сцэнарыі святаў на беларускай мове

К. М. ЛЯШКЕВІЧ, настаўніца Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна.

Беларусь мая сінявокая

Сцэнарый ранішніка

(На сцэне дзяўчынка і хлопчык у нацыянальных касцюмах.)

Хлопчык.
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла — Беларусь.
(Ю. Свірка.)

Дзяўчынка.
Я — дзяўчынка-беларуска
3 васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
Васількі ў світальным жыце.
Вербы ніцыя над Сожам.
Беларусь: Бярэсце, Свіцязь,
Налібокі і Каложа.
(П. Панчанка.)

Вядучы. Мы нездарма назвалі ранішнік "Беларусь мая сінявокая". На нашай зямлі багата рэк, азёр, а ў жыце ўлетку цвітуць блакітныя васількі. Беларусь — наша Радзіма. А - з чаго пачынаецца Радзіма? 3 песні маці,-з роднага слова. Паслухаем вершы пра Беларусь.

Хлопчык.
Ёсць на свеце нямала прыгожых узлессяў,
Ёсць на свеце нямала чароўных дарог,
Толькі самыя лепшыя словы і песні
Для цябе я навекі збярог.
Як гаючы бальзам, п'ю твой вецер ласкавы
I шапчу табе словы адданай любві.
I не трэба ў жыцці мне пашаны і славы,
Толькі сынам сваім назаві.
(Г. Бураўкін.)

Дзяўчынка.
Ад ветру гнуцца вербалозы,
Бяжыць дарога напрасткі.
Мой край — бялюткія бярозы
Абапал сіняе ракі.
Высока ў небе вырай кружыць:
Ляціць за сіні небакрай.
Не забывай ніколі, дружа,
Сваю зямлю, свой родны край.
Мой край —лугі і пералескі,
Крыніцы звон і шум лясны,
Мой край — блакітныя пралескі
На сцежках ранняе вясны.
(Вера Вярба.)

Вядучы. Мы, беларусы, ганарымся сваімі славутымі продкамі: Ефрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім, Францыскам Скарынай. Нашы выдатныя пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Элаіза Пашкевіч, Канстанцыя Буйло марылі аб незалежнай Беларусі з уласнай мовай і культурай і сваёй творчасцю, сваімі справамі набліжалі гэты час. Яны любілі наш край і гэтую любоў адлюстроўвалі ў вершах.

Дзяўчынка.
Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш беларускі,
Іх хаты ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў...
I песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца, плывуць.
Усё ў краю тым сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з шчасцем першым я спазналась
I з гора першаю слязой.
(К. Буйло.)

Вядучы.
Багатая беларуская мова прыказкамі, прымаўкамі. Памерлі ўжо людзі, якія сказалі мудрыя словы, а прыказкі працягваюць жыць.
Дзяўчынка і хлопчык (па чарзе).
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
Родная зямелька, як зморанаму пасцелька.
На Радзіме і паміраць лягчэй.
У родным лесе і куст родны.
У сваім краі, як у раі.

Вядучы. А зараз правядзём гульню-конкурс "Хто хутчэй?". Будзем чытаць скорагаворкі.

  1. Ехаў Пракоп з Пракопіхаю і малым Пракапяняткам.
  2. На рэчцы Лука спаймаў рака ў рукаў.

Вядучы. Сёння мы падрыхтавалі і хвілінку-весялінку.

(Дзеці па чарзе расказваюць кароткія смешныя гісторыі.)

Маленькі хлопчык прынёс дадому чарапаху.

- Навошта яна табе? — пытаецца маці.
- Хачу праверыць, ці праўда, што яна жыве 200 гадоў.

*  * *

- Марынка,  ты  вельмі  непаслухмяная дзяўчынка. Адны непрыемнасці праз цябе. Я ўся пасівела.
- Мамачка, калісьці і ты,- напэўна, не слухалася. Паглядзі, колькі сівых валасоў у бабулі.

*  * *

- Дзядуля, а ты быў маленькі?
- А як жа, унучак. I ў першы клас хадзіў, як і ты.
- Відаць, смешны быў ты ў школе са сваёю барадою?

* * *

- Ты не бойся,  — супакойвае маці сына перад кабінетам зубнога ўрача.
— Нічога тут табе не зробяць.
- Тады чаго мы сюды прыйшлі?

Вядучы. Ці любіце вы загадкі? А як вы думаеце, для чаго загадваюць загадкі? Правільна, яны вучаць думаць, развіваюць кемлівасць, фантазію.
Дык давайце падумаем разам.

  1. Жывы — чорны, памрэ — чырвоны. (Рак.)
  2. Зубастыя, а не кусаюцца. (Граблі.)
  3. Высока стаіць, навокал глядзіць, у белай кашулі і люльку курыць. (Комін.)
  4. Каля носа ўецца, а ў рукі не даецца. (Дым.)

А цяпер вы самі загадайце загадкі, і мы ўсе будзем іх адгадваць.

(Дзеці прапануюць загадкі.)

Вядучы. Паслухайце адну гісторыю.
Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі. Раптам чуюць — спявае нехта. Прыслухаўся першы:
- Відаць, жаўранак. Нё, — кажа другі, — гэта лес шуміць. А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:- Ды гэта ж зямля наша спявае.

Вось якая яна, наша зямля беларуская. Таму ў нас і песні, і танцы такія прыгожыя.

(Дзеці выконваюць падрыхтаваны па выбару настаўніка танец і ўсе разам спяваюць беларускую народную песню.)


Яшчэ на гэту тэму:

Інтэрактыўная віктарына «Чароўны квадрат»      Перазовы роднага краю