сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. М. ЛАПІЦКАЯ, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава. Беларуская мова і літаратура 8/2014

Хлеб - жыцця аснова

Пазакласнае мерапрыемства для вучняў VI—VIII класаў

Мэта: спрыяць абуджэнню цікавасці да народных традыцый; у гульнёвай форме выявіць веды вучняў пра хлеб і фальклор; стварыць умовы для высновы, што ва ўсе часы хлеб быў і застаецца асновай жыцця чалавека; развіваць творчыя здольнасці вучняў; выхоўваць беражлівыя адносіны да хлеба, павагу да культурнай спадчыны беларусаў.
Абсталяванне: вышываныя ручнікі на стале; на ручніку каравай хлеба і соль у сальніцы; запіс музыкі песні “Хлеб — усяму галава” (кампазітар М. Кудрын); прыказкі і загадкі пра хлеб; выстава спечаных хлебных вырабаў; выстава фотаздымкаў, малюнкаў па тэме; эмблемы (аднолькавая колькасць) “Жытні колас”, «Сноп», «Каравай., «Зерне»; чатыры сподачкі з зернем сланечніку, жыта, аўса, пшаніцы.
Форма правядзення: пазнавальная гульня-спаборніцтва.
Эпіграф:
Хлеб у хаце!..
Пахучым сонцам
Цёплы бохан з покуці свеціць...
Мы сягоння рады бясконца,
Мы сягоння — райскія дзеці.
Леанід Якубовіч.

Ход мерапрыемства

У кабінет уваходзяць вучні, іх бацькі, бабулі, дзядулі. Кожнаму прапануецца выбраць эмблему.
Па выбраных эмблемах складаюцца каманды.
У журы запрашаюцца госці (3—5 чалавек).
Гучыць запіс музыкі песні «Хлеб — усяму галава».
Выходзяць вучні ў беларускіх нацыянальных строях.

Першы вучань.
Добры дзень усім вам,
Дарагія госці.
Рады хлебам-соллю вас вітаць,
Пра наш каравай Хочам расказаць.
Другі вучань.
Шуміць наша слава ў палях каласамі,
Барамі густымі і хвалямі рэк.
Зямля наша маці, адвеку ты з намі,
Мы сэрцам адданым з табою навек.
(П. Броўка. «Шуміць наша ніва».)
Трэці вучань.
Шчыра, шчыра мы працуем,
Усё поле апрацуем.
Зернем добрым вясной засеем,
І ўраджай да восені сабраць паспеем:
Каласкі да неба цягнуцца —
3 намі прыветна вітаюцца.
У снапы дружна збіраюцца,
У бабкі жнейкамі стаўляюцца.
На млыне зернейкі мелюцца,
І мяхі мукой запаўняюцца.
Дома гаспадынька завіхаецца:
3 мукі цеста густа мяшаецца,
У печ на кляновым лісце стаўляецца...
Вось так смачны хлеб выпякаецца.
Першы вядучы. У народзе гавораць: «Хлеб — дарунак божы. Калі хлеба ні куска, то і ў хаце туга, а хлеба каравай — то і пад елкаю рай». А якія прыказкі пра хлеб вы яшчэ ведаеце?
Камандам адводзіцца дзве хвіліны на абмеркаванне. Кожнай камандзе даецца магчымасць адказаць.
Вядучы раздае камандам запісаныя на лістах паперы словы, спалучэнні слоў.
Заданне. дзельнікам. каманд неабходна скласці прыказкі пра хлеб (па тры прыказкі кожнай камандзе).

Прыкладны матэрыял да задання

Найсмачнейшы хлеб... (...ад сваёй працы).
Хлеб — даражэй... (...за золата).
Без хлеба яда — ... (...да парога хада).
Галоднаму не спіцца, калі... (...хлеб сніцца).
Едзеш на дзень, бяры... (...хлеба на тыдзень).
Жывём, хлеб... (...жуем).
Калі хлеб у возе, то няма... (...бяды у дарозе).
Не хлебам адзіным... (...жыве чалавек).
Хлеб на стале — ... (...рукі свае).
Хлеб-соль еш, а праўду... (...рэж).
Ёсць хлеб траякі: ... (...чорны, белы і ніякі).
Калі хлеба ні куска, то і ў хаце... (...туга).

