сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. Г. ГВОЗДЗЕВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы N8 2 г. Талачына. Беларуская мова і літаратура 10/2009

Хлеб - жыцця усяго аснова

Свята для вучняў V—VI класаў

Маім шасцікласнікам хацелася прыгожа І арыгінальна аформіць кабінет, і мы вырашылі, што будзем ствараць куток, прысвечаны хлебу. Мы падрыхтавалі снапы, з салёнага цеста па апісаннях зляпілі і размалявалі розныя хлебныя вырабы, падабралі літаратуру па тэме і такім чынам аформілі шафу. Акрамя таго, у час наведвання рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Оршы зрабілі шмат прыгожых фотаздымкаў для стварэння тэматычнай папкі. Наведалі наш Талачынскі хлебазавод і стварылі відэапрэзентацыю для вучняў V—VI класаў. Вучняў настолькі захапіла «хлебная» тэма, што мы падрыхтавалі і правялі ў час Дэкады беларускай культуры ў школе пазакласнае мерапрыемства. Вучням спадабалася, і цяпер яны працуюць над даследчым праектам «Ужыванне прыказак пра хлеб у беларускай, рускай і англійскай мовах».
Мэта: паглыбіць веды вучняў пра галоўны прадукт харчавання – хлеб, даць уяўленне аб працэсе вырабу хлеба, выхоўваць беражлівыя адносіны да яго.

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Цудоўную, багатую спадчыну маюць беларусы. Яна стваралася нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца. Мне вельмі хацелася б, каб сённяшняе свята дапамагло вам уявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў, каб вы больш даведаліся пра звычаі і абрады беларусаў, звязаныя з хлебам.
Кожны дзень мы ўжываем у ежу хлеб, нават не задумваючыся, наколькі ён важны ў жыцці кожнага беларуса. Мы настолькі прывыклі да хлеба, што не заўсёды памятаем пра тое, якой цаной ён здабываецца і як трапляе на наш стол. Больш за тое, учынкі асобных людзей у адносінах да яго часам становяцца вельмі непрыгожымі. Паглядзіце, калі ласка, інсцэніроўку “Музычны калькулятар”.

Інсцэніроўка

Дзейныя асобы: настаўнік (ён жа прадавец), двоечнік Пеця Дзіркін, выдатніца Света Пчолкіна, першы і другі вядучыя.

Сцэна першая

На сцэне, не спяшаючыся, ходзіць туды-сюды двоечнік Пеця Дзіркін.
Першы вядучы. Гэта Пеця Дзіркін. Што ён за чалавек — вы хутка даведаецеся па яго паводзінах.
Вядучы пайшоў за кулісы. Пеця спыняецца, бачыць нейкі прадмет, што ляжыць на сцэне, б’е па ім нагой.

Пеця. Скарынкі хлеба валяюцца... Трэба ісці ў школу на ўрок, а так не хочацца. Добра, схаджу, новы падарунак прымяню на справе. Вось смеху будзе!
Пеця заходзіць у клас, сядае за парту да Светы Пчолкінай. Света прыхарошваецца перад люстэркам.

Пеця. Светка, Светка, а мне дзядзька музычны калькулятар падарыў! (Паказвае падарунак, круціць яго ў руках.)
Света. Вось здзівіў!
Пеця. Гэта не просты калькулятар, ён усе мае ўчынкі робіць нябачнымі для іншых.
Гучыць званок на ўрок. Света хоча нешта сказаць, але ў гэты момант у клас заходзіць настаўнік.

Пеця. Зараз я задам жару!
Настаўнік. Добры дзень, дзеці, сядайце. Тэма сённяшняга ўрока — «Хлеб — гэта жыццё».
Пеця гуляе з калькулятарам, націскае на кнопкі.

Настаўнік. Пеця, адкладзі калькулятар.
Пеця. Зараз.
Пеця націскае на кнопкі, устае з-за парты і ходзіць па класе (астатнія яго не бачаць).

