сцэнарыі святаў на беларускай мове

Дзяды

Сцэнарый свята

Гаспадыня. Хвала табе, Божа, Дзядоў дачакаліся.
Гаспадар.Сёння дзень памінання продкаў, калі душы памерлых злятаюць на зямлю, каб даведацца, як мы жывём, як захоўваем гаспадарку, дбаем пра яе узбагачэнне, як складаюцца нашы сямейныя справы, як мы захоўваем даўнія радавыя звычаі, як помнім землякоў сваіх, суродзічаў, продкаў, як зберагаем зямлю сваю, як шануем спадчыну.
Гаспадыня.Дзяды – гэта дзень, калі мы не толькі падводзім вынікі пражытага года, але і задумваемся над сэнсам свайго жыцця. Магчыма гэта і ёсць галоўная нацыянальная ідэя існавання беларусаў на зямлі: быць моцнымі, разумнымі, дастойнымі сваіх продкаў.
Гаспадар.І таму мы разам сабраліся, каб успомніць продкаў нашых, аддаць ім даніну павагі і падзякі.
Людзі добрыя, давайце парасчыняем дзверы, запалім свечкі, каб завіталі да нас на памінальную вячэру душы нашых продкаў. (Г-р адчыняе дзверы у залу. Г-ня запальвае свечку на стале).
Дзяды, хадзіце да нас! Дзяды нашы святыя хадзіце да нас вячэраць. Чакаем вас, як тысячы, як сотні гадоў таму назад чакалі. Хадзіце на бяседу ціхую, спавядальную, хадзіце усе хто на гэтай зямлі жыў: і сталыя і немаўляты, і маці і сёстры, і браты і бацькі, і людзі чужыя , незнаёмыя.
Гаспадыня. Пагаворым з вамі, дзяды, як адвеку у краі нашым, і вясною на мясаед, і ля могілак на радаўніцу, і перад Калядамі, і на Сёмуху гаварылі. Бо, як жыве прырода, разважна так і памяць наша не згасае, асвятляе шляхі заступнікам. Верым, як некалі верылі вы, продкі нашы: чалавек не знікае бясследна, душа яго з намі у Сусвеце. Тыя, хто адышоў ад сцежак зямных, перадаюць нам розум, дух, традыцыі, вопыт. Гэта іх пуцявіны вядуць у даль нашых дзяцей і унукаў.
Дзяды нашы шаноўныя завітайце да нас. Мы хату прыбралі, ручнікі памінальныя павесілі, чакаем вас! Зла не трымайце, што былі беспамятнымі, што бывала, забывалі вас, не заклікалі на вячэру, магіл не бераглі. Міне чорны час здранцвення і мы вернемся да ісцін векавых. Дык памажыце продкі нашы, дайсці нам да святых крыніц вечнасці, каб дзеці нашы не заблудзіліся потым. Для вас мы адчынілі дзверы, для вас стол прыбралі, як належыць. Бо нам не жыць, калі не помніць вас.

Гаспадар.
Святыя дзяды, просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас,
Есці і піць, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў.
Святыя Дзяды, просім вас,
Хадзіце, ляціце, да нас.

(Гаспадар у чыстую місачку адкладае куцці, налівае у чарку віна, і ставіць усё гэта на стол для дзядоў. У гэты час ён прамаўляе: Святыя Дзяды, прыйдзіце сюды.
Усе, хто сядзіць за сталом, устаюць і услед за гаспадаром паўтараюць гэтыя словы. Г-р і Г-ня па чарзе чэрпаюць па лыжцы кашы і перадаюць лыжку наступным гасцям.)


Гаспадар. П’ю за вас, нашы бацькі сардэчныя.
Гаспадыня. Няхай са святымі спачываюць, а нам хлеба, солі пасылаюць, будзьце усе жывы.

Заблытаны шляхі,і вочы засціць дым…
Быў вольны гэты край, распяты чужакамі.
Праз горкія гады вяртаюцца дзяды.
Вяртаецца наша памяць!

Не ружы снягоў крывавяць сляды…
Усталі пад штандар нашчадкі касінераў.
Праз горкія гады вяртаюцца дзяды,
Вяртаецца наша вера!

Бясконцы калаўрот нянавісці, дзяльбы…
Я ў вочы зазірну і ў іх пазнаю брата.
Праз горкія гады вяртаюцца дзяды,
Вяртаецца з намі наша заўтра!

І свеціцца далонь у прысенках бяды…
Радзіму захінаем гарачымі рукамі.
Праз горкія гады вяртаюцца дзяды,
Вяртаюцца разам з намі!

Гаспадар.Памяні, Божухна, нашых продкаў. Няхай яны са святымі спачываюць, а нам шчасця, долі дасылаюць.
Гаспадыня. Сёння мы прыйшлі сустрэць вас. Дзяды, пагаварыць пра даўняе, былое. Мы чуем вашых душаў запытанне.
Гаспадар.Настаў час вярнуцца да сваіх каранёў, традыцый, жыць у ласцы і па праўдзе Божай.
Гаспадыня. Сёння дзень памяці. І мы хочам аддаць даніну павагі, успомніць тых, хто жыў на зямлі нашай, хто навечна адышоў ад нас у іншы, лепшы, свет.
Гаспадар.У кожнага з нас ёсць дарагія нам людзі, што пайшлі ад нас у розныя часы: хто – даўно, хто – не вельмі даўно, а хто і зусім нядаўна. Многія з іх ужо спачываюць разам са святымі, і нам дапамагаюць сваімі малітвамі. А многія яшчэ пакутуюць… і са святымі моляцца за нас жывых.
Гаспадыня. Людзі добрыя, памянём усіх тых, хто жыў на нашай зямлі: і старых і малых, і бацькоў і сясцёр і братоў…
Гаспадар.Спрабуйце, людзі, вячэру памінальную, успамінайце сваіх продкаў.
Гаспадыня. А цяпер па старадаўняму звычаю нашага народа гэта вячэра прадоўжыцца у кожнай сям’і, і у кожнай хаце. Хай з’яднае яна ўсе нашы душы ў адзіным імкненні – помніце звычаі і абрады нашага народа. А свечкі запаленыя і пастаўленыя на вокны, як гэта робіцца ва ўсім свеце, будуць сведчыць аб нашай памяці і павазе да продкаў нашых.