сцэнарыі святаў на беларускай мове

Генадзь АЎЛАСЕНКА. Пачатковая школа Сакавік 2005 г.

Дзякуй мой чацвёрты клас.

Сцэнарый выпускнога ранішніку

Выходзяць вядучы, хлопчык і дзяўчынка выпускнога класа.

Вядучы.
Здаецца, толькі ўчора быў той час,
Калі прыйшлі вы першы раз у школу.
У школе вас сустрэў званок вясёлы,
I вы за парту селі ў першы раз.

Настаўніца вяла да ведаў вас,
Вы разам па складах буквар чыталі...
А потым быў другі і трэці клас,
I сёння вы... выпускнікамі сталі.

Хлопчык.
Звіні, вясёлы школьны наш званок!
Час летні вельмі хутка праімчыцца.
Ты ўвосень зноў паклічаш нас на урок,
У пятым класе будзем мы вучыцца.

Дзяўчынка.
Нам, пэўна ж, будуць болей задаваць,
Саміх прадметаў школьных стане болей.
I будзем мы хоць зрэдку сумаваць
Аб тым, што ўжо не ў пачатковай школе.

Хлопчык.
Ды толькі не вярнуць назад гады,
I будзе шосты клас, а потым сёмы...
Дзяўчынка.
Але мы будзем памятаць заўжды,
Як першы раз звінеў званок вясёлы.
Хлопчык.
Як школа нас сустрэла ў першы раз
I як яна нас цёпла павітала.
Дзяўчынка.
I першая настаўніца для нас
На ўсё жыццё другой матуляй стала.
Хлопчык.
I мы ўрачыста абяцаем ёй,
Што і далей вучыцца добра зможам
I нашай роднай школе дапаможам
I працай,і вучобаю сваёй!
Дзяўчынка.
Вучыцца будзем мы заўжды з ахвотай,
Заўжды з ахвотай будзем працаваць.
Не будзем мы ні ныць, ні сумаваць,
3 вучобай, з працай будзем сябраваць,
Са школы прэч прагонім мы ляноту!

Выбягае Лянота.

Лянота.
Ну, гэта вы, дзеці, сказалі дарма!
Ды што, мне ўжо ў школе і месца няма?!
А я ж на вас так спадзявалася!
А я ж за вас так хвалявалася!
Каб вы не марнелі за ўрокамі,
Ад іх ратаваліся ўцёкамі:
Ад гэтай дурной матэматыкі,
Ад шкоднае гэтай граматыкі,
Ад мовы з літаратурай
I нават ад фізкультуры!
Не трэба сяброўства са спортам —
Вы лепш аб'ядайцеся тортам.
На спевах не трэба спяваць —
Лепш жуйкамі рот набіваць.
Не трэба на працы старацца,
А лепш уцячы з гэтай працы.
А ранкам, як хочацца спаць,
То лепш і зусім не ўставаць.
Хай нават заняткі праспіце —
Але ж з асалодай паспіце.
I ў школу зусім не ідзіце,
Дзянёчак-другі прапусціце.
Зманіце, што вы захварэлі,
А самі хутчэй на арэлі,
А потым кіно паглядзіце,
У парк які-небудзь схадзіце...
А пройдуць заняткі, — вядома ж,
3 усімі бяжыце дадому.
I ўсё будзе ў поўным парадку.

Вядучы.Чакайце. Давай па парадку! Спярша пазнаёмімся. Хто ты?
Лянота.
Ды як гэта хто? Я — Лянота!
А гэтыя выпускнікі —
Усе мае сябрукі.
А значыць, і я — выпускніца,
Далей з імі буду вучыцца.
Дакладней, буду старацца
Усіх навучыць ленавацца,
Каб дзеці так ленаваліся,
Што нават за ўрокі не браліся,
Каб хатніх работ не рабілі,
Са мною каб бібікі білі!

Вядучы.
А навошта ім бібікі біць?
Лянота.
Гэта ж так прыемна рабіць!
Чым вучыцца ды працаваць,
Лепш са мной кожны дзень сябраваць.
Вядучы.
I двойку затым атрымаць?
Лянота.
Лепш двойкі з адзінкамі мець,
Нічога не разумець,
Чым кожны дзень працаваць,
Тлумой галаву забіваць.
Вядучы.
Не будзе па-твойму, шкодніца!
А ну, пайшла прэч, нягодніца!
Лянота (лісліва).
Ну, не трэба так адразу мяне гнаць!
Можа, дзеці са мной будуць сябраваць.
Праўда ж, дзеці, не пакінеце мяне?
Пасябруеце са мною?
Так ці не?

Дзеці адказваюць "не".

Лянота.
Што ж, здаецца, трэба хуценька ўцякаць!
Пабягу хутчэй другіх дзяцей шукаць,
Каб яны мяне, Ляноту, прэч не гналі,
Каб яны са мной, з Лянотай, сябравалі.

Лянота ўцякае.

Хлопчык.
Вось і добра, што Лянота прэч пайшла!
Дзяўчынка.
Добра тое, што ад нас яна ўцякла!
Ды, здаецца, ёй не цяжка зноў вярнуцца...
Хлопчык.
Сапраўды! I не паспееш азірнуцца,
Як Лянота зноўку вернецца да нас
У чацвёрты... не, ужо у пяты клас!
Дзяўчынка.
Чулі, дзеці? I тады
Будзе шмат у нас бяды.
Каб з Лянотаю не знацца —
Нам не трэба ленавацца!
Хлопчык.
Мы даём сабе зарок —
Кожны дзень старацца,
Кожны вывучыць урок.
Дзяўчынка.
I не ленавацца!

