сцэнарыі святаў на беларускай мове

Тамара КАЛІНКА, выхавальнік ясляў-сада «Каласок» г. Івацэвічы. Пралеска Студзень 1999г.

Са святам, Тата!

Сцэнарый да дня абаронцаў айчыны

Зала па-святочнаму прыбрана. Дарослыя і дзеці сядзяць сем’ямі за сталамі.

Вядучы. Добры вечар, паважаныя таты і мамы, бабулі і дзядулі, дарагія дзеці! Добры вечар усім, хто прыйшоў да нас на ранішнік, каб павіншаваць нашых дарагіх мужчын з надыходзячым святам—Днём абаронцаў Айчыны. Мы жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту. А зараз—слова нашым выхаванцам. Яны таксама хочуць павіншаваць сваіх дарагіх татаў са святам.
1-е дзіця.
Мы дзеці сваёй беларускай зямлі,
Мы з думай аб міры і шчасці ўзраслі.
2-е дзіця.
Мы хочам зямлю даглядаць, засяваць,
Мы хочам свае гарады будаваць.
3-е дзіця.
Мы хочам, каб кожны у радасці жыў,
Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў,
4-е дзіця.
Мы клічам па свеце з’яднацца сяброў,
Каб полымя бойні не ўспыхнула зноў.

Выконваецца песня «Лучше папы друга нет» (сл. М. Пляцкоўскага, муз. Б. Савельева).

Вядучы. Нашы дзеці разам з выхавальнікамі падрыхтавалі падарункі для сваіх татаў, якія яны хочуць зараз ім падарыць. Яшчэ раз са святам вас, дарагія мужчыны!
Дзеці віншуюць татаў і дораць ім падарункі.

Вядучы. Паважаныя дарослыя! Адкажыце, калі ласка, што бывае больш прыемна за дружны, вясёлы смех нашых дзяцей? Хіба ж толькі тое адчуванне шчасця і радасці, калі мы смяёмся разам з імі. Мы прапануем вам успомніць свае дзяцінства, забыцца пра ўсе свае клопаты і непрыемнасці. Як вы думаеце, чым у вольны час любяць займацца вашы дзеці? Давайце запытаем у іх саміх. (Гуляць.) А з кім вы любіце гуляць? (Адказы дзяцей.) А з мамамі і татамі любіце гуляць? Калі так, дык давайце пагуляем. Спачатку правядзём невялічкую размінку.
Калі я пакажу:
блакітны флажок— пляскайце ў далоні;
зялёны—тупайце;
жоўты—маўчыце,
чырвоны—крычыце.
Дарослыя і дзеці, ўсе разам, калі ласка.
Вядучы паказвае флажкі, удзельнікі выконваюць рухі.

Вядучы. Малайцы, атрымалася! А цяпер гульня—«Заечы скачок». Спачатку спаборнічаюць хлопчыкі. Неабходна зрабіць па пяць скачкоў з месца, затым таты—па тры скачкі. Хто далей за ўсіх праскача, той і пераможца.
Хлопчыкі разам з татамі спаборнічаюць.

Вядучы. Вось мы і выявілі першых пераможцаў. Я хачу звярнуць вашу ўвагу вось на гэты незвычайны куфэрак. Гэты чароўны куфэрак з сюрпрызам. Ён будзе вандраваць ад аднаго століка да другога, ад адной сям’і да другой, а адкрыць яго і даведацца, што там знаходзіцца, зможа толькі той, хто пераможа. Каб усё было аб’ектыўна, я прапаную выбраць журы, якое будзе нам дапамагаць.
Выбіраецца журы, якое займае месца за столікам.

Вядучы. Як дзеці, так і дарослыя любяць адгадваць загадкі.
Прапануем вам загадкі, спачатку для дзяцей:
1. Адгадай, сынок, загадку:
Што за месцейка за хаткай,
Дзе ўвіхаецца бабуля?
Родзяць там гарох, цыбуля,
Крон і морква круглы год,
Гэта месца ... (агарод).

2. Вы мне адкажыце,
Ці бачылі у жыце,
Ці ў полі улетку
Блакітную кветку?
Усміхаецца здалёк
Гэта кветка ... (васілёк).

