сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля МІГІЦ, Вольга ШЫНКАРОВА, Таццяна ШКЛЯРЭЎСКАЯ, музычныя работнікі дзіцячага сада № 19 Слуцка. Пралеска Сакавік 1996 г.

Свята мам

Сцэнарый для старэйшай групы

Дзеці выстройваюцца каля сцэны.

Вядучы.
Мы сабраліся сёння ў зале,
Каб жартаваць, пець, танцаваць.
Мы дарагіх гасцей сабралі
Матулі свята адзначаць.
1-е дзіця. А чаму ж гэтак сёння сонца ярка свеціць?
2-е дзіця. А таму, што нашы мамы лепшыя за ўсіх на свеце.
3-е дзіця. А таму, што свята мамы—самы лепшы дзень,
А таму, што свята мамы—свята ўсіх людзей.
4-е дзіця.
Свеціць, як сонца, ад самай калыскі
Вобраз любімы, родны і блізкі.
Маміна імя—самае лепшае,
Маміна слова—найдаражэйшае.
Мама! Матуля!—чароўнае слова
Песняй ласкавай гучыць на ўсіх мовах.
Гучыць вясёлая музыка. Усе садзяцца на месцы.

Вядучы.
Полем, гаем, пералескамі
Па зямлі, вясной абуджанай,
Сакавік ідзе з пралескамі
Па праталінах і лужынах.
Дзеці.
У родны край з-за акіяна,  
З-за высокіх сініх гор
Жураўлі ляцяць клінамі,
Абуджаючы прастор.
Дзеці.
Я сабраў букет пралесак,
Па сырой бягу раллі.
Я крычу на ўвесь палетак:
— Прывітанне, жураўлі!

І яны мяне вітаюць,
Мне крычаць: "Курлы, курлы!"
Веру я—мяне пазнаюць,
Не забудуць жураўлі.

"Танец жураўлёў".

Вядучы нагадвае дзецям, як восенню яны праводзілі журавачак у цёплыя краіны, а зараз зноў сустракаюць іх.
(У зал улятае "сарока".)


Вядучы. Дзеці, хто гэта?
Дзеці.
Сарока!
1-е дзіця.
Вось сарока к нам ляціць
I навінамі трашчыць.
Сарока.
Тэлеграма ў лес дайшла,
Што вясна-красна прыйшла.
Сёння свята усіх мам,
Віншаваць іх трэба нам:
Хтосьці вершык пачытае,
Хтосьці песню заспявае.
Ну, а хтосьці ў гэты час
Дапаможа ў першы раз.
Я пра свята стракатала,
Замарылася, прыстала—
Вось каб быў тут тэлефон...
Ой, глядзіце! Вось і ён! (Звоніць.)
Зараз Мішку пабуджу
I пра свята раскажу.
(Ніхто не падыходзіць.)

Сарока.
Ну і спіць, не разбудзіць,
Яшчэ трэба пазваніць.
(Мядзведзь бярэ трубку.)
Сарока.
Ало! Ало! Трашчыць сарока.
Мядзведзь.
Што здарылася, белабока?
Сарока.
Сёння свята усіх мам,
Віншаваць іх трэба нам.
Мядзведзь.
Цішэй, сарока, не трашчы,
Матулю мне не прабудзі.
Мне трэба ў хаце ўсё прыбраць,
Пакуль матуля будзе спаць.
(Кладзе трубку, прыбірае.)
Падлогу чыста падмяту,
I пыл з паліцы ўвесь сатру.
Але што ж гэта у куточку,
У маленькім тым збаночку?
(Лезе лапай у збан.)
Ой, які ж салодкі мёд!
Палажыць яго бы ў рот...
Ды сарока мне званіла
I пра свята гаварыла.
Мёд—найлепшы падарунак,
Маёй маме пачастунак.
Сарока.
Зараз зайца па шукаю
Ды пра свята нагадаю. (Звоніць.)
Ало! Ало! Трашчыць сарока.
Заяц.
Што здарылася, белабока?
Сарока.
Сёння свята усіх мам,
Віншаваць іх трэба нам.
(Заяц кладзе трубку тэлефона.)