Выбягаюць дзіўныя неахайныя стварэнні.

Вядучы.
А што гэта за стварэнні?

Стварэнні адказваюць, перабіваючы адно аднаго.

1-е стварэнне.
Мы — розныя здарэнні.
2-е стварэнне.
Мы — сваркі-забіякі.
3-е стварэнне.
Мы — кепскія адзнакі.
4-е стварэнне.
Мы — родныя іх цёткі,
Мы — розныя плёткі.
1-е стварэнне.
Хто нас паважае,
Той ўсіх абражае,
Шыбы разбівае,
Урокі зрывае.
2-е стварэнне.
Таго піхне,
Гэтага штурхне.
3-е стварэнне.
Падножку падставіць
Ці сіняк паставіць.
4-е стварэнне.
Хто так сябе паводзіць —
Той сяброўства з намі водзіць.

Стварэнні (хорам).
Вы вазьміце, дзеці, нас
Да сябе у пяты клас!
Ну, а мы, сябры, за гэта
Праспяваем вам куплеты.

Вядучы.
Дзеці з вамі не сябруюць!
Стварэнні.
Ды як толькі ўсе пачуюць,
Як умеем мы спяваць,
Пажадаюць сябраваць!

Стварэнні спяваюць.

1-е стварэнне.
Ой, чаму сярод урока
Дзверы адчыняюцца?
А таму, што нашы вучні
На урок спазняюцца.

2-е стварэнне.
Тэлевізары глядзяць
Да гадзіны ночы.
А таму назаўтра ў школу
Уставаць не хочуць.

3-е стварэнне.
Ой, чаму ж ніхто з дзяцей
Не рашыў задачу?
Бо паехалі бацькі
3 раніцы на дачу.

4-е стварэнне.
Сумна проста так сядзець
На школьных уроках —
Лепей на іх балбатаць,
Нібыта сарока.

Дзяўчынка.
Стойце! Больш не трэба! Гэта
Вельмі шкодныя куплеты..
Хлопчык.
Прэч адсюль ідзіце! Вас
Мы не возьмем ў пяты клас.
Стварэнні.
Пачакайце! Не ганіце!
Лепш з сабой усё ж вазьміце.
Можа, прыйдзем мы да згоды?
Вядучы.
Не старайцеся дарма!
Бо ад вас, акрамя шкоды,
Анічога больш няма.

Стварэнні ўцякаюць.

Дзяўчынка.
Добра, што мы іх прагналі.
3 імі нельга сябраваць!
Хлопчык.
А цяпер давайце самі
Замест іх будзем спяваць!
Паспрабуем загадаць,
Кім з нас кожны можа стаць.

Выходзяць некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, па чарзе яны спяваюць куплеты.
Замест шматкроп'я ў кожнае чатырохрадкоўе змяшчаецца імя вучня або вучаніцы, якія найбольш для гэтага падыходзяць.)

1.... любіць сам рашаць
Розныя ўраўненні.
Ён прафесарам у нас
Стане, без сумнення!

2. Любіць спорт...,
Самы дужы ў класе ён.
Можа, некалі ён будзе
Алімпійскі чэмпіён!

3. Спевы любіць наша ...
Вельмі любіць танцаваць.
Можа, будзе на эстрадзе
Некалі для нас спяваць!

4. У ваеннай справе ...
Добра разбіраецца.
Афіцэрам стане ён,
Калі пастараецца!

5. 3 першакласнікамі...
Кожны дзень займаецца.
I настаўніца з яе,
Пэўна ж, атрымаецца!

6. Любіць ... даглядаць
Градкі каля дома.
Ён, напэўна, зможа стаць
Добрым аграномам!

7. ... лепш за ўсіх грыбы,
Ягады збірае.
У прафесію сабе
Лес ён выбірае! (I г. д.)

Усе спевакі (разам).
Мы спявалі вам куплеты,
Нават з кампліментамі.
Нам падзякуйце за гэта
Вы апладысментамі!

Дзеці апладзіруюць, спевакі займаюць свае месцы.

Хлопчык.
Пажадаем, каб усё
Спраўдзілася гэта.
Вядучы.
Ну, а ў нас на сёння ўсё.
Вас чакае лета!
Хлопчык.
Вас чакае бор грыбны,
Ягады суніцы.
Толькі ў царстве тым лясным —
Цур — не заблудзіцца!

Дзяўчынка.
I не ўсе грыбы бяры,
Калі выйдзеш ранкам,
Бо страчаюцца ў бары
I грыбы-паганкі.

Вядучы.
Шмат бяды і ад вады,
Не жартуйце з ёю!
Бо даводзяць да бяды
Жартачкі з вадою.

Хлопчык.
Ну і хопіць вас вучыць,
Спынімся на гэтым...
Трэба дзецям адпачыць
Ад заняткаў летам.

Дзяўчынка.
I скажу ў апошні раз
Я на развітанне:
Дзякуй, мой чацвёрты клас!
Пяты — да спаткання!



Яшчэ на гэту тэму:

Развітанне з пачатковай школай     Званок апошні кліча ў далягляд