сцэнарыі святаў на беларускай мове

I. У. ЧАРАНОВІЧ, настаўніца вышэйшай катэгорыі УА «Варацэвіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа» Іванаўскага раёна. Беларуская мова і літаратура 3/2019

Беларускія народныя веснавыя святы

(святочная праграма для вучняў V—VI класаў)

Мэта: падтрымліваць цікавасць навучэнцаў да беларускіх абрадаў, традыцый, народнай творчасці; развіваць іх творчыя здольнасці, выхоўваць пачуццё любові да Бацькаўшчыны.
Афармленне: сцэна ў зале аформлена вышытымі і вытканымі ручнікамі; на стале, засланым белым абрусам, стаіць кошык з фарбаванымі яйкамі, каравай, ляжаць галінкі вярбы, на перасоўным стэндзе размешчана выява гадавога кола.
Абсталяванне: птушачкі, зробленыя з паперы, аўдыязапісы народных песень.

Ход мерапрыемства

Гаспадары свята. Добры дзень! Вітаем на свяце Вясны!
Гаспадар. У нашых продкаў было шмат свят, звязаных з важнымі падзеямі ў жыцці чалавека. Яны паўтараліся з году ў год і былі падпарадкаваны гадавому руху Зямлі вакол Сонца. Вясна — адраджэнне і росквіт прыроды. Восенню згасаюць колеры і фарбы, зіма выстуджвае свет, скоўвае жыццёвыя сілы. Але з цягам часу сонца паварочвае на лета. I зноў надыходзіць вясна з булькатаннем ручайкоў, капяжамі са стрэх і дахаў.
Гаспадыня. Так утварылася і гадавое кола народных свят і абрадаў. У гэтым коле не было ні пачатку, ні канца, бо за зімою ішла вясна, за вясною лета, за летам — восень, за ёю зноў зіма. Святы народнага календара паўтараюцца з году ў год.
Гаспадар. Сёння мы пагаворым пра веснавыя святы, іх традыцыі, якія, праўда, да сённяшняга дня мала дзе захаваліся і пра якія мы можам пачуць ад старых людзей ці даведацца з кніг пра фальклор, побыт і жыццё беларусаў.
Гаспадыня. Вясна!.. Якое звонкае, пяшчотнае і прыгожае слова. Яно дыхае свежасцю першых пралесак, сагравае сонечным цяплом.
Гаспадар. Ушануем вясну, ушануем вялікае сонца, траву росную, неба чыстае, песню шчырую! Няхай свята пяе, няхай галасы звіняць, няхай птушкі ў неба ляцяць!
Гаспадыня. Першым веснавым святам лічацца Саракі. 3 надыходам вясны дзяўчаты і маладыя жанчыны пачыналі спяваць песні- вяснянкі, якія заклікалі птушак у родныя мясціны. Паводле старажытных уяўленняў, птушкі з выраю прыносяць на сваіх крылах цяпло, вясну. Давайце і мы з вамі запросім іх у родныя гнёзды (гаспадары разам з гасцямі клічуць жавароначкаў):
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце,
Каб сонейка засвяціла,
Каб снег белы растапіла,
Каб садзікі расквяціла.

На сцэну «залятае» «жаваранак» (вучань, апрануты ў касцюм жаваранка).
Жаваранак. Вось я і дома! Якое хараство навокал! Вы мяне, напэўна, зачакаліся. На сваіх крыльцах я прынёс вам вясновае цяпло і падарункі. (Дорыць дзецям птушачак, зробленых з паперы.) А яшчэ шмат цікавых загадак.
1) Хапаткія ў мяне крылы,
Хвосцік востры, нібы вілы.
3 гліны я гняздо ляплю,
Мошак на ляту лаўлю. (Ластаўка.)

2) Рана з поўдня прылятае,
Першы ён вясну вітае.
I штодзень, нібы дзівак,
Носіць толькі чорны фрак. (Грак.)

3) Дом без печы, без акон,
Толькі дзверы на балкон,
Дом на дрэве. Угары
Весяляцца жыхары.
Прыход вясны заўжды вітаюць
I песні голасна спяваюць. (Шпакі.)

4) Ён не качка і не гусь,
Ім ганарыцца Беларусь. (Бусел.)