Заяц.
Браткі мае, сюды бяжыце!
Шубкі белыя здыміце.
Трэба кветак пашукаць,
Для матулі іх сабраць.

"Танец пралесак".

(З’яўляюцца зайцы з кветкамі.)

Песня "Маміна свята".

Сарока.
Трэба Лісу пазваніць
I пра свята аб’явіць.
Трэба з ім пажартаваць,
Хай ўсе будуць рагатаць.
(Ліс падыходзіць да тэлефона.)
Сарока.
Ало! Ало! Трашчыць сарока.
Ліс.
Што здарылася, белабока?
Сарока.
Сёння свята у Лісы,
Збрый ты, Ліс, свае вусы.
Ліска будзе вельмі рада,
Дзякуй скажаш за параду.
Ліс.
Дык я стану непрывабны,
На каго буду падобны ?
(Кладзе трубку, адыходзіць ад тэлефона, думае, потым глядзіцца ў люстэрка.)
Што ні зробіш для Лісы!
Збрыю я свае вусы!
(Звяртаецца да лісянят).
Лісяняты! Дайце мне лязо.
(Брыецца.)
Раз правёў... I без вусоў!
Дзеці! Гляньце на мяне,
Я пахарашэў ці не?
Лісяняты.
Ой, які ты стаў, татуля!!!
Атрымаеш ад матулі!
(Уваходзіць Ліса.)
Ліса.
Ліс! Што з табою?
Ці ты падурнеў вясною?
Дзе прыгожыя вусы,
Гонар лісанькі-красы?
Ліс.
Пазваніла мне сарока
I натрашчала, белабока,
Калі збрыю я вусы,
Будзе радасць для Лісы.
Я купіў сабе лязо,
Раз правёў—і без вусоў!
Ліса.
Не гаруй, мой любы Ліс!
Для мяне такі сюрпрыз!
I скажу без лішніх слоў,
Ты прыгож і без вусоў!
Лісяняты.
Ой! Хадземце ўсе на свята,
Ў "Сонейка"—дзіцячы сад.
Там чакаюць нас маляты,
Кожны там нам будзе рад.
(Клічуць звяроў.)
Усе.
Гэй, звяры! Хадземце з намі, Пазнаёмімся з сябрамі!
(Пад музыку "Калі мае сябры са мною разам " звяры ўваходзяць у залу.)
Вядучы вітаецца з гасцямі і запрашае паглядзець, які вясёлы танец "Крыжачок" дзеці падрыхтавалі для матуль у падарунак.

Ліс.
Станавіся, Лісанька,
Побач ты са мною.
Разам з дзецьмі патанцуем
"Крыжачок" з табою.
Усе звяры.
I мы просім дазволу
3 вамі весяліцца.
У гэтым танцы беларускім
Разам пакружыцца.
Танец "Крыжачок".

Вядучы. А вы памятаеце, дзеці, што ў вашых матуль таксама ёсць матулі? Правільна, гэта вашы бабулі. А вы падрыхтавалі для іх падарункі?
Дзеці.
Мы ведаем шмат песенек
Пра сонца і вясну.
А для бабулек дарагіх
Спяём яшчэ адну.
Песня "Бабушки-старушки".

Вядучы. А зараз, паважаныя нашы госці, дзеці пакажуць вам жартоўны танец "Аты-баты".
Танец "Аты-баты".

1-е дзіця.
Матулям любым нашым
Ад сэрца шчыра скажам.
2-е дзіця.
Святла, усмешак і цяпла.
3-е дзіця.
Вялікага зямнога шчасця,
Здароўя, радасці, дабра.
4-е дзіця.
Вам вечнага багацця
I шчырай цеплыні.
Ты—самая прыгожая.
Ад нас любоў прымі.
Песня "Красивые мамы".
Усе дзеці выстройваюцца каля сцэны з мімозамі ў руках.

1-е дзіця.
На свята на вясенняе
Прыйшлі к нам мамы ўсе.
Галіначкі мімозы
Прыміце ад дзяцей.
"Мамін вальс" (з мімозамі).
Дзеці дораць мамам галінкі мімозы і танцуюць разам з імі.


Яшчэ на гэту тэму:

Мама! Любая! Віншую!     8 Сакавіка