Другі вядучы. Спакон вякоў з вялікай павагай ставіўся чалавек да хлеба, да зерня. Калі кавалачак хлеба падаў на падлогу, яго трэба было падняць, папрасіць прабачэння.
Калі на стале заставаліся хлебныя крошкі, іх абавязкова збіралі і з’ядалі. Хлеб ніколі не выкідалі, не раскідалі, не пакідалі на пустым стале. У народзе здаўна кажуць: «Зерне святое. Хто любіць зерне будзе багаты і шчаслівы. Зерне мае вялікую сілу».
Хто ў народным уяўленні з’яўляецца апекуном хлебароба? (Палявік.)
Што вы ведаеце пра яго? (Пасля абмеркавання прадстаўнікі каманд расказваюць пра гэтага міфічнага персанажа.)

Інсцэніроўка легенды пра Палевіка

Апекуном хлебароба ў даўнія часы лічыўся Палявік. Уяўлялі яго сівым дзядком у доўгай свіце, у лапцях, з кіем у руках. У траве ён быў ростам з траву, у жыце — ростам з жыта. Калі жыта давала добры ўраджай, то Палявік у гаспадара лічыўся добрым і вясёлым, калі не злосным, незадаволеным. У народзе жыта называлася дабром. Жыта — гэта хлеб, які даражэйшы за золата. А Палявік забяспечваў ураджай. Пра гэта захавалася легенда ў народзе.
Ішлі два падарожныя. Былі яны галодныя, халодныя, стомленыя. Бачаць: на ніве спелага жыта стаіць Палявік.
- Дай нам хлеба, Палявік, бо прагаладаліся дарогай, — папрасілі падарожнікі.
- Пакажы свае рукі, — кажа Палявік першаму. — Э не, на тваіх руках няма мазалёў. Не дам табе хлеба.
Потым сказаў паказаць рукі другому падарожнаму.
- О, ды ў цябе мазалі на руках! Бяры хлеба, колькі панясеш.
Першы вядучы. Разгадайце загадкі.
1. З'явіўся ў полі дом. Напоўнены дом зярном. Сцены пазалочаны. (Сноп.)
2. Было жоўтым, вырасла зялёным, сонца пацалавала, зноў жоўтым стала. (Пшаніца.)
3. Стаяць на полі браточкі: белыя раснічкі, залатыя вочкі. (Каласы.)
4. Карабель-велікан не па моры плыве, а па зямлі ідзе. Поле пройдзе — добры ўраджай знойдзе. (Камбайн.)
5. Ходзіць па полі з краю на край, рэжа чорны каравай. (Плуг.)
6. Ясны месячык ноччу ў небе вісіць, а днём на полі блішчыць. (Серп.)
7. Аўсом не кормяць, пугай не гоняць, а як арэ, сем плугоў цягне. (Трактар.)
8. Тысяча брацікаў звязаны, адным поясам падпяразаны. (Сноп.)
9. Адгадаць няцяжка, дружа: ён мяккі, пульхны і душысты, бывае чорны, белы і нават калі-нікалі падгарэлы. (Хлеб.)
10. На коліку сем саколікаў, кожны ў капотачцы. (Авёс.)
11. Была ў мяне каморка на тры вуглы і поўна мукі. (Грэчка.)
12. Адна матка дванаццаць сыноў мае і на ўсіх націскае. (Граблі.)
Другі вядучы. Сёння ў нас ёсць магчымасць убачыць цікавыя і непаўторныя вышыўкі на ручніках. Пра што яны нам могуць расказаць? (На мерапрыемства вучні прыносяць сямейныя рэліквіі, можна таксама папярэдне правесці падрыхтоўку і разам з вучнямі вышыць асноўныя ўзоры.)
Прадстаўнікі каманд расказваюць пра ўзоры на ручніках.
Каманда «Жытні колас». Вышыўкі з узорам Ураджаю рабілі вельмі дэкаратыўнымі, каб яркія сакавітыя фарбы радавалі чалавека, стваралі настрой аптымізму і надзеі на лепшае ў жыцці.
Каманда «Сноп». У даўнія часы, калі яшчэ не было камбайнаў для ўборкі ўраджаю, жалі сярпамі і па ўсім полі ставілі бабкі снапоў: так дасушвалі зжатае жыта. Вось такія бабкі і з’явіліся падставай для стварэння ўзору сімвала ўраджаю — Жытняй Бабы.
Каманда «Каравай». Жытнюю Бабу рабілі з вялікага дажынкавага снапа, перавязвалі яго ручніком, палівалі асвечанай вадой і ставілі на покуці пад абразамі. А доўгімі зімовымі вечарамі вышывалі ці ткалі гэты цудадзейны вобраз. Лічылася, іііто хто шануе Жытнюю Бабу, той будзе мець добры ўраджай на ніве.
Каманда «Зерне». Узор з сімвалам зерня таксама быў неад’емнай часткай тканых і вышываных рэчаў.
Першы вядучы. А якія народныя прыкметы пра ўраджай вы ведаеце? (Умова — не паўтараць ужо названыя прыкметы.)