Настаўнік. Падрыхтуйце ручкі, запісвайце.
Штогод у нашай краіне выпякаецца больш за 300 тон хлеба, ці 362 грамы ў дзень на аднаго жыхара, уключаючы немаўлят і старых. (Падымае галаву ад свайго канспекта.) А дзе Дзіркін? (Паціскае плячыма, працягвае дыктаваць.)
Пеця тым часам вяртаецца на сваё месца, становіцца на крэсла, махае рукамі, тупае нагамі.

Настаўнік. Яшчэ ў XVI стагоддзі быў уведзены дзяржаўны кантроль за якасцю хлеба і коштам на яго.
Пеця крыўляецца, тузае Свету за касу. Тая адмахваецца, працягвае пісаць.

Настаўнік. Калі ўявіць, што кожны жыхар горада з'ядае за суткі толькі 100 грамаў хлеба, то спатрэбіцца 4 тоны хлеба ў дзень ці 120 тон у месяц для Талачынскага раёна з насельніцтвам каля трыццаці тысяч жыхароў.
Пеця падыходзіць да дошкі і піша: “Хлеб надакучыў! Хачу колы!”

Настаўнік. Дзіўны запіс канспекта... (Працягвае чытаць, а ў гэты час Пеця дастае з кішэні карты і кладзе на плечы настаўніку.) Каб спячы здобную булку, неабходна 12 000 зярнятак пшаніцы. Уявіце сабе, колькі патрэбна зерня сабраць і якую вялізную працу людзі павінны прарабіць, каб хлеб з’явіўся на нашых сталах. Света Пчолкіна, якую працу павінны выканаць людзі?
Света. Патрэбна ўзараць зямлю, пасадзіць зерне, патруціць шкоднікаў і пустазелле, сабраць ураджай, перавезці яго з поля на машынах на элеватар, перамалоць на млыне і адправіць муку на хлебазавод...
Настаўнік. Сапраўды, канчатковы пункт прызначэння хлеба — крама. Бачыце, які доўгі шлях павінен прарабіць хлеб ад поля да нашага стала.
Пеця сядае на месца, крывіць твар у Светчына люстэрка і хіхікае.

Настаўнік. А ўсім вядомы выраз «Пасадзіць на хлеб з вадой» быў справядлівым не ўсюды і не заўсёды. У пачатку нашай эры ў Індыі існаваў закон, паводле якога злачынцаў каралі забаронай есці хлеб. Індусы не сумняваліся, што ў выніку такога пакарання чалавек будзе мець дрэннае здароўе і нешчаслівы лёс. Таму я звяртаюся да вас, дарагія мае вучні: не кідайце хлеб на зямлю. Хлеб — гэта наша жыццё. Эканомце яго. Беражыце яго!
Пеця (устаючы з-за парты). Хлеб, хлеб... Адно і тое ж!
Пеця бярэ партфель і выходзіць з класа.

Сцэна другая

Другі вядучы. Што адбылося на наступны дзень, вы хутка даведаецеся. Усё пачалося з таго, што Пеця Дзіркін пайшоў у краму па хлеб. Пеця падыходзіць да прылаўка, звяртаецца да прадаўца... (У ролі прадаўца выступае настаўнік.)
Пеця. Дайце мне, калі ласка, батон, бохан чорнага, бублік, тры піражкі і чыпсы.
Прадавец. Сёння мы хлеб даём бясплатна!
Пеця (пляскае ў далоні, радасна скача і крычыць). Вау! Вось клёва!
Прадавец. Але гэта толькі з нагоды нашага новага свята “Хлеб — усяму галава! “.
Пеця. Ну давайце, што я папрасіў, ды хутчэй! Бачыце, жывот ад голаду скруціла, слюні цякуць ад такой смакаты!
Прадавец. Але спачатку ты адкажаш на мае пытанні пра хлеб.
Пеця. Ды колькі хочаце задавайце — усё ведаю! У нас учора якраз урок быў пра хлеб.
Прадавец. Колькі мільёнаў тон хлеба патрэбна штогод нашай краіне?
Пеця. Пяцьдзесят? Сто?
Прадавец. Няправільна. Дзвесце мільёнаў тон. Яшчэ пытанне: раскажы, як хлеб трапляе на наш стол.
Пеця (апусціўшы галаву). Ну... там ёсць хлебнае дрэва... там растуць батоны, пірожныя, булачкі...
Прадавец. Няправільна. Відаць, ты зусім не слухаў учора на ўроку. Хлеба ты не атрымаеш, але я хачу цябе суцешыць: у нас у крамах горада цэлы месяц будуць даваць хлеб бясплатна за правільныя адказы. Так што ў цябе яшчэ ёсць час даведацца многае пра хлеб. Вучы прыказкі і адгортвай свае канспекты!
Пеця (адварочваючыся). Прыйдзецца ў Пчолкінай канспект узяць, а то атрымаецца, як у Індыі: так і не ўбачу хлеба цэлы месяц. А гэта ж і пірожныя, і булкі французскія, і пячэнне, і іншая смаката.

