сцэнарыі святаў на беларускай мове

Інэса ЖЭЛУДЗЕВІЧ, музычны кіраўнік вышэйшай катэгорыі, яслі-сад № 24 гЛіды Гродзенскай вобласці. Пралеска 03/2018

Кола свят беларусаў

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні дзяцей пра народныя святы: Гуканне вясны, Купалле, Каляды; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў на аснове актыўнага ўдзелу ў святах і сумеснай творчай дзейнасці з дарослымі.
Матэрыял і абсталяванне: кола свят, макет бярозкі, рознакаляровыя стужкі, птушкі з паперы, вяночкі, шапка, кніга, цыбуля, дудачка, нажніцы, аўдыязапісы: беларускай народнай музыкі, песень: «Наш край» (сл. М. Гелера, муз. Ю. Семянякі), «Полька-трапятуха» (сл. Л. Кебіч, муз. В. Волах), беларускіх на- родных песень: «Жавароначкі, прыляціце» (у апрац. В. Сярых), «Купалінка», «Касіў Ясь канюшыну», «Шчодры вечар», «Пазалочаная прасніца» (у апрац. А. Рашчынскага), мелодыі песні «Вышнта сорочка» (сл. В. Поликаниной, муз. С. Толкунова), беларускай народнай мелодыі «Го-го-го, каза», спеваў птушак.
Папярэдняя работа: выраб макета бярозкі, масак мядзведзя і казы, шапачак-масак кветак (півоні, ружы, цюльпана, рамонка), развучванне песень, танцаў, беларускіх народных гульняў.
Дзеючыя асобы: вядучы, Зараначка, Купалінка, Цыганка, бабуля Агата — дарослыя, дзяўчынкі-кветкі, калядоўшчыкі, Каза, Мядзведзь — дзеці.

Ход мерапрыемства

Гучыць беларуская народная музыка.
Вядучы (В.).
Мы вельмі рады бачыць вас,
Усіх вітаем ў гэты час.
Хай ярка свеціць сонца вам!
Заўжды мы рады ўсім гасцям,
Шаноўных шчыра запрашаем
I «Кола свят» распачынаем!

1-е дзіця.
Наш край беларускі, край сініх азёраў,
Заўсёды красой веснавою цвіцеш.
Ты — наша Радзіма, ты сонцам азораны,
I звонка ляціць твая песня ў бязмеж.
М. Танк (апрац.)

Танцавальная кампазіцыя

пад песню «Наш край»
В. Кожная пара года ў беларусаў вельмі багатая на святы, і сёння мы з вамі ўспомнім і адзначым самыя цікавыя і галоўныя з іх.
Вядучы звяртае ўвагу дзяцей на кола свят — абруч, абцягнуты тканінай і падзелены на 4 сектары (чырвоны — лета, жоўты — восень, белы — зіма, зялёны — вясна) з сімваламі свят.
В. Скажыце, з якой пары года вы хацелі б пачаць наша падарожжа? (Адказы дзяцей.) У старадаўні час для беларусаў год пачынаўся з вясны, калі абуджаецца зямля і ўсё навокал ажывае.
Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей не мерзне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна!
Я. Купала

Абрад «Упрыгожванне бярозкі»

Вядучы пад гучанне беларускай народнай песні «Жавароначкі, прыляціце» раздае дзецям рознакаляровыя стужкі, папяровых птушак. Выхаванцы завязваюць стужкі, развешваюць птушак на галінках макета бярозкі і прыгаворваюць:
Я вясну гукаю:
— Прылятайце, птушкі,
3 сонечнага краю!..
Я вясну гукаю!
М. Маляўка

Гучаць спевы птушак. Уваходзіць Зараначка.
Зараначка.
Прывітанне ўсім!
Я — птушачка Зараначка.
Прынесла вам песні-песенькі,
Каб спявалі іх шчыра з года ў год,
Каб вадзілі вы весела карагод!

Карагод «Дачакаліся цяпла»

(сл. і муз. Я. Жабко)
Зараначка. Дзякуй вам за прыгожы танец. Сустрэнемся вясной!
Зараначка пакідае залу.
В. Пасля прыгажуні-вясны, якая адарыла зямлю цяплом і сонечным святлом, надыходзіць якая пара года? (Лета.) Лета расквечвае палі і лугі канюшынай, рамонкамі, васількамі, дорыць лесу суніцы, чарніцы, маліны.
Гучыць фрагмент беларускай народнай песні «Купалінка». Уваходзіць Купалінка з дзяўчынкамі-кветкамі.
Купалінка. Добры дзень! Завіталі мы да вас у госці.
В. Добры дзень! Рады бачыць вас на купальскім свяце!
Купалінка. На Купалле ў гонар сонца
ладзілі карагоды, прымалі ўдзел у гульнях, спявалі песні, заклічкі, прыпеўкі.
Ой, рана, рана
На Купалу, на Івана,
Дзяўчынкі будуць кветкі збіраць
I ў вяночкі ўплятаць.
Вяночкі тьм прыміце
I карагод свой завядзіце.

