сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ЖУРАЎЛЁВА, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя I. П. Шамякіна. Роднае слова 2012/09

“Шануйце роднае слова!”

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Выконваецца песня “Беларускі Дом” (муз. В. Войціка, сл. С. Панізніка; Вясёлка, 2007, № 5).
1-ы вядучы. Добры дзень, дарагія сябры!
2-і вядучы.
Мы сардэчна ўсіх вітаем
I на свята запрашаем.
Бачым, што ўсё гатова,
Значыць, трэба пачынаць.
Разам. Свята беларускай мовы
Будзем з вамі адзначаць!

Выконваецца песня “Голас роднай зямлі” (муз. Г. Ермачэнкава, сл. Л. Пранчака; Роднае слова, 1998, №11).
1-ы вядучы. Роднае слова!.. Дзякуючы яму мы пазнаём жыццё, навакольны свет, вывучаем гісторыю народа, зазіраем у будучыню.
2-і вядучы. Слова побач з чалавекам ва ўсіх праявах жыцця. Яно служыць крыніцай натхнення паэту і суцяшае сэрца. Яно вядзе нас па жыццёвай дарозе, перасцерагае і ахоўвае.
1-ы вядучы. Праз родную мову, праз слова адраджаецца душа чалавека, народа, нацыі.
1-ы чытальнік.
Слова да слова, слова да слова -
Гэта бацькоўская родная мова,
Матчына мова, пяшчотная, чыстая,
Быццам крыніца, жывая, іскрыстая.
А. Вольскі.

2-і чытальнік.
Слова роднае -
Крыж пад парогам,
Слова роднае -
Вечнасці след.
Слова роднае -
Змалку -
Ад Бога,
Ад Зямлі,
Што радзіла на свет.
М. Чарняўскі.

3-i чытальнік.
Мова,
Пявучая родная мова,
Ты - уладарка нявызнаных скарбаў.
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў
Мае ў сабе тваё кожнае слова...
Ціха гучаць у мове маёй
Словы пяшчотныя,
Словы крынічныя,
Росныя.
Чуюцца ў ёй -
I грымотныя,
Зычныя.
Водгулле бітваў у іх
Разлячаецца грознае.
Часам бывае - заззяе неспадзявана
Новаю зоркаю слова-абнова.
Колькі ў табе нявызнаных скарбаў схавана,
Мова мая,
Пявучая родная мова.
А. Зарыцкі.

4-ы чытальнік.
Табе складаю шчыры свой санет,
Прапрадзедаў маіх жывая мова, -
Майго народа першая аснова,
Душы яго шырокі, чысты свет!
Калі і я ў табе пакіну след,
Хай не на ўсю ступню, хай напалову, -
Твая заслуга, казачнае слова,
Адзнака новых радасных прыкмет!
Да глыбіні душы мяне хвалюе,
Як пазнаю цябе і прагна п’ю я,
Нібы вады з крыніцы мне далі.
I крочу, маладая, з асалодай
Па гэтай любай, сонечнай зямлі,
Дзе роднай мовай дадзена валодаць!
Е. Лось.

Выконваецца народны танец.
1-ы вядучы.
- Ты адкуль бруішся, Мова?..
- 3 сініх нёманскіх крыніц?..
2-і вядучы.
Па зямлі збіраю словы,
Нібы россыпы суніц.
1-ы вядучы.
Мілая, адзіная
Нам, нашчадкам, дадзена
Любаю Радзімаю
Ад дзядоў і прадзедаў.
У Мазго.

5-ы чытальнік.
Роднае слова -
Маланак аснова
I сіняга лёну
Някідкі уток.
Яно, як крыніца,
Што вечна бруіцца,
Бярэ з нашых сэрцаў
Свой чысты выток.
Яно ашчаслівіць,
Калі нешчаслівы,
I раны загоіць.
Пазбавіць ад мук...
О роднае слова -
Званочак радзімы,
Зямлі беларускай
Мой спеўны жаўрук.
А. Малюк.

