сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ніна ДАЎГАЛЁВА - выхавацелька Беларускага ліцэя мастацтваў у Мінску. Роднае слова Студзень 1996 г.

Гуканне вясны

Сцэнар для вучняў V-VI класаў

Дзейныя  асобы:

Вясковая вуліца. Каля паркана стаіць дзед, круціць цыгарку. Ён цёпла апрануты. Каля хаты насупраць сядзіць Алена (вядучая), вышывае ручнік, спявае «Ой ты, хмелю, хмелю». На плоце вісяць вышываныя ручнікі, сурвэты, даматканыя посцілкі.
Непадалёку ад хаты — арэлі. Каля іх 3—4 дзяўчынкі, сярод якіх Ганначка і Марылька, з вясновых кветак плятуць вянкі. Каля хаты сядзіць. Іванка з дудачкай. Ён спрабуе іграць, а потым моўчкі слухае, як спявае маці.


Дзед. Добра спяваеш, суседачка. А ручнікоў якіх натка­ла ды навышывала! Спраўная ты кабета, Алена.
Алена. А як жа, дзядок, яно ж так і трэба. Нашы беларускія жанчыны ва ўсе часы добрымі гаспадынямі былі. Усё ўмелі рабіць: шыць і вышываць, прасці і ткаць, сеяць і жаць, ды добрыя песні спяваць. I перад бядой ніколі рук не апускалі і галавы не схілялі.
Дзядуля, а чаму ты такі пануры? Валёнкі і футравую шапку не скідаеш. Вунь ужо даўно красавік на дварэ.
Дзед. Красавік толькі ў календары. А цяпла няма. Недзе вясна затрымалася. Да, нас не спяшаецца. Вось у старыя часы моладзь збіралася і хадзіла ў поле — вясну гукала, песні спявала, птушак сустракала.
Алена. Ой, дзядок, не трэба журыцца! Мы жі цяпер Вясну пагукаць можам. Нашы дзяўчаты колькі песняў народных, ведаюць!. Каб ты чуў, як яны хораша  спяваюць!
(Звяртаецца да хлопчыка.) Іванка, ідзі пакліч сястрычак ды іх сябровак — няхай збяруцца ды Вясну пагукаюць.
Іванка. Мамачка, а можна і мне Вясну гукаць? Я дудачку зрабіў. На дудачцы зайграю — жаўранкі пачуюць, да нас прыляцяць, на сваіх крылцах Вясну прынясуць.
Алена. Сыграеш, сынок, сыграеш. Але без дзяўчат ды без іх песняў тут не абысціся. Бяжы, кліч. А я тым часам з цеста жаўранкаў напяку, кашу звару. А ты, дзед, ідзі пераапраніся, а то сваім выглядам Вясну спужаеш.
Дзед. I то праўда!

Усе разыходзяцца. Іванка падбягае да дзяўчат. Дзеці ціхенька дамаўляюцца і разбягаюцца. Іванка вяртаецца на сярэдзіну імправізаванай сцэны.

Іванка. А я ўсё ж такі на сваёй дудачцы сыграю. Можа, які-небудзь жаўранак пачуе дый прыляціць хутчэй (іграе).
3 абодвух бакоў вёскі ідуць 2 гурты дзяўчат. Яны спяваюць песні «Зязюля куе» і «А ляцела сойка» (адна заканчваецца, другая пачынаецца).
3 хаты выходзіць Алена з рэшатам печыва. Падыходзіць пераапрануты у святочнае дзед.
Ганначка і Марылька кланяюцца маці.