Гаспадыня. Запрашаем, жавараначак, цябе на наша свята. Пабудзь з намі, пагуляй, паспявай.
Гуканне вясны на Беларусі было адным з любімых веснавых свят. Запрашаць вясну і цяпло пачыналі ў пачатку сакавіка. Сваёй кульмінацыі гэта свята дасягала на Звеставанне (Благавешчанне) — 7 красавіка. Гукаць вясну выходзілі на высокае месца, там палілі агонь, спявалі песні. Клікалі бусла, каб прынёс добры ўраджай. Паслухайце народную песню «Выходьтэ всі з хаты бусёчка встрычаты» (гучыць аўдыязапіс).
Апошнюю нядзелю перад Вялікаднем называюць Вербніцай, ці Вербнай нядзеляй. Скажыце, як адзначаюць гэтае свята ў нашай мясцовасці, якія існуюць абрады, звязаныя з вярбой? (Адказы вучняў.)
Так, вярбе надавалі гаючыя ўласцівасці. Лічылася, што калі чалавека пабіць асвячонай вербачкай, то цэлы год ён будзе здаровым. (Гаспадыня абыходзіць вучняў і гасцей свята, лёгенька пасцёбваючы асвячонай галінкай вярбы.)
Вярба б'е, не я б'ю.
Будзьце здаровы, як тая вярба.
Будзьце вясёлы, як так вясна.
Слухайце бацькі, слухайце маці.
Не забывайце ўсім памагаці:
Старэнькім, маленькім ці хворым, можа,
А вам усім няхай Бог паможа!
Пачастую я вярбою гасцей,
Каб хадзілі да сваіх сяброў часцей,
Каб здаровымі былі,
Многа добрых спраў на зямліцы рабілі,
Мову родную, беларускую не забылі.

Гаспадар. Асвячоны дубчык вярбы захоўваўся ў хаце і меў яшчэ адно прызначэнне, але пра гэта пагаворым трошкі пазней.
Наступнае веснавое свята — Вялікдзень. Чаму так называюць гэтае свята? (Адказы вучняў.)
Да гэтага свята ўсе старанна рыхтаваліся.
Галоўным сімвалам велікоднага свята лічыцца яйка. У якія колеры фарбуюць яйкі? (Адказы дзяцей.) Апрача гэтага на яйка наносіліся розныя ўзоры. Паглядзіце. (Гаспадар паказвае размаляваныя вучнямі яйкі.) Якія элементы ўзораў вы выкарысталі? Ці ведаеце вы, што яны абазначаюць? (Спіраль — сімвал вечнасці; лісцейкі — сімвал моцы, даўгалецця; кветкі — сімвал маладосці, прыгажосці; кропкі, кружочкі — сімвалы Сонца; крыж — сімвал чатырох стыхій (агню, вады, паветра, цяпла.)
Яйкі фарбуюць у розныя колеры: ярка- жоўты — сімвал сонца, цяпла; чырвоны — радасці; блакітны — неба, паветра, прасторы; зялёны — сімвал абуджэння прыроды.
Гаспадыня. Велікодная ноч з суботы на нядзелю — святочная. Людзі ідуць у царкву. Зранку пасля Усяночнай — богаслужэння ў гонар уваскрэсення Хрыста — людзі вітаюцца па-асабліваму. Як вітаюць адзін аднаго? (Адказы дзяцей.)
На Вялікдзень спявалі песні. Паспявайце, дзяўчаткі, калі ласка, велікодную песню. (Дзяўчынкі выконваюць народную песню «Памажы, Божа, вясну гукаці».)
У гэты радасны і вясёлы дзень шмат гулялі. Самая распаўсюджаная гульня — «біткі». Прапаную і вам пагуляць у гэтую гульню. Паглядзім, у каго акажацца «мацак». (Дзеці гуляюць у «біткі», называецца пераможца.)
Гаспадар. Шостага мая — дзень святога Юр’я. У народзе лічылі, што з гэтага дня пачынаецца сапраўдная вясна. Адгадайце, калі ласка, загадку:
Месяц убачыў — не забраў,
Сонца ўстала — падабрала! (Раса.)