6-ы чытальнік.
Адкрываю, як свет, нанова
Беларускае роднае слова,
Пералівістае - як каменьчык,
Весялковае - як ручэй,
Цёплае - як агеньчык
Добрых тваіх вачэй,
Светлае - як маланка,
Гнеўнае - як пярун,
Ціхае - як калыханка,
Вечнае - як Беларусь!
А. Канапелька.

Выконваецца песня "Люблю наш край" (муз. М. Равенскага, сл. К. Буйло).
1-ы вядучы. Родная мова - гэта музыка душы, каторай Найвышні Стварыцель адарыў Чалавека, гэта натуральны фундамент, на каторым чалавек павінен будаваць дом сваёй сілы духоўнай, свайго розуму, пачуцці дабра і зла, справядлівасці і крыўды.
В. Ластоўскі.

7-ы чытальнік.
Наша мова - бярозавік весні,
Аксаміт жаўруковае песні,
Шум гаёў, пушчы грознае голас,
Акавітай успоены колас,
Матак нашых пяшчоты адвеку,
Отмуць-вір у азёрах і рэках,
Васілёк сінявокі у збожжы,
Агняцвет нашай сілы, дар Божы.
Я. Золак.

Выконваецца народны танец.
1-ы вядучы.
Наша мова вечная, бо ўся яна, як наш характар. Часам мяккая, пяшчотная!
2-і вядучы.
А часам мужная, поўная сілы і цвёрдасці.
1-ы вядучы. “Дзе” - як шкляной палачкай па крышталю,
2-і вядучы. Мяккае “с” - як соннае ціўканне сінічкі ў гняздзе.
1-ы вядучы. Побач “р”, як гарошына ў свістку.
2-і вядучы. Доўга, адкрыта, пявуча гучаць галосныя.
1-ы вядучы. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастаў сніць дрэнны сон.
2-і вядучы. Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, даўняя, за цябе вечна жывая, за цябе, неўміручая?!
У Караткевіч.

8-ы чытальнік.
Гукі мовы роднай, наскай
Перапоўняць сэрца ласкай.
Дык шануй святыя словы
Беларускай звонкай мовы!
Р. Барадулін.

9-ы чытальнік.
Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніце Працу, Чалавека, -
I Бог вам дасць спагадны лёс.
А каб цанілі вас у свеце
(Я лепшых слоў не падбяру),
Шануйце дзіва на планеце -
Святую нашу Беларусь.
I мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з роду ў род,
Каб наша воля не прапала,
Каб не загінуў наш народ.
А. Ставер.

1-ы вядучы. Шчырыя словы пра беларускую мову, пра яе багацце і прыгажосць сказалі вядомыя дзеячы нашай нацыянальнай культуры: Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч
і іншыя.
2-і вядучы. А вось якія паэтычныя радкі прысвяцілі роднай мове нашы вучні (паказ мультымедыйнай прэзентацыі: слайды з фотаздымкамі вучняў і кароткімі звесткамі з біяграфіі).
1-ы вядучы. Мову родную беражы.
2-і вядучы. Мовай роднай даражы.
1-ы чытальнік. Мову родную шануй.
2-і чытальнік. Мовай роднай не гандлюй.
3-і чытальнік. Мову родную любі.
4-ы чытальнік. Мову родную не губі.
5-ы чытальнік. Мовы роднай не кідай.
6-ы чытальнік. Мову дзецям перадай.
7-ы чытальнік. Мовы не аддай на здзек.
Усе разам. Толькі з ёй жыцьмеш, чалавек!
В. Швед.

Выконваецца песня “Мова мая” (муз. В. Петухова, сл. С. Чыгрына).


Яшчэ на гэту тэму:

Падарожжа з Несцеркам па вуснай народнай творчасці     Мову матчыну шануйце