будуць.
Цярэшка (дадае). Дзеўкі растуць - вяселлі будуць. .
Дзяўчаты (завязваюць Паўлінцы вочы, раскручваюць яе, прыгаворваючы). Калі спынішся супраць люстэрка, будзе муж, як цукерка. Станеш тварам да акна - застанешся жыць адна.
Паўлінка спыняецца супраць люстэрка. Дзяўчаты радуюцца.
Карціна 3
3 вуліцы даносіцца брэх сабак, гукі гармоніка, гамонка. Дзяўчаты ажыўляюцца, прыхарошваюцца. 3 музыкай у хату заходзяць хлопцы.
Цярэшка, Кузьма і Дзям’ян пакідаюць схованку і далучаюцца да іх.

Грышка. На вячорках у Паўлінкі дзеўкі сёння...
Хлопцы (разам дадаюць). Як малінкі!
Грышка. Добры вечар вам у хату!
Хлопцы (разам). Можа, вы гасцям не рады?!
Паўлінка. Кавалераў мы зачакаліся.
Дзяўчаты (разам). Дзе ж вы доўга так забаўляліся?
Грышка. Мы спяшаліся, завіхаліся.
Хлопцы (разам). Пачастункаў вам прыстараліся.
Грышка. Кожнай дзевачцы...
Хлопцы (разам дадаюць). Па цукерачцы.
Грышка. А вось арэшкі спелыя.
Хлопцы (разам дадаюць). Каб тачылі зубкі белыя.
Хлопцы частуюць дзяўчат арэхамі і цукеркамі. Паўлінка ставіць на стол самавар. Альжбета нясе аладкі.
Альжбета. Ну, а зараз просім усіх да стала пакаштаваць аладачак румяных.
Паўлінка. Перш чым аладкі есці, мы праверым, якія нашы жаніхі кемлівыя. (Да хлопцаў.) Калі загадку адгадаеце, тады і аладкі атрымаеце. Маленькае, кругленькае, а за хвост не падняць. (Клубок нітак.)
Дзяўчаты хітра пераглядваюцца. Хлопцы стараюцца адгадаць.
Грышка (да дзяўчат). А цяпер вы адгадайце, калі такія разумныя. Хутка есць і дробна жуе, сама не глытае і другім не дае. (Піла.)
Хлопцы, задаволеныя, сочаць за дзяўчатамі. Дзяўчаты спрабуюць адгадаць.
Карціна 4
3 вуліцы даносіцца брэх сабак. Груку дзверы.
Альжбета (да Сцяпана, які знаходзіцца ў суседнім пакоі). Сцяпан, а Сцяпан! На каго гэта так сабакі брэшуць?! Ідзі стрэнь госця!
Цярэшка (здзекліва). А то яшчэ ў дзверы не патрапіць.
Альжбета. Нясі да нас, божа, нежанатага ды багатага.
Уваходзіць Адольф Быкоўскі, за ім Сцяпан.
Сцяпан. Вось і госць дарагі!
Быкоўскі. Пахвалёны ў хату!
Галасы. Навекі! Навекі!
Быкоўскі. Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінавата мая кабыла. Як панесла з гары, - і выкінула мяне з вазка, ледзь шыю не зламаў. Праз тое і замарудзіў.
Цярэшка. Каб ты так з носам быў, як гэта праўда.
Быкоўскі. Не з тваім носам мышы капаць.
Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа, вып’еце гарбаты? Паўлінка! Налі пану Быкоўскаму гарбаты!
Быкоўскі (садзіцца за стол). А што ў васпанства добрага чуваць?
Сцяпан. Ды што ў нас чуваць?! Старая баба не хоча паміраць...
Цярэшка (ківае ў бок Паўлінкі). А маладая замуж ісці.
Быкоўскі (самазадаволена). Хе-хе-ха! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.
Цярэшка (у бок Быкоўскага). Нязваны госць, як і рыба, хутка смярдзіць.
Быкоўскі (да Цярэшкі). Бач, ты яго! Ціхая свіння, а глыбока рые.
Грышка. Ну, а зараз самы час, каб пусціцца ў скокі!
I хай самі ногі скачуць да знямогі!
Дык рассунем лавы і злева, і справа!
Ну, хто з нас сёння першы адарве падэшвы?!
Паўлінка. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць “Лявоніху”.
Быкоўскі. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.
Паўлінка (да Быкоўскага). А якія ж вы танцы гуляеце?
Быкоўскі. Гэрц-польку, падзі-спаць, ман-чыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, падыходзіць да Паўлінкі.) Ну, што ж? Можа, мы з паненкай паспрабуем?
Паўлінка. Калі ж я гэтых мудрых танцаў не толькі што не ўмею, але нават іх і не бачыла.
Быкоўскі Не бойцеся! Я на ўсе лады выўчу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку як да танца. Звяртаецца да музыкаў.) Зайграйце нам гэрц-польку!
Музыка. Мы гэтага не ўмеем.
Быкоўскі. Ну, дык падзі-спаць!
Музыка. Першы раз чуем.
Быкоўскі. А можа падзі-кварту знаеце?
Музыка. I гэта першы раз чуем.
Паўлінка (як бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.
Быкоўскі. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгаваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я. Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава ў левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева... Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз два, тры!
Усе сочаць за імі і смяюцца.
Паўлінка (вырываючыся). Не, так нічога не выйдзе. Не кемная я да навукі.
Быкоўскі (садзячы Паўлінку). Гэта складана толькі першы раз.
Паўлінка (да Быкоўскага). Можа, пан Адольф, спеяце нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.
Быкоўскі. Э-э! Які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых. (Паказвае на Цярэшку.)
Сцяпан. Дык проша спець. Мы ўсе просім.
Быкоўскі. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. (Спявае няскладна, махаючы хустачкай па твары.)
Плываё голэмбі,
Летаё лабэндзі;
3 нашэго кахання,
Пэўна, ніц не бэндзе.