Правільна, гэта раса, якая, згодна з народнымі павер’ямі, у юр’еўскую раніцу мае жыватворную сілу для раслін, жывёл і чалавека. Таму людзі заўсёды імкнуліся памыцца юр’еўскай расою. Нездарма ў народзе гавораць: «На юр’еўскую расу, ды на Божую красу, памыешся ёю і заўсёды будзеш прыгожы і здаровы».
Гаспадыня. Час ідзе, сонейка ўсё вышэй устае. Прыйшла пара выганяць кароў на луг. На Юр’я першы раз пасля зімы выганялі свойскую жывёлу, таму што лічыцца, што святы
Юрый — апякун хатняй жывёлы і гаспадаркі. Абрад першага выгану жывёлы на пашу праходзіў вельмі ўрачыста. Гаспадыні абкурвалі жывёлу купальскімі зёлкамі, тройчы абыходзілі з запаленай грамнічнай свечкай і закопвалі пад парогам ці брамай сімвал плоднасці жывёлы — курынае яйка, шапталі замовы, у якіх замыкалі раты драпежнікам. Пад гукі пастуховай трубы гаспадыні з дапамогай асвечанага на Вербніцу дубчыка выганялі кароў за вароты. Кожная гаспадыня частавала пастуха і давала наказы.
Гаспадар. А цяпер давайце пагуляем у гульню «Хто хутчэй». Выкарыстаем для гэтага дубчыкі і яйкі. (Вучні ўтвараюць дзве каманды. Удзельнікам кожнай каманды неабходна дубчыкам дакаціць яйка да «брамы» і вярнуцца назад.)
На Юр’я назіралі за надвор’ем і рабілі высновы, прагнозы. Вам патрэбна было падабраць народныя прыкметы, звязаныя з гэтым святам. Зачытайце іх. (Як дождж на Юр’я, то будзе хлеба поўна. Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода. Калі будзе раса — хопіць коням аўса. Калі на Юр’я мароз, дык сей на балоце авёс. Юр’я без снегу і дажджу — будзе неўрадлівы год. На Юр’я дождж — скаціне лёгкі год, а на грэчку няўрод. Калі на Юр’я мароз, то добрае проса і авёс.)
Гаспадыня. Вялікая колькасць прыказак адлюстроўвае асаблівасці свята Юр’я. Растлумачце іх.
На Юр'я наесца вол травіцы; На годзе ёсць два Юр'і: увосень — халодны, а ўвесну — галодны; Юрый сказаў: «Жыта ўраджу». Мікола сказаў: «Пажджы, пагляджу»; Калі прыйдзе Юрый, то не ўгледзіш у жыце куры.

Гаспадар. На Юр’я сяляне выходзілі аглядаць свае палеткі. Яны прыносілі каравай, які ўвасабляў леташні ўраджай. Клалі хлеб у рунь і, калі ён хаваўся ў жыце, казалі, што яно будзе ўдалае.
Гаспадыня.
Мы маглі б да ранку
Танцаваць, гуляць, смяяцца,
Але, як ні сумна,
Нам трэба развітацца!

Гаспадар.
Дай, Юр’я, здароўя і долю,
Хай будзе ў хаце прыбытку даволі.
Хай абміне вас бяда і нянасце,
А сонечным ранкам да вас прыйдзе шчасце!

Гаспадыня. Дзякую вам, госцейкі, што завіталі да нас, са святам Вясны вас, сябры! Прыміце, калі ласка, ад нас вось гэты цудоўны Юр’еўскі каравай. Частуйцеся. (Гаспадар з гаспадыняй частуюць усіх прысутных караваем.)

Спіс выкарыстанай літаратуры

Веснавыя святы : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў / аўт.-уклад. А. Аляхновіч, А. Лозка. — Мінск : Беларусь, 2000. — 156 с.
Катовіч, А. Веснавыя святы : нарысы / А. Катовіч, Я. Крук. — Мінск : Маст. літ., 2005. — Кн. 1. — 359 с.; Кн. 2. — 413 с. — (Беларускі народны каляндар).
Ліцьвінка, В. Святы і абрады беларусаў / В. Ліцьвінка. — 3-е выд. — Мінск : Беларусь, 2001. — 188 с.