Ганначка.  Дазволь нам, маці, Вясну гукаці...
Марылька. На цёплыя травы, на белыя росы, на буйное жыта, на лён валакністы, на ячмень залацісты.
Спяваюць разам з сяброўкамі:
Блаславі, маці,
Зіму замыкаці.
Блаславі, маці,
Вясну сустракаці (кожны радок паўтараецца).
Алена. Бласлаўляю вас, дзеткі, Вясну гукаці! Бярыце печаных жаўранкаў, ідзіце на высокія мясціны, уверх іх падкідайце, каб птушкі ўбачылі, да нас прыляцелі, на сваіх крылцах Вясну прынеслі.
Дзяўчаты разбягаюцца. На сцэне застаецца саліст гурта, які спявае песню «Вол бушуе».
Удалечыні чуюцца дзявочыя галасы:

- Прыйдзі, прыйдзі, Вясна! Гу-у-у!
- Прыйдзі, прыйдзі, красна! Гу-у-у!
- Прыйдзі на светлыя дзянёчкі, на цёплыя травы, на белыя росы! Гу-у-у!

На авансцэну выходзіць гурт малодшых дзяцей. Яны ўтвараюць карагод, спяваюць песню «Жавароначкі, прыляціце».
Выбягаюць дзве пары танцораў-жавароначкаў і скачуць полечку. Гурт дзяцей не разыходзіцца.

Дзяўчынка. А ты, жавароначак, пташка ранняя, чаму ты так рана з выраю прыляцеў? А там, пры даліне, там ляжаць крыгі, а там, пры дарозе — снягі ды марозы.
1-ы жаваронак. А я тыя крыгі крыламі разаб’ю, а я тыя снягі нагамі растапчу.
Хлопчык. А ты, жавароначак, пташка ранняя, чаму ты так рана з выраю прыляцеў?
2-і жаваронак. А я з выраю так рана прыляцеў, бо вельмі захацеў трошку гарошку, зерня і мошку; над родным полем палятаць, у родным краі песні паспяваць. Гучыць музыка, «жаўранкі» выбягаюць.
Алена.  Шуміць, гудзе! Вясна ідзе! Шчасце і радасць людзям нясе!

Пачынаецца шэсце Вясны. Ганначка, Марылька і іншыя дзяўчаты з галінкамі вярбы суправаджаюць Вясну (прыгожую стройную дзяўчыну ў нацыянальным уборы). Спяваюць песню «Хадзі, Вясна, двору».
Вясна выходзіць на авансцэну. Дзяўчаты дораць усім прысутным па галінцы вярбы.


Вясна. 
Добры дзень, мае даражэнькія,
I дарослыя, і маленькія.
Усім, хто мяне чакаў,
Карагодзікі рыхтаваў!
Ганначка. 
Ой, Вясна мая вясёлая,
Развесяліла ўсе горачкі,
Усе горачкі, усе даліначкі.
Марылька. 
Пазеляніла ўсе дрэўцы і кусточкі,
Рассыпала кветачкі-красачкі.
Усе. Ой, Вясна, Вясна, што ты нам прынясла?
Вясна. 
Я прынесла-прынясла
Ясныя дзянёчкі, цёплае лецечка,
Птушак у садочкі, кветкі ў лужочкі.
Дзеці. Вясна красна, што ты нам прынясла?
Вясна. 
А прынесла я, прынясла
Малым дзетачкам па яечку,
Маладым дзевачкам па вяночку,
А хлопчыкам па свісточку.
Дарослыя.  Вясна красна, што ты нам прынясла?
Вясна. 
Я, Вясна красна, вам прынясла
Бохан хлеба, ступу солі.
Старым бабкам — па прызбачцы,
Каб на сонейку пасядзелі.
Старым дзядкам — па кіёчку,
Каб не цяжка хадзіці.
Малодачкам — па кросенцах,
Маладым мужчынам — па плужочку,
Каб зямельку ўзаралі,
Буйным зернеткам засявалі,
Лета цёплае сустракалі.