3. Груд зямліцы разваліўся,
3-пад ігліцы хто з ’явіўся ?
Ад дожджыку, ад сонейка
Прыкрыўся парасонікам? (Грыб)

4. Федзя, Том і Міша Драч
За сялом ганялі мяч.
Пас паслалі—вось і гол, А гулялі у ... (футбол).

5. У пены нараджаецца,
А ў неба ён спяшаецца. (Дым)

6. Спіць зімою да вясны
Соладка жыхар лясны.
Сніць не снег і не лёд,
А духмяны, смачны мёд. (Мядзведзь)"

7. Работнікаў рупных прашу адгадаць:
Адзін з іх гаворыць,
А слухаюць двое
I двое глядзяць. (Язык, вушы, вочы)

8. Усіх нас корміць,
Сама есці не пытае. (Зямля)

9. Хоць ён побач ідзе,
A рукамі не возьмеш. (Цень)

10. Без крылаў, а ляціць, без языка,
A гаворыць. (Пісьмо)

А цяпер—загадкі для дарослых:
1. Летам я рагатая,
Восенню хвастатая!
Хоць і горкая зусім,
Ды патрэбная усім. (Цыбуля)

2. Каля плота расце,
Дакранешся—апячэ. (Крапіва)

3. На тоненькай ножцы стаіць,
Сонейкам на неба глядзіць. (Сланечнік)

4. Маю тонкі, востры нос,
Каляровы доўгі хвост.
Спрытна я ў руках мільгаю,
Носікам свой шлях шукаю. (Іголка)

5. У кожным доме ёсць, на дачы —
На стале ці на сцяне.
Яно кожнага з нас бачыць,
А сябе—ніколі, не. (Люстэрка)

6. Мяне з доміка бяруць,
Галавой аб сцяну труць,
Я заўсёды раззлуюся
I адразу запалюся. (Запалкі)

7. Вось загадка невялічка:
Ходзіць брацік і сястрычка.
Яна міргае штораз,
Брат грукоча у адказ. (Маланка і гром)

8. Языка не мае,
А крычыць, гукае.
Хоць і гулкое яно,
Ды ніколі не відно. (Рэха)

9. Хвалюе водарам, красою,
Але не проста ўзяць рукою.
Галава пахучая,
Тулава калючае. (Ружа)

Слова журы.

Вядучы. Чыя сям’я ў нас самая актыўная, хто больш загадак адгадаў, на тым століку і месца чароўнаму куфэрку.
У наступнай гульні прымуць удзел вашы таты і мамы. Вось тут у нас чароўныя яблычкі. Чаму яны чароўныя? Таму, што іх нельга чапаць рукамі. Іх трэба з’есці без дапамогі рук. Яблыкі падвешаны на нітачцы.
Выяўляецца пераможца, куфэрак перадаецца на іх столік.

Вядучы. А цяпер гульня для дзяцей. Называецца яна «Будзь уважлівы!». Хутчэй, дзеці, усе да мяне. Слухайце правілы гульні. Ці ведаеце вы звычкі жывёл, птушак? Уявіце сабе, што зараз вы не дзеткі, а зайчыкі. (Дзеці скачуць, як зайчыкі). Малайцы! А цяпер будзьце ўважлівыя. Я буду называць, каго вам патрэбна паказаць:
—коні—рухаюцца скокамі (прамым галопам);
—птушкі—лятаюць,
—ракі—поўзаюць,
—буслы—стаяць на адной назе,
—жабкі—скачуць і г. д.

Вядучы. Дарагія дзеці, мы ведаем, што вы любіце цукеркі. Хутчэй сядайце на свае месцы, таму што ў наступнай гульні вашы тата або мама паспрабуюць вас пачаставаць цукеркамі. Зрабіць ім гэта будзе не проста, бо вочы ў іх будуць завязаны хустачкай, а цукеркі падвешаны на нітачцы.
Паважаныя дарослыя, вы павінны з завязанымі вачыма зрэзаць цукерку, знайсці яе на падлозе, раскруціць і пакласці ў рот свайму дзіцяці, не развязваючы вачэй. Каб вам дапамагчы, ваш сын або дачка будуць клікаць вас, седзячы за сталом з месца.
Праводзіцца гульня.