Прыкладны матэрыял да задання

На Куццю неба зорнае — будзе добры ўраджай на ягады, хлеб.
Шэрань на дрэвах на Раство (7 студзеня) — ураджай на хлеб.
Новы год па старым стылі (14 студзеня), або Васілле («Святое Васілле дзяжу мясіла»), Калісьці ў гэты дзень ДЗЕЦІ выконвалі старажытны абрад «засявання»: заходзілі Ў хаты вяскоўцаў, пасыпалі падлогу зернем, імітавалі сяўбу, жадалі добрага ўраджаю.
Шэры студзень — збожжу бяда.
Хмарна і снежна на Вадохрышча (19 студзеня) — на добры ўраджай. Дзень цёплы — хлеб цёмны (густы).
У студзені ўтвараецца шмат частых і доўгіх ледзяшоў — будзе добры ўраджай.
У студзені маразы — на полі ўраджай.
Капеж на Грамніцы (15 лютага) — ураджай на пшаніцу. Грамніцы, Стрэчанне — земляробчае свята сустрэчы зімы і лета.
Як у сакавіку снег задувае, будзе ўраджай на агародніну і ярыну.
Гракі селі ў гнёзды — праз тры тыдні трэба пачынаць сяўбу.
Сакавік зялёны — ураджай благі.
Гром у сакавіку — прадвеснік урадлівасці.
Цёплы красавік, мокры май — будзе жыта, як гай.
Сеяць трэба з першай квадры Месяца да поўні.
Жаба голас падала — сей авёс, як паявяцца камары — сей жыта.
Не сей пшаніцу наперад дубовага ліста.
Асіна ў завушніцах — ураджай на авёс.
Мокры красавік — добрая ралля.
Май мокры і халодны — год хлебаробны.
Не трэба сеяць пшаніцы, калі дзьме паўночны вецер.
Што поле ўродзіць, тое жнівень пазвозіць.
У жніўні земляробу тры клопаты: і касіць, і араць, і сеяць.
Ураджай на арэхі — снежная суровая зіма, добры ўраджай збожжа на наступны год.
Ліст, ападаючы з дрэў, кладзецца ніцма — наступны год будзе ўраджайны.
Многа яловых шышак — на ўраджай ярыны.

Хвілінка для адпачынку.

Беларуская народная гульня «Проса»

Удзельнікі гульні выбіраюць «гаспадара» або «гаспадыню». Становяцца ў шарэнгу і бяруцца за рукі. «Гаспадар» («гаспадыня») праходзіць уздоўж шарэнгі, спыняецца каля аднаго з гульцоў і пачынае з ім дыялог:
— Прыходзь да мяне проса сеяць.
— Няма калі.
— Тады прыходзь проса палоць.
— Не хачу.
— А кашу есці?
— Хоць цяпер!
— Ах ты, гультай! Не атрымаеш!
I бяжыць у любы канец шарэнгі (можа зрабіць некалькі падманлівых рухаў, але пакуль не пабяжыць «гультай», нельга кранацца з месца). Адначасова і «гультай» бяжыць у тым жа напрамку, але за спінамі ўдзельнікаў гульні. Хто першы («гаспадар» ці «гультай») схопіць за руку апошняга ў шарэнзе, той становіцца з ім побач, а гулец, які застаўся, займае месца «гаспадара».

Беларуская народная гульня «Млын»

Для гульні спатрэбіцца мяч. Удзельнікі гульні ўтвараюць кола, стаўшы воддаль адзін ад аднаго. Гулец, у якога мяч, перакідае яго другому гульцу. Той, злавіўшы, — трэцяму, і гэтак па крузе. Паступова хуткасць перадач усё ўзрастае. Гулец, які ўпусціць мяч ці кіне яго няправільна, выбывае з гульні. Перамагае той, хто застаецца ў гульні апошнім.