Але ж, даражэнькія, не сама я да вас прыйшла, мяне птушачка на крылах прынясла. А якая — адгадайце: «Ходзіць па балоце, ногі высока падымае, жаб шукае» (бусел). Давайце паклічам яго. Паўтарайце за мной: «Буслік, буслік, прылятай! 3 намі трохі пагуляй!»
Ганначка.  Буська, буська, на табе галепу (працягвае спечаную буланку), на табе сярпок, а мне дай жыта снапок!
Марылька.   Буська, буська, на табе жабку, ляці да нас (працягвае зробленую з паперы жабку).
Бусел.  Хто мяне клікаў? Хто мяне чакаў?  Хто мне жаб прыгатаваў?
Дзеці. Мы!
Бусел. Дык дзе ж тыя жабкі?

3 розных бакоў выскокваюць маленькія дзеці, апранутыя «ў жабкі», скачуць і квакаюць. Бусел ловіць іх, «жабкі» стараюцца ўцячы або хаваюцца за каго-небудзь з дарослых.
Бусел.   Якія спрытныя жабкі! А зараз я хачу даведацца, што вы ведаеце пра мяне?
Дзеці.

- Бусел — гэта сімвал Беларусі!
- Ты шчасце людзям прыносіш!
- Кажуць, калі ўпершыню вясною бусла ў палёце пабачыш, то будзе цэлы год шчаслівы і вясёлы, рухавы і бадзёры.
- А ў таго, хто ўбачыць бусла стаячага, будуць балець ногі.
- I яшчэ, калі шчыра папросіш,
Ты, буслік харошы,
Дзіцятка прыносіш.
Таму, каму трэба
Сястрычка ці брацік —
Пра гэта пра ўсё
Трэба мамцы сказаці.

Падбягае хлопчык, дражніць бусла.
- Буслік, буслік, клекатун,
Цягаў бабу за каўтун,
Цягаў-цягаў, валачыў
I ў балоце намачыў.
Бусел. Ах ты, свавольнік! (Спрабуе дагнаць хлопчыка.)
Алена.  Буслік, не сярдуй! Гэта ж ён пажартаваў! Не ўцякай, заставайся  ў нас  жыць.  Гняздо тут сабе саўеш, дзетак выведзеш. А зараз паслухай, як нашы дзеці спяваюць, Вясну славяць.
(Буслік вяртаецца.)
Дзяўчаты ўтвараюць карагод і спяваюць песні «Дзякуй Богу, што Вясна прыйшла», «А мы сліву пасадзілі», «Зелён явар малады».
Гарманіст іграе польку. Некалькі пар пачынаюць танец. Да іх далучаюцца ахвотнікі.


Алена. (выносіць кашу у гаршку). А зараз, даражэнь­кія, накормім смачнай кашай нашу зямельку-маці. Яна ж згаладалася за зіму, праўда?
Дзеці. Накормім, накормім.
Гаршчок закопваюць у зямлю ў загадзя падрыхтаваную ямку. Дзяўчаты спяваюць песню «Благаславі, Божа».
Д з е д. А хто з вас хоча на вясновых арэлях пагушкацца? (Многія выказваюць жаданне.) Усе пагушкаецеся! Але напачатку давайце Вясну пагушкаем. Няхай яна ўзлятае пад самае неба, пад самае сонца! Няхай усім нам цяпло, радасць і здароўе нясе! (Сам гушкае Вясну, прыгаворвае: «Каб ніколі не хварэлі, хай увысь нясуць арэлі!»)

Дзяўчаты  (1-я група). 
На жыта высокае,
На лён валакністы,
На ночы цёплыя,
На леты добрыя,
На каханне чыстае
Ды сонца агністае —
Узляціце, арэлі!
Дзяўчаты  (2-я  група).
Узгадайце мары,
Разганіце хмары
Над зямлёю вечнай,
Хай раскрыляць плечы
Маладыя хлопцы!
Хай гамоніць вецце
I лагодзіць сонца.