Вядучы. Мабыць, стаміліся нашы дарослыя. Дадзім ім крышачку адпачыць.

Выконваецца песня «Взрослые и дети» (сл. М.Таніча, муз. У.Шаінскага).

Вядучы. Ці заўважылі вы, паважаныя дарослыя, якая цікавая мова нашых дзяцей? Ды ці трэба далёка за прыкладамі хадзіць? У нашай трупе хапае сваіх «артыстаў». Кладу дзяцей спаць і звяртаю ўвагу на Паўліка, на яго прыкладныя паводзіны. А Вова мне кажа: «Ну што зробіш, калі я такі ўрадзіўся». Яшчэ адзін выпадак. Прыйшоў Арцём у сад у міліцэйскай фуражцы, з рэменем, пісталетам. Пытаюся: «Ты хто?» Адказ: «Паліцэйскі!» Кажу: «Значыць, працуй, як паліцэйскі, глядзі, нікога не крыўдзі, будзь абаронцам!» Адказ: «Ну якая тут праца, зарплата малая».
Гэтае невялічкае адступленне я зрабіла перад наступным конкурсам, які называецца «Што б гэта значыла?». Вы павінны растлумачыць дзіцячыя выразы:
—павукан—павук і таракан;
—піджакет—піджак і жакет;
—мартачка—марка і картачка;
—падхаліза—падхалім і падліза;
—валасетка—сетка для валос;
—маракар—мора і якар.

Слова журы. Куфэрак ставіцца на столік самай актыўнай сям’і.

Вядучы. У наступнай гульні будуць удзельнічаць зноў і дарослыя, і дзеці. За адну хвіліну вы павінны завязаць як мага больш вузельчыкаў і адразу іх развязаць.
Журы выяўляе пераможцаў, ставіць на іх столік куфэрак.

Выконваецца песня «Вот была бы благодать» (сл. М.Пляцкоўскага, муз. Б. Савельева).

Вядучы. А зараз мы праверым, ці па-сапраўднаму дружныя сем’і ў нас у гасцях. Мамы, вы першымі атрымліваеце заданне. Раскажыце, калі ласка, пра вашу сям’ю. У каго цікавей атрымаецца.
Журы ацэньвае расказы.

Вядучы. Таты, будзьце ўважлівымі, наступнае заданне для вас. Трэба расказаць які-небудзь гумарыстычны, кур’ёзны выпадак, які адбыўся з вамі ці з вашай сям’ёй.
Расказы татаў. Слова журы.

Вядучы. А цяпер заданне дзецям. Нам усім вельмі цікава ведаць пра вашы хатнія абавязкі: чым займаецеся дома, што робяць тата і мама і каму вам больш падабаецца дапамагаць: тату ці маме.
Дзеці расказваюць. Журы ацэньвае расказы дзяцей, вызначае лепшы.

Вядучы. Цяпер мы бачым, якія ў вас дружныя сем’і, і рады гэтаму. Нават захацелася завітаць да вас на шкляначку чаю.
Ну і апошні наш конкурс—на лепшую выпечку. Спачатку спаборніцтва паміж дзецьмі. Яны павінны прыгожа і акуратна сервіраваць стол. Пасля чаго ўносіцца выпечка, аб’яўляецца яе назва і хто згатаваў.
Журы выбірае лепшую выпечку. Пераможца адкрывае куфэрак, дастае сюрпрыз (магнітафонная касета з адказамі дзяцей на пытанне «За што я люблю свайго тату»). Усе разам яе праслухоўваюць.

Вядучы. А цяпер давайце пачастуемся чаем з выпечкай. Яшчэ раз са святам вас, дарагія мужчыны!

Усе частуюцца чаем з выпечкай. Гучыць музыка, дзеці разам з дарослымі танцуюць і весяляцца.



Яшчэ на гэту тэму:

Абаронцы Айчыны 16-17 ст.     Прывітанне да 23 лютага