Другі вядучы. Хлеб. Гэта слова мае шмат значэнняў. Што называюць хлебам? (Прадукт харчавання; тое, што выпякаецца з мукі: чорны, сітны, пшанічны хлеб; зерне, якое мелюць на муку; зерневыя расліны на корані: жыта, пшаніца; сродак для існавання, заробак.)
Першы вядучы. У штодзённым жыцці мы, таго не заўважаючы, ужываем выразы пра хлеб. Якое значэнне яны маюць?
Заданне. Камандам даюцца лісткі з выразамі пра хлеб. Неабходна ўважліва прачытаць і акрэсліць іх значэнне.

Прыкладны матэрыял да задання

Лёгкі хлеб — лёгкая, бестурботная праца.
Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця; аб адным хлебе без дадатковай справы.
Хлеб ды соль — смачна есці (пажаданне таму, каго засталі за ядой).
Сядзець без хлеба — быць не забяспечаным сродкамі існавання.
Зайцаў хлеб — рэшткі ежы, прывезеныя з поля, з лесу дзецям.
I то хлеб — і гэта добра.
Жыць на ласкавым хлебе — жыць на ўтрыманні, з чыёй-небудзь ласкі.
Не вялікі хлеб — не вельмі добра, невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.
Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць у ежы каго-небудзь.
Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Другі вядучы. На сподачках ляжаць зярняты сланечніку, жыта, аўса, пшаніцы. Пасля сігналу кожнай камандзе неабходна выбраць толькі тое зерне, з якога мелюць муку і пякуць хлеб, і назваць яго.
Першы вядучы. Сёння ў нас атрымалася цэлая выстава спечаных бацькамі, бабулямі хлебных вырабаў. Раскажыце, калі ласка, пра свае вырабы.
Другі вядучы. Для чаго патрэбны хлеб? (Хлеб дае арганізму чалавека вугляводы, бялкі, узбагачае магніем, фосфарам, каліем, што патрэбна для работы мозга. У хлебе ёсць карысныя вітаміны. Амаль палову сваёй энергіі чалавек бярэ ад хлеба. Таму ў жыцці нічога больш не можа замяніць хлеб для чалавека...)

Інсцэніроўка прытчы «Хлеб — даражэйшы за золата»

Аднойчы юнак знайшоў залаты самародак. Вельмі ўзрадаваўся. Падняў яго і панёс паказаць гандляру. Спытаў:
— Колькі каштуе мой самародак?
— Мільён рублёў, — адказаў гандляр.
Не паверыў яму юнак і пайшоў да другога гандляра. Той ацаніў самародак на пяць мільёнаў рублёў Трэці гандляр сказаў:
— Твая знаходка каштуе дзесяць мільёнаў рублёў.
Зусім разгубіўся юнак і вырашыў пайсці да мудраца.
- Я ведаю, што нічога няма даражэйшага за золата на зямлі, сказаў юнак, — але я не магу вызначыць сапраўдны кошт гэтага самародка.
Узяў мудрэц у рукі золата і сказаў:
— Твая знаходка, юнак, каштуе вельмі дорага. Але не ганарыся гэтым, таму што ты памыляешся. Не золата даражэй за ўсё на свеце. Паспрабуй тыдзень не паесці — павер, аддасі гэты самародак за кусок хлеба. Вось і разумей цяпер, што самае каштоўнае ў нашым жыцці.

Першы вядучы. Якія запаведзі існуюць здаўна ў народзе, і мы павінны іх зберагчы і перадаць наступным пакаленням?

Прыкладныя адказы

Xлебам-соллю заўсёды сустракалі дарагіх гасцей.
3 караваем заўсёды сустракалі бацькі маладых у час вяселля.
Хлеб заносілі ў новую хату: прыгожая хата не вугламі, а пірагамі.
Акраец матчынага хлеба бралі ў дарогу: свой хлеб не цісне ў плечы.
Імем хлеба кляліся і баяліся парушыць гэту клятву, бо быў смяротны грэх на душы: каб мне хлеба не бачыць.
Хлебаробы заўсёды гавораць: «Хлеб усяму галава».
Хлеб, якім з табой дзеляцца, заўсёды вельмі смачны.
Спакон вякоў у народзе кажуць: «Хлеб жа стале — лад у хаце».