Танец з вяночкамі

пад мелодыю песні «Вышыта сорочка»
Купалінка. Дзяўчынкі, хлопчыкі, да пабачэння! Пайду я папараць-кветку шукаць. Існуе павер’е: хто яе знойдзе — таму шчасце ў хату ўвойдзе.
Купалінка пакідае залу. Дзяўчынкі-кветкі займаюць месца сярод дзяцей.
В.
Чэрвень высыпаў расу —
Ззяе луг за вёскай.
Чэрвень з вышак зняў касу —
Час рабіць закоскі.
М. Чарняўскі

Танцавальная кампазіцыя

пад бел. нар. песню «Касіў Ясь канюшыну»
В. Да позняй восені працавалі нашы продкі ў полі. Яны аддавалі свае сілы і душу зямлі, якая ў сваю чаргу дзякавала ім багатым ураджаем.
2-е дзіця.
Усе на славу працавалі,
Добры ўраджай сабралі!
3-е дзіця.
У нас галоўкі русыя,
А вочы — сіні лён.
Мы, дзеці-беларусы,
Сыграем і спяём.
4-е дзіця.
Полька ёсць у нас такая —
Беларуская, жывая.
Як яе мы затанцуем,
Дык ніколі не сумуем!

Танец « Полька-трапятуха»

пад песню «Полька-трапятуха»
В. Скончылася восень. Напружаныя працоўныя дні адышлі, можна і адпачыць. Надыходзіць час свят зімы. А якое галоўнае зімовае свята? (Каляды.) Вось і да нас калядоўшчыкі завіталі.
Гучыць беларуская народная мелодыя «Го- го-го, каза». Уваходзяць калядоўшчыкі, Цыганка, Каза, Мядзведзь.
1-ы калядоўшчык. Добры дзень у хату!
Цыганка.
Ад шчодрага сэрца
Вам долі жадаем,
Ніхто з вас ніколі
Хай гора не знае.

В. Вялікі дзякуй! 3 кім вы да нас, паважаныя, прыйшлі?
2-і калядоўшчык. 3 Казой вясёлай. А ну, Каза, павярніся, гасцям добрым пакланіся. Пакажы, Казеленька, як бабулькі скачуць.
Пакажы, Казеленька, як матулькі дзяцей хваляць. (Каза выконвае дзеянні.)
3-і калядоўшчык (звяртаецца да Мядзведзя). А ну, Мішка, кланяйся ўсім нізка! Пакажы, Мядзведзік, як дзеўкі на свята збіраюцца. Як жанчыны цеста месяць. Як мужык дровы сячэ. (Мядзведзь выконвае дзеянні.) Дзякуй, Мішка, павесяліў нас. А пакажы, як ты з нашай Козкай сябруеш. (Мядзведзь абдымаецца з Казой.)
Цыганка. Зараз я паваражу, ваш лёс прадкажу.

Гульня «Варожка»

У шапцы знаходзяцца прадметы: кніга, цыбуля, дудачка, нажніцы. Цыганка падыходзіць да дзяцей і прапануе каму-небудзь з іх нягледзячы дастаць адзін з прадметаў, потым дае тлумачэнні. (Калі дастаў кнігу, будзеш настаўнікам, цыбулю — не свавольнічай, будзеш слёзы праліваць, дудачку — будзеш музыкантам, нажніцы — цырульнікам.)
Цыганка.
Кожны год Каляд чакайце,
Весела гуляйце
Ды пра нас не забывайце.

Цыганка пакідае залу. Калядоўшчыкі, Каза, Мядзведзь займаюць месца сярод дзяцей.
В. Зімой дбайны мужык да вясны рыхтуецца, а баба кудзелю прадзе.
Гучыць беларуская народная песня «Шчодры вечар». Уваходзіць бабуля Агата.
Бабуля Агата.
Добры дзень! Я бабуля Агата.
Завітала да вас на свята.
Завітала на хвіліначку
Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчыначак.

В. Добры дзень! Рады бачыць вас! Бабуля Агата, можа, вы павучыце нашых дзяцей прасці кудзелю? (Бабуля паказвае, як прадуць кудзелю.)

Танцавальная кампазіцыя

пад бел. нар. песню «Пазалочаная прасніца»
Бабуля Агата. Малайцы! Вельмі добра ў вас атрымалася, але мне час ісці. Да пабачэння! (Бабуля Агата пакідае залу.)
В. Тут роднае слова гучыць. Яго вымаўляюць усхвалявана, натхнёна, з пашанай.
Хутчэй жа, дзятва!
Хто смелы, хто першы
Раскажа нам
Беларускія вершы?
5-е дзіця.
Мой край — лугі і пералескі,
Крыніцы звон і шум лясны,
Мой край — блакітныя пралескі
На сцежках ранняе вясны.
В. Вярба

6-е дзіця.
Плыве ў блакіце
Белы бусел,
I луг квяцісты,
Як абрус.
А мы с табою —
Беларусы.
Радзіма наша —
Беларусь!
М. Пазнякоў

Песня «Цік-так, ходзікі»

(сл. Л. Пранчака, муз. Э. Ханка)
В. Наша падарожжа па святах беларусаў завяршылася. Дзякуй за ўвагу.
Дзеці пакідаюць залу.

ЛІТАРАТУРА:

1. Анцыпіровіч, В.М. Музычная скарбонка: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / В.М. Анцыпіровіч. — Мазыр: Белы Вецер, 2007.
2. Дубініна, Д.М. Родныя вобразы ў паэтычным слове: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі: у 2 ч. Ч. 1—2 / Д.М. Дубініна. — Мазыр: Белы Вецер, 2008.