Цярэшка. Ці ж гэта “голэмбі” плываюць, а “лабэндзі” лятаюць?!
Быкоўскі. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.
Паўлінка. Выбачайце, пан Адольф! Выбачайце! Просім, просім.
Быкоўскі. Ну, ужо буду! Але хоць раз перапынеце, тады разгневаюся і саўсім не буду пець. Пейце тады самі!
Быкоўскі (спявае).
Гляжу я без толку на хладную шаль,
I чорную душу церзае печаль.
Цярэшка. I чаго ты глядзіш на сваю душу без толку?
Быкоўскі. А ты, Цярэшка, не сунь носа ў чужое проса! Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Сядае.)
Паўлінка. Дык і спяём. ((Да дзяўчат.) А што мы спяваць будзем?
Дзяўчаты. “Ой, рэчанька, рэчанька”.
Быкоўскі. Фі, мужыцкая!
Паўлінка. А пан Адольф можа б хацеў, каб завялі якога манчыза?!
Дзяўчаты спяваюць.
Паўлінка. Што ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы?
Цярэшка. Пан Адольф, відаць, закахаўся.
Быкоўскі. Ну, дык што, калі закахаўся?
Грышка. “Лявоніху”!
Быкоўскі. Ізноў мужыцкае!
Паўлінка. А мы з панам Адольфам сыпнем “Лявоніху”.
Быкоўскі. Калі ўжо вельмі так хочацца, дык пойдзем.
Танцуюць “Лявоніху”.
Паўлінка (да Быкоўскага). Ну, як жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец?
Быкоўскі. Калісь я гэтым танцам трохі вучыўся.
Цярэшка. Ды нешта хутка развучыўся!
Быкоўскі. А ты, Цярэшка, лепей памаўчы. Якая з цябе карысць: ні ў салдаты ні ў матросы, толькі затычка ў калёсы.
Паўлінка (да музыкаў). Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, каб аж сВет ходырам пайшоў!
Музыкі граюць польку. Быкоўскі і Паўлінка танцуюць, прыпяваючы.
Быкоўскі.
Танцовала рыба з ракам,
А пятрушка з пастарнакам.
А цыбуля дзівовала,
Цо пятрушка танцовала.

Паўлінка.
Ну, і хітры ты, сакол,
Не тронь мяне за падол.
Мой падолік шоўкам шыты:
Хто палезе будзе біты!

Танец заканчваецца. Музыка заціхае. За вокнамі світае.Чуюцца галасы пеўняў.
Кузьма і Дзям’ян (да гледачоў). Ну, павесяліліся сёння ад душы!
Цярэшка. Як бачыце, аж да самай раніцы вячоркі доўжыліся.
Паўлінка. Чуеце, пеўні сонейка будзяць...
Альжбета і Сцяпан (да залы). Запрашаем вас у нашу хату на чарговыя вячоркі!
Быкоўскі. Прыходзьце, васпанства!
Усе (разам). Месца ўсім хопіць!

Яшчэ на гэту тэму:

Запрашаем на вячоркі     Дзіцячыя вячоркі