Гучыць запіс музыкі песні «Хлеб усяму галава». Выходзяць тры вучні ў нацыянальных строях.
Першы вучань.
Калісьці так вялося ў нас —
Той звычай і цяпер душой мілуеш:
Знячэўку ўпусціш хлеб — і ў той жа час
Паднімеш і любоўна пацалуеш.
Другі вучань.
Мяне хваліла мама кожны раз,
Вучыла хлеб любіць, цаніць заўсёды.
3 тае пары прайшлі даўгія годы,
А промень той навукі не пагас.
Трэці вучань.
Я навучыў дзяцей, вучу і ўнукаў
У сэрцах несці гэтую навуку —
Хлеб цалаваць, упушчаны з рукі.
У працу хлебаробскую ўлюбёны,
Кавалачак цалую абранёны, —
Наш звычай, абавязак наш такі.
( Кастусь Шавель. “Цалуйце хлеб”.)
Першы вучань.
Зярняткі для хлеба, зярняткі ў раллі —
Усё гэта святое на нашай зямлі.
Дзе хлеб, там і радасць, дзе хлеб —
там спакой.
Дзе хлеб, там жыццё, там і добры настрой.
(Яўгенія Міхайлоўская. «Каласочкі».)
Другі вучань.
Шануйце ў памяці хацінку,
Дзе вашых дзён жыцця выток,
Знаёмую ў лугах сцяжынку,
У полі хлебны каласок.
(Аляксандр Гладкіх. «Шануйце».)

Рэфлексія.

Першы вядучы. Якую выснову мы можам зрабіць? (Ва ўсе часы хлеб быў і застаецца асновай жыцця чалавека, і трэба паважліва і беражліва адносіцца да кожнага кавалачка хлеба, да цяжкай працы хлебаробаў.)
Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне ўдзельнікаў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларускія загадкі / уклад. Я. Саламевіч. — Мінск : Юнацтва, 1989. — 62 с.
Беларускі каляндар / рэд.-склад. В. С. Бугаёў. — Мінск : БелСЭ, 1992. — 181 с.
Веснавыя святы : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў / аўт.-уклад. А. Аляхновіч, А. Лозка. — Мінск : Беларусь, 2000. — 156 с.
Восеньскія святы : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў / уклад. А. Лозка. — Мінск : Беларусь, 1995. — 107 с.
Дзіцячы фальклор / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1972. — 734 с.
Дудзюк, 3. I. Чароўнае слова : дапам. для настаўнікаў / 3. I. Дудзюк. — Мінск : Маст. літ., 2001. — 127 с.
Зімовыя святы : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў / аўт.-уклад. А. Аляхновіч, А. Лозка. — Мінск : Беларусь, 1999. — 157 с.
Коваль, У. I. Чым адгукаецца слова: фразеалогія ў павер’ях, абрадах і звычаях / У. I. Коваль. — Мінск : Нар. асвета, 1994. — 45 с.
Легенды і паданні /' склад. М. Я. Грынблат, А. I. Гурскі. — 2-е выд., дап. і дапрац. — Мінск : Беларус. навука, 2005. — 552 с.
Летнія святы : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў аўт.-уклад. А. Лозка. — Мінск : Беларусь, 2001. — 161 с.
Пераначуеш — больш пачуеш: прыказкі і прымаўкі. — Мінск : Маст. літ., 2002. — 254 с.
Руцкая.А. В. Пазакласная праца па беларускай літаратуры / А. В. Руцкая. — Мінск, 2000. — 165 с.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы : больш за 65 000 слоў / I. М. Бунчук [і інш.]. — 3-е выд., дапрац. і дап. — Мінск : БелЭн, 2002. — 784 с.
Шпадарук, I. У свеце слоў, з’яў і фактау / I. Шпадарук. — Мінск : Вышэйш. шк., 1995. — 93 с.
Этнаграфія Беларусі : энцыкл. / рэдкал. : I. П. Шамякін [і інш.]. — Мінск : БелСЭ, 1989. — 575 с.
Юрэвіч, У. М. Слова жывое, роднае, гаваркое... / У. М. Юрэвіч. — Мінск : Маст. літ., 1998. — 280 с.

Яшчэ на гэту тэму:

Хлеб услаўляем!     Хлеб