----------------------

Настаўнік. Мы спадзяёмся, што Пеця зменіць свае паводзіны на ўроках і вывучыць канспект. Бо хлеб — гэта жыццё!
Першы вядучы. Як лічаць вучоныя - археолагі, першая ляпёшка была выпечана з жалудоў. Пазней людзі пачалі выкарыстоўваць злакі, іх пераціралі і змешвалі з вадой. Гэта мучніста-зерневая каша і была першым хлебам. Раней казалі: «Без хлеба няма абеду». Слова «жыта» паходзіць ад стараславянскага «жыць», і гэтым усё сказана.
Скажыце, вы калі-небудзь бачылі пшанічнае зярнятка? (Паказвае гледачам.) Яно такое маленькае. Крыху большае за кроплю вады на галінцы дрэва. А ведаеце, якое яно моцнае? Таму што яно ніколі не жыве адно, а толькі разам з такімі ж, як яно, зернейкамі ў коласе. Пшанічны колас — самы галоўны чараўнік на зямлі. Уявіце сабе, што з маленькага каласка выраслі заводы, гарады і нават касмічныя караблі. Толькі адбылося гэта не адразу, а за доўгія-доўгія гады.
Мы паспрабавалі ўявіць, як мог з’явіцца на зямлі хлеб, і вось што ў нас атрымалася.
Гэта адбылося так даўно, што людзі ўжо ніколі не даведаюцца імя першага чалавека - сейбіта. Менавіта яму мы абавязаны хлебам, без якога няма ні снедання, ні абеду, ні вячэры. Хлеб заўсёды быў і застаецца нашай галоўнай ежай.
Невядомы першы сейбіт навучыўся ў птушак збіраць зерне. Запаслівыя птушкі і сёння збіраюць зерне ў свае маленечкія кладоўкі. А можа, той сейбіт некалі выкарыстаў птушыную схованку? I хаця быў вельмі галодны, усё ж частку зерня не з’еў, а кінуў у палітую дажджом зямлю. Ён прыкмеціў палянку, дзе кінуў насенне, а восенню быў здзіўлены і ўзрадаваны, калі ўбачыў на тым самым месцы налітыя зернем каласы. I асцярожна вырваў іх рукой, бо тады яшчэ і сярпа не было. А праз год ён зноў сабраў ураджай, але ўжо большы за папярэдні.
Першы земляроб здагадаўся, што два гладкія камяні дапамогуць яму перамалоць зерне: калі пацерці яго паміж камянямі, атрымаецца смачны мучны пыл. А калі дадаць да яго крыху вады, гэта будзе ўжо новая, невядомая, але сытная ежа, пакуль яшчэ не хлеб, але мучная каша. Высушыла аднойчы такую кашу спякотнае сонца, і атрымалася ляпёшка. Яе можна і ў дарогу ўзяць. Потым чалавек паспрабаваў спячы гэту кашу на вогнішчы — і зноў удача! Так і быў, напэўна, створаны першы хлеб — нешта падобнае на ляпёшку, якая доўгі час не псавалася.
Першы земляроб рыхліў перад пасевам зямлю спачатку сукаватай палкай, затым спецыяльнай матыкай. Прайшло яшчэ нямала стагоддзяў, перш чым чалавек прыручыў дзікіх жывёл, прымусіў іх дапамагаць у палявых работах. Драўляную саху цяпер замест чалавека цягнулі валы...
А ці ведаеце вы, што белы хлеб намнога старэйшы за чорны? Жыта доўгі час лічылася пустазеллем, і яго проста вырывалі. Галодным было жыццё сялян у неўрадлівыя гады, і тады замест хлеба яны елі лебяду, тоўчаную кару, калоссе, якое перазімавала пад снегам. Ад такой ежы яны цяжка хварэлі, а іншым часам і паміралі.