Д з е д. А цяпер, людзі добрыя, пойдзем да вогнішча, каб спаліць лютую Зіму. (Ідуць з песняй «Благаславі, Божа».)
Усе пераходзяць да вогнішча. Дзед нясе пудзіла Зімы, размяшчае яго на месцы вогнішча.
Алена. Паўтарайце ўсе за мной:
- Ярыла, узыдзі!
- Агонь  развядзі!  (Вогнішча  запальваюць  факеламі.)
- Старое спалі!  (Скідаюць  у вогнішча  старыя рэчы.)
- Новае зляпі!
- Хай адыдуць халады ў маўклівыя гады!
- Спалім пудзіла Зімы!
- I Вясну праславім мы!
Дзеці.
- Згары, Зіма, ты нядобрай была!
- Адыдзі, Зіма, ты нямой была!
- Пусці Вясну на зямлю нашу!
Алена. Ідзі, Вясна, дарога вольная,
Пачнём з табой сяўбу супольную!

Дзеці ўтвараюць карагод, спяваюць песню «Дзякуй Богу, што Вясна прыйшла», ладзяць гульні «Грушка», «Шуляк», «Явар» і інш. У канцы скачуць цераз вогнішча.

Песні да свята "Гуканне вясны"

Ноты песні
Зязюля куе, лецечка чуе —
Ой, рана-рана, лецечка чуе,
Марыся плача, замуж не хоча —
Ой, рана-рана, замуж: не хоча.
Матанька цешыць яе, не ўцешыць —
Ой, рана-рана, цешыць не ўцешыць.
Не плач, дзіцятка, мае радненька —
Ой, рана-рана, мае радненька.
Не аддам я цябе далёка ад сябе —
Ой, рана-рана, далёка ад сябе.
Аддам блізенька, праз поле вузенька —
Ой, рана-рана, праз поле вузенька.
Будзеш хадзіці што дзянёк да мяне –
Ой, рана-рана, што дзянёк да мяне.
Будзеш часаці русу косу у мяне —
Ой, рана-рана, русу косу ў мяне.
Ноты песні
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красну прынясіце,
Каб сонейка засвяціла, -  
Каб снег белы растапіла,
Каб садочкі расквяціла.

Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце
I дожджыкам напаіце,
Каб травачкі нарасціла,
Каб волікаў накарміла.

Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла сонейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела —
Наш хлебушак пераела.
Ноты песні
Дзякуй Богу, што вясна прыйшла *,
Я, малада,-каля жыта пайшла.
Расці, жыта караністае,
Караністае, лапушыстае,
Каб у трубы накачалася,
Каб я, малада, нажалася,
Ды снапочкаў навязалася.
* - (кожны радок паўтараецца)
Ноты песні
Хадзі, вясна, двору,
Хадзі, вясна, двору.
Нясі ключ за сабою,
Нясі ключ за сабою.
Зіму замыкаці,
Зіму замыкаці.
Вясну адмыкаці,
Вясну адмыкаці.
Зіму у замочак,
Зіму у замочак.
Вясну у чаўночак.
Ноты песні
А ў лесе, лесе
Ды на верасе...
Вясна-красна
На увесь свет *.
Малады там хлопчык
Ды валы пасе...
А яму дзяўчынка
Ды абед нясе...
Сядзьма разам, хлопчык,
Паабедайма...
А я на абедзе
Скажу табе дзіва...
Скажу табе дзіва
Найдзіўнейшае...
Гэтаю вясною .
Пабярэмося...
Мужам і жаною
Застанемося.
* - (Прыпеў паўтараецца
пасля кожнага двухрадкоўя)
Ноты песні
Благаславі, Божа *,
Зіму замыкаці.
Благаславі, Божа,
Вясну красну пеці.
На ціхае лета,
На буйнае жыта.
Каб наша жыта
У трубы павілося,
Набок схілілося.
На полі снапамі,
А у гумне тарпамі,
На таку ўмалотна.
У арудзе прысыпна,
А ў млыне прыполна.
А у дзяжы падходна,
А у пячы пячыста,
А на стале краіста.
Усім добрым людзям —
Добрага здароўя!
* - (Кожны радок паўтараецца)


Яшчэ на гэту тэму:

Гуканне вясны     Гуканне вясны