Так што пшаніцу і жыта можна назваць сапраўднымі дарамі зямлі.
Другі вядучы. Асабліва вялікім скарбам хлеб лічыўся ў гады вайны. У тыя гады з’явілася прыказка «I ніколі кавалак золата не пераважыць крошку хлеба». У беларускім музеі Вялікай Айчыннай вайны да гэтага часу захоўваюцца тыя блакадныя 125 грамаў хлеба, якія чалавеку выдаваліся на цэлы дзень. Па ўспамінах блакаднікаў, хлеб той на выгляд быў белы, а на смак — гаркавата-травяністы, бо ў яго дадавалі мучныя рэшткі, абойны пыл і нават цэлюлозу, якую арганізм чалавека засвоіць не можа. Але ў час блакады Ленінграда немцамі гэты кавалак хлеба быў адзінай ежай людзей, і таму за ім чаргу займалі яшчэ з ночы.
Першы вядучы. А вось, напрыклад, рэцэпт хлеба, які быў зацверджаны нямецкай канцылярыяй у час вайны: жамерыны цукровага бурака — 40 %, вотруб’е — 30 %, драўляныя апілкі — 20 %, мука грубага памолу ці лісце дрэў — 10 %. Такі хлеб, нібы камень, станавіўся ў горле.
Другі вядучы. Але вернемся да часоў больш даўніх. У старажытных беларусаў выпечка хлеба была асаблівым рытуалам. Прыблізна два разы на тыдзень пяклі хлеб. Жанчына ў дрэнным настроі ніколі не бралася за прыгатаванне хлеба. На печы ніхто не меў права ляжаць, калі ў ёй расло цеста. Людзі збіралі кляновыя лісты, імі ўсцілалі драўляную лапату, а наверх клалі цеста.
Назваць хлеб звычайным прадуктам наўрад ці ў каго павернецца язык. Хлеб святы, ён нібы жывы — так адносяцца да хлеба беларусы спаконвеку. 3 пакалення ў пакаленне перадаецца гісторыя пра тое, як у мінулыя часы чалавек, які скінуў хлеб, цалаваў яго і абавязкова з’ядаў.
Хлеб бралі з сабой у дарогу, бо лічылася, што святы прадукт можа адагнаць усё нядобрае. Калі гарэла хата, гаспадар тры разы абыходзіў вакол яе з куском караваю, а затым кідаў яго ў агонь, які, як лічылася, атрымаўшы такі дар, супакойваўся.
Першы вядучы. Хлебам-соллю сустракалі бацькі маладых, а таксама ўсіх дарагіх гасцей. (На сцэну выходзіць дзяўчьіна з караваем на ручніку, кланяецца гасцям свята.) Гэта традыцыя захавалася і сёння.
Пры дапамозе хлеба выбіралі месца, дзе будуць будаваць хату. Чатыры скарынкі клалі на месца будучых вуглоў хаты, а на наступны дзень прыходзілі на іх паглядзець. Калі скарынак не было (напрыклад, іх маглі з’есці пацукі ці сабакі), хату там не ставілі. Нельга было кідаць хлеб сабаку — будзеш бедным. Араты перад пасадкай бульбы ў першую баразну закопваў хлеб, каб пачаставаць і задобрыць матухну-зямлю. Дарэчы, такі ж звычай існаваў і ў Англіі.
Для таго каб вызначыць, ці гатовы хлеб, яго бралі ў руку і пастуквалі знізу. Добра прапечаны хлеб павінен быў звінець, як бубен. Іншымі словамі, у здаровым хлебе — здаровы стук.
А яшчэ ёсць адзін рытуал, звязаны з хлебам, які вам вельмі добра знаёмы. Скажыце, паважаныя гледачы, у каго з вас хутка дзень нараджэння? Запрашаем на сцэну.
Група вучняў становіцца ў карагод вакол імянінніка і прыгаворвае:

Як на ... імяніны
Ды спяклі мы каравай —
Вось такой вышыні,
Вось такой шырыні!
Каравай-каравай,
Каго любіш — выбірай.
Другі вядучы. Нам было цікава, як жа на нашым стале дома і ў школьнай сталоўцы з’яўляецца хлеб. I мы здзейснілі экскурсію на Талачынскі хлебазавод.
Прапануем вам паглядзець відэапрэзентацыю, адкуль бяруцца на нашых сталах так любімыя ўсімі батоны і боханы хлеба.
Дэманстрацыя відэапрэзентацыі з расповедам вучняў паводле матэрыялаў экскурсіі на мясцовы хлебазавод. Першы вядучы. Як бачыце, з хлебам звязана шмат з’яў чалавечага жыцця. А давайце праверым, што вам вядома пра хлеб.
Аб’яўляю конкурс прыказак: той, хто назаве больш прыказак пра хлеб, атрымае ў якасці прыза вось гэту вязанку абаранкаў.
Другі вядучы. Такая ж вязанка абаранкаў чакае тую каманду, якая стане пераможцам у гульні пад назвай «Абаранак». Запрашаем па пяць чалавек ад кожнага класа.
Выбіраецца вядучы. Яму завязваюць вочы. Усе астатнія ўдзельнікі ходзяць вакол вядучага і прыгаворваюць:

Каціся, абараначак,
Вось прыпечак, вось ганачак.
Каціся, абараначак,
У карагодны раначак.
Вядучы кажа «Стоп!» і стараецца знайсці сярод вучняў свайго аднакласніка.
Потым выбіраецца вядучы з іншага класа. Перамагае каманда таго класа, вядучы якой зможа адгадаць больш сваіх аднакласнікаў.

Настаўнік. Сёння з мукі для дзяцей і дарослых гатуюць шмат кандытарскіх вырабаў і прысмакаў — і на святы, і круглы год: печыва ў выглядзе жаўрукоў, буслоў і іншых птушак ды звяроў, пернікі, рулеты, кексы, вафлі, пірожныя... Паслухайце вершы Людмілы Забалоцкай пра салодкую выпечку з мукі.

Першы чытальнік.
Абаранкаў смачных вязка
Пакацілася у казку.
А ў той казцы рыжы кот
Цягне лапай вязку ў рот.
Другі чытальнік.
3 печы жаўранкі ляцяць,
Крылцы іх не шалахцяць.
Паліваныя, з мукі
На талерцы жаўрукі.
Трэці чытальнік.
Жменька маку, лыжка мёду —
Вось і маем асалоду.
Вырас пернік, як грыбок,
Пакаціўся у раток.

Першы вядучы. А яшчэ кожны клас рыхтаваўся да творчага конкурсу: маляваў нацюрморты, пейзажы ці партрэты на хлебную тэматыку. Калі ласка, слова мастакам, якія прадстаўляюць свае працы.
Другі вядучы. Думаю, што сёння мы даведаліся шмат новага пра такі звычайны для нас прадукт харчавання, як хлеб. Шмат слоў можна гаварыць пра галоўную страву на нашым стале, але хочацца закончыць свята вершам Сяргея Законнікава «Хлеб»:

Нібыта ў жыце перапёлка,
Устрапянулася душа.
П'ю хлебны пах.Ён лепш за зёлкі,
Лепш сырадою з гладыша.

Ля печы маці б'е паклоны,
I кожны з іх, як адкрыццё.
На залатых далонях клёна
Ляжаць не боханы — жыццё.

I так захочацца — аж слінкі —
Акрайчык адламаць цішком.
Ад той пахучае скарынкі,
Што млее там, пад ручніком.

Як светла стала ў нашай хаце,
Аж вокны зіхацяць яе.
У сенцы хлеб выносіць маці —
Яму пашану аддае...

А памяць пільная вартуе
Хвілінку тую праз гады, —
Як рэжа, стоячы, матуля
На лусты бохан малады.

Помніце, што хлеб — самы вялікі скарб чалавецтва. Беражыце і шануйце хлеб!

Яшчэ на гэту тэму:

Хлеб - жыцця аснова     Хлеб — здароўе, наша сіла!